Праект партала
Простыя рэчы Сувенір остарбайтара. Драўляны канструктар, які дзед навучыўся рабіць у Германіі

Піша настаўнік гісторыі з Камянеччыны Аляксей Шумер.

Да вайны дзед нават у Берасці не бываў. А тут яго, 17-гадовага юнака, вывезлі ажно ў Германію. Працаваць на нацыстаў. Як такую «вандроўку» перажываў малады хлопец, можна толькі здагадвацца.

Пятро Сідарук на фоне барака для рабочых-прымусоўцаў.

У памяці засталіся гарады Моэрс, Камп-Лінтфарт. Такім непаўналетнім, як Пятро, нацысты дапісвалі адзін-два гады і адпраўлялі працаваць у каменнавугальныя шахты. Хто старэйшы — у глыб, маладзейшых — на верх. Хлопец стаў счэпшчыкам ваганетак.

Працаўнікі жылі ў бараках, працавалі ў дзве змены па 8—12, а то і больш гадзін, пакуль не выконвалі сваёй нормы. Дачка аднаго з лагерных камендантаў узгадвала: «Лагер заўжды асвятлялі пражэктары. Я не баялася хадзіць па лагеры. Стомленыя мужчыны ляжалі на сваіх нарах альбо моўчкі стаялі групкамі».

Падчас выдачы ежы рабочым адной з шахтаў. 1942 год.

Што было ў жыцці працаўнікоў, акрамя цяжкай працы?

Атрымаўшы мізэрную плату, скідваліся і куплялі бочачку цёмнага піва, яно было таннейшае і не п’янкое, — яго бралі з сабой у шахту замест вады.

Нехта знаходзіў час для майстравання з падручных матэрыялаў. Праз шмат гадоў, вярнуўшыся ў родную вёску, Пятро змайстраваў сувенір, якому навучыўся ад аднаго рускага «калегі» па прымусовых працах.

Такая галаваломка збіраецца з некалькіх асобных драўляных частак, але мусова ведаць «сакрэт» зборкі. Калі адсекчы частачку адной дэталі, якая выступае, то можна сабраць усю канструкцыю, а затым незаўважна цвічком прымацаваць назад адсечанае.

 * * *

З дзяцінства я прызвычаіўся да гэтых, як дзед казаў, «шышак», а дарослым даведаўся іх гісторыю. Такія сувеніры, зробленыя маім дзедам, сёння я захоўваю дома як памяць. Памяць пра цяжкі лёс майго продка і мільёнаў іншых людзей.

4 красавіка 1945 года мясцовасць у Германіі, дзе ён працаваў, занялі амерыканскія войскі. Нарэшце, надышло вызваленне. Дзеда чакала дарога на радзіму, у Гароднікі (па-мясцоваму Городныкы).

На занятай амерыканцамі тэрыторыі пачаліся рабаванні і забойствы — гэта нашы чысцілі цывільных немцаў, грабылы на мур (у сэнсе — да голых сцен забіралі ўсё). Калі ў вёску заходзілі 2—3 марадзёры — вызваленыя ваеннапалонныя і остарбайтары, — немцы ўключалі сірэну, а амерыканцы да гэтага і справы не мелі. Калі пазней «рускія» выязджалі, успамінаў дзед, немцы вклякалы — уклякалі, на каленях дзякавалі Богу, што тыя нарэшце ад’язджаюць.

Многіх нашых палонных, якія вярталіся дадому, Сталін прыбіраў да рук, саюзнікі пра гэта ведалі. Яшчэ да вызвалення Пятро з сябрам дастаўлялі возікам правіянт былым палонным амерыканскім салдатам і, вядома ж, мелі з імі кантакт. Калі амерыканцаў забіралі з Германіі санітарныя машыны, адзін кіроўца прапанаваў паехаць з імі, але хлопцы адмовіліся: «Не, мы дадому». «Яшчэ ўспомніце! — адказаў кіроўца. — Сталін шмат нявінных людзей замучыў».

Пятра пераправілі ў савецкую зону, але дадому не адпусцілі — усіх хлопцаў ва ўзросце да 27 гадоў сталі рыхтаваць да мабілізацыі. Да восені іх заганяюць у лагер і рыхтуюць на Японскі фронт, але неўзабаве з’яўляецца інфармацыя, што Японія капітулявала, і хлопцы вернуцца на Радзіму. Далей гэтых людзей перавезлі ў Берасце «студэбекерамі» (амерыканскімі машынамі) па 25 чалавек у машыне (а ўсяго мясцовых везлі 2,5 тысячы).

 Машыны сталі каля Мухаўца, хлопцы ў кансервавых бляшанках пачалі варыць бульбу, якую накапалі каля Познані. «Я думаю: «Вжэ блызько до дому», за рюкзак — і пуйшов». Дзед папрасіўся пераначаваць у адным доме, а на раніцу вырашыў паглядзець, ці стаяць яшчэ машыны. Машын не было. Невядома, куды павезлі астатніх остарбайтараў.

У Брэсце на вакзале хлопцу сказалі, што наступны цягнік на Лышчыцы будзе толькі вечарам. Часу было шмат, і ён, здарожаны, лёг адпачыць. Ён вёз з сабой вайсковы плашч — падарунак амерыканскага салдата — і ручны гадзіннік. А калі прачнуўся — «вжэ ныц нэ було» [ужо нічога не было]. Прыйшлося ісці пешкі, а ў Матыкалах — сяле на поўнач ад Брэста — быў тады пагранічны контроль. Шлагбаум, каля яго пагранічнік. «Я іду: будь шчо будэ. З кышэні мого пінжака торчала гожа розчоска. Погранічнык мні кажэ: «Слушай, подари расчёску». «Пожалуйста» — мусыв подарыты. Пуйшов далій, алі коб не йты ніччу (а то моглы б погранічныкы злапаты), пырыночував в знакомых в Сычах, і хутко вжэ був вдома. Там побачыв тыко но матэра, батько вмэр в 1943 році од якэйісь хворобы».

 * * *

Такі чалавек, які пабываў у немцаў, быў першым кандыдатам на «добраахвотна-прымусовыя работы». Прымушалі вазіць сваёй падводай лес з Белавежскай пушчы. Едучы аднойчы праз вёску Відамля, даведаўся, што там праводзяць «шмон». Органы шукалі «злачынца», які павесіў на помнік Сталіну торбу з конскімі экскрэментамі.

А ў 1947 годзе дзеда і іншых сабралі ў мястэчку Высокае, але ўначы хлопцам удалося ўцячы. У 1949 годзе зноў сабралі: усе думалі, што ў войска, а адправілі іх у Ленінград для атрымання рабочай спецыяльнасці. Пасля прымусовай вучобы выпраўлялі на прымусовыя працы: тых, хто не быў у Германіі, маглі пакінуць у Ленінградзе, а былых остарбайтараў адпраўлялі ў Карэлію, на кар’ер, або як майго дзеда — нарыхтоўваць лес. Праца была цяжкая, хоць плацілі нядрэнна. У родную вёску хлопцу дазволілі вярнуцца толькі праз некалькі гадоў. Я дзіваваўся, як праз 70 гадоў пасля гэтых падзей мой дзед, Сідарук Пятро Дзям’янавіч (1925—2015), заўжды вёў аповеды спакойна, нібыта ўсё тое і не з ім здарылася.

Час прытупляе перажытыя пачуцці.

Аляксей Шумер

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў