Праект партала
Стоп-фэйк Ці бамбілі савецкія самалёты ўжо вызвалены Мінск?

Пра тое, што савецкая авіяцыя бамбіла Мінск у ліпені 1944-га «ўжо пасля таго, як немцы сышлі з горада», упершыню напісалі ў 2012 годзе.

Дом Чырвонай арміі (цяпер Дом афіцэраў) у Мінску ў ліпені 1944 года. Пажар 3 ліпеня быў выкліканы выбухам пакінутай тут немцамі перад адступленнем бомбы, якую не паспелі своечасова абясшкодзіць савецкія сапёры. Фота: minsk-old-new.com.

«Сталін даў загад»

3 ліпеня 2012 года на сайце радыё «Свабода» з’явіўся тэкст Віталя Сямашкі «Яны дагэтуль не ведаюць, што аж да 3 ліпеня Мінск бамбілі «нашы»!» Словы, вынесеныя ў загаловак, належаць кандыдату тэхнічных навук Алесю Клышку, які ў 2010 годзе выдаў кнігай аўтабіяграфічную паэму «Мінская зямля», далучыўшы да яе ўспаміны сваёй сястры Ірыны Клышкі, якія па аб’ёме складаюць амаль траціну гэтага выдання. Сам Алесь Клышка нарадзіўся пасля вайны, у 1948 годзе, а Ірына Клышка — у 1935-м. У ліпені 1944-га ёй было дзевяць гадоў.

Тэкст Віталя Сямашкі быў прымеркаваны да выхаду дапоўненага перавыдання «Мінскай зямлі». Аўтар у ім пісаў: «У «Мінскай зямлі — 2» Алесь Клышка заяўляе: Мінск да 3 ліпеня ўшчэнт за 2 дні разбамбіла… савецкая авіяцыя». Далей і сам Клышка ў гутарцы з журналістам сцвярджаў: «Сталін ведаў, што ў Мінску немцаў няма, і калі запыталі ў яго, ці трэба рабіць бамбаванне, ён даў каманду: «Усё роўна». Сямашка ў адказ задаў свайму суразмоўцу лагічнае пытанне: «А тагачасныя мінчукі ўсведамлялі, што іх бамбавалі свае?» Алесь Клышка ўпэўнена адказаў: «Не».

Але ніякіх стэнаграмаў з падобнымі словамі савецкага дыктатара ў прыродзе не існуе. Сталін ніколі не казаў нічога падобнага пра Мінск улетку 1944-га. Клышка пераказаў за кімсьці нейкія плёткі.

Сястра не пацвярджае

Паколькі сам Алесь Клышка нарадзіўся ўжо пасля вайны, асабістых успамінаў ён мець не мог. Але, можа, свае сенсацыйныя сцверджанні ён грунтуе на ўспамінах сястры, якой тады было дзевяць гадоў? Ды не: прачытаўшы ўспаміны Ірыны Клышкі ў выданні «Мінскай зямлі» 2010 года, я не знайшоў у іх аніякай згадкі, што савецкая авіяцыя нібыта бамбіла Мінск пасля адступлення немцаў. Аўтарка толькі сцвярджае: «Самыя страшныя бамбёжкі былі, калі чырвоныя наступалі». І ніякіх згадак пра дні, калі немцы нібыта ўжо адступілі, а саветы яшчэ не прыйшлі. Нічога дзіўнага, бо такіх дзён на самай справе проста не было.

Віталь Сямашка, праўда, піша: «Алесь Клышка карыстаўся не толькі ўспамінамі. Ён шмат гадоў працаваў у закрытых архівах музея Вялікай Айчыннай вайны, вывучыў багата дакументаў». Але рэч у тым, што нічога канкрэтнага, што гэта за дакументы, не кажацца і яны не цытуюцца. Іншыя ж аўтары, якія працавалі ў фондах таго самага музея, не толькі не пацвярджаюць версію Клышкі, але і абвяргаюць яе.

На гэтым фота пажару ўжо няма, але відаць цела забітага нямецкага вайскоўца. Фота: minsk-old-new.com.

Немцы трымаліся да апошняга

Возьмем кнігу супрацоўніцы Інстытута гісторыі НАН Ірыны Варанковай «Минск: лето 1941, лето 1944». Яе даследаванне цалкам прысвечана першым дням вайны ў Мінску да прыходу немцаў, але ў заключным яго раздзеле па аналогіі асвятляюцца і падзеі, якія папярэднічалі адступленню вермахта.

Дык вось, Ірына Варанкова, грунтуючыся на дакументах з таго самага музея Вялікай Айчыннай вайны, піша, што нямецкая эвакуацыя з Мінска адбывалася з 27 чэрвеня да 1 ліпеня ўключна, калі немцы ўзарвалі чыгуначныя шляхі. Да 30 чэрвеня Мінск пакінулі ўсе цывільныя немцы. 1 ліпеня пачалі дзейнічаць падрыўныя каманды, якія нішчылі абсталяванне прадпрыемстваў, але ўжо вечарам таго самага дня яны пакінулі Мінск разам з васьмю тысячамі параненых нямецкіх вайскоўцаў. Вайсковыя часткі немцаў усё яшчэ заставаліся ў горадзе.

2 ліпеня ў Мінск увайшлі аўтакалоны 4-й арміі з папаўненнем. Немцы планавалі замацавацца на ўсходняй ускраіне горада і аказаць супраціў. Але ўжо зранку 3 ліпеня на вуліцах Мінска з’явіліся першыя савецкія танкі. За дзень горад быў цалкам узяты пад кантроль савецкай арміяй — і тым жа вечарам зноў патрапіў пад бомбы. Толькі гэтым разам яны былі ўжо нямецкія.

Як бачым, двух дзён «безуладдзя» ў ліпені 1944-га проста не было.

Магчыма, бязлюддзе на яшчэ нядаўна запоўненых вуліцах, характэрнае для пачатку любых актыўных баявых дзеянняў, магло стварыць у нейкай часткі сведкаў — асабліва тых, што былі дзецьмі ці падлеткамі, — ілюзію таго, што 1 ці 2 ліпеня Мінск быў зусім пакінуты немцамі. Але дакументы і сама логіка падзей сведчаць пра адваротнае. Калі б немцы раней адступілі з Мінска, саветы не прамінулі б магчымасці як мага раней заняць горад — тэмп іх наступлення быў тады надзвычай высокім. Ніякай аб’ектыўнай патрэбы марудзіць не было.

Антон Рудак

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў