Проект портала
Конопля когда-то была основным экспортным товаром Беларуси

Конопля, некогда известная каждому крестьянину культура, встречается сегодня только на страницах криминальной хроники. Некоторое время назад в СМИ даже прозвучало предложение запретить изображения конопли в сети, на майках и кепках. А когда-то же конопля были главным экспортным товаром Беларуси. Пишет историк Андрей Вашкевич.

Прапагандысцкі плакат Леаніда Замаха. 1954 год.

У пачатку ХІХ стагоддзя экспартныя тавары вывозіліся з нашага краю па рэках. Калі сыходзіў лёд, па высокай вадзе віціны — велізарныя пласкадонныя караблі, паўвіціны і платы везлі да мора збожжа, крупы, тытунь, гарэлку, паташ, вугаль, сала, ільняны алей і… пяньку.

Вывозілі не толькі пяньку-сыравіну, але і рагожу — грубую тканіну з пянькі, — і пяньковыя мяшкі, і пяньковую паклю…

Наш унёсак у магутнасць брытанскага флота

Што ж гэта за пянька, якая пастаянна сустракаецца ў гандлёвай статыстыцы? Гэта паўфабрыкат, які атрымліваюць з канапляных сцяблін шляхам часання і трапання. Падобным чынам апрацоўваецца і лён.

Пяньку выкарыстоўвалі для вяровак, канатаў, палавікоў, дарожак, мяшкоў, дадавалі ў шарсцяныя і льняныя тканіны. Калі прамысловая магутнасць Англіі грунтавалася на авечках і воўне, то багацці Расійскай імперыі — на пяньцы.

Дзяржава спачатку мела манаполію на гандаль пянькой, а пасля брала з гандлю вельмі высокія падаткі. У эпоху ветразевага мараплавання пянька была стратэгічным таварам: на абсталяванне 44-гарматнага вайсковага фрэгата ішло да 60 тон канатаў і вяровак з пянькі.

Галоўным спажыўцом канапляных вяровак была Вялікабрытанія. Канапляныя валокны вельмі ўстойлівыя да салёнай вады, таму маракамі вырабы з іх цаніліся вельмі высока. Канаты круцілі з беларускай пянькі ўжо на Туманным Альбіёне, дадаючы да іх толькі адну чырвоную нітку з англійскай воўны. Па той нітцы адразу было бачна: канат з’яўляецца ўласнасцю брытанскага ваенна-марскога флоту. З гэтай чырвонай ніткі і пайшоў літаратурны выраз, што недзе «чырвонай ніткай праходзіць нейкая там ідэя».

Гандаль пянькой з Расіі, Беларусі і Украіны меў настолькі важнае значэнне, што нават у Тыльзіцкай дамове 1807 года паміж Расіяй і Францыяй Напалеон падкрэсліў: Расія не павінна гандляваць пянькой з Вялікабрытаніяй. У выніку за чатыры гады ў Расіі ўзнік дэфіцыт бюджэту ў 150 мільёнаў залатых рублёў. Гэта рабіла вайну 1812 года непазбежнай: калі б Напалеон не пайшоў на Расію сам, яго атакаваў бы Аляксандр І.

Ад росквіту да заняпаду

Беларусы вырошчвалі каноплі з даўніх часоў. З канаплянага семя ціснулі алей, а з канапляных валокнаў ткалі грубую тканіну. Доўга пянька служыла і ў вайсковай справе. Гэта быў танны і лёгкі даспех (пяньковая вяроўка нашывалася на вопратку), які мог абараніць ад удару шаблі і нават стрымаць кулю.

У 1855 годзе, абараняючы Севастопаль, расійскія маракі закрывалі ўмацаванні пяньковымі канатамі, знятымі з караблёў.

Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя канапляводства было важнай сферай сельскай гаспадаркі. У Клінцах на Браншчыне, на мяжы з Беларуссю, працаваў нават канапляводчы (пяньковы) тэхнікум. Некалькі ўсходніх паветаў Магілёўскай губерні — Чэрыкаўскі, Клімавіцкі, Быхаўскі — трымаліся галоўным чынам на вытворчасці льнянога алею ды пянькі.

Жанчыны апрацоўваюць каноплі ў адным з беларускіх калгасаў. 1950-я гады. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

У савецкі час выдатным канапляводам выдавалі спецыяльныя значкі, друкавалі плакаты з іх партрэтамі. Па стане на 1956 год СССР займаў першае месца ў свеце па вырошчванні канопляў. Асноўнымі раёнамі канапляводства былі цэнтральныя нечарназёмныя рэгіёны РСФСР, асабліва Мардоўская АССР. Але і ў калгасах БССР каноплі таксама вырошчвалі дастаткова інтэнсіўна, хоць чым далей, тым іх вытворчасць няўхільна падала.

Да паступовага заняпаду канапляводства спрычыніліся наплыў таннай бавоўны з Сярэдняй Азіі, агульны заняпад сельскай гаспадаркі ў цэнтральных рэгіёнах СССР, а таксама, што асабліва важна, — распаўсюджанне на нашых землях раней незнаёмых індыйскіх канопляў, якія некаторыя вучоныя лічаць асобным відам гэтай расліны. Справа ў тым, што індыйскія каноплі ўтрымліваюць у 20—30 разоў больш псіхатропных рэчываў, чым звычайныя «пасяўныя», таму іх актыўна пачалі выкарыстоўваць для курэння як наркотык.

У прыватных гаспадарках пасля Другой сусветнай вайны вырошчванне канопляў ужо было рэдкасцю — мяшкі ды вяроўкі стала пастаўляць савецкая прамысловасць. Дый разгуляцца на дазволеных дзяржавай невялікіх прысядзібных участках ды сотках не было як — каб хапіла месца хоць пад бульбу і гародніну. Але цікава, што яшчэ ў 1960-х гадах на Гродзеншчыне вырошчвалі каноплі для вырабу… рыбалоўных сетак.

Ці чакаць адраджэння?

Яшчэ ў савецкія часы з-за выкарыстання ў якасці наркотыку вырошчванне канапель прыватнымі асобамі стала незаконным.

Дзяржаўныя ж пасевы пад звычайныя каноплі скараціліся за трыццаць гадоў аж у сем разоў. Але сёння цікавасць да пасяўных канопляў як тэхнічнай культуры патроху адраджаецца. Ужо больш за дзесяць гадоў у Расіі і Украіне афіцыйна дазволена вырошчваць пасяўныя каноплі — праўда, толькі спецыялізаваным гаспадаркам і пад адпаведным наглядам. На канапляны алей, пяньку на канаты, тканіны з выкарыстаннем канапляных нітак ізноў ёсць попыт.

У аграрных ВНУ і каледжах адчыняюцца спецыяльнасці канапляводаў. Вытворцы падкрэсліваюць экалагічнасць, гіпаалергеннасць і шматлікасць кірункаў выкарыстання канопляў. Пянька выкарыстоўваецца ў вытворчасці цэментнавалакністых пліт, брызентаў высокай якасці, высакаякаснай паперы і нават грошай. У Беларусі ж пакуль цалкам забаронена вырошчваць і каноплі, і снатворны мак. Але беларускія навукоўцы пра каноплі памятаюць і гавораць, што самы час вярнуць пасяўныя каноплі і нам. Інакш суседзі зоймуць увесь перспектыўны рынак гэтай не менш важнай, чым лён, расліны, а мы, спазніўшыся, будзем кусаць локці.

 * * *

Каноплі (лац. Cannabis) — аднагадовая травяністая расліна. Існуюць тры падвіды:

каноплі пасяўныя, каноплі індыйскія і каноплі пустазельныя. У Беларусі культываваліся каноплі пасяўныя (лац. Cannabis sativa), пашыраныя ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Каноплі могуць дасягаць вышыні да 4 м. Сцябло ў іх прамое, пакрытае залозістымі валаскамі. Існуюць мужчынскія асобіны — маніцы і жаночыя — мацёркі. Адрозніць іх можна па кветках. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод канопляў — аднанасенны арэшак.

У гаспадарцы каноплі выкарыстоўваюцца як лубнавалакністая, алейная і прадзільная расліна. Яны даюць валакно — пяньку. З насення атрымліваюць алей, канапляная макуха — каштоўны корм для жывёлы, а з канаплянай кастрыцы вырабляюць паперу і будаўнічыя матэрыялы.

 ***

Шлях ператварэння канапель у пяньку, цяпер ужо забыты, застаўся ў народных песнях. Вось, напрыклад, з Барысаўшчыны:

Ой, кум да кумы заляцаўся *,
Пасеяці канапелькі абяцаўся.
Ой, кум да кумы заляцаўся,
Канапелькі браць абяцаўся.

Ой, кум да кумы заляцаўся,
Канапелькі мачыць абяцаўся.
Ой, кум да кумы заляцаўся,
Канапелькі мяць абяцаўся.

Ой, кум да кумы заляцаўся,
Канапелькі віць абяцаўся.
— Ты кума, ты душа,
Ты кругом хараша. 

* Заляцацца да кагосьці = фліртаваць з кімсьці. Залёты = флірт. Залётнік = донжуан.

Андрей Вашкевич

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов