Праект партала
Вайсковая слава Сяргей Вайцяхоўскі, генерал без Айчыны

Пакуль улады БНР шукалі таго, хто арганізуе беларускае войска, ён быў ад радзімы ўсё далей. Спрабаваў уратаваць Калчака, стаў чэшскім нацыянальным героем… Дык а хто ён для нас? Расказвае ваенны гісторык Віталь Чырвінскі. 

Фота: Wikimedia Commons.

14 сакавіка 1939 года. 18.45. Мястэчка Містэк у Маравіі. Толькі што сціхлі гукі кароткага бою каля чатырохпавярховага будынка Чаянкавых казармаў. На брукаванай дарозе і ўздоўж высокай цаглянай агароджы вучэбнага пляца валяюцца целы жаўнераў вермахта. У цёмных вокнах з разбітымі шыбамі замёрлі сілуэты чэшскіх вайскоўцаў са зброяй. Яны яшчэ не ведаюць, што гэты бой стане першым і апошнім прыкладам арганізаванага супраціву чэхаславацкай арміі. Чэхаславацкія ўлады на чале з 67-гадовым прэзідэнтам-германафілам без супраціўлення здалі суверэнітэт Чэхаславакіі. Краіна імгненна была падзелена, перайменавана і стала пратэктаратам нацысцкай Германіі.

Але, можа, інакш і не магло быць? Аўтарытэт нацысцкага лідара суседняй краіны сярод чэхаславацкіх афіцэраў і генералаў у той час зашкальваў, а вермахт для іх быў прыкладам вайсковай моцы.

Ледзь не адзіным военачальнікам Чэхаславакіі, які адмыслова рыхтаваў войскі сваёй акругі да ўзброенага супраціўлення, быў ураджэнец беларускай зямлі генерал Сяргей Вайцяхоўскі.

Шляхціц і зямляк Марка Шагала

Вайцяхоўскі нарадзіўся 16 кастрычніка 1883 года ў Віцебску.

Бацька — Мікалай Карлавіч, афіцэр Расійскай імператарскай арміі, паходзіў з беларуска-літоўскага шляхецкага роду герба «Любіч». Маці — Марыя з Гнатоўскіх герба «Лада» — па бацьку мела шляхецкае паходжанне, а па матчынай лініі належала да расійскага графскага роду Ялагіных.

Афіцэры 1-й чэхаславацкай дывізіі з жонкай і сынам камандзіра дывізіі палкоўніка Мікалая Мамантава (паходзіў з дваран Магілёўскай губерні). Палоннае (Украіна), верасень 1917 года. Крайні справа — начальнік штаба дывізіі Сяргей Вайцяхоўскі. Фота: Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (атрымана ад калекцыянераў Аляксандра і Іны Радаевых).

Сяргей пачатковую адукацыю атрымаў у Віцебскай мужчынскай гімназіі, дзе раней вучыліся яго бацька і дзядзька Міхаіл, будучы генерал расійскай арміі.

У жніўні 2015 года ўлады Віцебска прынялі рашэнне назваць адну з будучых гарадскіх вуліц іменем генерала Сяргея Вайцяхоўскага. Праўда, з таго часу прайшло ўжо тры з паловай гады, але такой вуліцы на карце горада па-ранейшаму няма.

Віцебск. Рынкавая плошча. Марк Шагал (1917 год). Фота: marc-chagall-paintings.org.

Цікава, што ў наступным, 2016-м, годзе адна з віцебскіх цэнтральных вулачак атрымала імя Марка Шагала, які быў амаль аднагодкам Сяргея Вайцяхоўскага і ў той самы час жыў у Віцебску. Напэўна, незабыўныя гарадскія пейзажы для абодвух хлапчукоў былі аднолькава пазнавальныя і блізкія. Праз гады Марк перанясе свае ўспаміны пра Віцебск на палотны. А Сяргей тым часам будзе ўпэўнена ўздымацца па прыступках вайсковай кар’еры.

Расійскі афіцэр, што ваяваў за чэхаў

Афіцэрскую службу ён пачне на Каўказе пасля выпуску з Канстанцінаўскага артылерыйскага вучылішча. Затым будзе выкладчыцкая праца ў Беластоку і вучоба ў Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба. Між тым Вайцяхоўскі паспее ажаніцца: з будучай жонкай Маргарытай 23-гадовы афіцэр пазнаёміўся дзякуючы службе — быў ад’ютантам яе бацькі, палкоўніка Цемнікава. У 1910 годзе ў пары нарадзіўся сын.

Перад вайной Вайцяхоўскі яшчэ павучыў тактыцы маскоўскую дваранскую моладзь у Аляксандраўскім вайсковым вучылішчы і нават здолеў скончыць авіяцыйную школу Імператарскага Маскоўскага таварыства паветраплавання. Мог стаць класным пілотам, але 1914 год унёс свае крывавыя карэктывы. За баі ў Галіцыі, Карпатах і на Паўночным фронце наш зямляк заслужыў чатыры баявыя ордэны.

У лістападзе 1915 года Вайцяхоўскі атрымае прызначэнне ў штаб адноўленага 20-га армейскага корпуса — таго самага, які перад гэтым, у лютым, амаль у поўным складзе загінуў у Аўгустоўскіх лясах. Будзе ваяваць на беларускай зямлі пад Вілейкай і Маладзечнам.

Чэхаславацкія легіянеры, 1917—1920 гады. Фота: svoboda.org.

У студзені 1916 года, паранены асколкам снарада ў нагу і пад лапатку, адмовіцца ад эвакуацыі ў тыл. Са жніўня 1917 года будзе выконваць абавязкі начальніка штаба 1-й Чэхаславацкай дывізіі, якая ў складзе расійскай арміі ваявала на Румынскім фронце, узначаліць 3-ці Чэхаславацкі імя Яна Жыжкі стралковы полк. Не прыме ідэй Кастрычніцкага перавароту і без ваганняў стане ў шэрагі Белага руху.

Эмблема Чэхаславацкага корпуса.

Чэхаславацкі корпус пасля кастрычніка некалькімі эшалонамі рушыў праз тэрыторыю Савецкай Расіі ва Уладзівасток, каб адтуль трапіць у Францыю і ўзяць удзел у баях на Заходнім фронце супраць Германіі і Аўстра-Венгрыі за незалежнасць Чэхаславакіі.

Калчакавец

У той час, калі ў Менску абвесцяць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і зоймуцца пошукам вайскоўцаў, здольных арганізаваць беларускую ўзброеную сілу, падпалкоўнік Сяргей Вайцяхоўскі ў складзе Чэхаславацкага корпуса будзе імчацца па чыгунках Расіі. У маі 1918 года ён без страт адаб’е ў бальшавікоў Чэлябінск, атрымае чын палкоўніка. Ужо ў кастрычніку Чэхаславацкая нацыянальная рада «за адзнакі ў баях і выбітную службу» прысвоіць яму чын генерал-маёра.

Калі ў чэхаславакаў здарыцца канфлікт з Аляксандрам Калчаком (той не мог адступаць з-пад Омска, бо Чэхаславацкі корпус заняў чыгунку), Вайцяхоўскі пяройдзе на службу да Калчака і ўзначаліць 2-ю армію. Будзе бязлітасна біць і чужых (чырвоных), і сваіх (белых). У лістападзе 1919 года за самавольнае пакіданне фронту застрэліць з рэвальвера камандзіра 4-га Сібірскага зводнага корпуса генерал-маёра Пятра Грывіна. Рашуча задушыць мяцеж, узняты супраць яго ў Нова-Нікалаеўску часткамі Сібірскай арміі на чале з палкоўнікам Аркадзем Івакіным. У студзені 1920 года паспяхова выведзе свае войскі з акружэння пад Краснаярскам.

Вялікі Сібірскі ледзяны паход — адступленне часткі арміі Калчака на ўсход Расіі. Войска прайшло амаль 2 000 км ад Барнаула да Чыты. З канца студзеня адступленнем камандаваў Сяргей Вайцяхоўскі. Карціна Сяргея Чуданава. Фота: artpoisk.info.

Падчас легендарнага Вялікага Сібірскага ледзянога паходу пасля смерці ад абмаражэння генерала Уладзіміра Капеля менавіта Вайцяхоўскі ўзначаліць паход. Сіламі войскаў, аслабленых эпідэміяй тыфу, ён здолее нанесці шэраг паражэнняў Чырвонай Арміі пад Іркуцкам. Будзе спрабаваць вярнуць залаты запас, захоплены бальшавікамі, і беспаспяхова імкнуцца вызваліць з палону Калчака, якога Ленін загадаў тэрмінова расстраляць. А пасля адмовіцца ад бессэнсоўнага штурму Іркуцка і выведзе свае абяскроўленыя сілы па лёдзе Ангары і Байкала ў Забайкалле.

Нядоўга Вайцяхоўскі быў у складзе Далёкаўсходняй арміі Грыгорыя Сямёнава і ўжо вясной 1920-га камандзіраваны ў Крым. Па просьбе Пятра Урангеля ён кіраваў эвакуацыяй белых. У канцы выехаў і сам: спярша ў Канстанцінопаль, а затым у Чэхаславакію.

Чэхаславацкі генерал

У маі 1921 года генерал Сяргей Вайцяхоўскі паступіў на службу ў чэхаславацкую армію. Камандаваў 9-й пяхотнай дывізіяй, якую ў 1927 годзе прызнаюць найлепшай ва Узброеных сілах Чэхаславакіі. Узначаліў войскі Мараўска-Сілезскай земскай вайсковай акругі.

Па ўспамінах сучаснікаў, пры сустрэчах па абавязку службы з савецкімі вайсковымі прадстаўнікамі Вайцяхоўскі ніколі не падаваў ім рукі і прынцыпова размаўляў толькі па-французску. У 1938 годзе ён узначаліў 1-ю Чэхаславацкую армію. На германа-чэхаславацкай граніцы фарсіраваў будаўніцтва абарончых фартыфікацыйных збудаванняў. На думку чэшскага гісторыка Іржы Фідлера, «працаваў для сваёй новай радзімы на мяжы фізічных магчымасцяў».

Замест уласаўцаў маглі быць вайцяхоўцы

Падчас Мюнхенскага крызісу 1938 года Вайцяхоўскі заняў выразную антыкапітуляцыйную пазіцыю, за што быў адпраўлены ў адстаўку. Жыў у Празе. Ва ўмовах германскай акупацыі стварыў падпольную арганізацыю «Абарона народа».

Быў ваенным міністрам у падпольным чэхаславацкім урадзе, але нядоўга. Магчыма, з-за недаверу палітыкам, якія спачатку здалі сваю краіну Германіі, а потым увайшлі ў эмігранцкі ўрад і пачалі каардынаваць дзейнасць падполля.

Вайцяхоўскі знаходзіўся пад пільным наглядам гестапа. Па ўспамінах унука, у 1944 годзе атрымаў ад немцаў прапанову ўзначаліць замест генерала Андрэя Уласава Расійскую вызваленчую армію, якая ваявала на баку Гітлера. Адмовіўся са словамі, што ненавідзіць камуністаў, але супраць рускіх салдат ваяваць не будзе. Вясной 1945 года адправіў сваю сям’ю на захад, у амерыканскую зону акупацыі, а сам застаўся ў Празе.

Вязень

12 мая 1945 года 62-гадовага генерала арыштавала савецкая контрвыведка. Яго абвінавацілі ў тым, што ён быў членам Расійскага агульнавайсковага саюза — белагвардзейскай эмігранцкай арганізацыі. За «дапамогу міжнароднай буржуазіі» і «шпіянаж» Вайцяхоўскі быў асуджаны да 10 гадоў зняволення.

Пакаранне адбываў спачатку ва Унжанскім лагеры пад Ніжнім Ноўгарадам, а пасля быў этапаваны ў Іркуцкую вобласць. 25 мая 1949 года ён прыбыў у наваствораны асобы лагер № 7 з санаторна-курортнай назвай «Азёрны» (Азёрлаг). Гэты лагер строгага рэжыму для «палітычных», шпіёнаў і контррэвалюцыянераў размяшчаўся недалёка ад тых месцаў, дзе генерал-маёр Белага руху біўся з чырвонымі пасля адчайнага Вялікага Сібірскага ледзянога паходу.

Турэмнае фота Сяргея Вайцяхоўскага. Фота: ЦА ФСБ РФ (атрымана ад Аляксандра і Іны Радаевых).

З-за слабога здароўя, падарванага на лесанарыхтоўках Унжлагу, і ўзросту Вайцяхоўскага кваліфікавалі як інваліда. Паставілі працаваць санітарам лагернага шпіталя.

67-гадовы генерал памёр 7 красавіка 1951 года. Па афіцыйных звестках — ад сухотаў і старэчага маразму, насамрэч — ад страўнікавага крывацёку (у Вайцяхоўскага была язва). Пахаваны ў магіле, пазначанай нумарам 4—36, на могілках Цэнтральнай бальніцы №1 Азёрлага каля сяла Шаўчэнка Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці. Месца магілы страчана.

Чый герой?

Пасля дзесяцігоддзяў забыцця імя Сяргея Вайцяхоўскага ўспомнілі ў Расіі, Чэхіі, Славакіі і Беларусі.

У 1996 годзе ён быў рэабілітаваны Генеральнай пракуратурай Расійскай Федэрацыі. Яшчэ праз год прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел «за выдатныя заслугі ў галіне абароны і бяспекі дзяржавы» пасмяротна ўзнагародзіў Вайцяхоўскага найвышэйшай узнагародай Чэхіі — ордэнам Белага Льва 3-й ступені. У гарадах Брно і Прага адкрылі мемарыяльныя дошкі.

У красавіку 2004 года амбасада Чэшскай Рэспублікі звярнулася да Тайшэцкага ўпраўлення МУС Іркуцкай вобласці з ініцыятывай перапахаваць парэшткі Сяргея Вайцяхоўскага «на радзіме ў Чэхіі», але на той час ад пахавання зэкаў засталіся толькі зарослыя пагоркі…

У Беларусь памяць пра земляка вярнулася дзякуючы энтузіястам, калекцыянерам і аматарам гісторыі Аляксандру і Іне Радаевым, якія сумесна з амбасадамі Чэхіі і Славакіі арганізавалі выставу «Сяргей Вайцяхоўскі. Генерал дзвюх армій». Яна прайшла ў 2012 годзе ў Нацыянальным гістарычным музеі, а ў 2018-м яе паўтарылі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У 2013-м асоба генерала Вайцяхоўскага з’явілася ў серыі плакатаў «Палкаводцы і военачальнікі зямлі беларускай».

Унукі генерала жывуць у ЗША. Унучаты пляменнік Вайцяхоўскага Сяргей Цілі каля 20 гадоў пражыў у Мінску, дзе і пахаваны.

Безумоўна, Сяргей Вайцяхоўскі не стаў героем беларускай гісторыі. Нягледзячы на паходжанне і факт нараджэння на нашай зямлі, ён стаў героем чужых гісторый — чэхаславацкай і расійскай. Так склаўся лёс многіх людзей з яго пакалення. Некалі да генерала Станіслава Булак-Балаховіча прыехаў Кастусь Езавітаў. Усяго некалькі сустрэч — і генерал даведаўся, што ён беларус. Не проста даведаўся, але прызнаў сябе беларусам. Ці магло такое адбыцца з нашым героем? Чаму не. Проста ў жыцці Вайцяхоўскага не знайшлося свайго Езавітава.

* * *

Адмысловы «мяснік» ірваў трупы на кавалкі, каб хтосьці жывы не ўцёк пад выглядам мёртвага

У пачатку восені 1949 года ў Азёрлаг чарговым этапам прыбыла партыя палітычных зняволеных. Усе былі ў аднолькавых шэрых куртках. На грудзях, спіне і нагавіцах вышэй за калена прышытыя белыя квадраты, на якіх чорнай фарбай пастаўленыя нумары.

Сярод масы народу быў і каталіцкі святар Адам Станкевіч — патрыярх беларускага хрысціянскага руху, палітычны і культурны дзеяч, выдавец, гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст. Асуджаны на 25 гадоў за «дапамогу міжнароднай буржуазіі; за прапаганду, якая змяшчала заклік да звяржэння, падрыву або паслаблення Савецкай улады» і іншую лухту, змардаваны бясконцымі допытамі ў казематах віленскай Лукішскай турмы, Адам Станкевіч быў адпраўлены ў Сібір, каб змагацца за сваё жыццё на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі.

Змагацца ўжо не хапіла сілаў. Хворы на сэрца ксёндз памёр праз тры месяцы ў сваім бараку, шчыльна застаўленым двух’яруснымі нарамі.

Ёсць вялікая імавернасць, што Адам Станкевіч і Сяргей Вайцяхоўскі перасякаліся ў лагеры. Сталовая, баракі і, галоўнае, лагерны шпіталь, дзе стары генерал працаваў санітарам — вось дзе маглі сустрэцца землякі. Тым больш, над хворым Станкевічам апекаваліся іншыя зняволеныя, ведаючы пра святарскі сан суседа па няшчасці.

Ідэйны беларус, ксёндз Адам Станкевіч перад арыштам і ў зняволенні. Фота: Асобы архіў Літвы.

Пра смерць і пахаванне Адама Станкевіча захаваліся жудасныя ўспаміны аднаго са зняволеных Азёрлага Віктара Сікоры.

«У Тайшэце было так устаноўлена, што, калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць разразанне. Баяліся, каб хтосьці жывы не ўцёк пад выглядам мёртвага. «Працаваў» там адмысловы «мяснік», які ўпрост ірваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. З дзяжуркі выходзіць «мяснік» з «кішнёй», што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндза ўдарыў у грудзі. А пасля другі выходзіць з кувалдай і б’е яго па галаве. Праламаў яе, паляцелі мазгі. Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз у труне (хоць гэта толькі назва, а не труна), заліты крывёю…»

Імаверна, што такім самым чынам на тыя самыя могілкі праводзілі ў апошні шлях і генерала Вайцяхоўскага, які перажыў ксяндза Станкевіча на паўтара года.

* * *

У кастрычніку 1938 года падчас захопу Германіяй Судэцкай вобласці чэхаславацкія войскі адыходзілі без бою. Выключэннем стаў адзіны выпадак, пра які напісалі газеты. «У Судэтах, на лясной чэшскай граніцы, афіцэр, пакінуўшы ў лесе 20 сваіх жаўнераў, выйшаў на дарогу і адкрыў агонь па нямецкай калоне. Яго лёс невядомы». Расейская паэтэса Марына Цвятаева, якая ў той час жыла ў эміграцыі ў Парыжы, узрушаная гэтай падзеяй, напісала верш. 

… Понесена
Добрая весть,
Что — спасена
Чешская честь!
Значит — страна
Так не сдана,
Значит — война
Всё же — была!
— Край мой, виват!
— Выкуси, герр!
…Двадцать солдат.
Один офицер.

Чэхаславацкая Рэспубліка спыніла існаванне 14 сакавіка 1939 года, калі на тэрыторыю краіны ўвайшлі войскі вермахта. Прэзідэнт Чэхаславакіі Эміль Гаха загадаў сваім войскам заставацца ў месцах дыслакацыі і не аказваць супраціву. На чэшскіх землях быў створаны германскі пратэктарат Багемія і Маравія.

Віталь Чырвінскі

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў