Праект партала
Вайсковая слава Дзе лётаў першы ў Беларусі паветраны шар

У жніўні 1886 года размеранае жыццё сялян у ваколіцах Белавежскай пушчы было парушана нябачаным: некалькі дзясяткаў коней і паўсотні чалавек цягнулі каля іхніх хат велізарны шар. Піша падпалкоўнік Мікалай Кавалёў.

Пал Сіньеі-Мершэ. Паветраны шар. 1878 год. Фото: Wikimedia Commons.

Мода на вайсковае паветраплаванне ўварвалася ў Расійскую імперыю ў 1885 годзе. Першы палёт адбыўся ў Пецярбурзе, а ўжо праз год паветраны шар пабачылі нашы людзі. Нагодай сталі манеўры Варшаўскай і Віленскай вайсковых акруг.

Падрыхтоўка

19 жніўня 1886 года паручніку Аляксандру Каванько даручылі сфармаваць і выправіць на манеўры два часовыя паветраплавальныя паркі. Адзін мусіў накіравацца ў Бельск на Падляшшы, а другі — на станцыю Кляшчэлі Брэсцка-Граеўскай чыгункі. Кожны з паркаў прадстаўляў аднаго з праціўнікаў (Паўночны і Паўднёвы атрады).

Праўда, Паўночны атрад новай вынаходкай цешыўся нядоўга. Ягоны паветраны шар, напоўнены вадародам, неўзабаве парваўся. А вось у Паўднёвым атрадзе шар пратрымаўся да канца манеўраў і напрыканцы нават здзейсніў свабодны палёт над Белавежскай пушчай.

Баявое хрышчэнне

Шар Паўднёвага атрада мусіў напаўняцца вадародам паміж станцыяй Кляшчэлі і вёскай Дабраводы. Неабходныя матэрыялы былі дастаўленыя 25 жніўня, і ўвесь наступны дзень кіпела праца: з сернай кіслаты здабываўся вадарод, які адразу перапампоўваўся ў шар.

Да раніцы 27 жніўня шар быў гатовы і адразу выпрабаваны. Апарат падняўся на вышыню каля 215 м. Мясцовасць з яго аглядаў камандзір парку, падпалкоўнік генштаба Мікалай Арлоў. Данясенні скідалі ў пустых мяшках ад баласту з невялікай колькасцю пяску. Мяшок адносіла ветрам, але недалёка. Яго падбіраў кур’ер і неадкладна дастаўляў у штаб. У першых жа данясеннях паступілі звесткі пра непрыяцельскую калону, якая ідзе лесам. Пры ясным надвор’і з шара можна было дакладна палічыць колькасць войскаў непрыяцеля.

Лябёдка дазваляла падымаць і апускаць шар даволі хутка. Для пад’ёму на вышыню ад 215 да 430 м (ад 100 да 200 сажняў) патрабавалася тры хвіліны, а на спуск — пяць. Падчас прывалаў шар то падымалі, то апускалі, а каб не адляцеў, клалі баласт ці саджалі людзей.

«Бурбалка» на маршы

Пасля баявога хрышчэння войскі Паўднёвага атрада атрымалі загад адступаць на поўдзень, да сяла Кузава. Разам з усімі рухаўся і паветраплавальны парк. Тэхналогія перамяшчэння была не адладжаная, вайскоўцы вучыліся на хаду. Спачатку шар прымацавалі да лябёдкі, якую цягнулі шэсць дужых артылерыйскіх коней. Потым выявілі, што зручней адлучыць шар ад лябёдкі і цягнуць уручную. Але важна было ісці праз адкрытыя прасторы: абалонка магла пашкодзіцца аб хаты і дрэвы.

Пераноска англійскага вайсковага аэрастата ў Трансваалі (1899—1902 гады). Такім парадкам пераносілі і наш шар у 1886 годзе.

У першы ж дзень манеўраў паветраны шар правезлі або пранеслі каля вёсак Дабраводы, Кузава, Ставішча, Хлевішча, Доўбізна, Канюховічы і панскага двара Капылы. Праз некалькі дзесяцігоддзяў, пасля Другой сусветнай вайны, гэтыя мясціны падзеліць мяжа. Тры першыя вёскі сёння знаходзяцца ў Польшчы, а рэшта — на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Натуральна, такое дзіва прыцягвала ўвагу мясцовых. А вайскоўцы ёю карысталіся. Падпалкоўнік Арлоў у справаздачы пісаў: «Сяляне спадарожных вёсак, уражаныя дзіўнай «бурбалкай», выходзілі насустрач, з асаблівым задавальненнем браліся замест салдат і цягнулі шар вярсты са тры; тут ім праца надакучвала, цікаўнасць была задаволена, і яны паступова кідалі. Звычайна паблізу з’яўлялася яшчэ вёска, і новыя цікаўныя замянялі папярэдніх і весела цягнулі шар. На прывалах жыхары гасцінна частавалі салдат».

Пераначаваўшы каля Капылоў, вайскоўцы пераадолелі яшчэ 28 вёрст, прайшоўшы каля вёсак Бярозаўка, Манчакі, Шастакова, Ратайчыцы да панскага дома Трасцяніца. Мэтай было адступленне за раку Лясную.

Пераход цераз раку адбываўся пад покрывам цемры. Спачатку спрабавалі пераправіцца цераз грэблю каля вёскі Млыны, але ўдалося толькі абозу. Шар пераносіць не рызыкнулі, бо грэбля была абсаджаная вялікімі дрэвамі. Непадалёку знайшоўся брод, праз які каштоўны груз пераправілі без прыгод. Лагерам каля Алешкавіч Паўднёвы атрад прастаяў некалькі дзён. Ля Браневіч шар папаўняўся вадародам.

2 верасня 1886 года манеўры скончыліся парадам каля Шастакова (непадалёк ад Высокага), на полі, якое звалася Шырокім. Парад прымаў імператар Аляксандр ІІІ. А пасля адбыўся першы свабодны палёт паветранага шара. Першымі нашымі лётчыкамі-аэранаўтамі сталі падпалкоўнік Мікалай Арлоў і паручнік 8-га сапёрнага батальёна Аркадзь Трафімаў. А варшаўскі фатограф Конрад Брандаль менавіта тады зрабіў першы ў беларускай гісторыі аэрафотаздымак.

 ***

Паветраны шар — лятальны апарат (аэрастат), у якім выкарыстоўваецца газ, лягчэйшы за паветра. Шар складаецца з запоўненай газам абалонкі і каша-гандолы. У адрозненне ад дырыжабляў, паветраны шар не мае рухавіка, таму цалкам залежыць ад напрамку і сілы ветру. Гэта вынаходніцтва 1783 года, яго здзейснілі французы — браты Жазэф-Мішэль і Жак-Эцьен Мангальф’е.

Падчас Французскай рэвалюцыі і напалеонаўскіх войнаў паветраныя шары спрабавалі выкарыстоўваць для разведкі і нават скідання бомб. Але толькі пасля Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—1865 і франка-прускай вайны 1870—1871 гадоў паветранымі шарамі ўсур’ёз зацікавіліся вайсковыя інжынеры ўсяго свету.

 ***

63 чалавекі абслугоўвалі паветраплавальны парк: штаб-афіцэр, чатыры обер-афіцэры і 58 салдат.

24 кані і 9 вазоў цягнулі паветраны шар і матэрыялы для запуску.

2240 кг важыла паравая лябёдка, неабходная для ўтрымання шара і наступнага спуску. Для яе працы трэба было назапасіць 1 200 кг каменнага вугалю. Вадарод для напаўнення шара здабывалі з 24 тон сернай кіслаты шляхам хімічнай рэакцыі з 6 тонамі жалезнай стружкі. Адмысловы генератар важыў каля трох тон. 

Мікалай Кавалёў

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў