Праект партала
ВКЛ Як жыў крымінальны Полацк XVII стагоддзя

Пра запойную гулянку з трагічным фіналам, падман купцоў і карупцыю ў асяроддзі полацкага кіраўніцтва сабраў матэрыялы кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў.

Селядцовае ўзбярэжжа ў Рызе — месца выгрузкі і сартавання селядцоў. І месца, дзе полацкіх купцоў масава падманвалі. 1650 год. Копія канца XVIII стагоддзя пэндзля Іагана-Крыштафа Броцэ. Фота: Акадэмічная бібліятэка Латвійскага ўніверсітэта.

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў была асабліва спусташальнай для Полацкай зямлі. Тысячы жыхароў былі забітыя альбо вывезеныя ў палон. У выніку вайны Полацкае ваяводства страціла вялікую тэрыторыю на поўначы з гарадамі Веліж, Невель і Себеж, якія былі вернуты толькі ў 1678 годзе.

Пісьменнік і філосаф, манах Богаяўленскага манастыра Сімяон Сітняновіч-Пятроўскі якраз у час той вайны выехаў у Маскву, дзе стаў настаўнікам і выхавальнікам царскіх дзяцей. Ён напісаў і выдаў цэлы шэраг знакавых кніг і ўвайшоў у гісторыю пад іменем Сімяона Полацкага.

Мала хто ведае, што ягоны брат Лукаш застаўся на радзіме. З бліскучай адукацыяй і выдатнымі каліграфічнымі навыкамі, малодшы Сітняновіч быў ідэальнай кандыдатурай на пасаду гарадскога пісара. Актавыя кнігі Полацкага магістрата, спісаныя сціслым почыркам пана Лукаша, якраз і расказваюць, як адраджалася мірнае жыццё і з якімі праблемамі сутыкаўся горад. То тут, то там уздымалі галаву бандыты, махляры і зладзеі.

Аўтограф Лукаша Сітняновіча-Пятроўскага. Фота: НГАБ.

Вось дзве яркія крымінальныя гісторыі, занатаваныя рукой полацкага месцкага пісара Лукаша Сітняновіча-Пятроўскага ў 1676 годзе.

Страляніна ў карчме

17 мая 1676 года ў шынок палачаніна Апанаса Клыпы завіталі чацвёра дзецюкоў на добрым падпітку. Гуляла чэлядзь шляхціца, мінскага чашніка Паўла Свірскага. «Пан Тышка, Бадзяноўскі, Гаткоўскі і чацвёрты фурманчык на імя Юрка», — занатуе пазней полацкі месцкі пісар. Вопытны карчмар адразу адчуў, што з гэтай чацвёркай будзе клопату. Разыгралася класічная схема паводзін «праблемнай» кампаніі ў грамадскім месцы.

Для пачатку чэлядзь пана Свірскага загадала даць сабе два гарцы піва (амаль 6 літраў). Проста напівацца ў цішыні сумна — прымусілі граць на скрыпцы яўрэя Зэліка. Пасля куфля карчомнага пітва ў мужчынскім коле захацелася жаночай кампаніі і танцаў. Месцкі пісар амаль даслоўна натаваў дыялогі, якія адбываліся ў Клыпавай карчме:

«Звярнуліся да Клыпы такімі словамі:

— Ёсць у цябе дачка, якую завуць Тэадора, скажы ёй прыйсці да нас, каб з намі танчыла.

— Мае панове! Хоць і маю дачку, але не для танцаў, адно каб мне даглядала гаспадарку. Да таго ж у мяне дачка недарослых гадоў. А таму прашу вашамосцяў прыняць гэта як належнае».

Са стрыманым гаспадаром вырашылі не цырымоніцца. Яго скруцілі, схапілі за доўгую бараду і ўжо занеслі шаблю, каб яе адсекчы. Аднак Апанас Клыпа вылузнуўся з п’яных лап і разам з жонкай і дачкой зачыніўся ў склепе. Цяпер канфлікт раскручваўся без яго ўдзелу.

Да танцаў прыцягнулі Клыпавага сваяка-падлетка Тэадора Якімовіча, які разносіў куфлі з півам. Каб не цвяліць дурняў, той быў вымушаны скакаць пад Зэлікаву скрыпку. Далей — болей. Фурманчыка Юрку паслалі ў дом полацкага бурмістра Цімафея Спіхальскага па пісталеты. У чаканні зброі пачалі дашуквацца па пакоях шынкарскай дачкі. Ламалі дзверы, раўлі страшныя пагрозы на адрас гаспадара.

Хто яшчэ заставаўся ў карчме, кінуліся прэч. Апанас Клыпа спрабаваў утаймаваць банду цераз дзверы склепа. Паспрабаваў выйсці са сховішча, але, ацаніўшы абстаноўку, кінуўся хавацца ў адзін з пакойчыкаў вокнамі ў двор. Толькі паспеў зачыніцца, як грымнуў стрэл. Фурманчык Юрка прынёс пісталеты.

Пераляканы Клыпа выглянуў у акно. На падворку стаяла самотная постаць студэнта полацкага езуіцкага калегіума Андрэя Юдкевіча.

«— А хто ж з гэтага дому праз фортку на вуліцу страляў? — спытаў студэнт, паказваючы рану пад самым поясам з левага боку.

— Гэта мы стралялі! — адказала чэлядзь пана Свірскага.

— Злыя, бязбожныя людзі! Вы загубілі і падстрэлілі бязвіннага чалавека!

Вымавіўшы гэта, ён выйшаў за вароты, хістаючыся, як паранены, так што людзі ледзь завялі яго ў пакой».

Разумеючы, што справы дрэнь, чэлядзь пана Свірскага разбеглася, не заплаціўшы за піва і за нанесеную шкоду.

Студэнт Юдкевіч ад атрыманай раны памёр.

Стругі, селядцы і немцы

Самыя цесныя гандлёвыя сувязі Полацк меў з Рыгай. Менавіта праз Рыгу па Дзвіне палачане прывозілі ў свой горад шырокі асартымент еўрапейскіх тавараў. Самі ж яны везлі ў Еўропу збожжа, драўніну і вырабы мясцовых рамеснікаў. Свет няблізкі. Найлепей было кіравацца ў сплаў адразу пасля вясновага крыгаходу, па высокай вадзе. У іншы час водны рух інтэнсіўнасцю не вылучаўся.

Прадметам асаблівага гонару полацкіх купцоў былі ўласныя стругі — вялікія грузавыя лодкі з ветразем і стырном, якое ў народзе называлі рычаг. Бяднейшыя гандляры наймалі стругі ў багацейшых, і гэта быў яшчэ адзін прыбытковы артыкул мясцовага бізнэсу. Нясвоечасовая пастаўка транспарту была таксама добрым сродкам змагання з канкурэнтамі. Менавіта з гэтага ў 1676 годзе пачаліся няшчасці полацкага купца Івана Людскевіча.

Пасля сыходу вялікай вады, у маі, ён скардзіўся на несумленнага «транспартніка» Савасцея Сцебута:

«Ён, пан Сцебут, зафрахтаваўшы мне і майму сваяку пад наш тавар свой новы струг для рыжскага сплаву і ўзяўшы ў нас за гэты фрахт 50 коп літоўскіх грошаў, невядома з якой прычыны гэтага новага струга не паставіў, а даў стары, кепскі струг, небяспечны, паламаны і вельмі ненадзейны. Хоць я яго не прыняў, мы да Рыгі са сваім таварам спазніліся, праз што панеслі немалую шкоду».

Улюбёным прадуктам полацкага імпарту была марская рыба. Мора вабіла палачан заўсёды, прыгадаем хоць бы выяву трохмачтавага карабля на гарадскім гербе — па Дзвіне такія дакладна не хадзілі. Сёння адным з самых пазнавальных балтыйскіх брэндаў з’яўляюцца рыжскія шпроты. У XVII стагоддзі старонкі актавых кніг Полацкага магістрата стракацелі згадкамі пра тлустых рыжскіх селядцоў. Дзвінскія стругі развозілі рыбу ад Дрысы да Віцебска. Танна, смачна і можна есці ў пост. Селядзец з’яўляўся адной з абавязковых страў на куццю і быў ці не адзіным імпартным таварам на сталах прыгонных сялян. Прыбытак прыносіў нават салёны лёк з бочак.

Найбагацейшыя полацкія купцы займаліся аптовымі пастаўкамі рыжскіх селядцоў і іх перапродажам. Справа была вельмі прыбытковай — тавар ніколі не залежваўся. Таму не дзіва, што аперацыямі з балтыйскай рыбай займаліся нават ураднікі мясцовага магістрата.

Пячатка з гербам Полацка канца XV — пачатку XVI стагоддзяў. Уплыў Рыгі адчуваецца па прысутнасці выявы рымска-каталіцкага біскупа, якая знікне з герба ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Прамалёўка з кнігі Эдмундаса Рымшы «Пячаткі гарадоў Вялікага Княства Літоўскага» (Варшава, 2007).

Купца Івана Людскевіча, якога ў маі падмануў несумленны ўладальнік стругаў, у верасні чакаў новы ўдар. Разам з кампаньёнам, лаўнікам полацкага магістрата Аляксандрам Шыкуцкім, ён у роспачы скардзіўся:

«Мы, будучы ў Рызе, купілі ў рыжскага купца лашт селядцоў паводле рэкамендацый і гарантый паважаных купцоў пана Гансгуза і пана Гіндрыха Гентфельта. Названыя паны, добра ведаючы гэтага купца, запэўнілі нас і паручыліся за селядзец і за поўныя бочкі. Пачуўшы ад іх запэўніванні і звыкла даючы веры купецкаму слову, мы не праверылі ніводнай бочкі. Мусілі быць свежыя і поўныя бочкі без ніякага падману. Прыбыўшы ў Полацк, прадалі шэсць бочак полацкім мяшчанам і купцам Яну Гурскаму і Піліпу Азаровічу. Гэтыя людзі запатрабавалі, каб мы агледзелі тавар. Калі ж агледзелі, то ў Яна Гурскага ў адной бочцы ўсярэдзіне знайшлі чатыры абручы, прыкладзеныя селядцом і запакаваныя, а іншыя бочкі таксама няпоўныя, ды яшчэ і гнілыя. Гэтыя селядцы купцы павярталі нам назад».

Што за абручы? Як гэта — прыкладзеныя? Аказваецца, Людскевіч зрабіўся ахвярай старой нямецкай схемы падману. Яшчэ ў пасланні полацкага намесніка князя Грыгорыя рыжскім ратманам за 1420 год адзначалася:

«Скардзіўся нам наш палачанін Якаў на вашы немцы, на Івана і на Ерамея, што ж купіў у іх селядцы, іно ў тых селядцоў адна бочка ліха, з дзярэўем».

Бочку шчыльна набівалі драўлянымі абручамі, зверху клалі пласт селядцоў і ўсё гэта залівалі расолам. Разлік рабіўся на тое, што полацкі купец-аптавік кожную бочку правяраць не будзе. Выгада відавочная.

Іван Людскевіч аказаўся на мяжы фінансавага краху.

Падрабязней пра гэтыя і мноства іншых гісторый можна будзе даведацца з актавай кнігі Полацкага магістрата 1676 года, якая рыхтуецца да выдання беларускімі гісторыкамі ў 2019 годзе. 

* * *

У склад магістрата ўваходзілі бурмістры, райцы і лаўнікі. Бурмістры кіравалі пасяджэннямі магістрата, райцы з’яўляліся іх дарадцамі, лаўнікі выконвалі даручэнні бурмістраў і лаўнікаў — праводзілі следчыя дзеянні, агляд месцаў злачынства, ацэнку маёмасці… Дзейных бурмістраў у горадзе адначасова было двое: ад «рымскага» (каталіцкага) і «грэцкага» (уніяцкага, радзей — праваслаўнага) бакоў. У XVII стагоддзі ў Полацку дзейнічалі 3 сесіі магістрата, якія засядалі па чарзе і мяняліся штогод 1 студзеня. Дзейныя ўраднікі называліся гадавымі, а тыя, якія чакалі сваёй сесіі, — негадавымі. У 1676 годзе гадавая сесія полацкага магістрата складалася з 2 бурмістраў, 2 райцаў і 4 лаўнікаў. Такім чынам, з улікам негадавых ураднікаў падчас апісаных падзей у горадзе адначасова жылі 6 бурмістраў, 6 райцаў і 12 лаўнікаў.

* * *

Аўтар выказвае шчырую падзяку Максіму Макараву, Рэйнісу Норкарклсу, Сяргею Палехаву, Віталю Сідаровічу.

Дзяніс Лісейчыкаў

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў