Праект партала
Спецслужбы Кім Філбі: беларускі след

Англічанін Кім Філбі быў адным з найбольш паспяховых савецкіх разведчыкаў. Працуючы на камуністаў, яму ўдалося трапіць у кіраўніцтва брытанскіх спецслужбаў і перадаць Саветам мноства інфармацыі. У 1950-я Філбі каардынаваў аб’яднаныя англа-амерыканскія аперацыі, скіраваныя супраць СССР, і яго небеспадстаўна падазраюць у датычнасці да правалу многіх антысавецкіх праектаў — ад Албаніі да Беларусі, піша гісторык Антон Рудак.

Пасведчанне КДБ СССР на імя Гаральда Андрыяна Расэла Філбі.

Парашутыст Цімох Вострыкаў, адзін з групы маладых беларусаў, якія прайшлі навучанне ў ЦРУ і ў 1952 годзе дэсантаваліся ў Налібоцкай пушчы з заданнем аб’яднаць беларускіх партызанаў на паўстанне супраць савецкай улады, успамінаў так: «Прызямліліся мы. Па задуме, нас павінны былі скінуць у самую глуш. Толькі я па інструкцыі склаў і схаваў парашут, бачу: ходзіць грыбнік. Пасля — яшчэ адзін».

Цімох Вострыкаў (1922—2007) — беларускі агент ЦРУ, у 1952 годзе дэсантаваны ў складзе групы з чатырох чалавек у Налібоцкай пушчы. Неўзабаве быў арыштаваны і асуджаны, правёў 23 гады ў лагерах. Пазней КДБ выкарыстоўваў яго ў выкрыцці амерыканскіх агентаў у СССР.

Месцам прызямлення быў лес у раёне вёскі Кляцішча. Хто быў там, той ведае: Кляцішча цягнецца доўгай вуліцай, хаты ўсе драўляныя, гіганцкія — чаго-чаго, а лесу там даволі. Пушча на дзясяткі кіламетраў, ад вёскі да вёскі — як у тайзе.

Савецкая дзяржбяспека, відавочна, ведала пра будучы дэсант і вяла парашутыстаў, каб пабачыць, да каго яны будуць грукацца, на якія явачныя кватэры пойдуць.

Вострыкаў высадзіўся 27 жніўня, а праз дзень, 28-га, яму споўнілася 30 гадоў. Пасля будзе арышт і суд. Вострыкаў атрымае 25 гадоў лагераў, з якіх адсядзіць 23, выйдзе, створыць сям’ю і дажыве ў Гомелі да незалежнасці Беларусі. Лёс судзіў яму перажыць чалавека, пра якога ён не ведаў, але які адыграў паваротную ролю ў ягоным лёсе.

Яго прывёў антыфашызм

Савецкія архівы, звязаныя з Філбі, дагэтуль засакрэчаныя. Вядома, што ён атрымаў ордэн Леніна і іншыя высокія савецкія ўзнагароды. І добра вядома пра ягоны побыт у Маскве, бо ўспаміны пакінула яго савецкая жонка.

Гаральд Адрыян Расэл Філбі нарадзіўся ў 1912 годзе ў Індыі ў сям’і службоўца брытанскай адміністрацыі. Пазней бацькі далі яму імя Кім — у гонар героя рамана Рэдзьярда Кіплінга.

Бацька Філбі быў вядомым арабістам — настолькі, што нават прыняў іслам і ўзяў за другую жонку дзяўчыну-арабку.

Студэнцкія гады Кіма прыпалі на час, калі галаву ўздымаў нацызм. Антыфашызм натуральна прыводзіў студэнтаў да тых, супраць каго агідны нацызм быў скіраваны. Малады Філбі ўдзельнічаў у працы Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам (МОПР). У 1934 годзе ён ажаніўся са сваёй першай жонкай — габрэйкай-камуністкай Ліцы Фрыдман. Мяркуюць, што менавіта яна пазнаёміла Філбі з агентам НКВД Арнольдам Дэйчам, які завербаваў яго для супрацоўніцтва з Саветамі.

Пазней, калі Кім на даручэнне савецкай разведкі выконваў ролю сімпатызанта гітлераўцаў, яму і Ліцы давялося развітацца, хоць яны засталіся сябрамі і афіцыйна разышліся толькі ў 1946-м.

Дэйч быў каралём вярбоўкі. Зрэшты, не асабісты фактар, а страшная пагроза ўсім народам, Гітлер, штурхалі людзей дапамагаць Краіне Саветаў. Толькі ў Брытаніі Дэйч прыцягнуў да супрацоўніцтва з Саветамі каля дваццаці агентаў, у тым ліку ўсіх удзельнікаў так званай «Кембрыджскай пяцёркі». Гэтыя пяцёра выпускнікоў Кембрыджскага ўніверсітэта ў будучыні занялі высокія пасады ў брытанскіх дзяржаўных органах і разведцы. 

Спецыяльны карэспандэнт

Падчас грамадзянскай вайны 1936—1939 гадоў у Іспаніі Філбі працаваў у якасці ваеннага карэспандэнта газеты «Таймс», паралельна выконваючы заданні брытанскай разведкі. І савецкай заадно. У НКВД была нават ідэя задзейнічаць яго для замаху на генерала Франка. Філбі, сапраўды, меў доступ да франкісцкай вярхоўкі, асабліва пасля таго, як атрымаў ордэн за мужнасць падчас выканання сваіх журналісцкіх абавязкаў.

У 1940 годзе, пасля вяртання на радзіму, Філбі быў запрошаны ўжо на працу ў офісе Сакрэтнай выведнай службы (SIS) і ўжо праз год прызначаны намеснікам начальніка контрразведкі. У 1944-м ён узначаліў аддзел SIS, які займаўся савецкай і камуністычнай актыўнасцю ў Вялікабрытаніі. Такім чынам, Саветам робіцца вядома ўсё, што брытанцам вядома пра іх дзейнасць на астравах. А ў 1949—1951 гадах менавіта Філбі становіцца кіраўніком місіі сувязі ў Вашынгтоне, якая каардынуе з ФБР і ЦРУ супольныя англа-амерыканскія антыкамуністычныя аперацыі. Як вядома, у гэтых праектах актыўна бралі ўдзел і беларусы.

У 1951 годзе двух удзельнікаў «Кембрыджскай пяцёркі» выкрылі, Філбі тады таксама западозрылі ў супрацы з Саветамі, але доказаў не было, і яму ўдалося пазбегчы адказнасці. На пяць гадоў ён быў фактычна адхілены ад працы ў спецслужбах, але на той момант усе асноўныя праекты супрацоўніцтва беларускіх эмігрантаў з амерыканцамі і брытанцамі ўжо былі распачатыя і Масква атрымала інфармацыю пра іх.

Як Філбі пасварыў эміграцыю

Кастусь Мерляк — як вынікае з раскрытых архіваў ЦРУ, ён першы з беларусаў у ЗША распачаў супрацоўніцтва з ЦРУ ў 1956 годзе, — у сваіх мемуарах паказаў Кіма Філбі злым духам беларускага палітычнага жыцця на Захадзе.

У трактоўцы Мерляка менавіта Філбі спрычыніўся да таго, што брытанская разведка вырашыла выкарыстаць у сваёй дзейнасці Радаслава Астроўскага, які знаходзіўся ў той час у брытанскай акупацыйнай зоне ў Германіі, і паспрыяла аднаўленню ў 1948 годзе дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады, створанай яшчэ пад нацысцкай акупацыяй Беларусі ў 1943-м.

У выніку ўся актыўнасць Астроўскага і ягонай БЦР на эміграцыі аказалася натуральным чынам скіраваная на нейтралізацыю палітычных канкурэнтаў з Рады БНР пад кіраўніцтвам Міколы Абрамчыка. Такая міжусобіца была на руку Саветам і каардынавалася, на думку Мерляка, іх агентам Філбі.

Факт, што, пасля таго як Філбі быў выкрыты, дзеячы эміграцыі з лагераў Рады БНР і БЦР яшчэ больш актыўна пачалі абвінавачваць адзін аднаго ў супрацоўніцтве з камуністамі. Гэта насамрэч было выгадна СССР, бо не дазваляла беларускай эміграцыі аб’яднацца.

На верную смерць

Амаль пэўна, што Філбі быў датычны ў тым ліку і да правалу парашутыстаў-беларусаў, якіх ЦРУ ў паразуменні з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі выпраўляла ў СССР у 1951—1952 гадах: Янкі Філістовіча і групы з чатырох чалавек у складзе Генадзя Касцюка, Цімоха Вострыкава, Міхала Кальніцкага і Міхала Арцюшэўскага.

Вярбоўкай маладых беларусаў — у групу ўваходзілі пераважна асобы, якія ў вайну служылі на нямецкім баку, — займаўся Барыс Рагуля, які з беларускага боку быў кіраўніком праекта AEQUOR — аперацыі па перакіданні ў СССР нелегальным шляхам разведчыкаў з ліку патрыятычнай беларускай моладзі, якая жыла на Захадзе.

Такім жа туманным жнівеньскім ранкам 1952 года высадзіліся са зброяй у Налібоцкай пушчы парашутысты-беларусы. Фота Віктара Малышчыца.

Янка Філістовіч быў дэсантаваны ў верасні 1951 года на Вілейшчыне.

Даследчык Алег Ліцкевіч, які знаёміўся з крымінальнай справай Філістовіча ў архіве КДБ, апублікаваў тэкст касацыйнай скаргі, нібыта напісанай асуджаным Філістовічам. У ёй падпольшчык піша, што, імаверна, быў завербаваны ЦРУ і прызначаны на ролю першага разведчыка з падказкі прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка, які бачыў у гарачым юнаку патэнцыйнага палітычнага канкурэнта сабе.

Філістовіч быў выпраўлены фактычна на смерць — ён не меў пры сабе нават рацыі і мусіў пісаць паведамленні для ЦРУ тайнапісам паміж радкоў лістоў, якія павінен быў нейкім чынам перадаваць у Францыю на адрас аднаго з беларускіх эмігрантаў. У адным з данясенняў Філістовіч пісаў, што чакае наступнага дэсанту, у склад якога мусілі б увайсці, сярод іншага, пляменнік і цёзка прэзідэнта БНР Мікалай Абрамчык і Валянцін Міцкевіч — пляменнік Якуба Коласа.

Пасведчанне прадстаўніка ўрада БНР Янкі Філістовіча. Фота: В. Раманоўскі «Саўдзельнікі ў злачынствах».

Але гэты дэсант так і не адбыўся, а ў лясах Вілейшчыны Філістовіч спаткаў толькі нешматлікую — шэсць чалавек — партызанскую групу пад кіраўніцтвам Сяргея Мікуліча і ніякай актыўнай дзейнасці не разгарнуў. МГБ ведала пра дэсант Філістовіча і абставіла яго сваімі агентамі, але пэўны час чакала, каб даведацца, якія сувязі ён мае ў БССР. У верасні 1952-га, праз год пасля дэсанту, Філістовіч быў арыштаваны, а неўзабаве — асуджаны і расстраляны.

Беларусы як прыкрыццё?

Наступная група разведчыкаў Рады БНР была закінутая ЦРУ на тэрыторыю БССР акурат пры канцы 1952-га, калі Філістовіч яшчэ не быў арыштаваны, але амерыканцы не мелі пэўнасці, што ён дзейнічае не пад кантролем Саветаў. Таму групу пад кіраўніцтвам Генадзя Касцюка, былога жаўнера наваградскага батальёна Барыса Рагулі, скінулі не на Вілейшчыне, а ў Налібоцкай пушчы.

Узбраенне групы Касцюка, дэсантаванай у Налібоцкай пушчы ў жніўні 1952 года. Фота: В. Раманоўскі «Саўдзельнікі ў злачынствах».

Цікава, што месца дэсанту — ля вёскі Кляцішча ў ваколіцах возера Кромань — супадала з планаваным месцам дэсантавання групы Міхала Вітушкі ў лістападзе 1944 года. Тую групу таксама складалі жаўнеры батальёна Рагулі, і дэсантавацца яна мусіла з ім на чале. Толькі ў апошні момант Рагуля адмовіўся і быў заменены Вітушкам. Група Вітушкі ў выніку з-за неспрыяльных метэаўмоваў дэсантавалася зарана, ля Воранава, і сваёй задачы па арганізацыі ў Беларусі антысавецкай партызанкі не выканала.

Удзельнікі групы Касцюка неўзабаве пасля дэсанту таксама былі арыштаваныя, адзін з іх загінуў пры затрыманні. Цімоха Вострыкава, які адседзеў у лагерах 23 гады, КДБ перавербаваў і выкарыстоўваў у выкрыцці амерыканскіх агентаў у СССР. Неўзабаве пасля смерці былі апублікаваныя ягоныя мемуары, у якіх ён выказваў перакананне, што амерыканцы ў 1952-м свядома ахвяравалі беларускай групай, выкарыстаўшы яе як прыкрыццё для іншага, больш важнага агента, які дэсантаваўся адначасова з імі.

Кім верыў

А што ж далей здарылася з Кімам Філбі?

Праверка яго брытанскай контрразведкай нічога не дала, і ў 1956 годзе Філбі зноў быў прыняты на службу і накіраваны ў Бейрут. Але ў 1963 годзе ў выніку няўдалай спробы вярбоўкі місія агента Філбі правальваецца, пасля чаго яго тэрмінова нелегальна вывозяць у Савецкі Саюз. Тут ён пражыў рэшту жыцця і ўжо чацвёрты для сябе раз пабраўся шлюбам з савецкай грамадзянкай Руфінай Пухавай.

Кім Філбі (1912—1988) — савецкі агент у Вялікабрытаніі, адзін з кіраўнікоў брытанскай разведкі ў 1940—1950-я гады. Уцёк у СССР у 1963 годзе. На фота — у Маскве, 1968 год.

Пухава ўспамінала, што Філбі быў страшна прыгнечаны савецкай рэчаіснасцю. Настолькі, што запіў і нават спрабаваў забіць сябе.

«Кім верыў у справядлівае грамадства і ўсё сваё жыццё аддаў камунізму, — расказвала ягоная жонка. — А тут яго чакала такое расчараванне, ён аж плакаў. Ён казаў: «Чаму старыя тут так кепска жывуць? Яны ж у такой вайне перамаглі», — сказала яна ў інтэрв’ю «Московскому комсомольцу».

Кім Філбі і яго чацвёртая жонка Руфіна Пухава, маладзейшая за мужа на 21 год.

Хоць з матэрыяльнага пункту гледжання Філбі быў забяспечаны па максімальных савецкіх стандартах, жыў у шыкоўнай кватэры ў ціхім месцы ў цэнтры Масквы. Перабежчыкам з Захаду дазвалялася шмат чаго. Калегу Філбі па «Кембрыджскай пяцёрцы» гомасэксуалу Гаю Бёрджэсу нават дазволілі завесці рускага каханка, хоць гомасэксуалізм у СССР быў крымінальным злачынствам. Што да Філбі, то кватэру яму падабралі такую, каб з двара дома быў толькі адзін выхад. Да самых апошніх дзён за ім сачылі кругласутачна.

Пад канец жыцця Філбі пачалі запрашаць для кансультацый і навучання маладых разведчыкаў, таксама ён чытаў лекцыі і выступаў на ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да розных угодкаў КДБ.

Калі былі раскрытыя архівы «Штазі», у іх быў знойдзены захапляльны дакумент: відэазапіс лекцыі Філбі. У 1981 годзе разведчыка прывозілі ў ГДР дзяліцца досведам. На відэа ён расказвае, як лёгка было падманваць калег-сібарытаў у ліберальнай Брытаніі. Напрыклад, з Бейрута ён уцёк, бо агент, прыстаўлены яго пільнаваць, пакінуў свой пост, таму што хацеў не ўпусціць нагоду пакатацца на горных лыжах, а ў ліванскіх гарах акурат выпаў снег.

Памёр Кім Філбі ў Маскве ў 1988 годзе, калі Савецкаму Саюзу заставалася існаваць толькі тры гады. Перад смерцю яму дазволілі даць інтэрв’ю журналісту Sunday Times. А Цімох Вострыкаў памёр у Гомелі ў 2007 годзе, ужо ў незалежнай Беларусі.

Антон Рудак

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў