Проект портала
Спецслужбы Психология суперагента: как одна из самых успешных операций КГБ закончилось большим провалом

Для КГБ было принципиально, чтобы Бандеру убил украинец. Но именно это желание приведет советскую спецслужбу к проколу. Удар по репутации был настолько силён, что СССР запустил спецоперацию по дезинформации. Но и она была разоблачена. Раскрытие архивов советского времени Службой безопасности Украины сделало доступными тысячи новых документов о Богдане Сташинском, его кураторах и семье. Благодаря архивам, удалось увидеть те события глазами органов и глазами односельчан Сташинского, за которыми тщательно следили секретные агенты. О вербовке и раскаянии киллера пишет украинский историк Дмытро Лукин.

Багдана Сташынскага ў Маскве лічылі адным з самых таленавітых агентаў — пры гэтым нават пасля шматгадовага пражывання ў ГДР і ФРГ ён так і не навучыўся чыста гаварыць па-нямецку.

Сям’я Сташынскага, калі даведалася, што сын працуе на «маскалёў», некалькі гадоў байкатавала яго, пакуль ён не напісаў бацьку рэзкае «апошняе пісьмо».

Ліст Багдана Сташынскага да бацькі. Машынапісная копія захоўвалася ў дасье на Сташынскага-агента, якое цяпер рассакрэчана Службай бяспекі Украіны.

А пасля таго, як Сташынскія прымірыліся з сынам і пачалі атрымліваць грошы ад КГБ, ігнараваць пачалі ўжо іх — аднавяскоўцы. І калі з радыёгаласоў стала вядома, што Бандэру забіў Багдан, агенты ў калгасе атрымалі заданне разведваць, ці ніхто не збіраецца забіць Сташынскіх-старэйшых у адплату.

 

Чужы сярод сваіх

Сташынскага завербавалі класічна — на нечаканасці.

Сям'я Сташынскіх жыла ў вёсцы Баршчовічы пад Львовам. Жылі яны страшна бедна, мелі менш за гектар зямлі — лічы, нішто па тых часах. Але, як і многія тагачасныя сяляне, цягнуліся да навукі, лавілі магчымасць вывесці дзяцей у людзі. Саветаў ненавідзелі: НКВД арыштавала дзеда і расстраляла ў чэрвені 1941-га.

Яшчэ школьнікам Багдан дапамагаў партызанам-бандэраўцам. Хоць гэта быў ужо канец 40-х, яны ўсё яшчэ моцна трымаліся ў лясах Львоўшчыны.

Сташынскі зацікавіў МГБ — так да 1953 года называўся КГБ, бо дзве яго сястры дапамагалі УПА, а адна нават была заручана з кіраўніком аднаго з атрадаў Украінскай паўстанцкай арміі Іванам (Кармелюком) Лабам.

Сташынскі на той час быў паступіўшы ў педінстытут у Львове.

За Сташынскім сачылі і затрымалі яго за безбілетны праезд у прыгарадным дызелі. Чэкісты ведалі, што ён, паўгалодны юнак, ездзіць дахаты «зайцом», і схапіліся за гэта. Спецслужбістам важна было, каб ніхто, нават выпадковыя спадарожнікі па цягніку, не западозрыў, што 18-гадовы юнак трапіў у распрацоўку.

Пасля першай гутаркі была другая, зноў пра незаконнасць і бессэнсоўнасць барацьбы «за самасційну Украіну». І пра тое, што бацькоў і сясцёр арыштуюць як супольнікаў бандытаў, калі ён не пачне дапамагаць органам савецкай улады. І прыклад быў перад вачамі: сястру Марыю бязлітасна збілі на допыце ў НКВД (у выніку яна ўсё жыццё будзе хварэць).

Красавіцкай ноччу 1950 года хударлявы чарнявы юнак з тонкімі рысамі твару прыняў прапанову ад «органаў».

МГБ загадаў Багдану ўліцца ў партызанскі атрад. Праз некалькі месяцаў жаніх сястры будзе забіты з засады па наводцы Багдана.

Засылка агентаў у партызанскія атрады была звычайнай практыкай МГБ у тыя гады. Сташынскі куратараў уразіў сваім прыродным розумам, уменнем дакладна і без скажэнняў выкладаць інфармацыю.

Шыла ў мяшку не ўтоіш, і ў вёсцы хутка стала вядома, што Багдан працуе на бяспеку. У 1951 Сташынскія цалкам разрываюць адносіны з сынам і братам. Багдан шле ім пісьмо за пісьмом і грошы — без адказу. Тым не менш, у аддзяку за ягоную службу МГБ цалкам спыняе распрацоўку ягоных родных.

А яму тым часам, адрынутаму сям’ёй, прапануюць пастаянную працу ў спецатрадзе Львоўскага ўпраўлення МГБ. Задачамі былі арганізацыя правакацый, стварэнне негатыўнага вобразу УПА і ліквідацыя паўстанцкіх камандзіраў.

Падполле выдыхалася, важакоў аднаго за адным адстрэльвалі ці арыштоўвалі. Да 1952 года сілы УПА цалкам спынілі баявую актыўнасць. Далей Масква хацела нейтралізаваць замежныя ўкраінскія цэнтры. КГБ разумела: за кіраўніцтва АУН лягчэй будзе зачапіцца ўкраінцу, які ведае і мову, і нацыянальную псіхалогію. Сташынскага ў тым самым годзе адпраўляюць у кіеўскую спецшколу дзяржбяспекі пад іменем Грыгорыя Мароза. Яго рыхтуюць для працы за кардонам. Ён павінен будзе падабрацца да кіраўнікоў украінскай эміграцыі так, як падбіраўся да партызанскіх камандзіраў на Заходняй Украіне.

У 1953 годзе 21-гадовы курсант Багдан піша чарговы ліст бацькам — самы пранізлівы і адначасова ўладарна-пагардлівы. Цяжка сказаць, ці разумеў ён ужо тады, што ўсе ягоныя лісты перлюструюцца, а іх машынапісныя копіі падшываюцца ў строга сакрэтную справу — ужо не Грыгорыя Мароза, а «агента Тараса».

Ці то гэты ліст спрацаваў, ці то старанні КГБ наладзіць адносіны сына з сям’ёй, але пасля гэтага ліста перапіска аднаўляецца. Падполле разгромленае, сын аказаўся на баку пераможцаў. І Багдан дамаўляецца са сваім начальствам, каб ягонаму бацьку КГБ штомесяц выплачваў 400 рублёў. Гэта адпавядала прыкладна сярэднямесячнай зарплаце калгасніка ў тыя часы і было ў 2 разы менш за сярэднюю зарплату рабочага.Штомесячныя распіскі захаваліся ў архіве. Але лісты бацькі да сына застаюцца халоднымі і фармальнымі.

Пра сваю працу Сташынскі родным кажа, што працуе на сакрэтнай радыёстанцыі. А родныя ўсё яшчэ вельмі баяцца. Агентка Вольга фіксуе, што сястра Багдана пагражала суседцы, з якой яны варагавалі: «Калі нас здасі, мы пацягнем за сабой паўсяла!»

 

Свой шлях да Еўропы

Прайшоўшы экспрэс-курс нямецкай мовы і авалодаўшы асновамі разведкі, агент Тарас — цяпер Браніслаў Качар (для палякаў) ці Ёзэф Леман (для ўсходніх немцаў) — адпраўляецца ў рэзідэнтуры КГБ у нямецкім Карлсхорсце. Яшчэ падрыхтоўка, яшчэ праверкі — у 1955 годзе яго «выпускаюць у прыроднае асяроддзе», каб ён трохі пажыў у вобразе немца, перакладчыка з польскай мовы.

Правы кіроўцы Ёзафа Лемана. Гэта быў адзін з аператыўных псеўданімаў Багдана Сташынскага.

Ягоная легенда: ён немец, вырас у Галіччыне і толькі цяпер рэпатрыяваўся, таму і гаворыць па-нямецку зусім слаба і з украінскім акцэнтам.

Данясенні Тараса з Цвікау таксама дакладныя і ёмістыя. «Усходнія немцы ненавідзяць Саветаў, лічаць іх прычынай усіх бед, — паведамляў ён, —а мне давяраюць, раз не хаваюць такіх настрояў пры мне». У данясеннях ён таксама апісвае штодзённыя рэаліі і нацыянальны характар. Немцы скупыя, піша ён, у кавярнях кожны плаціць сам за сябе, гарэлку п’юць малюпасенькімі чарачкамі, а на чай афіцыянту даюць пару пфенігаў. Немцы пазнаюць рускіх па тым, што тыя заказваюць адразу цэлую пляшку і даюць афіцыянту на чай некалькі марак.

Яшчэ праз год «Ёзэф Леман» упершыню адпраўляецца за «жалезную заслону», у Мюнхен. Мэта паездкі — наладзіць кантакт з агентам Іванам Бысагам-Надзейчыным, набліжаным да Льва Рэбета, ідэолага апазіцыйнай да Бандэры фракцыі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Падвойнае жыццё адбілася на псіхічным стане мюнхенскага «крата». Бысагу даводзіцца пераправіць у СССР. А свае справы ён пакіне ў спадчыну Сташынскаму. І галоўнай сярод тых задач было забойства Рэбета.

Тым часам у СССР пасля ХХ з’езда з лагераў выходзяць вязні. У царкве сястра Сташынскага сустракаецца са сваёй былой сяброўкай па падполлі, што вярнулася з Варкуты, і баіцца паказаць, што яны знаёмыя. «Робіш выгляд, што не пазнала? — рэзка пытаецца тая. — А я ж цябе тады не выдала, а магла б». «Лепш бы ты мяне выдала! — успыхвае сястра Сташынскага. — Тады б я не паслала Багдана ў лес і мой Іван застаўся б жывы!»

Ёзэф Леман ператвараецца ў Зігфрыда Драгера і пачынае назіранне за аб’ектам.

У верасні 1957-га Сташынскаму перадаюць найноўшы ўзор шпіёнскай зброі — газавы пісталет цыліндрычнай формы, які можна хаваць у газету.

Націсканне на курок выпускала ў твар ахвяры смяротную дозу сінільнай кіслаты, якая дае імгненны вынік, а затым хутка выпарваецца, не пакідаючы слядоў.

Смерць пацярпелага ў выніку набывала цалкам натуральны выгляд. Праўда, пры гэтым была небяспека пацярпець і самому, таму перад аперацыяй і пасля яе агент прымаў антыдот.

 

Першае забойства

«Драгер» трэніруецца на сабаках і ў кастрычніку 1957 года зноў адпраўляецца ў Мюнхен. У багажы ў яго — дзве бляшанкі са смачнымі сасіскамі. У адной з іх у шчыльнай абалонцы замест прадуктаў ляжыць газавы пісталет.

Раніцай 12 кастрычніка, загадзя заняўшы пазіцыю, Сташынскі сустрэў Льва Рэбета каля выдавецтва, у якім ён працаваў, у цэнтры горада, на Карлспляц, 8. Яны разам зайшлі ўнутр, стрэл аказаўся ўдалы, а ліквідатар сышоў з месца аперацыі незаўважаным. Газеты неўзабаве паведамяць пра раптоўную смерць Рэбета ад сардэчнага прыступу, ніхто не западозрыў забойства.

Схема газавага пісталета — зброі Сташынскага, якая змяшчалася ў скрутку газеты.

Агент Тарас вяртаецца ў ГДР і атрымлівае прэмію — фотаапарат Contax, медаль і грошы. А таксама новае заданне — забойства самога Сцяпана Бандэры.

 

Паляванне на Бандэру

50-гадовы Бандэра быў для заходніх украінцаў легендай. Валявы і харызматычны сын святара, ён зрабіў Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) моцнай і разгалінаванай.

Украіна была падзеленай між Саветамі і палякамі, і АУН бачыла задачай барацьбу і супраць першых, і супраць другіх. Дзейнічала АУН жорстка, тэрарыстычнымі метадамі. У адказ на ўзмацненне паланізацыі забіваюць міністра ўнутраных спраў Польшчы. У адплату за Галадамор атакуюць консульства СССР у Львове. У гэтых аперацыях бярэ ўдзел сам Бандэра.

Сцяпан Бандэра.

Яго прыгаворваюць да смяротнага пакарання, але замяняюць яго пажыццёвым зняволеннем. Верасень 1939-га застае Бандэру ў турме Брэста. Ахова разбягаецца, вязні выходзяць на свабоду.

Для барацьбы з палякамі АУН абапіралася на немцаў. У немцаў свае планы. Як толькі ў 1941-м Саветы адступаюць са Львова, украінцы абвяшчаюць незалежнасць. Раз’юшаныя немцы арыштоўваюць Бандэру і змяшчаюць у канцлагер. На падзеі ва Украіне ў часе вайны ён уплываць не мог. Частка АУН працуе на немцаў, другая (бандэраўцы) утварае партызанскую Украінскую паўстанцкую армію.

Пасля вайны Бандэра шукаў падтрымку ў брытанцаў і амерыканцаў. Пад чужым іменем Бандэра перабываў з сям’ёй у Мюнхене. За пасляваенны час яго пяць разоў спрабавалі забіць, але яму шанцавала.

Ягоныя дзеці толькі пасля смерці бацькі дазнаюцца сваё сапраўднае прозвішча і кім быў іхні тата насамрэч.

Для новай задачы зброя была мадыфікаваная — пісталет цяпер быў двухствольным, каб можна было імгненна ліквідаваць не толькі Бандэру, але і яго ахоўніка.

Заканспіраванага Бандэру трэба было яшчэ ідэнтыфікаваць, спецслужбам быў вядомы яго псеўданім — Стэфан Попель. Месца жыхарства Бандэры-Попеля Сташынскі знайшоў па адраснай кнізе Мюнхена, пасля чаго дзевяць месяцаў сачыў за ім.

Дакументы Бандэры на імя Стэфана Попеля. Фота Радіо Свобода.

Жыў правадыр АУН на ціхай вулачцы Крайтмайрштрасэ, 7. Гэта не цэнтр, але і не прыгарад, тыповы пяціпавярховы будынак у спальным квартале. Цяпер ён цагляна-чырвоны, а тады быў нефарбаваны, шэры.

Ездзіў Бандэра на сваім улюбёным «Опелі-Капітане». На гэтай сіняй машыне Попель упершыню і трапіў на вочы Сташынскаму, калі прыехаў у Ратэрдам на дваццатую гадавіну забойства савецкім агентам Яўгена Канавальца, папярэдніка Бандэры на чале АУН. Сташынскі добра тады запомніў мужчыну нізкага росту з зусім не гераічнымі рысамі твару, з сівымі ўжо валасамі з залысінамі, які моцна і ўпэўнена прамаўляў. Фатаграфіі выступу Бандэры на тым мітынгу ёсць у сеціве. Сташынскі ў кадр не трапіў.

 На такім «Опелі-Капітане», толькі сінім, ездзіў Бандэра. Фота youtube.com.

Смерць Бандэры

Першая спроба забойства ў маі 1959 года аказалася няўдалай: кілеру не ўдалося трапіць у пад’езд Бандэры. Рэзідэнтура настойвала на паўторным візіце ў Мюнхен. Другім разам, 15 кастрычніка, Сташынскаму ў пад’езд трапіць удалося, але аперацыя зноў ледзь не сарвалася: адна з суседак у той самы момант спускалася ў краму. У той жа час ліквідатару дапамагла адсутнасць ахоўніка — у той дзень Бандэра яго адпусціў.

У пад’езд Бандэра ўвайшоў адзін, у руцэ ён нёс пакет з гароднінай. Сташынскі спусціўся па лесвіцы насустрач ахвяры, стрэліў у Бандэру з абодвух ствалоў, пасля чаго выйшаў з пад’езда.

Бандэра ўскрыкнуў і імгненна страціў прытомнасць і ўпаў. На крык выбеглі суседзі і знайшлі цела — пры падзенні Бандэра разбіў чэрап аб бетонныя прыступкі. Толькі ў бальніцы дактары пабачаць, што ў нябожчыка быў на поясе пісталет, і выклічуць паліцыю.

Месца на падлозе першага паверха, дзе ўпаў атручаны Бандэра.

За паспяховае «спецмерапрыемства» агент атрымаў адну з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод СССР — ордэн Чырвонага Сцяга. Аднак стрэл падвойнай дозай атруты раскрыў тое, што правадыр АУН памёр не сваёй смерцю. Пры ўскрыцці цела ў страўніку знайшлі цыянід. Але абставіны забойства (ці самазабойства, бо была і такая версія) яшчэ два гады заставаліся таямніцай.

 Момант забойства — так яго малюе ўкраінскі дзіцячы комікс. Фота е-бібліотека «Чтиво».

Нечаканы паварот

Увечары 12 жніўня 1961 года, за некалькі гадзін да пачатку пабудовы знакамітага Берлінскага мура, мяжу Заходняга Берліна перасеклі муж і жонка Ёзэф і Інге Леманы. Назаўтра яны мусілі пахаваць свайго пяцімесячнага сына. Толькі таму, што хлопчык памёр, Леману-Сташынскаму дазволілі прыехаць у Берлін да сваёй жонкі-немкі. Калі савецкія спецслужбы паднялі трывогу, было ўжо позна.

Сям’я Леманаў-Сташынскіх.

Калі не застаецца больш сумневаў, што Сташынскі ўцёк на Захад, агента Тараса пераймяноўваюць у аб’ект Скарпіён і савецкія спецслужбы пачынаюць гульню на апярэджанне. У кастрычніку 1961 года, у самы разгар Берлінскага крызісу, усходнегерманскія палітыкі зладзілі прэс-канферэнцыю, усклаўшы віну за забойствы ўкраінскіх эмігрантаў на заходненямецкую разведку і на саміх сяброў АУН. Але і тут пракол: асоба, прызначаная КГБ і «Штазі» на ролю «ахвярнага казла», мае жалезнае алібі — у дзень забойства Бандэры знаходзілася ў Рыме.

Блакаванне мяжы Заходняга Берліна ў дзень пачатку будаўніцтва сцяны, 13 жніўня 1961 года. Фота rarehistoricalphotos.com.

17 лістапада канцлер ФРГ Конрад Адэнаўэр упершыню публічна згадвае пра справу Сташынскага. На той момант савецкі кілер ужо два з паловай месяцы супрацоўнічаў са следствам.

Следчы эксперымент: Сташынскі ўзнаўляе свае дзеянні падчас забойства.

Адкрыты судовы працэс адбыўся ў кастрычніку 1962 года, ператварыўшыся ў важную частку фону, на якім разгортваўся знакаміты Карыбскі крызіс.

 

Працэс Сташынскага

Справа Сташынскага ў свой час аказала такі ж моцны ўплыў на грамадскую думку Захаду, як нядаўняе атручванне Скрыпалёў. Заходняя супольнасць і не падазравала, наколькі шырокую дзейнасць разгарнулі ўнутры іх краін савецкія спецслужбы. Напачатку амерыканцы і немцы нават не давалі веры расказу Сташынскага пра спецыяльны бясшумны пісталет. Яны дапускалі, што Бандэру маглі ліквідаваць праз агента ў ягоным атачэнні, падсыпаўшы атруту ў чай. Але ядам з пісталета?

Следства не толькі адкрыла свету кухню патаемных аперацый КГБ, але і адкрыла тыпаж кілера. Псіхалагічны партрэт Сташынскага аказаўся далёкім ад вобразу няўмольнай машыны для забойства. Аўтар найлепшай кнігі пра забойства Бандэры, гарвардскі прафесар Сяргей Плахій, нават параўноўвае Сташынскага з Раскольнікавым. Украінамоўнае выданне кнігі Плахія пабачыла свет 2017-м у Кіеве пад назвай «Забойства ў Мюнхене. Па чырвоным следзе».

На судзе Сташынскі расказаў, што пайшоў на супрацоўніцтва з КДБ, каб выратаваць сям’ю ад арышту за супрацоўніцтва з Украінскай паўстанцкай арміяй. Магчыма, менавіта хрысціянскае сямейнае выхаванне і дасавецкія ўяўленні пра дабро і зло падштурхнулі Сташынскага да самараскрыцця, мяркуе Плахій.

А тут яшчэ каханне — грамадзянка ГДР Інге Поль, дазвол на шлюб з якой Багдан з вялікімі цяжкасцямі атрымаў ад КДБ у 1960 годзе. Інге была ў шоку ад таго, што савецкія спецслужбы трымалі пад кантролем усё сямейнае жыццё Леманаў-Сташынскіх.

А тут яшчэ ранейшы недавер сям’і. Неўзабаве пасля вяселля ён з Інге заязджае да бацькоў, і яго сустракаюць па-ранейшаму як чужога.

У судзе Сташынскі раскажа, што, ужо рыхтуючы замах на Рэбета, ён адчуваў збянтэжанасць, а псіхалагічны пералом адбыўся падчас прагляду кадраў пахавання Бандэры ў кастрычніку 1959 года, на якое сабраліся тысячы людзей. Кропку на шляху да разрыву з КГБ паставіла бяздушная рэакцыя маскоўскіх куратараў на смерць ягонага сыночка. Ён так і не пабачыць яго жывым — толькі ў труне. І нават у гэты момант за Сташынскімі будуць назіраць агенты.

Багдан і Інге скарысталіся першай магчымасцю для ўцёкаў. Калі б яны затрымаліся хаця да раніцы з-за жадання кінуць жменьку зямлі на магілу сына, то здзейсніць гэтыя планы ўжо не змаглі б.

 

Сляды губляюцца

Следства грунтавалася амаль выключна на падрабязных паказаннях самога Сташынскага. Там, дзе іх можна было праверыць, яны пацвердзіліся да дробязі.

Паплечнікі Бандэры палічылі прысуд занадта мяккім — усяго 8 гадоў турмы за два наўмысныя забойствы. Суд матываваў паблажлівасць тым, што абвінавачаны быў марыянеткай у руках сапраўднага злачынцы — савецкай улады. Нават удава Рэбета заявіла на судзе, што яна Сташынскаму даруе.

У Маскве быў вялікі разбор палётаў. Паляцелі галовы, некаторыя нават трапілі ў следчыя ізалятары.

Бацькі і сёстры Сташынскага зноў аказваюцца пад пільным кантролем органаў: КДБ спадзяваўся, што Скарпіён паспрабуе выйсці на сувязь з імі, але ж не. Увагу органаў бацька Багдана выкарыстае для таго, каб атрымаць грашовую дапамогу на куплю кватэры ў Львове для дачкі Ірыны. Ірына потым назаве сваю дачку Багданай.

Багдан Сташынскі ў коле сям’і, 1950-я. Фота lb.ua.

Сташынскі ж, адбыўшы належныя дзве траціны зняволення, будзе вызвалены і таемна перапраўлены ў ЗША. Інфармацыя пра гэта з’явіцца ў прэсе толькі праз тры гады. Далейшыя сляды былога агента Тараса губляюцца. Пісалі, што ён з Інге пераехаў у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Але ці не дымавая заслона і гэты факт?

Можа быць, Багдан Сташынскі ўсё яшчэ жывы? Інфармацыі няма.

Дмытро Лукин

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов