Проект портала
Мемуары Ехали, молились, не верили в то, что видели

Евгении Кулевич (в девичестве Дмитрович) 83 года. Она родилась на Скидельшчыне, закончила Гродненский университет и всю жизнь работала учителем белорусского языка в деревне Замость Сморгонского района. 13 лет была директором школы. Сейчас живет на Сморгонщине, все еще держит хозяйство, много читает, а также - пишет воспоминания.

Яўгенія (справа) з сяброўкай, 1950 год. На абароце дзяўчына падпісала, што гэта яе першае фота.

Як маме адняліся ногі, мне было тры гады

Я радзілася на Скідзельшчыне ў вёсцы Карашава, што за кіламетры чатыры ад Скідзеля.

Ёсць недалёка ад нас яшчэ Карашава, але тое Шчучынскага раёна. Сям’я наша была з трох чалавек: я, мама і бабуля (маміна маці). Падчас няўдалых родаў мама стала інвалідкай, у яе адняліся ногі. Спачатку трохі хадзіла з палачкамі, а потым і зусім перастала — час быў неспакойны, лекаў ніякіх не было. Бацька завёў другую сям’ю, а мы засталіся ўтрох: старое, малое і хворае. Мне тады было тры гады.

Мая мама была вельмі здольнай: вязала, вышывала, рабіла выцінанкі людзям і сабе. Яна скончыла адзін клас польскай школы, але ўмела чытаць па-славянску і па-руску, гэтаму навучыў яе бацька, а мой дзядуля Мікіта. За гады вайны мама навучыла мяне ўсяму, што сама ўмела. І ў 1944-м я пайшла адразу ў другі клас.

Калі я была ў 7-м класе, восенню памерла бабуля. І я стала за гаспадыню пад кіраўніцтвам мамы. У мамы было самае большае жаданне, каб я вывучылася. Я вучылася з ахвотай і скончыла Скідзельскую школу без троек, паступіла вучыцца завочна ў педінстытут — на стацыянар не магла, бо трэба было даглядаць маму. Памерла мама, калі я была на другім курсе педінстытута.

«Не радуйся, гэта не нашы самалёты»

Я даволі добра памятаю, як пачалася вайна. Нядзеля, 22 чэрвеня 1941 года: я пасу Лыску на лужку свайго хутара.

Пад вечар пачула гул самалётаў, гул быў нейкі працяжны, як бы цяжкі, але я не зважаю на гэта. З самалётамі я знаёмая, бо недалёка ад Скідзеля быў аэрадром. Я бачыла, як самалёты ўздымаліся, і заўсёды цешылася.

І вось цяпер, чуючы гул і бачачы, як плаўна яны ляцяць, я падскоквала, махала рукамі лётчыкам і спявала песні. Аж бачу: да мяне шыбуе бабуля Матрона. І кажа: «Жэнька, не радуйся, гэта не нашы самалёты, а нямецкія, гэта вайна, страшна».

У бабулі твар суровы, устрывожаны. Што такое вайна, што гэта за нямецкія самалёты, што тут страшнага — мне незразумела. І я пачала глядзець у неба падазрона. Бабуля мяне моцна абняла, селі на мяжы, пагладзіла мяне па галаве, у вачах яе былі слёзы, яна нешта апавядала. Хутка мы пагналі кароўку дамоў. Ляглі спаць, як звычайна.

Перад раніцай я прачнулася ад моцнага выбуху. Мама і бабуля сядзелі ля акенца і маліліся. Я зірнула туды і ўбачыла пажар. А тут ізноў выбух — адзін, другі, трэці. Аж хата затрэслася, задрыжалі вокны, зазвінелі шыбы. Узняўся чорны-чорны дым, а з яго шугануў слуп полымя і запоўніў прастору. Я закрычала, а мама прытуліла мяне да сябе і праз плач казала: «Не глядзі туды, дачушка, не трэба, вочкі будуць балець». Бабуля шаптала малітвы, звярталася да Багародзіцы-заступніцы. Я так і заснула ля маміных грудзей.

Як я потым даведалася, ні адзін самалёт з аэрадрома не ўзляцеў, усе былі разбітыя, а ўспыхвала паліва ў ёмістасцях з гаручым.

Назаўтра да нас у двор прыскакалі на конях два чырвонаармейцы. Бабуля падышла да іх, я ні на крок ад яе не адставала. Бабуля завяла з імі гаворку, бедавала, што цяпер будзе, асуджала немцаў.

— Ничего, мать, мы ещё зададим, — азваліся хлопцы і тут жа паскакалі ў Дуброву (гэта лясок на паўночны ўсход ад вёскі) і хутка зніклі за кустоўем. Бабуля перахрысціла іх наўздагон, цяжка ўздыхнула. Лёс гэтых салдацікаў невядомы.

Алюміній пайшоў у справу

На скідзельскім аэрадроме так і ляжалі разбітыя самалёты. Сюды сталі прыходзіць і збіраць кавалкі алюмінію.

Навучыліся вырабляць з яго лыжкі, кубкі, міскі і нават грабяні, каб расчэсваць валасы. У кожнай хаце быў такі посуд. Рабілі для сябе і на продаж. У драўляныя скрынкі насыпалі вільготны пясок, а тады рабілі ў ім адбітак рэчы і асцярожна накрывалі накрыўкай з адтулінай пасярэдзіне. Потым расплаўлялі алюміній і асцярожна вылівалі ў адтуліну. Чакалі, пакуль астыне, зацвярдзее, і здымалі накрыўку, даставалі гатовую рэч. Вядома, рэчы атрымліваліся не гладкімі, а з гузакамі, са шчарбінкамі. Тыя, што паправіць нельга, адкладалі на пераплаўку, а прыдатныя апрацоўвалі рашпілем, згладжвалі, адшліфоўвалі. Звычайна да гэтай работы збіраліся талакой. І мы, дзеці, часта сядзелі воддаль у кутку і з цікавасцю назіралі. Падыходзіць можна было толькі да застылых вырабаў.

Прыйшлі іспанцы

Не магу сказаць, заўтра ці праз пару дзён, з’явіліся нямецкія салдаты на нашым гасцінцы. Ехалі і ехалі на матацыклах з каляскамі, на машынах.

Бабуля мне загадала: не вытыркацца, ля дарогі не бадзяцца. Але я з суседскай дзяўчынкай Галяй, хоць з-за хлява, а выглядвалі на дарогу.

Ужо неяк пад восень да нас у хату зайшлі некалькі салдат. Яны былі гаваркія. Адзін паставіў табурэт сярод хаты, тыцкаў пальцам у сярэдзіну сядзення і казаў:

— О, Москаў!

Абводзіў пальцам вакол — гэта значыла, што Масква акружана.

— Сталін капут!

Ён біў сябе далонню ў грудзі і прыгаворваў:

— Ішпанё, Ішпанё.

Калі яны пайшлі, то бабуля і кажа: «Адкуль узяліся іспанцы? Бач ты, «Масква акружана», вы яшчэ не паспелі нават дайсці да яе». Іспанцы хадзілі па хатах, прасілі яек, мянялі споднюю бялізну. А людзі казалі, што яны як курапаткі памерзнуць пад Масквой.

Трагічнае каханне да мардвіна

Немцы пачалі атабарвацца. Набіралі паліцаяў сабе ў памочнікі, збіралі сходы па вёсках і выбіралі солтысаў. У нашай вёсцы солтысам выбралі Бараноўскага Антона, але ён у хуткім часе захварэў, і перавыбралі Кузьміцкага Кірылу, які быў солтысам да канца вайны, за што пасля вайны пацярпеў, хоць быў ні ў чым не вінаваты. Яго засудзілі ў 1945 годзе, праўда, хутка вярнуўся па амністыі.

У кожнай хаце над дзвярамі павінен быў вісець спіс членаў сям’і, каб можна было хутка праверыць наяўнасць жыльцоў. Усім дарослым выдалі пашпарты.

Восенню немцы раздавалі па вёсках ваеннапалонных. Солтыс складаў спіс людзей, хто хоча ўзяць. У нашай вёсцы было, можа, чалавек з дзесяць. Гэта былі маладыя дужыя мужчыны, яны ўмелі рабіць усялякую работу. Можа, некаторыя, а можа, і ўсе былі жанатыя, але выдалі сябе за халасцякоў.

Было аб’яўлена, калі хто захоча жаніцца, то ўлады дазволяць яго

тут прапісаць і пакінуць на пастаяннае жыхарства. Па вечарах палонныя сустракаліся з дзяўчатамі, але ніхто з іх жаніцца не збіраўся. У адной удавы, якая жыла з дарослай дачкой Марыяй, пасяліўся мардвін. Марыя закахалася ў яго, а ён паабяцаў жаніцца, але ўсё адкладаў. Маня не вызначалася прыгажосцю, і ў размове картавіла, а так працавітая, добрая дзяўчына. Скончылася зіма. Вясною неспадзявана немцы загадалі палонным сабрацца, і іх пад канвоем павялі ў Скідзель, дзе памясцілі за калючы дрот.

З жалем праводзілі вяскоўцы людзей, да якіх прывыклі, лічылі сваімі. А Марыя плакала і прасіла аддаць мардвіна, бо яны дагаварыліся жаніцца, але не паспелі. Ніхто яе не слухаў.

Яна за палоннымі зайшла ў Скідзель і слёзна прасіла, каб адпусцілі хлопца. Яго адпусцілі з умовай прынесці даведку аб вянчанні. Вярнулася Марыя шчаслівая з жаніхом, яны пажаніліся, прыжылі хлопчыка, які быў вельмі падобны да бацькі.

Летам 1944-га мардвін, як і іншыя вяскоўцы, быў мабілізаваны ў армію — дабіваць ворага. З Германіі ён прысылаў лісты, клапаціўся пра сына і слаў Марыі пасылку за пасылкай. Але ўрэшце яна атрымала ліст, які напісаў не муж, а яго таварыш. У лісце паведамлялася, што муж не можа вярнуцца да так званай жонкі, бо дома ў яго ёсць законная жонка і двое дзяцей. Ён не здраднік, а так распарадзіўся лёс. Ён будзе заўсёды помніць сына з Беларусі. Так і засталася Марыя з хлопчыкам. А пра мужа болей нічога не чула.

Хаты забітых разбіралі на дровы

Ліпеньскім ранкам 1942 года расстралялі сям’ю Максімавых, што жыла ў Дуброве. Казалі, што іх расстралялі за сувязь з партызанамі. Прыехалі на досвітку, зрабілі сваю чорную справу і паехалі, пакінуўшы ляжаць забітымі. Загінула 48-гадовая Алена і ейны другі муж, 33-гадовы Васіль. Загінулі і дзеці Алены: 22-гадовы Міхал і маленькая Надзея.

Дзве дзяўчынкі, Маня і Галя, з перапуду залезлі пад печ і засталіся жывыя. Родзічы забітых праз солтыса ўзялі дазвол на пахаванне гэтай сям’і, а дзетак узялі да сябе. Старэйшая, Маня, так і засталася ў Белякоўшчыне на ўсё жыццё, выйшла замуж за белякоўскага хлопца. Ён быў ад роду глухі, а так вельмі добры і працавіты чалавек, шанаваў жонку і цешыўся, што дзеткі маглі гаварыць. Меншая, Галя, пасля сямігодкі паехала ў Мінск, уладкавалася ў будаўнічую брыгаду.

Іх будынкі разабралі і цэлым абозам з нашай вёскі завезлі ў Скідзель да нямецкага пастарунка на дровы.

Аўтарка ўспамінаў (у цэнтры) з суседзямі на пасадцы бульбы.

Лук’янаў Мішка

Лук’янаў Мішка быў хворы на галаву. Казалі пра яго, што ён не пры сваім розуме.

Ён з самага рання вельмі павольна хадзіў па дарозе праз вёску, вяртаўся назад. Заўсёды хадзіў у доўгім чорным паліто. Жыў пры сям’і сястры Домны. Дзецям карцела падражніць яго. Але гэта было строга забаронена бацькамі, таму ніхто не смеў яго чапаць. Іншы раз дзеці пыталіся:

— Мішка, Мішка, куды ідзеш?

— Да Домкі.

Нікому ён не замінаў, а вось немцы схапілі яго на дарозе і ўкінулі ў крытую газавую машыну. Ён супраціўляўся і прасіўся:

— Паночкі, што вы робіце, пусціце мяне.

Гэта было на вачах у вяскоўцаў, прыбегла і сястра, пачала галасіць, машына паехала, а жанчына бегла следам і плакала. Але машыны і след прастыў. Яго адвезлі зусім недалёка і расстралялі ў лясным балотцы.

Варты

Ліпень 1943-га. З нашай вёскі арганізавалі мужчын з падводамі і прыгналі ў Скідзель. Для чаго сабралі, ніхто не ведаў. На досвітку людзі пад канвоем адправіліся ў вёску Пузавічы. Усе хаты ў вёсцы былі пустыя, бо людзей сагналі да месца расправы. Людзі з нашай вёскі пад кіраўніцтвам карнікаў выносілі з хат скарб. Усё ладавалі на вазы. Вазы загадалі ўзяць з драбінамі. Поўныя вазы нарабаванага, зноў пад канвоем, накіраваліся ў Скідзель. Толькі выехалі за вёску, як пачулі стрэлы і трэск. Вёска гарэла. Людзі ехалі ні жывыя ні мёртвыя. У Скідзелі ўсё выгрузілі, усіх адпусцілі дамоў. Ехалі, маліліся, не верылі ў тое, што бачылі.

Не было супакою вяскоўцам пасля гэтага здарэння. На радзе яны дагаварыліся і пачалі па чарзе пільнаваць. Як толькі прыцямнее, то назначаны ўзбіраецца на гарышча і пільна глядзіць у бок Скідзеля. Калі нешта ўбачыць падазронае, будзе аб’яўляць трывогу ўмоўным знакам. Усе падрыхтаваныя да ўцёкаў у лес. Гэта доўжылася да восені, а потым перасталі вартаваць.

У аўсе ўжо ляжала мама

Канец вайны. Я, як звычайна, пасу Лысуху і яшчэ адну карову фурмана Рыгора. Поўдзень, сваю кароўку павярнула ў свой двор, а Рыгораву пагнала ім у вёску — гэта блізка, наш хутар сутыкаўся. Гляджу, на дарозе праходжваюцца два немцы, у двары пуста, ніхто мяне не сустракае. Зачыніла кароўку ў хлеў і пайшла ў хату сказаць. У хаце — адзін хворы Рыгор. Задыхаючыся, ён мне і кажа: «Немцы акружылі вёску, патрабавалі падводы, але ўсе людзі пайшлі ў лес. Дамоў дарогай не ідзі, а за гумном праз агарод да рова, прыгніся ў аеры і ідзі памалу». Я так і зрабіла, а бабуля ўжо расперажывалася па мне, схапіла за руку і павяла на поле. Там, у аўсе, ужо ляжала мама, я далучылася. Пачуліся стрэлы, я хацела выглянуць, але бабуля прыціснула маю галаву да зямлі і загадала не падымацца.

У вёсцы ўсчаўся пажар. Бабуля папаўзла на край поля. Вярнуўшыся, паведаміла, што немцы адступілі ды падпалілі вёску. Але вяскоўцы-партызаны патушылі пажар. Дапамог вецер, бо дзьмуў у процілеглы бок. Узброеныя вяскоўцы пільнуюць вёску, сем’і збіраюцца выязджаць у лес. Бо хто ведае, як будзе, немцы могуць вярнуцца, так бывае ў вайну. Вырашылі, што я з каровай пайду ў лес з суседавай сям’ёй, а бабуля застанецца з мамай, а на ноч прыйдзе да мяне.

І цэлы абоз адправіўся з жыўнасцю і такім-сякім скарбам з вёскі. Пражылі ў лесе трое сутак. Людзі шнуравалі то ў вёску, то ў лес. У лесе парабілі буданы, на лясных палянках пасвіліся кароўкі, тут жа варылі ежу. Мужчыны дзень і ноч неслі варту. На 4-ы дзень прыйшлі нашы войскі і людзі вярнуліся ў свае дамы. Напружанасць яшчэ панавала.

Евгения Кулевич

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов