Праект партала
Біяграфіі Сямейныя гісторыі прэзідэнтаў БНР

Абрамчыкі, якія ўтаілі архіў, трагедыя Сажыча-малодшага, дзядзька Якуба Коласа… Піша Антон Рудак.

Тры пакаленні Сажычаў. 

Серады: пад покрывам невядомасці

Першым кіраўніком дзяржавы быў ветэрынар. Іван (Янка) Серада нарадзіўся на Наваградчыне, скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут, удзельнічаў у Расійска-японскай і Першай сусветнай войнах. Ён займаў пасаду старшыні Рады БНР зусім коратка, да мая 1918 года.

З усталяваннем савецкай улады застаўся ў Менску, працаваў у бібліятэцы Інстытута беларускай культуры, выкладаў у Белпедтэхнікуме, а пазней — у сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У 1930 годзе Серада быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і на пяць гадоў сасланы ў Яраслаўль.

Кажуць, Іван Мікітавіч прадбачыў, што будзе рэпрэсаваны, і турбаваўся за сваю жонку Ксенію Сцяпанаўну. Таму прасіў калегу па сельгасакадэміі Ювеналія Вейса, каб той ажаніўся з ёй, калі самога Сераду арыштуюць.

Вейс сябраву волю выканаў. Звесткі аб гэтым апублікаваў архітэктар Андрэй Шулаеў са словаў сваячкі, чый бацька быў калегам Серады і Вейса. Памерла Ксенія Сцяпанаўна Серада ў 1963 годзе ў 73 гады і пахаваная ў Менску на Усходніх могілках. На надмагіллі выбітыя яшчэ два імёны — магчыма, гэта дзеці першага кіраўніка нашай дзяржавы? Дакладна не ведаем.

Загадкавы лёс і самога Серады. У снежні 1941 года ён быў паўторна асуджаны — цяпер на 10 гадоў лагера. 19 лістапада 1943 года яго датэрмінова вызвалілі з лагера ў Краснаярскім краі — і тут сляды па ім губляюцца. Як знік першы старшыня Рады БНР, калі ён памёр і ці сваёй смерцю?..

Лёсікі: дзядзька аднаго класіка ажаніўся з дачкой другога

Івана Сераду на пасадзе змяніў Язэп Лёсік, дзядзька Якуба Коласа — хоць на год быў за пляменніка маладзейшы.

Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і Ноўгарад-Северскім гарадскім вучылішчы, настаўнічаў. За ўдзел у падзеях рэвалюцыі 1905 года быў арыштаваны, за ўцёкі прысуджаны да бестэрміновага пасялення ў Сібіры. Вярнуўся ў Беларусь толькі ў лютым 1917 года і адразу ж заняўся палітыкай, а таксама ажаніўся — з Вандай, дачкою пісьменніка Антона Лявіцкага, вядомага пад псеўданімам Ядвігін Ш. Язэпу было 34, Вандзе 22. Яна працавала бібліятэкаркай, выхавацелькай у прытулку, выкладала ў Першай менскай беларускай школе.

Як і Серада, Лёсік застаўся ў савецкім Менску, выкладаў, займаўся мовазнаўствам. Як і Серада, быў арыштаваны ў 1930 годзе і сасланы на пяць гадоў у Саратаўскую вобласць. Але жонка не засталася ў Менску, а паехала следам разам з трыма дзецьмі: Юркам, Люцыяй і Алесяй. Ніхто з іх на радзіму не вярнуўся, усе пасля жылі і працавалі ў Расіі. А Язэп Лёсік быў паўторна арыштаваны ў 1938-м, у 1940-м асуджаны на пяць гадоў і, паводле афіцыйнай версіі, памёр у турме ад сухотаў. Ванда пасля арышту мужа працавала пасудамыйкай і паштаркай. Памерла ў Стаўрапольскім краі ў 1968-м, паспеўшы яшчэ аднойчы наведаць Менск.

Крачэўскія і Захаркі: ляжаць у Празе

Пятро Крачэўскі, чарговы старшыня Рады БНР, скончыў духоўную семінарыю, настаўнічаў, падчас Першай сусветнай быў у войску. Абраны на пасаду старшыні Рады ў снежні 1919 года, асноўную палітычную дзейнасць ён праводзіў ужо ў эміграцыі, баронячы інтарэсы БНР на міжнароднай арэне. Ларыса Геніюш ва ўспамінах згадвае, што пасля смерці Пятра Антонавіча ў 1928 годзе яго ўдава Марыя жыла ў Празе па суседстве з Захаркамі.

Васіль Захарка, які ўзначаліў БНР пасля Крачэўскага, таксама быў настаўнікам. На эміграцыі ў Празе працягваў працу па міжнароднай прэзентацыі БНР, хоць Рада тады ўжо ніякай дзейнасці не праводзіла. Памёр у 1943 годзе, перадаўшы паўнамоцтвы старшыні Рады БНР Міколу Абрамчыку.

Жонка Захаркі, Пелагія Іванаўна, памерла ў 1937 годзе, пахаваная разам з мужам на Альшанскіх могілках у Празе, там жа, дзе і Пётра Крачэўскі. Ні Крачэўскія, ні Захаркі дзяцей не мелі.

Абрамчыкі: схавалі архіў БНР, ды так і не аддалі

Мікола Абрамчык быў першым старшынёй Рады БНР пасля аднаўлення яе дзейнасці ў 1947-м і заставаўся на пасадзе 23 гады, да смерці. Ён скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію, вучыўся ў Празе. У 1930 годзе пераехаў у Францыю, быў там адным з лідараў беларускай эміграцыі.

Паплечнікі сведчылі, што пасля акупацыі нацыстамі Францыі Абрамчык пакінуў Парыж, каб не трапіць у поле зроку гестапа, і планаваў прабірацца ў Беларусь. Але ў выніку ён апынуўся ў Берліне і ў 1941—1943 гадах працаваў у Беларускім камітэце самапомачы.

Тут пазнаёміўся з жонкай Нінай. У гады вайны Ніна, настаўніца з Пружаншчыны, працавала ў Беларускім камітэце самапомачы і берлінскай газеце «Раніца», якая выдавалася для беларусаў, якія жылі ў Германіі альбо апынуліся там як остарбайтары ці ваеннапалонныя. Ніна Абрамчык выдала пад грыфам Беларускага камітэта самапомачы пяць кніжак беларускай лацінкай: тры зборнікі песень, а таксама кнігу «Гісторыя Беларусі ў картах» і брашуру «25 сакавіка». Напрыканцы 1943-га Абрамчыкі выехалі з Берліна ў Парыж, дзе Міколу за нелегальную паездку ў Беларусь арыштавала гестапа.

Мікола, Ніна і Альгерд Абрамчыкі пасяліліся ў Вільпэнце, рабочым прыгарадзе Парыжа. 

У паваенныя гады Абрамчык разгарнуў змаганне за лідарства ў беларускай эміграцыі і ў 1947 зрабіўся прэзідэнтам адноўленай Рады БНР. Не адставала ад яго і Ніна — 1949 годам датуюцца згадкі аб Аб’яднанні беларускіх жанчын, старшынёй якога яна лічылася. Але пра дзейнасць гэтай арганізацыі нічога невядома, таксама няма слядоў адзінага выдадзенага нумара газеты для жанчын «Беларуска». У Францыі Абрамчыкі пасяліліся ў рабочым прыгарадзе Парыжа, у Вільпэнце. Супрацоўніца радыё «Свабода» Галіна Руднік узгадвала: «Хатка іхняя хутчэй нагадвала барак. Жылі яны вельмі бедна. Выручаў гарод і сад, а што тычыцца мяса, то спажывалі сваёй гадоўлі трусоў».

Адзіны сын Альгерд быў познім дзіцём, нарадзіўся, калі бацьку было 52, а маці 39. Пасля бацькавай смерці яго прынялі ў лонданскі беларускі інтэрнат для хлопцаў імя Кірылы Тураўскага пад апеку і ўтрыманне айцоў-марыянаў. Але ўжо ў наступным годзе хлопец быў вымушаны яго кінуць — усё праз канфлікты, якія ўзніклі ў ягонай маткі з апекунамі інтэрната.

Калі памёр Мікола Абрамчык, Ніна не захацела перадаваць наступнікам архівы Рады БНР. Праз гэта жанчына сапсавала адносіны з усімі мужавымі паплечнікамі, а Альгерд быў вымушаны перарваць навуку ў марыянаў і перайсці ў французскі ліцэй у Лондане. У выніку ён стаў інжынерам медыцынскага абсталявання. З беларускай дыяспарай кантактуе мала.

Даследчыца Наталля Гардзіенка і Альгерд Абрамчык. 

А архіў так і прапаў. Хадзілі розныя чуткі. Меркавалася нават, што яго прадалі замежным паслам або савецкім спецслужбам.

Адразу пасля смерці Абрамчыка Ніна спрабавала ўладкавацца на радыё «Свабода», але не ўдалося, і яна стала працаваць у парыжскім Музеі чалавека. Даследчыку Уладзіславу Гарбацкаму ўдалося адшукаць франкамоўныя этнаграфічныя публікацыі Ніны Абрамчык, што з’явіліся напрыканцы 1990-х і былі прысвечаныя беларускай жаночай традыцыйнай культуры. Таксама яна пісала мастацкія творы пад псеўданімам Ніна Раса, у тым ліку ў «Нашу Ніву».

Памерла Ніна Абрамчык у 2004 годзе, пахаваная на славутых парыжскіх могілках Пэр-Ляшэз каля мужа (там таксама пахаваныя Гіём Апалінэр, Анарэ дэ Бальзак, Нестар Махно, Джым Морысан і мноства іншых знакамітасцяў).

Актыўным у беларускіх колах быў пляменнік і цёзка прэзідэнта — Мікалай Абрамчык-малодшы, які нарадзіўся ў 1922 годзе і падчас нямецкай акупацыі служыў у паліцыі ў Радашковічах. Мікола Абрамчык-старэйшы прапаноўваў пляменніка ў якасці кандыдата на ролю дэсантніка Рады БНР для перакідкі ў БССР — але ён быў адхілены амерыканцамі яшчэ да дэсанту Янкі Філістовіча. У 1960-х Мікалай Абрамчык-малодшы быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Ёрку і сябрам рэдкалегіі газеты «Беларус». Памёр ён у 2005-м, толькі на год пазней за дзядзькаву жонку.

Жук-Грышкевічы: Вінцэнт і дзве яго жонкі

Вінцэнт Жук-Грышкевіч, які заняў месца Міколы Абрамчыка, меў з папярэднікам шмат супольнага, але вайну правёў на іншым баку. Ён таксама адвучыўся ў беларускіх гімназіях (праўда, не ў Радашковічах, а ў родным Будславе і Вільні), таксама атрымаў вышэйшую адукацыю ў Празе. Настаўнічаў у Віленскай беларускай гімназіі, але ўвосень 1939-га быў арыштаваны і асуджаны саветамі. У 1942 годзе з лагера трапіў у армію генерала Уладзіслава Андэрса, удзельнічаў у бітве ля Монтэ-Касіна.

Пасля вайны жыў у Брытаніі і Канадзе, а ў 1954 годзе зрабіўся першым кіраўніком беларускай секцыі радыё «Вызваленне» (цяперашняя «Свабода»). Старшынёй Рады БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч быў да смерці ў 1982-м.

Першай жонкай Грышкевіча была Ксенія Лапіцкая, у 1931-м у іх нарадзілася дачка Рагнеда. Разлучылася сям’я ў 1939 годзе не са сваёй волі — калі Ксенія выехала на Дзісеншчыну па дачку, якая была на вакацыях у сваякоў, Вінцэнта арыштавалі, і болей яны не пабачыліся. Ксенію савецкая дзяржбяспека схапіла ў Вілейцы ў 1944-м, і, як перадалі дачцэ, у турме яна памерла ад тыфу. Рагнеда ўзяла прозвішча Аляхновіч, паступіла пасля вайны на беларускую філалогію — але ў 1951-м яе выключылі за «ўтойванне фактаў біяграфіі». Скончыць навучанне яна здолела толькі пасля смерці Сталіна, зрабілася выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры, працавала ў Навукова-даследчым інстытуце педагогікі, пісала ў «Нашу Ніву», памерла ў Менску ў 2013 годзе.

З другой жонкай Вінцэнта Грышкевіча лёс звёў ужо на эміграцыі. Як і Ніна Абрамчык, Раіса Жукоўская таксама паходзіла з Пружаншчыны, таксама вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі. Год да пачатку вайны адвучылася ў Віленскім універсітэце на факультэце права, потым настаўнічала на Пружаншчыне, а ў 1942-м была вывезена на працу ў Германію.

Ніна Ляўковіч (у сярэдзіне справа) побач з Раісай Жукоўскай сярод актывістаў Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні, люты 1939-га. 

Пасля вайны Раіса была адной з актывістак беларускага скаўтынгу ў лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце, а пазней вучылася ва ўніверсітэце ў Марбургу. У 1949-м яна выехала ў Канаду і вывучылася на стаматолага. Тут яны і пазнаёміліся з Жук-Грышкевічам.

Вінцэнт Жук-Грышкевіч ажаніўся другі раз, калі першая жонка знікла за жалезнай заслонай. Раіса Жук-Грышкевіч была стаматолагам і бязмерна адданая справе свайго мужа.

Раіса ўзначальвала Задзіночанне беларускіх жанчын Канады. У 1993-м прыязджала ў Беларусь, каб паўдзельнічаць у Першым з’ездзе беларусаў свету. У тым жа годзе ў Таронта выдала кнігу «Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» — амаль 800 старонак успамінаў, дзённікаў і ліставання, з якіх паўстае біяграфія ейнага мужа. Памерла ў 2009 годзе.

Сажычы

Язэп Сажыч, народжаны ў 1917 годзе ў Гарадзечне на Наваградчыне, скончыў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча і афіцэрскую школу. У 1939 годзе трапіў у нямецкі палон, уцёк, вучыўся ў Львове і ўрэшце вярнуўся ў Беларусь. Падчас нацысцкай акупацыі Язэп стаяў на чале беларускага батальёна аховы чыгунак.

Пасля вайны ён у Германіі вывучыўся на доктара і выехаў у ЗША. У 1982—1997 гадах Язэп Сажыч узначальваў Раду БНР, памёр у 2007-м.

Жонка ягоная таксама мела дачыненне да вайсковай справы. Барбара Мазура нарадзілася ў 1919-м у Вількаміры ў Літве (цяпер Укмерге). Перад вайной жыла на Наваградчыне, улетку 1944-га з сям’ёй выехала з Беларусі і кароткі час была ў разведшколе абвера для беларусаў у Дальвіцы ва Усходняй Прусіі (цяпер — Калінінградская вобласць Расіі) разам з сястрой Таццянай і братам Юркам, які падчас нацысцкай акупацыі ў Наваградку быў афіцэрам батальёна Барыса Рагулі. Пасля вайны ў Германіі Барбара вучылася ва ўніверсітэце ў Марбургу, у 1950-м выйшла за Сажыча. Памерла Барбара Сажыч у 1978 годзе ад раку.

Тры пакаленні Сажычаў. 

Язэп і Барбара Сажычы мелі дачку Алену і сына Язэпа. Бацькі хацелі, каб сын вывучыўся на медыка, але хлопец зрабіўся тэолагам і пратэстанцкім пастарам. Як місіянер, ён наведваў краіны былога СССР. Свайго сына Язэп-малодшы таксама назваў Язэпам. На жаль, ён памёр ад раку ў 22 гады.

Сурвілы

Івонка Сурвіла (у дзявоцтве Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўбцах. Пасля 1944-га вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы, скончыла філалагічны факультэт Сарбоны.

Яе муж Янка нарадзіўся ў 1925 годзе на Смаргоншчыне. Падчас нацысцкай акупацыі настаўнічаў, але ў 1943 годзе партызаны спалілі яго школу. Тады Янка выехаў у Германію, дзе ягоны дзядзька працаваў у баўэра, і Мікола Абрамчык уладкаваў яго на працу ў Беларускім камітэце самапомачы ў Берліне. Пасля вайны Сурвіла выехаў у Францыю.

У 1948 годзе на Першым з'ездзе беларускай эміграцыі ў Парыжы Янка пазнаёміўся з Івонкай Шыманец, а праз дзесяць гадоў яны пабраліся шлюбам. У 1959 годзе Сурвілы пераехалі ў Мадрыд, дзе Янка вучыўся на эканаміста, а таксама вёў на мадрыдскім радыё перадачы для беларусаў. У 1969-м Сурвілы перабраліся ў Канаду. Памёр Янка Сурвіла ў 1997 годзе, а праз некалькі месяцаў ягоная ўдава была абраная старшынёй Рады БНР.

Янка ды Івонка Сурвілы. Фота з архіва Івонкі Сурвілы.

У Сурвілаў дзве дачкі — Ганна-Прадслава і Паўліна. Паўліна нарадзілася ў 1961 годзе ў Мадрыдзе, служыла музыкай у канадскім войску, скончыла ўніверсітэт у Мічыгане, яна доктар музыказнаўства.

У Сурвілаў дзве дачкі — Ганна-Прадслава і Паўліна. Фота з архіва Івонкі Сурвілы.

Ганна вучылася матэматыцы, атрымала спецыяльнасць бізнэс-менеджара.

* * *

Палітычная і грамадская актыўнасць старшыняў Рады БНР не магла не пакідаць адбітку на іх прыватным жыцці. Як лідары ўрада ў выгнанні, яны не маглі разлічваць на нейкія прывілеі ці гарантыі заможнага жыцця для сябе і сваіх сем’яў. Наадварот — яны ахвяравалі сабой і сямейным дабрабытам дзеля сваёй дзейнасці на чале Рады.

Варта адзначыць, што Рада БНР не запляміла сябе ніякімі кантактамі з нацыстамі, у вайну папросту не праводзіла ніякай дзейнасці. Хоць Мікола Абрамчык ці Язэп Сажыч тым альбо іншым чынам працавалі пэўны час пад нямецкім кантролем, але першы пры гэтым таксама зазнаў пераслед з боку нацысцкіх спецслужбаў, а другі паспеў нават пазмагацца супраць нацыстаў на фронце ў 1939-м. Нават саветы, якія хапаліся за любую падставу для дыскрэдытацыі сваіх палітычных апанентаў, не рабілі спроб абвінаваціць старшыняў Рады БНР у датычнасці да ваенных злачынстваў. 

Антон Рудак

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў