Проект портала
Наши далекие Как люди искали за океаном доллары и свободу

Во многих белорусских семьях сохранились воспоминания о родственниках, которые сто и более лет назад уехали в Америку. Чаще всего это были младшие братья и сестры наших прабабушек и прадедушек, которым в перенаселенном белорусском селе в наследство совсем не осталось земли и нужно было искать какой-то иной путь, чем судьба земледельца. О том, как заокеанская эмиграция происходила столетие назад, пишет Андрей Вашкевич.

Эмігранты з Усходняй Еўропы ў першым пакаленні збіраюць ягады пад Балтымарам, ЗША. 1909. Фота: Wikimedia Commons.

Чаму ехалі

Людзі ехалі за акіян з розных прычынаў, асноўная маса з якіх мела эканамічны характар. Хранічнае беззямелле беларускай вёскі, галеча яўрэйскіх мястэчак, адсутнасць працы ў гарадах… У далёкай Амерыцы, цяжка працуючы, можна было добра зарабіць.

Але, апрача грошай, было ў гэтым масавым зыходзе таксама і памкненне да свабоды, жаданне пабачыць іншае грамадства, не падзеленае па саслоўнай і нацыянальнай прыкметах. Многія пасля вярталіся дадому: хтосьці назаўсёды, хтосьці каб забраць з сабой нарачоную. Тых, хто вярнуўся з-за акіяна, нават праз дзесяцігоддзі называлі «амерыканцамі», а таксама давалі іншыя з гэтым звязаныя, часам зусім дзіўныя мянушкі.

Напрыклад, аднаго майго далёкага сваяка ў вёсцы называлі «Сановабіч», бо ён прывёз з Амерыкі звычку лаяцца словамі son of a bitch (сукін сын).

Сямейная гісторыя аўтара гэтага тэксту даволі тыповая. У майго прапрадзеда Яна было тры сыны і дзве дачкі. Дзяліць паміж імі гаспадарку, якая ледзь даходзіла да дзесяці гектараў зямлі, было бессэнсоўна. Таму прынялі рашэнне: зямля і дом дастануцца старэйшаму Адаму, майму прадзеду, а двум братам і сёстрам ён выплаціць па некалькі соцень царскіх рублёў. Дзяўчаты, атрымаўшы грошы, хутка выйшлі замуж, брат Юзік застаўся ў вёсцы, а Уладзіслаў вырашыў паспрабаваць шчасця за акіянам. Незадоўга да Першай сусветнай вайны ён ступіў на амерыканскую зямлю, там ажаніўся з дзяўчынай з ваколіц Гродна і пад канец жыцця меў нават невялікае прадпрыемства па вытворчасці крухмалу. Уладзіслаў да канца жыцця перапісваўся з Адамам, прысылаў яму нейкія грошы і фотаздымкі з домам, аўтамабілямі, сямейнымі святамі. А старэйшы брат, які ў 1950-я страціў зямлю і яшчэ паспытаў сталінскага лагера, шчыра радаваўся за брата-амерыканца. Пасля смерці абодвух трансакіянскія сувязі перарваліся.

Такія здымкі Нью-Ёрка прыслаў дамоў у Заходнюю Беларусь адзін эмігрант.

Што знаходзіцца на familysearch.org

Такіх гісторый можна расказаць сотні і тысячы. Напрыклад, на сайце familysearch.org па пошукавым запыце Grodno выдаюцца запісы пра 12 тысяч чалавек, якія прыехалі ў ЗША паміж 1892 і 1924 гадамі. І гэта толькі з аднаго горада!

Былі гэта галоўным чынам яўрэі, таму, калі вы захапляецеся фільмам «Аднойчы ў Амерыцы» з класікі сусветнага кінематографа, то можаце сабе ўявіць, што ўсе галоўныя героі фільма нарадзіліся недзе ў Лёзне ці Смілавічах. Арансан, Гольдберг і Беркавіч — тыповыя прозвішчы беларускіх яўрэяў той пары. Ды і галоўны герой Роберта дэ Ніра выпісаны паводле ўзору самага вядомага гродзенскага эмігранта — аднаго з аўтарытэтаў амерыканскай мафіі Меіра Ланскі.

Калі гаварыць пра славянскіх эмігрантаў, то і тут можна пашукаць сваіх сваякоў на гэтым сайце, створаным амерыканскімі мармонамі. Гэта будзе няпроста, паколькі запыт на звычайнае беларускае прозвішча накшталт Міцкевіч выдае тысячы імёнаў. Што зразумела, паколькі толькі праз маленькі Эліс-Айленд каля Манхэтэна прайшло за 50 першых гадоў ХХ стагоддзя каля 12 мільёнаў чалавек. Колькі з іх паходзіла з тэрыторыі сучаснай Беларусі — ніхто не ведае, але лік ідзе на многія сотні тысяч чалавек.

На выезд наважваліся не самыя бедныя, а тыя, хто меў пару сотняў рублёў на набыццё білетаў і элементарную арганізацыю выезду.

Білеты прадаваліся спецыяльнымі агенцтвамі і асобнымі агентамі, якія прадстаўлялі фірмы з офісамі ў Гамбургу, Брэмене, Ратэрдаме і Амстэрдаме.

«Гродна» і «Тытанік»

Набыццё білета і ад’езд былі звязаныя з праблемамі. Найперш трэба было здабыць дазвол на выезд, і хоць гэта не было фармальна забаронена, улады часта чынілі перашкоды, не выдаючы людзям адпаведныя дакументы. Таму ўжо аселыя ў Амерыцы гарадзенцы нярэдка высылалі сваякам свае ўжо непатрэбныя дазволы, каб тыя па іх таксама маглі пакінуць Расійскую імперыю. Хлопцы прызыўнога ўзросту пераходзілі мяжу з Германіяй нелегальна.

Бывалі дні, калі ў Гамбург прыбывала па 700 чалавек, якія рыхтаваліся адплыць у Амерыку. Дзясяткі параходаў везлі тысячы людзей за акіян у няпэўную будучыню, але людзі верылі, што падарожжа ў смуродзе, без добрай вады і ежы будзе для іх апошняй пакутай.

Апошні раз развітацца з роднай Беларуссю можна было проста ў порце Нью-Ёрка, бо ў 1906—1907 гадах праз Атлантыку ў ліку іншых перавозіў пасажыраў параход з назвай «Гродна». Гэта быў нямецкі параход, куплены ў 1906-м Расійскім усходнеазіяцкім таварыствам разам з параходам «Коўна» для арганізацыі перавозак грузаў і пасажыраў з Лібавы (цяпер Ліепая ў Латвіі) у Філадэльфію і Нью-Ёрк. Хоць на «Гродне» і быў падняты расійскі сцяг, але карабель фактычна працягваў заставацца ва ўласнасці немцаў, а канкрэтней — Нямецка-амерыканскага таварыства з Гамбурга. За 1906 і 1907 гады параход «Гродна» пяць разоў перасякаў Атлантычны акіян, наведаў некалькі амерыканскіх партоў, перавозячы за адзін раз па 680 эмігрантаў з Расійскай імперыі. Па дарозе назад «Гродна» завітваў з грузамі ў Капенгаген і Гамбург.

Фотаздымак ураджэнцаў Беларусі, прысланы на Гродзеншчыну з амерыканскай Пенсільваніі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.

Некаторыя караблі, праўда, да Амерыкі не даплывалі. Згадаем хоць бы знакаміты «Тытанік». Большасць загінулых на ім паходзілі з Харватыі, але быў і як мінімум адзін вілянчук — каталіцкі ксёндз Юзаф Монтвіл. Ён атрымаў забарону на святарства ў Расійскай імперыі за тое, што пахрысціў у каталіцтва дзіця былых уніятаў. Пасля таго святар вырашыў паспрабаваць шчасця за акіянам, але купіў білет на злашчасны «Тытанік». Як успаміналі тыя, хто перажыў катастрофу, Монвіл да апошняга спавядаў людзей на адной з палубаў карабля, які ішоў на дно.

Лесвіца развітання

Але для пераважнай большасці падарожжа цераз акіян завяршалася ў порце Нью-Ёрка. На мацерыку, праўда, імігранты заставаліся ўсяго некалькі хвілін, далей іх паромамі перавозілі на маленькі востраў Эліс, дзе знаходзілася галоўная станцыя па прыёме тых, хто хацеў упершыню ступіць на амерыканскую зямлю. У канцы ХІХ стагоддзя амерыканскі медыямагнат Джозэф Пулітцэр востра раскрытыкаваў умовы, у якіх знаходзіліся імігранты, што прыбывалі на Манхэтэн. Ён добра ведаў сітуацыю, бо і сам за два дзесяцігоддзі да таго прыплыў у ЗША з Венгрыі. Тады амерыканскія ўлады і заснавалі станцыю прыёму эмігрантаў на Эліс-Айлэндзе.

Мужчынская спальня для імігрантаў на востраве Эліс-Айленд. Фота: Wikimedia Commons.

Першай імігранткай, якую ўрачыста сустрэлі на востраве, была ірландка Эні Мур. Менавіта ёй падарылі залатую дзесяцідоларавую манету, хоць большасць тых, хто прыплыў разам з Эні, былі выхадцамі з Расійскай імперыі. Усе пасажыры трэцяга класа, якіх перавозілі на Эліс-Айлэнд, былі дакладна перапісаныя капітанам карабля. Спачатку анкета ўключала 11 пунктаў, а пасля павялічылася да 33-х. Менавіта матэрыялы гэтых анкет можна знайсці на старонцы familysearch.org.

Манета 25 цэнтаў, прысвечаная імігрантам і Эліс-Айленду.

У вялікай зале падарожныя пакідалі багаж і раздзяляліся. Па лесвіцы асобна падымаліся мужчыны і жанчыны з дзецьмі. Ужо тут іх адсочвалі амерыканскія чыноўнікі, выглядаючы людзей з яўнымі фізічнымі недахопамі. Тады і падчас наступнага павярхоўнага медыцынскага агляду адсейвалі калек, хворых і людзей з вельмі нізкім узроўнем інтэлекту.

Апошняе высвятлялі проста: давалі заданне сабраць з некалькіх частак просценькі драўляны караблік.

Тут жа імігрантаў рэгістравалі паўторна. Знайсці па матэрыялах гэтай рэгістрацыі сваякоў цяпер вельмі складана. Амерыканскія чыноўнікі бязбожна перакручвалі і скарачалі прозвішчы і імёны, тое самае тычылася і назваў мясцовасцяў, адкуль прыехалі эмігранты. Часта пісалі проста Расія ці Расійская імперыя, а больш свядомыя выхадцы з заходняй часткі імперыі маглі падаць сваёй радзімай і Польшчу, і Беларусь. А можна было проста сказаць назву сваёй вёскі ці суседняга мястэчка або губернскага горада. Чалавек быццам аддзяляўся ад свайго мінулага: для новага жыцця ўжо было не так важна, ці правільна запішуць ягонае прозвішча або месца нараджэння.

Пасля агляду людзі сыходзіліся па «лесвіцы развітання». Правы яе марш вёў да чыгуначных кас, адкуль можна было купіць білеты па ўсёй Амерыцы. Левы марш вёў да парома, які вёз у Нью-Ёрк тых, хто хацеў застацца ў горадзе. Сярэдні марш вёў да залы часова затрыманых. Такіх, дарэчы, рабілася ўсё болей. Спачатку былі ўведзеныя тэсты на пісьменнасць, потым амаль спыніўся прыём імігрантаў-азіятаў, пасля пачалі строга адсейваць «камуністаў» і «анархістаў». У 1954-м Эліс-Айлэнд быў канчаткова зачынены.

Цывілізацыя ніколі не памірае

Далей у кожнага была свая дарога. Большасць ніколі не вярнулася на Радзіму і даволі хутка асімілявалася ў амерыканскім melting pot, «плавільным катле». Аднак некаторыя, наадварот, толькі за акіянам усвядомілі сябе беларусамі і па-беларуску пісалі сваякам на радзіму, у той час як тыя адказвалі ім па-расійску ці па-польску.

Яўрэйскім эмігрантам з Амерыкі ў Беларусь пісаць ужо не было каму. Але, як напісалі Чарльз Энгоф і Меер Левін у кнізе «Уздым амерыканскай яўрэйскай літаратуры», «цывілізацыя ніколі не памірае, яна толькі мяняе адрас. У першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя цэнтры яўрэйскай цывілізацыі пераехалі ў Амерыку. Вільня пераехала ў Нью-Ёрк, Гродна — у Філадэльфію, а Мінск — у Бостан»…

***

Максім Багдановіч. Эмігранцкая песня

Ёсць на свеце такія бадзягі,
Што не вераць ні ў Бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сцягі
Караблёў акіянскага порта.

I няма ім каго тут пакінуць,
Бо нікога на свеце не маюць.
Ўсё ім роўна: ці жыць, ці загінуць, —
Аднаго яны моцна жадаюць:

Пабываць у краях незнаёмых,
Ды зазнаць там i шчасця i гора,
I загінуць у хвалях салёных
Белапеннага сіняга мора.

Але мы — не таго мы шукаем,
He тагo на чужыне нам трэба.
He рассталіся б мы з нашым краем,
Каб было дзеля нас у ім хлеба.

I на вулцы пад грукат, пад гоман,
Дзе натоўп закруціўся рухавы,
Нам маячыцца вёсачка, Нёман
I aгні партавыя Лібавы.

«Наша Ніва». №17. 1914.

Андрей Вашкевич

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов