Праект партала
Кухонныя гісторыі Успаміны рыэлтаркі пра 1990-я і 2000-я. І рэцэпт «піражкоў рыэлтарскіх»

Расказвае Таццяна Яндальцава з Мінска, агент па нерухомасці з вялікім стажам.

Я прыйшла ў рыэлтарства ў 1991-м, — кажа Таццяна Барысаўна. — Раней працавала інжынерам у праектным бюро, і мы вельмі добра зараблялі, працавалі на ўвесь Саюз, праектавалі металаканструкцыі. Адна з бэлек у мінскім Палацы Рэспублікі — таксама мая. А ў 90-х крызіс настаў страшны.

Будавалі мы камунізм, будавалі і дабудаваліся, што есці не было чаго. Трусоў было не купіць! Мне трэба было хадзіць да доктара, як была цяжарнай, кожныя два тыдні — і было не знайсці цэлай, нецыраванай бялізны! Цётка мне тады са сваіх старых запасаў падарыла!

У 1990-м я пайшла ў дэкрэт. Думала, што потым рабіць: вяртацца ў праектную работу сэнсу не было. А я ляжала ў адной палаце з жанчынай, якая потым пайшла працаваць у нерухомасць, у арэнду. І аднойчы мы з ёй сустрэліся, і яна кажа: я столькі зарабляю, што ўвогуле не лічу грошай, кідаю ў сумку — і ўсё. І я палічыла: пайду туды, мне ж трэба дзіця падымаць. Так і аказалася ў нерухомасці.

А тады ў агенцтвах стаялі чэргі, найперш з тых, хто з’язджаў за мяжу.

Тады прыватызацыя толькі пачыналася і прадаць можна было толькі кааператыўныя кватэры. А калі ў вас было дзяржаўнае жыллё, яго трэба было спярша памяняць на кааператыўнае, а потым ужо шукаць пакупнікоў на новую кватэру. Тут і прыходзілі да рыэлтараў.

Наша работа заключалася ў тым, каб паказваць кватэры і потым афармляць дамову куплі-продажу.

Мне гэта падабалася і цяпер падабаецца. У гэтай рабоце патрэбныя ўдачлівасць, працавітасць і рэакцыя: сарваўся, паехаў, паказаў — усё. Самае складанае ў нашай рабоце — гэта, напэўна, уменне зносіцца з людзьмі. Але мне гэта было нескладана. Я аптымістка — і пра ўсіх думала добра. Гэта цяпер ужо мне амаль 70, і стала жыць неяк з асцярогай.

Многа было выпадкаў, калі станавілася страшна.

Быў у мяне адзін прадавец кватэры, міліцыянт. Знайшлі купца яму, вызначыліся з сумай, усё абгаварылі. Напярэдадні здзелкі ён мне кажа: «Заўтра я вазьму сяброў, і ўсе мы прыедзем са зброяй. Я вас папярэджваю: калі нешта пойдзе не так, вы будзеце першая, у каго я выстралю». Я кажу: «Я згодная быць першай, не пытанне. Я знаю: я ніколі нікога не падманвала, так што можаце страляць». Назаўтра была здзелка, і ўсё скончылася добра. У нашай справе галоўнае — канфідэнцыйнасць.

Стаў нехта мне званіць і несці ахінею: «Ты вінаватая, я цябе знайду, я цябе пакараю».

Вось тады ўвогуле было страшна, кашмар. Я пайшла ў міліцыю, напісала заяву. Потым міліцыя мне расказала: гэта, аказваецца, прыехалі з Прыбалтыкі гастралёры, адкрылі тут офіс, нібы нейкую кампанію. Адразу далі рэкламу. Месяц прапрацавалі, назбіралі бабак і зніклі. А мне стаў званіць абураны кліент, якога яны падманулі. Пераблытаў нумары. У міліцыі мне сказалі: жывіце спакойна, вас ніхто больш не патурбуе, ён проста спрабаваў весці сваё расследаванне.

Але што тады адбывалася! У мяне была знаёмая ў БТІ (Бюро тэхнічнай інвентарызацыі), яна мяне моцна выручала. Аднойчы яна мне паказала на дваіх: «З імі ніколі не звязвайся, гэта чорныя маклеры, яны тут такія справы праварочваюць, не дай бог!» Тады не друкавалі ў прэсе, не расказвалі пра гэта, але ўсякага хапала.

Чорныя маклеры знаходзілі алкашоў, спойвалі, вывозілі ў нейкі дом падстаўны, казалі, маўляў, гэта будзе іх новае жыллё, афармлялі продаж кватэры, а потым труцілі, забівалі, людзі гэтыя знікалі бясследна. Або афармлялі кватэру на некалькіх чалавек: адным прадалі, на наступны дзень другім, і хто першы зарэгістраваўся, таго і кватэра. Цяпер я такога ўжо не чую.

Аднойчы аднаму агенту так даверыліся прадаўцы, што аддалі грошы. Ён іх узяў і ўцёк.

У мяне таксама была кліентка, якая прадала сваю кватэру і ёй трэба было ісці купляць новую ў іншае агенцтва. Яна мне гэтыя грошы ўручыла, я іх схавала ў пэўнае месца, у грудзі, і мы з ёй пад ручку пайшлі ў агенцтва купляць ёй кватэру.

Новы мікрараён на Сурганава — Бяды ў 90-я быў адным з самых прэстыжных у Мінску.

Мужчына купіў кватэру, піў і весяліўся два дні. І ноччу тэлефануе дзяўчыне-агенту, якая афармляла здзелку: «Здра-а-асце, Ірына. А дзе-е-е я купіў кватэ-э-эру?»

Аказалася, ён адрас не помніў. Цяпер усё прасцей, дакументы даюцца адразу на рукі. А раней пасля здзелкі ты ехаў у БТІ і падаваў дакументы на рэгістрацыю, трэба было чакаць тры дні. Дык вось гэты чалавек яшчэ памятаў, што з ім схадзілі ў БТІ, што ён аддаў грошы, атрымаў квітанцыю. Ён, бедны, піў два дні, гуляў, ачухаўся з квітанцыяй на руках і вось тэлефануе: «Дзе я купіў кватэру і ці сапраўды купіў?»

Аднойчы мы з кліентам зарэгістравалі яго куплю, я аддала яму квітанцыю, а назаўтра ён мне тэлефануе і кажа: «Таццяна Барысаўна, я нічога кепскага вам не зраблю, толькі праўду скажыце: вы мяне ашукалі? Ці я сапраўды купіў кватэру?»

Я кажу: «Сапраўды купілі». «Я не веру. Я ўсё аддаў, я ўсе свае грошы аддаў, потым мы некуды з вамі схадзілі… Але ў мяне на руках адна паперчына, адна квітанцыя. Можа, гэта ўсё не праўда…» Я кажу: «Ну як вам патлумачыць? Давайце сёння сходзім разам туды, куды мы ўчора хадзілі, і даведаемся, ці ўсё чэсна». Мы схадзілі ў БТІ, ён падышоў, пракансультаваўся: «Я купіў кватэру, мне далі квітанцыю, ці ўсё правільна?» — «Усё правільна, вам трэба забраць дакументы праз два дні».

Праз два дні, як ён пабачыў, што ён сапраўдны гаспадар, што ўсё пячаткай заверана, быў такі шчаслівы! Гэты хлопец меў сваю маленькую справу, пёк піцу — і прыпёр мне тады агромністую піцу і шампанскае. Ён кажа: «Я дык верыў вам, але мне ўсе казалі, жонка казала: дурань, цябе кінулі, ты аддаў грошы і нічога не атрымаў».

З вясёлага. Чалавек пазваніў у агенцтва, запусціў інфармацыю, што яму трэба кватэра, агент з ім працуе, падбірае.

Тэлефануе яму, а быў вечар пятніцы: «Як вы адносіцеся да вуліцы Багдановіча?» «А-а-адношуся, але токі не сёдня… А так — а-а-адношуся, але не сёдня».

Гэтая фраза «а-а-адношуся, але не сёдня» стала ў нас прыказкай, мы заўсёды з гэтага выпадку рагаталі.

РЭЦЭПТ

— Мне гэты рэцэпт дала адна дзяўчына-рыэлтарка, але я яго ўдасканаліла: дадаю больш тварагу і менш мукі і, мне здаецца, дабілася аптымальнага смаку. Я гэтых піражкоў зрабіла мільярд у сваім жыцці: і ў агенцтве ўсякія зборы былі, і асабліва ў сям’і, мая мамачка іх вельмі любіла. Мне нават у агенцтве гаварылі: пойдзеш на пенсію, адкрывай сваю пякарню, піражкі будуць разлятацца на ўра.

На 32 піражкі патрэбна:

Для цеста:

— 2 яйкі,

— 2 пачкі тварагу,

— дзве няпоўныя шклянкі мукі,

— 1 ч. л. цукру,

— трохі солі,

— 1 ч. л. соды і воцат, каб яе пагасіць.

Для начынкі:

вараная капуста з пасіраванай цыбуляй і вараным яйкам, або варанае мяса, прапушчанае праз мясарубку, або павідла*.

Узбіць 2 яйкі, умяшаць 2 пачкі тварагу, дадаць солі і цукру (можна на свой смак). Усё перамяшаць. Чайную лыжку соды без горкі загасіць воцатам і дадаць у тварожна-яечную масу. Яна ўспеніцца, тварог падымецца. Дадаць 2 няпоўныя шклянкі мукі, абавязкова прасеяўшы праз сіта, каб мука набралася паветра і цеста стала пышнейшым. Цеста змясіць, каб адліпала ад рук, скачаць у вялікі рулік і падзяліць нажом на чатыры часткі. З кожнай часткі зрабіць 8 шарыкаў. Кожны шарык раскачаць у выглядзе блінчыка.

Пакласці начынку, зляпіць краі і потым швом уніз пакласці на разагрэтую патэльню, на алей.

Алею можна наліць зусім трошкі.

Каб павідла не расцякалася, бабуся заўсёды дадавала ў яго манку, яно тады гусцее і не праточваецца праз цеста.

Запісала Паўліна Скурко

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў