Проект портала
Наши далекие Как хоронили умерших в Великом Княжестве Литовском

Присмотритесь к камням в своей местности - может быть, это не просто валун, а памятник на забытой могиле? Кандидат исторических наук Денис Лисейчиков изучает древние погосты. Он рассказывает, как наши предки готовились к похоронам, оформляли памятники и где сейчас можно увидеть старые надмогилья.

«Светлыя-светлыя нашы памерлыя, цёмныя-цёмныя нашы штодзённыя», — спяваецца ў вядомай песнi. Нiякавата робiцца ад разумення таго, што за ўсю гiсторыю чалавецтва нарадзiлася больш за сто мiльярдаў чалавек, а сённяшняе насельнiцтва планеты складае толькi сем з паловай мiльярдаў. Нашых мёртвых у дзясяткi разоў больш за нашых жывых.

Што засталося ў нас па продках? Камянi дзiўнай формы, замшэлыя крыжы, старыя надмагiллi. Iх можна сустрэць у кожным кутку колiшняга Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага i Жамойцкага — ад Вiльнi да Магiлёва i ад Полацка да Пiнска.

Надмагільны крыж XVII ці XVIII стагоддзя ў Мінску на тэрыторыі епархіяльнага ўпраўлення БПЦ. Фота Дзяніса Лісейчікава.

На многiх камянях ёсць надпiсы, але прачытаць iх можа не кожны. Нашчадкi жыхароў Вялiкага Княства развучылiся чытаць напiсаныя продкамi кiрылiчныя тэксты, таму знаходкi надмагiлляў XVI—XVII стагоддзяў нярэдка нараджаюць кур’ёзныя легенды пра камянi з «рунiчнымi» надпiсамi альбо пра старажытныя язычнiцкiя ахвярнiкi. За руны часта прымаюць даты смерцi, напiсаныя кiрылiчнымi лiтарамi. Хоць прачытаць iх нескладана: лiтары ад «а» да «Ѳ» абазначаюць лiчбы ад 1 да 9, спалучэнне наступных лiтар алфавiта — дзясяткi i сотнi.

Месца пахавання выбiралi самi i прапiсвалi ў завяшчаннi

Нашы продкi загадзя пiсалi свае тастаменты (завяшчаннi), правiлам складання якiх былi прысвечаны асобныя раздзелы ў Статутах ВКЛ.

Пра месца вечнага супакою дбалi яшчэ пры жыццi, а самыя прадбачлiвыя думалi i пра неабходнасць эпiтафii. Напрыклад, ксёндз-вiкарый касцёла ў мястэчку Iндура Гарадзенскага павета Мацей Грыўна ў 1591 годзе пiсаў: «Калi Пан Бог душу маю з гэтым целам маiм грэшным раздзялiцi вырашыць i да хвалы сваёй возьме, тады цела маё грэшнае мае быць прывезена ў места Горадна, i мае быць прывезена i пахавана ў касцёле рымскiм, яка на ксяндза належыць. I эпiтафiум над целам маiм завесiцi маюць».

Рыхтавалi помнiк яшчэ пры жыццi (маглi i некалькi)

У жыхароў сучасных мегаполiсаў выклiкае шок звычай, якi захаваўся пераважна сярод сялян, — прыжыццёвая ўстаноўка сваiх надмагiлляў з прабеламi на месцы даты смерцi. Мiж тым гэта даўняя традыцыя. Вельмi практычна: сам абiраеш, што за помнiк будзе стаяць на тваёй магiле, а дату смерцi дапiшуць сваякi альбо сябры. Калi, канешне, не забудуць цi не палянуюцца. Добрая чвэрць вядомых надмагiлляў XVI—XVII стагоддзяў мае такiя прабелы-лакуны ў годзе смерцi. Болей за тое, вядомыя выпадкi, калi iснавалi два надмагiллi па адным i тым жа чалавеку, замоўленыя iм самiм у розныя перыяды жыцця! Напрыклад, адзiн з «айцоў» Берасцейскай царкоўнай унii Кiрыла Цярлецкi адно надмагiлле замовiў у 1580-х гадах, калi быў турава-пiнскiм епiскапам, а другое — у пачатку 1600-х, калi быў ужо епiскапам луцка-астрожскiм. Апошняе з iх сёння можна ўбачыць у Музеi старажытнабеларускай культуры ў Мiнску. На iм, дарэчы, ёсць прабел не толькi ў апошнiх лiчбах года, але i ў днях месяца. Да таго ж яно, верагодна, з’яўлялася верхняй часткай каменнай труны, што дае магчымасць вылiчыць рост уладыкi Кiрыла: не вышэйшы за 158 см, i гэта, імаверна, яшчэ ў абутку i галаўным уборы.

 Надгробак «вялебнага епіскапа» Кірылы Цярлецкага (памёр у 1607 годзе) з прабеламі на месцы года і месяца смерці. Фота Дзяніса Лісейчікава.

Афармлялi помнiк вершамi

Найбольш адукаваныя жыхары Вялiкага Княства думалi не толькi пра тое, што будзе напiсана на iх надмагiллi, але i як гэта будзе напiсана. У гэтым шэрагу вылучаюцца вершаваныя эпiтафii. Багацце вобразаў залежала ад фантазii аўтара — паэта мог натхняць выгляд храма, фундаванага нябожчыкам, альбо гадзiннiк на гарадской ратушы, якi адлiчвае небараку хвiлiны зямнога жыцця. Квяцiстыя надмагiллi з вершаванымi надпiсамi мелi жонка менскага бурмiстра Марыя Маслянка († 1590-я гады) i манах магiлёўскага Богаяўленскага манастыра Арсень Азаровiч († 1652 г.).

Надгробак «усялякае чці годнага» «інака багабойнага» Арсеня Азаровіча з эпітафіяй у вершах і прыпіскай: «Жыў лет 74. Умер року 1652». Фота Юрыя Лаўрыка.

Рабiлi адзiн помнiк на некалькi чалавек

У мэтах эканомii практыкаваўся выраб дарагога надмагiлля адразу на некалькi асоб. Так, яшчэ i сёння ў вiленскай царкве Св. Тройцы ў базыльянскiх мурах знаходзiцца «сямейная» плiта над пахаваннем бурмiстра Апанаса Брагi i яго сына Антона. Яны памерлi ў 1576 i 1580 гадах адпаведна.

 Надгробак віленскага бурмістра Апанаса Брагі і яго сына: «Тут ляжыць раб Божы Афанасей Фёдаравіч Брага, бурмістр места Віленскага. Тут жа ляжыць і сын яго Антоній». Фота Дзяніса Лісейчікава.

На помнiку пералiчвалi ўсе заслугi i дасягненнi

Надмагiлле было добрым месцам для пералiчэння дасягненняў чалавека, якi пад iм пахаваны. У канцы XVI стагоддзя браты Змiцер i Фёдар Скумiны-Тышкевiчы праславiлi сваю мацi Марыну ў разгорнутай эпiтафii-жыццяпiсе, якую змясцiлi ў царкве вёскi Дзiкушкi Лiдскага павета. Па сутнасцi, гэта быў помнiк мацi-«гераiнi».

Сучаснiкаў у асобе Марыны Тышкевiч уражвала ўсё: доўгi век, вернасць мужу-нябожчыку, якi рана пакiнуў гэты свет, i нарэшце колькасць нашчадкаў — «больш васьмi дзецi». Знакамiты аматар гiсторыi i археалогii ХIХ стагоддзя Яўстах Тышкевiч у адной з кнiг яшчэ больш праславiў сваю легендарную прабабулю. Занадта захапiўшыся расшыфроўкай «рускiх» тэкстаў XVI стагоддзя, ён прачытаў слова «осмi» [васьмi] як кiрылiчныя лiчбы «838». Менавiта з такой колькасцю нашчадкаў з лёгкай рукi свайго далёкага праўнука i ўвайшла ў гiсторыю Марына Тышкевiч. Скарот «в том панстве В(ялiкiм) К(нястве) Лет(оўскiм) знаёмая» Яўстах з той жа прычыны прачытаў як «в том панстве в 20 лет знаёмая». Тым самым Марына не толькi набыла фантастычную колькасць нашчадкаў, але i атрымала штосьцi ад вобразу Жанны д’Арк альбо Эмiлii Плятэр — такой сабе 20-гадовай дзяўчыны, папулярнай на ўсю краiну.

Надпiс на магiле быў замест пасведчання пра смерць

Надмагiллi былi заклiканы не толькi служыць напамiнам пра памерлых. Iх змест упоравень з тэкстамi пергаментных i папяровых дакументаў выкарыстоўваўся ў афiцыйным справаводстве пры вырашэннi канкрэтных задач. Калi ў 1642 годзе з’явiлася неабходнасць пацвердзiць дакладны час смерцi магiлёўскага мешчанiна Iвана Анiсiмавiча, у актавай кнiзе магiлёўскага магiстрата з’явiўся запiс: «Пан лаўнiк Сямён Iосiфавiч па ўказаннi ўладаў хадзiў у брацкую царкву i там надгробак у такiя словы «Пан Iван Анiсiмавiч, прыставiўся року 1623 месяца дзекабра 5 дня» пiсаны бачыў».

Нашчадкi выкарыстоўвалi старыя надмагiллi для новых патрэб

У 1952 годзе матросы пiнскай рачной флатылii пры правядзеннi земляных работ каля будынкаў былога езуiцкага калегiума выкапалi камень. Навуковыя супрацоўнiкi краязнаўчага музея прачыталi толькi адзiн надпiс на iм: «Року 16(…).Тут ляжыць Ждан, залатар пiнскi». Але калi прыгледзецца больш уважлiва, то можна ўбачыць, што iмя пiнскага ювелiра Ждана высечана паверх ранейшага запiсу. Бачны толькi фрагмент, але i яго дастаткова, каб зразумець сэнс: «[Года] 1599 месяца мая 16 дня … раб Божы Афанасiй Андрэевiч Скародка … а жана яго Феўдора». У самым нiзе плiты бачны кавалак яшчэ аднаго пазнейшага запiсу, зробленага ў той жа стылiстыцы, што i запiс пра ювелiра Ждана: «Року 1615. Тут ляжыць …».

Пінскі надгробак з трыма надпісамі рознага часу. Фота Дзяніса Лісейчікава.

Значыць, ужо ў 1615 годзе на сям’ю Скародкаў у Пiнску забылiся, а прадстаўнiкi заможнага мяшчанства выбiвалi на iх надгробку паверх iхнiх iмёнаў новыя эпiтафii, больш густоўныя i мастацкiя. Але няўжо ва ўсiм Пiнску не было каму заступiцца за памяць па Скародках? Дакументы другой паловы XVI стагоддзя сапраўды не згадваюць сярод пiнчукоў анiводнага носьбiта гэтага прозвiшча. Затое цэлы шэраг Скародкаў у канцы XVI—XVII стагоддзяў сустракаецца ў дакументах, складзеных на ўкраiнскiх землях i блiзкiм да iх Гомельскiм старостве. Сярод iх ёсць нават адзiн Апанас Скародка, якi ў чэрвенi 1595 года жыў у мястэчку Вяледнiкi каля Оўруча на Валынi. Гэта можа быць простым супадзеннем, але менавiта ўвосень 1595 года на Валынь прыйшлi паўстанцкiя казацкiя загоны Севярына Налiвайкi. У лiстападзе яны рушылi на поўнач, на беларускiя землi, маючы ў сваiх шэрагах мноства паказачаных сялян i мяшчан. Цi так ўжо неймаверна, што пахаваны ў пiнскай царкве Апанас Скародка мог быць адным з такiх прыхадняў? Магчыма, таму пiнскiя мяшчане i паспрабавалi хутка знiшчыць пасмяротную памяць пра сям’ю гэтага чалавека.

Надпiсы на помнiку рабiлi не так i часта

Далёка не кожны чалавек меў магчымасць замовiць багата аздоблены помнiк з разгорнутай эпiтафiяй. Большасць надмагiльных камянёў не мае нiякiх надпiсаў. У лепшым выпадку на iх змешчана толькi выява крыжа. Надпiсы калi i ёсць, то самыя лаканiчныя: «1598. Iван» альбо «Мар’я. Року 1630». У апошнiм выпадку пад каменем, магчыма, пахавалi ахвяру эпiдэмii чумы, якая менавiта ў гэтым годзе чарговы раз пракацiлася па Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм.

Лаканічны надпіс на помніку. Фота Дзмітрыя Скварчэўскага.

Памяць па ахвярах эпiдэмiй i ваенных лiхалеццяў знаходзiла сваё адлюстраванне i ў калектыўных помнiках. Побач з вёскай Сокарава каля ракi i мястэчка Улы яшчэ ў ХIХ стагоддзi стаяў каменны крыж з надпiсам, што ў гэтым полi ў 1569 годзе былi пахаваныя салдаты — «200 жаўнер». Выява помнiка нам вядома толькi па замалёўках, i апошняя лiчба ў даце, магчыма, не 9 (у кiрылiчным абазначэннi «Ѳ»), а 4 (кiрылiцай — «Д»). Хто ведае, можа, менавiта тут у 1564-м адбылася знакамiтая бiтва на Уле памiж войскам Вялiкага Княства Лiтоўскага i маскавiтамi?

Аўтар выказвае шчырую падзяку Вользе Бабковай, Антону Брылю, Дзмiтрыю Вiцько, Вiталю Герасiменю, Сяргею Грунтову, Валерыю Кабрынцу, Мiколу Кузiчу, Юрыю Лаўрыку, Дзмiтрыю Скварчэўскаму, Галiне Флiкоп-Свiта.

Денис Лисейчиков

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов