Праект партала
Біяграфіі Майсей Гутман: яўрэй, што стаяў ля вытокаў БНР і УНР

Як склалася ягонае жыццё, раскапалі кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі і ўкраінская даследчыца Вольга Ямкова.

Сакавік 1938 года. У Маскве адбылася серыя арыштаў грамадскіх і культурных дзеячаў, якія ў маладосці ўваходзілі ў апазіцыйныя да бальшавікоў яўрэйскія сацыялістычныя партыі. Сярод арыштаваных аказаўся член рэдкалегіі «Учительской газеты» Майсей Львовіч Каменштэйн, сапраўднае прозвішча — Гутман.

Яму інкрымінавалі, што пасля пераезду ў 1925-м з Польшчы ў Савецкі Саюз ён па заданні польскай выведкі збіраў інфармацыю пра становішча яўрэяў у СССР і ўдзельнічаў у антысавецкай падрыўной дзейнасці. Падчас следства ўсплыла інфармацыя пра актыўнае супрацоўніцтва Гутмана ў 1917-1918 гадах з украінскімі і беларускімі нацыяналістамі.

Фота: бібліятэка Рачынскіх у Познані

Яўрэяў, якія ў пачатку ХХ стагоддзя ўключаліся ў беларускую ці ўкраінскую нацыянальную працу, было няшмат. Большасць яўрэйскіх палітыкаў лічыла, што прасцей будзе дабіцца грамадзянскага і нацыянальнага раўнапраўя для свайго народа ў рамках адзінай расійскай дзяржавы. Мойша Гутман дзейнічаў інакш.

Фармацэўт-рэвалюцыянер

Гутман нарадзіўся 21 верасня 1883 года ў мястэчку Вепры Вількамірскага павета Ковенскай губерні. У 16-гадовым узросце пераехаў у Вільню, дзе экстэрнам здаў экзамены на атэстат сталасці, а затым скончыў прыватную школу правізараў-фармацэўтаў.

Але аптэчная справа цікавіла яго ўсё менш. З 1902 года Гутман стаў членам левага крыла яўрэйскай сацыялістычнай партыі «Паалей Цыён», а з 1907-га — Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі, якая выступала за стварэнне яўрэйскай нацыянальна-палітычнай аўтаноміі. Гутман вылучыўся найперш як здольны публіцыст і рэдактар. У рэвалюцыйныя 1905-1907 гады ўзяў на сябе арганізацыю выдання падпольнай літаратуры на ідыш. Ягоныя таленты былі запатрабаваныя ў розных кутках «мяжы аселасці»: спачатку працаваў у Вільні, затым былі Варшава, Лодзь, Кіеў, Адэса… Часта наведваў таксама Гомель, Мінск, Пінск і іншыя беларускія гарады.

Знаходзячыся на нелегальным становішчы, Гутман жыў пад шматлікімі псеўданімамі. На Ковеншчыне яго больш ведалі як Балцікакліса, у Польшчы — як Зеліковіча, у Беларусі і Украіне — найчасцей як Каменштэйна ці Міхліна. Некалькі разоў паліцыя затрымлівала яго за рэвалюцыйную прапаганду і распаўсюджванне антыўрадавай літаратуры. Увогуле, ён трапляў у турму тройчы, праседзеўшы за кратамі ў сукупнасці больш за год.

Ангола замест Палесціны

У 1910-я гады Мойша Гутман далучыўся да арганізацыі з не надта простай для вымаўлення назвай — Яўрэйскае тэрытарыялістычнае таварыства.

У адрозненне ад «чыстых» сіяністаў, якія жылі ідэяй аднаўлення незалежнай яўрэйскай дзяржавы на гістарычнай радзіме ў Палесціне, члены гэтага таварыства дапускалі яе стварэнне і ў любым іншым рэгіёне свету.

Наш герой моцна захапіўся папулярнай у той час ідэяй аб заснаванні яўрэйскай калоніі ў афрыканскай Анголе, што тады належала партугальцам.

У 1912-м Гутман, сабраўшыся ў дарогу, накіраваўся ў Вену на канферэнцыю тэрытарыялістаў, на якой дэталёва абмяркоўвалася гэтая прапанова. Але ў выніку «ангольскі праект» не знайшоў вялікай падтрымкі. Праз нейкі час Гутман таксама расчараваўся ў гэтай ідэі і ад тэрытарыялізму адышоў.

Сярод украінцаў

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны Мойша Гутман перабіраецца ў Кіеў, дзе кіруе мясцовай філіяй Яўрэйскага таварыства помачы ахвярам вайны і Бюро працы для беспрацоўных яўрэяў. Лютаўская рэвалюцыя 1917-га застала яго ў Адэсе, дзе ён арганізаваў адзін з першых саветаў рабочых дэпутатаў.

Мітынг на пляцы Волі ў Мінску ў красавіку 1917 года падчас правядзення 1-га з’езда салдацкіх дэпутатаў Заходняга фронту. Выступае бальшавік Барыс Позерн. Фота: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі.

Летам 1917-га Гутман стаў адным са стваральнікаў Яўрэйскай аб’яднанай сацыялістычнай рабочай партыі (АЯСРП).

Новая партыя дамагалася ад Часовага ўрада ўтварэння адмысловай дзяржаўнай рады па нацыянальных справах, свабоднага развіцця моў «негістарычных» этнасаў былой імперыі і стварэння школ з выкладаннем на роднай мове.

У яўрэйскім палітычным асяроддзі гэтую партыю нярэдка называлі «інтэлігенцкім клубам» за яе прыхільнасць да мірнага шляху рэвалюцыі.

Члены АЯСРП не падтрымлівалі ідэю поўнага аддзялення нацыянальных рэспублік ад Расіі і адстойвалі канцэпцыю дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Гэтая партыя, аднак, не стала масавай і па сваім уплыве на яўрэйскія масы саступала іншым, больш радыкальным левым арганізацыям.

Але, знаходзячыся ў Кіеве ўсё лета 1917-га, Мойша Гутман займаўся не толькі яўрэйскімі справамі. Акрамя гэтага, ён тады актыўна ўзаемадзейнічаў з украінскімі нацыянальнымі арганізацыямі. Кааптаваны ў склад Украінскай Цэнтральнай Рады, яўрэйскі сацыяліст браў актыўны ўдзел у яе пасяджэннях пры абмеркаванні найважнейшых палітычных дакументаў, у тым ліку першых універсалаў Украінскай Народнай Рэспублікі. Сённяшнія ўкраінскія даследчыкі адзначаюць яго важкі ўнёсак у фармуляванне прагрэсіўнай ідэі экстэрытарыяльнай нацыянальна-персанальнай аўтаноміі.

Апошняя давала яўрэям, як нятытульнай супольнасці ў рамках УНР, прызнанне афіцыйнага статусу мовы ідыш, права на самакіраванне ў сферы адукацыі, культуры і грамадскім жыцці, свабоду веравызнання, а таксама на фіксаванае яўрэйскае палітычнае прадстаўніцтва ў заканадаўчых і выканаўчых органах украінскай улады на розных яе ўзроўнях.

У Мінску

Гарачая палітычная восень 1917 года змусіла Гутмана ўвесь час курсіраваць паміж Кіевам, Мінскам і Петраградам.

Сярод іншага, ён удзельнічаў у З’ездзе паняволеных народаў Расіі ў Кіеве 15 (28) верасня 1917-га, дзе 92 дэлегаты ад палітычных партый розных народаў выпрацавалі асноўныя прынцыпы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў былой Расійскай імперыі. Падчас гэтага з’езда ён блізка пазнаёміўся з беларускімі дзеячамі Язэпам Варонкам, Змітром Сабалеўскім і Змітром Жылуновічам. Беларусь і беларусы зацікавілі Гутмана, сярод іншага, таму, што ён быў вылучаны па партыйным спісе на выбары ва Усерасійскі Устаноўчы сход па Мінскай і Магілёўскай губернях. Падчас выбарчай кампаніі Гутман аб’ездзіў многія гарады і мястэчкі Міншчыны і Магілёўшчыны.

Рэвалюцыйны мітынг у Мінску летам 1917 года. Фота: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі.

У лістападзе 1917 года партыйныя справы змусілі яго затрымацца ў Мінску на больш працяглы час — аж да мая 1918-га. У гэты час Гутман стаў відавочцам разгону бальшавікамі Усебеларускага з’езда.

Ён не застаўся ад гэтых падзей убаку, выказаўшы свой пратэст на дзеянні бальшавікоў і шчырую салідарнасць з беларускім рухам у артыкуле «Бальшавіцкае «самавызначэнне»», апублікаваным у яўрэйскай газеце «Ное цайт» («Новы час») у студзені 1918-га.

Гэтым артыкулам яўрэйскі сацыяліст не абмежаваўся. У знак салідарнасці з беларускімі дзеячамі, а таксама з сябрамі Украінскай вайсковай рады Заходняга фронту, якія былі арыштаваныя па загадзе савецкіх камісараў яшчэ 7 (20) снежня 1917 года, у канцы снежня 1918-га Гутман запланаваў на Юбілейнай плошчы ў Мінску мітынг пратэсту супраць рэпрэсіўнай палітыкі мясцовых бальшавікоў. На яго ён запрасіў не толькі сяброў уласнай партыі, але і актывістаў іншых арганізацый. Праўда, нехта з сяброў Бунда папярэдзіў бальшавікоў пра запланаваную акцыю. Апошнія вырашылі сарваць мітынг рукамі паўкрымінальных элементаў, якіх тады хапала ў горадзе. Як толькі людзі пачалі збірацца, падгавораныя бальшавікамі крымінальнікі распачалі хаатычную страляніну «ў неба». Мітынг скончыўся, не паспеўшы пачацца.

Юбілейная плошча ў Мінску, якая разам з Прывакзальнай плошчай каля Віленскага вакзала і пляцам Волі з’яўлялася галоўным месцам правядзення рэвалюцыйных маніфестацый у горадзе з вясны 1917 года. Фота: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі.

Але супрацоўніцтва Гутмана з беларускім рухам гэта не спыніла. Больш за тое, яно выйшла на новы ўзровень. У студзені 1918-га Гутман распачаў таемныя кансультацыі з сябрамі прэзідыума Усебеларускага з’езда, што засталіся ў Мінску на нелегальным становішчы, па пытанні кансалідацыі антыбальшавіцкіх сілаў у горадзе.

Ведаючы, што беларусы туляцца ў двух цесных пакоях дома № 2 па Паліцэйскай вуліцы, дзе легальна працаваў выканкам Беларускай агульнавайсковай рады салдацкіх дэпутатаў (пад гэтай «савецкай» шыльдай хаваліся неарыштаваныя сябры былой Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады), Гутман прапанаваў ім збірацца для нарадаў у сябе, у вялікім гасцявым пакоі дома на Садовай вуліцы, 10 (цяпер тэрыторыя Купалаўскага сквера ў цэнтры Мінска, насупраць цырка). Гэты дом Гутман арандаваў у Казіміра Рымшы. Падчас адной з такіх нарадаў быў распрацаваны праект дэкларацыі для беларускай дэлегацыі, якая збіралася ехаць у Брэст-Літоўск на мірныя перамовы для абароны інтарэсаў Беларусі. У дэкларацыю, зацверджаную выканкамам Усебеларускага з’езда 19 студзеня 1918 года, па ініцыятыве Гутмана было дададзена важнае палажэнне: аднавіць зруйнаваную вайной беларускую гаспадарку за кошт міжнароднага фонду са сродкаў дзяржаў, што развязалі Першую сусветную вайну.

Дом Казіміра Рымшы (Садовая вуліца, 10), які арандаваў Гутман з восені 1917 года. Рэканструкцыя Віктара Сташчанюка.

У складзе беларускага ўрада

18 лютага 1918 года, пасля панічных уцёкаў бальшавікоў з Мінска, у той жа вялікай зале дома Рымшы адбылося першае пашыранае пасяджэнне выканкама Усебеларускага з’езда, на якім прысутнічалі 17 чалавек.

Акрамя сяброў выканкама, прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовай палітычнай эліты, што прадстаўлялі розныя нацыянальныя партыі: ад расійскіх эсэраў і яўрэйскіх бундаўцаў да прыхільнікаў розных кірункаў сіянізму.

Мойша Гутман стаў фактычна тым пасрэднікам, які імкнуўся аб’яднаць розныя палітычныя сілы краю для вырашэння галоўнага пытання — арганізацыі дэмакратычнай улады.

На наступны дзень, увечары 19 лютага, нарада скончыла сваю працу складаннем Першай Устаўной граматы «Да народаў Беларусі», якая фактычна абвяшчала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і яе ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі. Канчаткова тэкст Устаўной граматы быў зацверджаны 21 лютага ў будынку былога губернатарскага дома, куды пераехалі Рада і ўрад БНР. Ролю Майсея Гутмана пазней адмыслова адзначаў ва ўспамінах сябра выканкама Усебеларускага з’езда Макар Косцевіч (Краўцоў): «Познім вечарам 19 лютага выканаўчы камітэт […] скончыў сваё апошняе нелегальнае пасяджэнне на Садовай вуліцы пад № 10 у кватэры Гутмана, апрацаваўшы першую Устаўную грамату «Да народаў Беларусі»».

Гасціная на другім паверсе дома, дзе 19 лютага 1918 года была прынята Першая Устаўная грамата БНР. Рэканструкцыя Віктара Сташчанюка.

У канцы лютага 1918-га Мойша Гутман быў кааптаваны ў склад Народнага сакратарыята Беларусі ў якасці таварыша (намесніка) кіраўніка ўрада Язэпа Варонкі.

Яму было даручана наладзіць кантакты з нямецкай акупацыйнай уладай, якая прыйшла ў Мінск пасля бальшавікоў, угаварыць яе прызнаць БНР, а таксама арганізаваць у красавіку 1918-га з’езд прадстаўнікоў земстваў і гарадскіх дум для стварэння органаў мясцовай улады БНР. Гутман таксама ўдзельнічаў у складанні Другой Устаўной граматы БНР ад 9 сакавіка 1918 года, але адназначна сцвярджаць, што дадзены акт прымаўся ў яго дома на Садовай, 10 мы пакуль не можам: няма дакументальных пацвярджэнняў.

Дабіцца прызнання БНР з боку нямецкай улады, аднак, было нерэальна,

а да склікання краёвага з’езда мясцовых органаў самакіравання справа так і не дайшла. Пасля прыняцця Акта 25 Сакавіка аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе прадстаўнікі небеларускіх палітычных партый, якія стаялі за федэрацыю з Расіяй, выйшлі са складу Рады і ўрада БНР. Сярод іх быў і Мойша Гутман, які лічыў, што пытанне незалежнасці павінен вырашаць толькі Усебеларускі Устаноўчы сход, абраны дэмакратычным шляхам на ўсеагульных выбарах усім насельніцтвам Беларусі. Праўда, Гутман гатовы быў пагадзіцца на абвяшчэнне беларускай незалежнасці, але толькі ў тым выпадку, калі следам за гэтым будзе прынята пастанова аб беларуска-расійскай федэрацыі. Тут паразумення з большасцю беларускіх дзеячаў яму дасягнуць не ўдалося.

У Гомелі і Варшаве

Тым не менш і пасля выхаду са складу Народнага сакратарыята Беларусі Гутман канчаткова не разарваў сувязі з беларускім рухам. Па просьбе ўрада БНР у канцы красавіка 1918 года ён, як упаўнаважаны беларускі прадстаўнік, едзе ў Кіеў для высвятлення пытання аб выдачы ўраду БНР украінскага грашовага крэдыту.

Летам таго ж года ён пераехаў у Гомель, дзе спрычыніўся да выдання на ідыш новага часопіса «Дэр Штрал» («Прамень»), у якім рэгулярна друкаваў матэрыялы па гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння.

Напярэдадні прыходу бальшавікоў у Гомель таварышы па партыі, каб адвесці ад Гутмана небяспеку трапіць у засценкі савецкай «чрэзвычайкі», накіроўваюць яго на нелегальную працу ў Польшчу. Там ён і застаўся на дастаткова працяглы час, жывучы ў Варшаве нават пасля заканчэння польска-савецкай вайны. Гутман актыўна ўдзельнічаў у яўрэйскім сацыялістычным руху: супрацоўнічаў з бундаўцамі, працаваў у Цэнтральным бюро яўрэйскіх прафсаюзаў Польшчы, арганізоўваў яўрэйскія школы, узначальваў Камісію па рэформе арфаграфіі мовы ідыш.

Вяртанне ў пастку

Няўрымслівая натура Гутмана, аднак, патрабавала больш актыўнай дзейнасці.

І здавалася, што найбольш важныя ды цікавыя падзеі ў той час разгортваліся на ўсход ад Польшчы. У Савецкім Саюзе пасля працяглых ваенна-рэвалюцыйных пературбацый нібыта наладжвалася і бурна развівалася нацыянальна-культурнае жыццё розных народаў. Цікавячыся ўсім гэтым, у 1924 годзе Гутман уступіў у Кампартыю Польшчы, тым самым рыхтуючы глебу для пераезду ў СССР. У пачатку 1925-га ён гэты план рэалізаваў.

З 1927 года Гутман жыў у тагачаснай сталіцы Савецкай Украіны Харкаве, узначальваў Усеўкраінскае таварыства спрыяння яўрэйскай культуры і быў сябрам Яўрэйскай секцыі Украінскай акадэміі навук, а з 1932-га — загадчыкам яўрэйскай рэдакцыі Украінскага выдавецтва нацменшасцей. Увесь час супрацоўнічаў з многімі савецкімі перыядычнымі выданнямі на ідыш, удзельнічаў у працы Усесаюзнага таварыства спрыяння яўрэйскай культуры, а таксама Усесаюзнага таварыства па зямельным працаўладкаванні яўрэяў, якое заахвочвала стварэнне яўрэйскіх сельскагаспадарчых кааператываў і калгасаў, а таксама агітавала добраахвотнікаў на пераезд у Яўрэйскую аўтаномную вобласць у Бірабіджан.

Але спрыяльныя часы хутка скончыліся, і ўжо ў пачатку 1930-х адносная свабода змянілася на ўсё большае закручванне гаек.

Хмары збіраліся і над Гутманам. У 1935 годзе, каб пазбегнуць рэпрэсій па абвінавачванні ў яўрэйскім буржуазным нацыяналізме, ён з дапамогай сяброў прыехаў у Маскву, дзе ўладкаваўся на працу журналістам. Але гэта яго не выратавала. Адпаведныя органы хутка нагадалі пра сябе. Пасля арышту ў 1938-м і некалькіх месяцаў допытаў Гутман «прызнаўся» ва ўсіх абвінавачваннях, што інкрымінавалі яму следчыя НКВД, а ў наступным, 1939-м, быў «ліквідаваны». На доўгі час прапала і памяць пра яго. Але яна вяртаецца.

Уладзімір Ляхоўскі, Вольга Ямкова

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў