Проект портала
Тайны Как большевики раскрыли нетленные мощи

В январе 1924 года, после смерти большевистского вождя Владимира Ленина, соратники решили забальзамировать его тело и поместить в мавзолее на Красной площади. Там оно лежит и поныне. Ирония в том, что за несколько лет до того большевики сами неистово боролись с религиозным культом «нетленных мощей», и именно Ленин был главным вдохновителем той компании. Пишет Василь Герасимчик.

Падчас ускрыцця мошчаў святога Аляксандра Неўскага ў 1922 годзе. Фота: oldstory.info.

Бальшавікі і праваслаўе

Пасля падзей 1917 года ніхто і нішто не магло жыць па-старому. Не выключэнне і Руская праваслаўная царква. У верасні 1918 года яна аднавіла патрыяршаства, якое скасаваў Пётр І, і гэтым засведчыла жаданне стаць незалежнай ад дзяржавы.

Аднак у бальшавікоў былі іншыя планы. Успрымаючы Праваслаўную царкву як небяспечнага ідэйнага праціўніка, яны імкнуліся максімальна яе аслабіць і дыскрэдытаваць. Ленін наўпрост казаў: «Трэба ўмець змагацца з рэлігіяй, а для гэтага неабходна матэрыялістычна тлумачыць крыніцу веры і рэлігіі ў масах».

Акрамя ідэйнага, быў у бальшавікоў і матэрыяльны разлік. Дэкрэт ад 20 студзеня (2 лютага) 1918 года «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» абвяшчаў усю царкоўную маёмасць народным набыткам. Пасля гэтага бальшавікі шчыльна заняліся ўлікам і канфіскацыяй царкоўных каштоўнасцяў.

Ускрыццё мошчаў Сімяона Верхатурскага. 1920 год. Фота: ahilla.ru.

У кастрычніку 1918 года, калі ВЧК актыўна працавала ў гэтым кірунку ў Свята-Троіцкім Аляксандра-Свірскім манастыры ў Аланецкай губерні, увагу чэкістаў прыцягнула літая срэбная рака з «нятленнымі мошчамі» святога Аляксандра Свірскага, якая важыла больш за 20 пудоў. Калі ра´ка была ўскрытая, то замест мошчаў у ёй знайшлі васковую ляльку. Праз некалькі дзён настаяцель Яўгеній быў расстраляны, манастыр зачынены і пераўтвораны ў выпраўленча-працоўны лагер. А гісторыя з васковай лялькай дала старт прапагандысцкай кампаніі, названай «мошчавай эпапеяй».

«Мошчавая эпапея»

Кампанія мела маштабны характар. У друку з’явіліся лісты «працоўных і сялян», якія быццам бы рашуча патрабавалі агляду ўсіх царкоўных і манастырскіх каштоўнасцяў. Нібыта ў адказ 16 лютага 1919 года была выдадзена спецыяльная пастанова, якая вызначала парадак ускрыцця мошчаў камісіямі з ліку партыйных і медыцынскіх супрацоўнікаў. «Трэба паказаць, якія менавіта былі святасці ў гэтых багатых раках і да чаго так шмат вякоў з пашанаю ставіўся народ. Гэтага аднаго дастаткова, каб адштурхнуць ад рэлігіі сотні тысяч людзей», — акрэсліў Ленін.

Кіраўніцтва Царквы паспрабавала перахапіць ініцыятыву. 17 лютага патрыярх Ціхан выдаў загад аб аднаўленні права святароў аглядаць мошчы. Аднак было позна. Бальшавікі не збіраліся аддаваць праціўніку такую моцную ідэалагічную зброю.

24 лютага 1919 года ў Маскве быў паказаны фільм «Ускрыццё мошчаў Ціхана Завадскага». Бальшавіцкая прэса пісала пра вынікі агляду змесціва ракі: «Чэрап. Высахлая частка галёначнай косткі, што пры дотыку ператвараецца ў парашок. Кардон, пафарбаваны пад цялесны колер. Фальсіфікацыя рук і ног пры дапамозе ваты і кардону. У пальчатцы прарэз, у які ўкладзены кардон цялеснага колеру, і да яго прыкладаліся вернікі. Дамскія панчохі, чаравікі, пальчаткі. Замест грудзей — жалезны каркас».

І пасля гэтага панеслася. Цягам двух наступных гадоў бальшавікі ўскрылі 65 рак. Згодна са звесткамі саміх бальшавікоў, у 29 выпадках былі знойдзеныя сатлелыя косткі, у 16 — часткова згнілыя або часткова муміфікаваныя целы, у 18 — лялькі з воску, кардону і ваты. У дзвюх раках не было ўвогуле нічога.

Асабліва ў бальшавіцкай прэсе смакавалі выпадак з ускрыццём мошчаў Юліяніі Наваторжскай, у якой, згодна з паданнем, былі адсечаныя рукі. Пры аглядзе выявіліся не толькі косткі рук, але і суставы пальцаў.

Асабіста Леніна найбольш цікавілі мошчы Сергія Раданежскага — найбольш шанаванага святога на тэрыторыі былой імперыі. Іх ускрыццё зняў рэжысёр Дзіга Вертаў, і бальшавіцкі правадыр запатрабаваў, каб фільм як мага хутчэй паказалі па ўсёй Маскве. Прэса пісала: «Такім чынам, нятленных мошчаў, як і трэба было чакаць, у выніку ўскрыцця не аказалася. Паўразбураны чэрап і косткі, якія расціраюцца ў парашок, вата, пасма валасоў руса-рыжага колеру, старанна загорнутая ў правошчаную паперу, якая апынулася ў чэрапе, маса молі, лічынак і матылёў, кавалкі грубай вясковай паўспарахнелай матэрыі, — вось і ўся «загадка» труны».

Сярод ускрытых бальшавікамі былі і мошчы Еўфрасінні Полацкай. 26 красавіка 1920 года ў Растове-Вялікім, дзе яны ў той час захоўваліся, спецыяльная камісія засведчыла, што ў рацы выяўлена: «Муміфікаваны труп. Грудная клетка разбурана. Чэрап аддзяліўся ад шыі. Валасоў нідзе не знойдзена. Скура, якая пакрывае твар, схаваная пад слоем нейкай шчыльнай карычневай масы».

30 ліпеня 1920 года Савет народных камісараў на чале з Леніным выдаў пастанову «Аб парадку ліквідацыі мошчаў ва ўсерасійскім маштабе», згодна з якой мошчы перадаваліся ў музеі або перахоўваліся. Пастанова патрабавала «цалкам ліквідаваць варварскі перажытак старыны, якім з’яўляецца культ мёртвых целаў».

Гісторыя пасміхаецца

Здавалася б, кампанія па дыскрэдытацыі царквы была праведзена бліскуча, і праціўнік пасля такога мусіў быць дэмаралізаваны і знішчаны. Але тысячагадовыя традыцыі немагчыма ўвадначас выкараніць, тым больш такімі грубымі метадамі.

1 красавіка 1921 года Наркамат юстыцыі РСФСР мусіў прызнаць, што эфект ад праведзеных мерапрыемстваў не апраўдаў сябе. Гэтыя гвалтоўныя акцыі абуралі насельніцтва. У шэрагу выпадкаў назіраўся эфект адваротны: ускрыццё мошчаў Сергія Раданежскага, напрыклад, выклікала рэлігійны ўздым і толькі ўзмацніла паломніцтва.

Шэраг бальшавіцкіх дзеячаў выступілі супраць працягу кампаніі. Напрыклад, арганізатар медыцыны і адукацыі, будучы дырэктар Музея Рэвалюцыі Сяргей Міцкевіч пісаў Леніну: «Нічога больш недарэчнага і шкоднага для нас… нельга нават уявіць».

Зрэшты, ужо праз некалькі гадоў чалавека, які заклікаў змагацца з муміфікаванымі мошчамі, самога ператвораць у мумію. Паломніцтва да якой будзе ніяк не меншае, чым да святых. «Варварскі перажытак старыны, якім з’яўляецца культ мёртвых целаў», вярнуўся бумерангам.

 ***

Мошчы — парэшткі хрысціянскіх святых. Сярод вернікаў існавала перакананасць, што гэта нятленныя целы, якія захавалі выгляд толькі што памерлага чалавека і валодаюць цудадзейнымі здольнасцямі.

Рака — каўчэг з мошчамі святых, зроблены звычайна ў форме труны.

 ***

Кампанія па ліквідацыі «мошчаў святых», якая ставіла на мэце падарваць давер насельніцтва да царквы, падрыхтавала глебу для кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў 1922 года. Яна ж стала прыкрыццём для ліквідацыі манастыроў, 673 з якіх былі зачыненыя на канец 1920 года.

Василь Герасимчик

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов