Праект партала
ВКЛ Чаму Ягайла з поўным правам мог называцца Уладзіславам Драконам

Societas Draconica, ці Ордэн Дракона, з’явіўся ў 1408 годзе. Улад Цэпеш — самы вядомы яго член, але далёка не адзіны.

Улад ІІІ Цэпеш, граф Дракула. Мянушка Улада — Цэпеш — па-румынску абазначае таго, хто саджае на палі. 1560 год (копія з прыжыццёвага партрэта).

Што яшчэ за Ордэн Дракона?

Societas Draconica, ці Ордэн Дракона, — гэта рыцарскі ордэн, які з’явіўся ў 1408 годзе. Заснаваў яго кароль Венгрыі Жыгімонт І. Місіяй ордэна была абарона венгерскага каралеўскага дома і каталіцкай веры ды царквы.

Ёсць меркаванні, што Жыгімонт стварыў ордэн у тым ліку і для таго, каб згуртаваць сваіх прыхільнікаў і атрымаць падтрымку ў барацьбе за еўрапейскія манаршыя пасады.

Рэканструкцыя cімвала Ордэна Дракона па вышыўцы, што знаходзіцца ў Баварскім нацыянальным музеі.

Па легендзе, сакрэтны Ордэн Дракона існаваў і раней і насіў імя Святога Георгія. Яго нібыта заснаваў Мілаш Абіліч, сербскі рыцар і нацыянальны герой, вядомы тым, што — ізноў жа па легендзе — засёк асманскага султана Мурада падчас бітвы на Косавым полі, дзе біліся сербы з туркамі ў 1389 годзе. Самога Абіліча забіла ахова Мурада. Паводле гэтай версіі, кароль Жыгімонт толькі аднавіў ордэн.

Хто быў заснавальнікам насамрэч, невядома, але статут Ордэна Дракона распрацавалі ўжо пры Жыгімонце. Аўтарам стаў канцлер Эберхард, епіскап румынскага горада Арадзі.

Папа рымскі Грыгорый ХІІ падтрымаў заснаванне ордэна.

Сімваламі ордэна сталі, само сабой, дракон і крыж. Выява дракона, які абвівае хвастом сваю шыю, прысутнічала на медальёнах рыцараў.

Адным з першых членаў новага Ордэна Дракона стаў Стэфан Лазаравіч, сербскі ўладар. У некаторых легендах расказваецца, што Лазаравіч быў адным з 12-ці рыцараў першага ордэна, заснаванага Абілічам. Нібыта з 12-ці рыцараў пасля бітвы на Косавым полі выжыў толькі ён.

Лічыцца, што першапачаткова ў ордэне было 22 рыцары (плюс сам Жыгімонт і ягоная жонка). Склад быў вельмі разнастайным: некалькі ваяводаў, суддзя, віцэ-кароль, але не толькі яны. Уваходзілі ў ордэн і канюшыя ды стольнікі караля Жыгімонта.

Пазней колькасць членаў ордэна павялічвалася. Жыгімонт запрашаў у яго і манархаў-суседзяў.

Хто ўвогуле гэты Жыгімонт?

Жыгімонт Люксембургскі — заснавальнік Ордэна Дракона. Пасмяротны партрэт, напісаны Альбрэхтам Дзюрэрам.

Венгерскі кароль Жыгімонт І, прадстаўнік славутай дынастыі Люксембургаў, нарадзіўся ў 1368 годзе. Ягонымі бацькамі былі імператар Святой Рымскай імперыі Карл ІV і Лізавета Памеранская, чацвёртая жонка Карла.

За 69 гадоў свайго жыцця Жыгімонт паспеў пазаймаць розныя еўрапейскія манаршыя троны. Ён быў і імператарам Святой Рымскай імперыі, і каралём Ламбардыі, і каралём Германіі, і каралём Чэхіі. Але галоўнае — ажно 50 гадоў Жыгімонт быў каралём Венгрыі. Як і належала сярэднявечнаму каралеўскаму нашчадку, Жыгімонт усё жыццё змагаўся за ўладу, плёў інтрыгі, развязваў войны сам і ўдзельнічаў у чужых.

Яшчэ зусім дзіцём Жыгімонт заручыўся з Марыяй Анжуйскай, дачкой Людовіка Вялікага, караля Польшчы, Венгрыі і Харватыі. Пазней, калі Людовік памёр, Марыя ўзначаліла Венгрыю і Харватыю, а яе сястра Ядзвіга — Польшчу. Маці Марыі пачала планаваць шлюб дачкі з братам французскага караля, і нават было абвешчана пра заручыны. Але Жыгімонт з войскам увайшоў у Верхнюю Венгрыю і справіў вяселле з Марыяй. Пазней маці Марыі забілі, і смерць яе звязвалі з іменем Жыгімонта. Маўляў, яму не падабаўся ўплыў нябожчыцы на дачку.

Пасля Жыгімонт амаль увесь час вёў войны. Ён ваяваў з харватамі і баснійцамі, хадзіў у крыжовы паход супраць туркаў… Але не сказаць, каб надта паспяхова. У рэшце рэшт ягоныя паразы прывялі да апазіцыі яму баронаў уласнай дзяржавы. Але ў гэтай барацьбе Жыгімонту якраз пашчасціла, і пасля адной з перамог ён нібыта і вырашыў заснаваць новы рыцарскі ордэн.

А прычым тут Ягайла?

З цягам часу Жыгімонт пашырае колькасць членаў Ордэна Дракона. Сярод тых, каго Жыгімонт запрасіў у ордэн, былі нават наш князь Вітаўт з жонкай, іх прынялі ў ордэн 3 жніўня 1429 года. Такім чынам імператар Святой Рымскай імперыі выказваў павагу да Вітаўта і спадзяваўся на яго дапамогу ў сваіх бясконцых войнах.

У тым жа годзе членам Ордэна Дракона стаў Уладзіслаў Ягайла, стрыечны брат Вітаўта. Ягайла быў шчыльна звязаны і з самім заснавальнікам ордэна: першая яго жонка, Ядзвіга, была сястрой Марыі Анжуйскай, першай жонкі Жыгімонта.

Каранацыя Ягайлы. Дэталь трыпціха ў Кракаўскім саборы. 1475—1480 гады.

Цікава, што падчас Вялікай вайны Ягайлы з Тэўтонскім ордэнам Жыгімонт быў не на баку польскага караля. Спачатку хітры манарх заключыў дамову з тэўтонцамі. Тыя абяцалі вялікія грошы за тое, каб войскі Жыгімонта атакавалі поўдзень Польшчы. Вось толькі гэтага не адбылося. Такімі перспектывамі была вельмі незадаволеная венгерская арыстакратыя, да якой Жыгімонт вырашыў прыслухацца. Калі б не яна, венгерскі кароль удзельнічаў бы ў Грунвальдскай бітве на баку крыжакоў.

А да чаго тут Дракула?

Валашскі гаспадар Уладзіслаў ІІ, васал Жыгімонта, таксама быў членам Ордэна Дракона. Менавіта праз членства ў ордэне Уладзіслава пачалі называць Дракулам. Пайшло гэта ці то ад лацінскага draco, ці то ад румынскага dracul — «дракон».

А сын Уладзіслава, таксама Уладзіслаў, і быў тым самым легендарным Уладам Цэпешам, аматарам здзекаў і саджання людзей на палі. Нам ён вядомы як Улад Дракула, прататып легендарнага персанажа вампірскіх гісторый. Лічыцца, што імя Дракула паходзіць ад румынскага draculea — «сын дракона».

Такім чынам, Уладзіслаў Ягайла, які быў членам ордэна, таксама з поўным правам мог называцца Уладзіславам Драконам, ці па-румынску Дракулам.

Цікава, што сёння «дракула» па-румынску азначае зусім іншае. Гэта ўжо не дракон, гэта — д’ябал. Ёсць версіі, што такое значэнне слова dracul атрымала менавіта пасля зверстваў «драконавага сына» Уладзіслава Цэпеша.

Улад Швядовіч

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў