Проект портала
бестселлеры Борис Березовский: как действовал мастер блефа

Імя Барыса Беразоўскага за кароткі час паспела абрасці міфамі, як і ў цэлым эпоха, увасабленнем якой ён быў. Людзі паўтараюць тыражаваныя тэлевізарам штампы пра «ліхія дзевяностыя», модны Юрый Дудзь у сваім ток-шоу называе іх эпохай, «калі банкіры кіравалі Расіяй».

І Беразоўскі паўстае ў масавай свядомасці такім «стваральнікам каралёў», які ставіў і здымаў міністраў, браў самыя ласыя кавалкі эканомікі, урэшце прывёў да ўлады Пуціна. Колькі тут праўды?

Міністр у 1990-я, мільярдэр пачынаючы з 2000-х, шматгадовы сябар Беразоўскага, а пасля праціўнік у судзе, Пётр Авен сабраў успаміны пра расійскага алігарха ў 800-старонкавую кнігу «Час Беразоўскага». Успамінаюць самыя розныя людзі — ад Анатоля Чубайса да мадэлі Дашы К., апошняй дзяўчыны алігарха. 

У адрозненне ад Беразоўскага, які скончыў жыццё ў Лондане, выгнаны і «абрабаваны» былым хаўруснікам Раманам Абрамовічам, Пятра Авена не назавеш апальным. Ён уваходзіць у кіраўніцтва «Альфа-банка», яго дзеці вучацца ў ЗША, сам ён мае нерухомасць у Маскве і Вялікабрытаніі, дапамагае бальніцы ў Латвіі, на радзіме дзеда — латышскага стралка.

Гэта Авен, дарэчы, у свой час пазнаёміў Беразоўскага з Валянцінам Юмашавым — зяцем прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына і цесцем яшчэ аднаго алігарха Алега Дзерыпаскі.

 Чалавек гарызанталі

Беразоўскі пачынаў як навуковец-матэматык. У савецкі час, калі ніхто і марыць не мог пра скупку дзяржаўных кампаній, асабнякі ў Лондане і яхты, ён хацеў атрымаць Нобелеўскую прэмію. Меў добра распрацаваны план — як будзе арганізоўваць публікацыі, хто ўвойдзе ў яго працоўную групу і г. д. Пры гэтым па-сур’ёзнаму матэматыкам не быў — меў за плячыма Лесатэхнічны інстытут. І пры гэтым здолеў стаць доктарам навук.

Яго калегі па інстытуце згадваюць, што ён быў хутчэй «арганізатарам савецкай навукі», чым самакаштоўным навукоўцам — рабіў кар’еру, узначальваў Раду маладых навукоўцаў, на пасадзе загадчыка лабараторыі больш «прыкрываў» і «даставаў», чым сам нешта даследаваў. А артыкулы за яго пісалі іншыя.

Беразоўскі быў геніем сістэмы «гарызантальных» сувязяў, якая дзейнічала ва ўмовах савецкага дэфіцыту ўсяго. Калі можна было стаць пасярэднікам паміж рознымі «цэнтрамі сілы». Першыя кантакты з АўтаВАЗам, якім ён пасля завалодае і перафарматуе ў ЛагаВАЗ, і былі выкліканыя гэтым дэфіцытам. Беразоўскі наладзіў такі абмен паслугамі: маладыя навукоўцы пісалі артыкулы і дысертацыі кіраўніцтву АўтаВАЗа і за гэта атрымлівалі запчасткі да «Жыгулёў», якія немагчыма было купіць.

Зарабіць, увогуле, намагаўся на ўсім: раз вёз у сталіцу Дагестана Махачкалу прасціны (16 штук) і туфлі (шэсць пар) і быў затрыманы ў аэрапорце. У савецкі час існаваў крымінальны артыкул — «Скупка ў вялікай колькасці дзеля перапродажу», — і Беразоўскаму ён свяціў. Але, паводле ўспамінаў, скандал удалося замяць з удзелам КГБ, з якім «у Боры была нейкая сувязь, ён камунікаваў наўпрост з куратарам Інстытута праблемаў кіравання».

Поспехі Беразоўскага, які стаў доктарам навук, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук, сведчаць пра тое, што ён умеў упісвацца ў абстаноўку, добра адчуваў рэальнасць і межы дазволенага, адзначае Авен.

Прабіваць неймаверныя рэчы яму ўдавалася дзякуючы харызме і здольнасці пераконваць людзей. Ён не быў сур’ёзным матэматыкам — і пры гэтым чытаў лекцыі ў ЗША. «Умеў даступна выкласці дзве старонкі агульнага тэксту, і гэтыя дзве старонкі пасля з’яўляліся то тут, то там», — адзначае матэматык Аляксандр Гнедзін.

Ногі пераламаю

Знаёмства Беразоўскага з Уладзімірам Пуціным адбылося ў 1991 годзе. Авен чытаў лекцыі ў ЗША і пазнаёміўся з нафтавым магнатам Робертам Хафнерам. Той зацікавіўся магчымасцю займець кантакты ў Расіі, дзе чакалася прыватызацыя нафтагазавай галіны. Беразоўскі ўзяўся звесці дэлегацыю амерыканскіх нафтавікоў і палітыкаў з патрэбнымі людзьмі. Гваздом візіту мела быць сустрэча з мэрам Санкт-Пецярбурга Анатолем Сабчаком, якую з яго боку забяспечваў памочнік па замежных сувязях Пуцін.

Напярэдадні Беразоўскі выпіў лішняе за абедам — і на сустрэчы проста заснуў. Пасля злосны Пуцін абяцаў «пераламаць ногі гэтаму грузіну» (так ён абазначыў Беразоўскага), калі той яшчэ раз з’явіцца ў горадзе. Пасля памірыліся.

Мы з Мішам рашылі ўдвох

Беразоўскі быў настолькі пагружаны ў карумпаваную постсавецкую сістэму, што экстрапаліраваў яе законы на цэлы свет. У выніку яго ўяўленні пра іншыя краіны былі досыць спрошчаныя. Напрыклад, ён лічыў, што «Амерыкай кіруюць сем або восем сем’яў мільярдэраў». І на аснове гэтага вырашыў: Расія — краіна невялікая, мы з Мішам (Хадаркоўскім) зможам удвох.

Яго і прывялі да краху гэтыя ўяўленні. Улада — намнога складанейшы механізм.

На асабістым узроўні Беразоўскі мог дамовіцца хоць з чортам лысым (на чалавека маштабу старшыні Цэнтрабанка Расіі яму трэба было 40 хвілін), але шырэйшай карціны не ўяўляў. Стратэгам не быў.

Пра гэта сведчыць і неразбярыха з афармленнем актываў: пакуль справы ішлі, яны ішлі, а калі бізнэс-імперыя пачала руйнавацца, аказалася, што яна складаецца «з нейкага фантастычнага фінансавага актыву, які незразумела як аформлены пры поўнай адсутнасці любой структуры, на вяршыні неіснавання якой стаяць два самотныя чалавекі». Меліся на ўвазе Беразоўскі і яго калега па бізнэсе Бадры Патаркацышвілі.

Пасля смерці бізнэс-партнёра Беразоўскі спрабаваў аформіць на сябе нейкія актывы нават у Беларусі — з гэтым звязаная гучная гісторыя з адвакатам Эмануілам Зельцэрам. Той прыляцеў у Мінск з Лондана самалётам Беразоўскага і проста ў аэрапорце быў «прыняты» і дастаўлены ў СІЗА. Паводле Зельцэра, Патаркацышвілі ўклаў у беларускую нафтахімічную галіну 200 мільёнаў даляраў. Беразоўскі сцвярджаў, што мае права на 50 % усіх яго актываў, аднак у завяшчанні Бадры адпісаў усё сваякам… У выніку Зельцэра асудзілі на тры гады за выкарыстанне заведама лжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж.

Хто прызначыў Пуціна

Атрымаўшы палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, Беразоўскі выходзіў на вуліцы Лондана з плакатам «Я цябе спарадзіў, я цябе і спыню». Мелася на ўвазе, што алігарх прывёў да ўлады Уладзіміра Пуціна. З кніжкі Авена вынікае, аднак, што ў рэальнасці тое прызначэнне абышлося без Беразоўскага.

Як успамінаў зяць, памочнік і рэдактар мемуараў Ельцына Валянцін Юмашаў, Барыс Мікалаевіч ад 1996-га задумваўся, хто будзе прэзідэнтам Расіі пасля яго. Пры ўсіх сваіх заганах узурпаваць уладу Ельцын не збіраўся. Выбар у 1999 годзе быў між кандыдатурамі Сяргея Сцяпашына, тагачаснага прэм’ер-міністра РФ, і Уладзіміра Пуціна, тагачаснага дырэктара ФСБ і кіраўніка Рады бяспекі.

Рашэнне аб прызначэнні Пуціна, успамінае Юмашаў, прымалася вузкім колам: Ельцын, Валошын (кіраўнік адміністрацыі Ельцына), Анатоль Чубайс, ён і Таццяна Дзьячэнка, дачка Ельцына. Спрачаліся чатыры гадзіны. Супраць быў адзін Чубайс, і тое толькі таму, што пасля дэфолту 1998-га прагназаваў эканамічнае падзенне цягам наступных года-паўтара, за час якога папулярнасць новага прэзідэнта можа «згарэць».

Ні Беразоўскага, ні Абрамовіча, ні каго іншага з «алігархаў» на той сустрэчы, дзе прымалася рашэнне пра далейшы лёс Расіі, не было.

Беразоўскі на той момант быў… нікім: дарадцам Юмашава на грамадскіх пачатках, якіх было каля 20 чалавек. Затое, учуўшы аднекуль, што Валошын збіраецца прапанаваць Пуціна, Беразоўскі, нікому слова не сказаўшы, паехаў віншаваць апошняга: «Прынятае рашэнне, Уладзімір Уладзіміравіч, вы будзеце наступным прэзідэнтам». Закінуў такую вудачку на будучыню.

З Ельцыным жа, паводле Юмашава, Беразоўскі бачыўся ў лепшым выпадку два разы за жыццё.

Самагубства ці забойства?

Смерць Беразоўскага таксама нараджала пытанні. Ён напярэдадні прайграў суд Раману Абрамовічу і згубіў вялікія грошы, дэпрэсаваў. Але нашумелае забойства ў Лондане былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі дый нядаўняе атручанне Скрыпалёў наводзяць на думку, што і галоўны вораг Пуціна мог памерці не сам.

Але паводле словаў публіцыста Станіслава Бялкоўскага, з якім Беразоўскі быў блізкі ў пачатку 2000-х, ён і раней часта бачыў Беразоўскага «ў абсалютна дэпрэсіўным стане». «Калі ён бачыў такіх людзей, як вы ці Ельцын, — то, канечне, не дазваляў сабе быць дэпрэсіўным. У яго ўзнікаў жудасны прыліў адрэналіну, і ён перамагаў гэтую дэпрэсію… але яго суіцыдальныя схільнасці мне былі зразумелыя за многа год… ён выпаў з эпохі…».

Бялкоўскі лічыць, што Пуцін і каманда на пачатковым этапе не знішчалі Беразоўскага, а наадварот, добра з ім абышліся: выкупілі ў яго за 2 млрд даляраў актывы, якія не каштавалі нічога, не былі належным чынам аформленыя на Беразоўскага або неліквідныя. «Яму «па паняціях» выплацілі 2 млрд даляраў і лічылі, што з ім разлічыліся і ён выходзіць з гульні з буйной сумай грошай. Але Барыс так не лічыў. Ён думаў, што годны кіраваць Расіяй, ён лічыў сябе безумоўна вартым прэзідэнцкай пасады».

Зрэшты, ці не сведчыць факт выплаты Беразоўскаму 2 млрд даляраў, што ўсё ж нешта Авен у сваёй кнізе хавае? Тым больш што многае асцярожны аўтар вынес за дужкі сваёй працы.

Пра Беразоўскага і эпоху назапашвання капіталаў у Расіі можна было б напісаць 8000 старонак. У кнізе Авена «Час Беразоўскага» толькі 800 — і гэта захапляльнае і павучальнае чытво.

 

Андрэй Скурко

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов