Проект портала
Мемуары В кованых решетках минских балконов ему виделись звезды Давида

Должность ответственного секретаря журнала «Весці АН БССР» давала возможность встречаться с самыми разными людьми — от аспиранта до академика. А я пробыл в этой должности более полутора десятка лет — с конца 1960-х до середины 1980-х. Вспоминает доктор филологических наук Семен Букчин.

Часопіс не гумовы

Публікацыі былі патрэбныя і тым, хто рыхтаваўся абараніць дысертацыю, і навуковым супрацоўнікам рознага ўзроўню як пацвярджэнне паспяховага выканання планавай тэмы. Ну і была чарга ў часопісе (серыя грамадскіх навук), які выходзіў раз на два месяцы. Трэба было чакаць, бо раздзелы «Гісторыя», «Эканоміка», «Мовазнаўства», «Мастацтвазнаўства», «Літаратуразнаўства» змяшчалі звычайна два-тры артыкулы, між тым як ахвотных як найхутчэй надрукавацца было шмат.

На другой старонцы вокладкі друкаваліся «Правілы для аўтараў», якія разам з тэхнічнымі патрабаваннямі да рукапісу нагадвалі пра неабходнасць адпаведнага ліста-накіравання з дырэкцыі інстытута і рэкамендацыі сектара ці кафедры, дзе працаваў аўтар. Разам з тым аўтар папярэджваўся, што рэдакцыя мае права адсылаць артыкулы рэцэнзентам на свой выбар. Акадэмічнае выдавецтва, куды трапляў на рэдагаванне і друк чарговы нумар часопіса, прынцыпова ставілася да таго, каб такія рэцэнзіі суправаджалі большасць артыкулаў. Так што ў рэдакцыі была перапіска, і немалая.

Аўтары рэагавалі на рэцэнзіі ў большасці спакойна, прымалі заўвагі. Але здараліся розныя выпадкі. Некаторыя, незадаволеныя крытычным водгукам, спрабавалі ціснуць на рэдакцыю, але тут на яе баку звычайна аказваліся члены рэдкалегіі: акадэмікі, члены-карэспандэнты, дырэктары інстытутаў.

«Ты што тут сіянісцкае гняздо развёў?»

І вось на самым пачатку 80-х гадоў выбухнула гісторыя, у выніку якой я, адказны сакратар часопіса, уступіў у жорсткі канфлікт з галоўным рэдактарам, акадэмікам-сакратаром аддзялення грамадскіх навук Казімірам Буславым. Пачалося так. У рэдакцыі з’явіўся невысокі, сярэдніх гадоў чалавек. Было відаць, што ён вельмі нервуецца. Гэта быў даволі вядомы тады адданы змагар з сіянізмам, юдаізмам і масонствам Уладзімір Бягун, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН БССР, кандыдат філасофскіх навук.

Барацьба з сіянізмам у тыя часы ўвогуле была адным з савецкіх ідэалагічных прыярытэтаў, і Бягун у Беларусі, можна сказаць, узначальваў яе. Пра яго гаварылі, што ён быў проста да хваравітасці захоплены гэтым змаганнем. Акрамя кніжак («Ползучая контрреволюция», «Вторжение без оружия» «Ярмарка предателей» і інш.), ён пісаў дакладныя запіскі ў ЦК КПБ. У іх, апрача іншага, ён звяртаў увагу на яшчэ дарэвалюцыйныя краты мінскіх балконаў, дзе яму бачыліся знакі зоркі Давіда. Дарэчы, гэтыя знакі мроіліся яму і на некаторых скульптурных выявах савецкага часу.

У ложных вокнах работнік АН Бягун убачыў след масонаў. «Ды ў нас увесь праспект глядзіць праз ложныя масонскія вокны! Ды і літара «М» зноў-такі нешта значыць,» — іранізуе Міхаіл Валодзін. Фота: «Мінскія гісторыйкі», blog.t-s.by

Бягун прынёс артыкул пад назвай, як памятаецца, «Сусветнае распаўсюджванне міжнароднага сіянізму як зброя сучаснага імперыялізму». Тэма, безумоўна, патрабавала знешняга і сур’ёзнага рэцэнзавання, пра што я сказаў аўтару. Бегуна як ударыла электрычнасцю. Ён літаральна затросся і стаў патрабаваць, каб артыкул не пасылалі на водгук у адзін з маскоўскіх інстытутаў, у якім якраз працавалі адпаведныя спецыялісты. Але я паслаў рукапіс менавіта ў гэты інстытут і яшчэ ў адну мінскую ВНУ. Абедзве рэцэнзіі прыйшлі рэзка адмоўныя.

Прайшло некалькі дзён пасля таго, як артыкул разам з рэцэнзіямі быў адасланы аўтару, і мне патэлефанаваў акадэмік Буслаў. «Ты што тут сіянісцкае гняздо развёў? — з незвычайным раздражненнем запытаў ён. — Неадкладна адпраўляй артыкул Бегуна ў друк. Гэта мой загад як галоўнага рэдактара». Мае пярэчанні наконт таго, што рэцэнзіі адмоўныя і падпісаныя вельмі аўтарытэтнымі спецыялістамі, Буслаў сустрэў выразнымі мацюкамі. Ён да акадэміі працаваў у ЦК КПБ, дзе, відаць, і прайшоў адпаведную школу. Калі я не выканаю яго загаду, ён пагражаў сцерці мяне ў парашок.

Барысевіч «самаўхіліўся», а Крапіва падтрымаў

Тым не менш я адмовіўся падпарадкавацца. Бо быў не толькі адказным сакратаром, але і членам рэдкалегіі часопіса. Хаця і разумеў, што на гэты раз рэдкалегія мяне не падтрымае.

Мяне выклікаў да сябе дырэктар акадэмічнага выдавецтва Фадзей Савіцкі. Добры і прыстойны чалавек, ён быў у разгубленасці. Сутычка з акадэмікам Буславым магла каштаваць яму службовага крэсла. Ён вырашыў перакласці праблему на прэзідэнта Акадэміі навук, вядомага фізіка акадэміка Мікалая Барысевіча, у сувязі з чым папрасіў мяне напісаць адпаведную тлумачальную запіску на яго імя і прыкласці дакументы — артыкул Бегуна і рэцэнзіі. Недзе праз тыдзень у кабінеце Фадзея Савіцкага я пабачыў рэзалюцыю Барысевіча на маёй запісцы: «Вы лічыце, што мне, як прэзідэнту Акадэміі навук, больш няма чаго рабіць, як разбіраць вашы сваркі? Прыміце самі неабходнае рашэнне».

Гэта быў сігнал, які ў вядомай ступені развязваў дырэктару выдавецтва рукі. Справа была ў тым, што акадэмік Барысевіч, скажам дыпламатычна, не меў вялікай любові да яўрэяў. Але ў дадзеным выпадку ён вырашыў «самаўхіліцца». У нейкай ступені прычына была і ў ягоных няпростых адносінах з акадэмікам Буславым. Але большую ролю, як здаецца, адыграла яго нежаданне лезці ў гэтую гісторыю з непрыемным пахам. І гэта нягледзячы на тое, што Буслаў дамагаўся майго звальнення з працы.

Я пайшоў параіцца да пісьменніка-акадэміка Кандрата Крапівы. Ён, як віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук, курыраваў усю гуманітарную сферу. «А чаго вас звальняць ці вам самому звальняцца? Рэцэнзіі ж адмоўныя», — сказаў Крапіва. Міжволі ўспомнілася, што перада мной аўтар п’есы «Хто смяецца апошнім».

Саламонава рашэнне

Было прынята саламонава рашэнне. Серыю грамадскіх навук часопіса «Весці АН БССР» у мяне адабралі і перадалі калезе Галіне Маленчанка, ад якой у сваю чаргу адабралі серыю фізіка-тэхнічных навук і перадалі мне. Галіна Сяргееўна плакала, бо, як чорт крыжа, баялася гэтай «ідэалагічнай» серыі. Асцерагалася, што Буслаў прымусіць яе надрукаваць злашчасны артыкул Бегуна і з гэтага можа выйсці вялікі скандал. Але Буслаў хутка захварэў і ў пачатку 1983-га памёр. Літаральна праз два дні пасля яго смерці рашэннем Прэзідыума АН БССР серыя грамадскіх навук была вернута мне як адказнаму сакратару. Галіна Сяргееўна атрымала назад сваю серыю фізіка-тэхнічных навук і ўздыхнула з палёгкай.

Фота: nasb.gov.by

Да пачатку гарбачоўскай перабудовы заставалася нядоўга. Мусіць, штосьці ўжо лётала ў паветры і адбілася ў гэтай гісторыі. А можа, проста збег абставінаў…

 ***

У Міхаіла Валодзіна, аўтара цудоўнай кніжкі пра Мінск «Мінскія гісторыйкі», ёсць гісторыйка і пра Уладзіміра Бегуна. Пры яго з’яўленні ў кабінеце нават работнікі ЦК спадалі з твару. Ніхто не мог яму запярэчыць, хадзілі чуткі, што яго падтрымлівае Машэраў.

Бягун прыехаў у Мінск з Гродна ў 60-я, працаваў журналістам у «Советской Белоруссии». Як Бягун стаў змагаром з сіянізмам і масонствам? Валодзін прыводзіць легенду, што аднойчы Уладзімір Якаўлевіч, які любіў гуляць па вячэрнім горадзе, забрыў на Музычны завулак і ніяк не мог знайсці дарогу назад. «Што дзядзька, заблукаў?» — раптам трое перагарадзілі яму дарогу. «А куды я патрапіў?» — «Да масонаў. Да страшных масонаў…» — адказаў са спачуваннем юнак. «Вось іх дом, бачыш…» — і пакуль Бягун углядаўся ў цемру, яго ўдарылі па галаве і абрабавалі.

Бягун захапіўся гісторыяй масонства не на жарт. Цяпер ён шарсціў горад у пошуку масонскіх сімвалаў і сігналаў. «І ўсюды яму бачыліся таемныя масонскія знакі, і пра кожны ён спяшаўся паведаміць лістом у ЦК! Яго лісты падалі на добрую глебу: услых ніхто пра гэта не казаў, але ўсе ведалі, што масоны — гэта яўрэі, а яўрэі не толькі напалі на арабаў, але і ўвогуле, самі разумееце…

Уладзімір Якаўлевіч вельмі стараўся. У выніку яго намаганняў сотні людзей пазбавіліся працы, а яшчэ знеслі некалькі паркавых агароджаў, а яшчэ на «Камунарцы» знішчылі партыю цукерак, а ў музычнай школе забаранілі правядзенне навагодняга вечара… Усюды адважны змагар з таямнічым ордэнам знаходзіў замаскіраваныя шасціканечныя зоркі — у метале, на абгортках, у прылепленых на сцены папяровых сняжынках. Яго ачышчальная энергія пазмятала ўсё на сваім шляху і ўганяла мінчан у ступар.

Бягун памёр на баявым пасту, змагаючыся з ордэнам. Незадоўга да апошняй жыццёвай бітвы патрапіўшы ў лякарню і даведаўшыся, што па суботах працэдур не робяць, упартым голасам ён сказаў:

— Гэта ж трэба, і тут шабат!»

Семен Букчин

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов