Проект портала
Наши далекие Чудо в Уручье. Белорусский парк, которому нет аналогов в Европе

На востоке Минска есть район Уручье. А в глубине его скрывается уникальная обитель — Парк валунов. Там мало кто бывал. А зря, пишет студент истфака БГУ Юрий Томкович.

Межы парку выкладзеныя з камянёў і паўтараюць абрысы Беларусі. Фота Надзеі Бужан

Калі б мы пабывалі ва Уруччы гадоў сто таму, мы б яго не пазналі: так змяніла гэту мясцовасць урбанізацыя! Раней тут размяшчаліся некалькі вёсачак (Уручча, Копішча, Азярышча), якія належалі розным шляхецкім родам. Побач ішоў Старабарысаўскі тракт (гэта значыць, старая дарога на Барысаў) — цяперашняя вуліца Скарыны. Забалочаныя нізіны — тут пачыналася рака Слепня — перамяжоўваліся з лясістымі ўзгоркамі. Некаторыя з іх захаваліся да сёння. У 20-30-я непадалёк быў пабудаваны вайсковы гарадок, які захаваўся (там месціцца 120-я механізаваная брыгада).

Забудова гэтага раёна пачынаецца ў 1970-1980 гадах. У канцы 60-х стала зразумела, што беларускім навукоўцам не хапае прастору для дзейнасці ў цэнтры горада, і было вырашана пабудаваць Акадэмгарадок непадалёк ад вёскі Уручча. Планы былі грандыёзныя. Адным з самых вялікіх аб’ектаў павінен быў стаць Дом вучоных з гандлёвым цэнтрам, кінатэатрам, спарткомплексам і заламі для навуковых канферэнцый. Але праз недахоп грошай гэтыя праекты не рэалізаваліся. Узвялі толькі шэраг навуковых інстытутаў, а пазней, у часы незалежнасці, тут размясціўся Парк высокіх тэхналогій — наша «крэмніевая даліна».

Што ж да самой вёскі Уручча, то яна ў канцы 70-х увайшла ў склад горада і за наступнае дзесяцігоддзе істотна змянілася: узніклі новыя вуліцы, школы, дзевяціпавярховікі. Раён набыў сучасныя рысы. Ад былой вёскі Уручча нічога не засталося, акрамя вясковых могілак і некалькіх пладовых дрэў…

Уручча — яркі прыклад шалёнай мінскай урбанізацыі, адной з найбольш імклівых у Еўропе. Як казаў адзін са старажылаў раёна, Аляксандр Валяр’янавіч: «Памятаю, у 60-я прыязджаў сюды карасёў лавіць». Цяпер пра тое толькі ўспаміны.

Стварэнне цуду

Адной з самых аўтарытэтных постацяў беларускай навукі 1970-х быў акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук Гаўрыла Гарэцкі.

Гаўрыла Іванавіч быў прадстаўніком першай хвалі беларускіх навукоўцаў, што працавалі ў навастворанай БССР. Нарадзіўся будучы акадэмік у 1900 годзе ў вёсцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне ў шматдзетнай (пяцёра дзяцей) сялянскай сям’і. Адзін з яго братоў, Максім, стаў знакамітым беларускім пісьменнікам.

Просты сялянскі хлопчык Гаўрыла аказаўся вельмі здольным да навукі — спачатку адвучыўся ў школе, потым паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут (1914-1919), а пасля ва Уфімскі інстытут народнай адукацыі (1919-1920) і Маскоўскую Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію (1920-1924). Ён адзіны ў сям’і атрымаў вышэйшую адукацыю.

Пасля вучобы Гарэцкі вяртаецца ў Беларусь, і пачынаецца яго кар’ерны ўзлёт. Ён выкладае ў альма-матэр — былым Горы-Горацкім інстытуце, а на той момант Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Потым становіцца членам Інбелкульта, членам яго прэзідыума. Ён ездзіць па камандзіроўках у Польшчу, Данію і Нямеччыну. У 1928 годзе Гарэцкага прызначаюць кіраўніком Беларускага навукова-даследчага інстытута лясной і сельскай гаспадаркі, а праз год — у 29 гадоў! — абіраюць членам Акадэміі навук. Так ён становіцца самым маладым у беларускай гісторыі акадэмікам.

Але хутка пачынаюцца цёмныя часы. У пачатку 1930-х Масква вырашае вынішчыць беларускую інтэлігенцыю, арыштоўваюць і Гарэцкага. Яго аб’яўляюць кіраўніком контррэвалюцыйнай «Працоўнай сялянскай партыі» і прысуджаюць да расстрэлу, які замяняюць канцлагерам. У 1934 годзе акадэміка вызваляюць, каб потым зноў некалькі разоў арыштаваць. Калі б Гарэцкі быў пісьменнікам ці настаўнікам, яго б чакала смерць. Але інжынераў у Савецкім Саюзе было мала, і яму захоўваюць жыццё, каб ён працаваў на сістэму. Гаўрыла Іванавіч працуе інжынерам-геолагам у ГУЛАГу на будоўлі Беламорска-Балтыйскага канала, розных гідратэхнічных і абарончых аб’ектаў, а пасля вайны ўдзельнічае ў стварэнні шэрагу ГЭС ва Украіне і Расіі.

Пасля смерці «правадыра народаў» акадэміка рэабілітуюць, і ён да канца жыцця займаецца навукай. Гарэцкі напісаў каля 160 навуковых прац па эканамічнай геаграфіі, інжынернай геалогіі, дэмаграфіі, эканоміцы лясной і сельскай гаспадаркі, нават па этналогіі і археалогіі. Памёр 20 лістапада 1988 года.

Менавіта Гаўрыла Гарэцкі прапанаваў стварыць Парк камянёў на вольнай плошчы ля Акадэмгарадка. Яму балела, калі бачыў, як людзі выкарыстоўваць вялікія камяні на розных будаўнічых работах. Трэба штосьці рабіць, падумаў ён, бо гэта ж помнікі геалогіі, прынесеныя сюды яшчэ ледавіком у першабытную эпоху!

Ахова такіх камянёў тады была наладжана слаба — законам абараняліся толькі 52 валуны па ўсёй Беларусі. І акадэмік Гарэцкі прапанаваў паміж раёнам Уручча і Акадэмгарадком (у пойме былой ракі, ля вуліц Купрэвіча і Шугаева) стварыць музей камянёў, каб выратаваць валуны ад знішчэння.

Ідэя была падтрымана ў найвышэйшых колах (самім ЦК КПБ, якi ўзначальваў Пятро Машэраў), і ўжо ў сярэдзіне 1970-х быў распрацаваны план музея, а Акадэмія навук прыняла пастанову аб стварэнні «Эксперыментальнай базы ледавіковых валуноў». Да 1982 года на месца музея прывезлі 2 000 камянёў (цяпер іх тут 2 134), вага некаторых была больш за 15 тон! Да 1985 года работы скончылі.

У 1989 годзе Парк валуноў стаў помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, а вось музеем ён не стаў да гэтага часу. Хоць звычайна яго так называюць, і нават прыпынак грамадскага транспарту носіць такую афіцыйную назву.

Каменная карта Беларусі

Парк задумваўся як вялікая фізічная карта Беларусі, у маштабе 1 метр да 2 кіламетраў сушы. Рэльеф мае іншы маштаб: 1-метровае ўзвышша роўнае 100 метрам у вышыню.

Цікавая ў музеі сістэма абазначэнняў розных аб’ектаў. Напрыклад, сцежкі — гэта беларускія рэкі, крушні — гарады, пагоркі — узвышшы (самыя вялікія пагоркі пад 3,5 метра абазначаюць найвялікшыя горы Беларусі: Дзяржынскую і Лысую), тры елкі (праўда, не паўсюль іх колькасць захавалася) — абласныя цэнтры, забетанаваныя ямы — вадаёмы (Заслаўскае вадасховішча і возера Нарач). Дзяржаўная мяжа пазначаная лініяй кустоў.

Гэтая каменная карта афіцыйна называецца цэнтральнай экспазіцыяй і, у сваю чаргу, падзяляецца на больш дробныя часткі, такія як Паазерскі край, Палескі край, Мінскае, Гарадоцкае ўзвышшы і г. д. Большасць валуноў на ўзвышшах прывезена з тых самых мясцін, якія яны пазначаюць.

Абрысы парку паўтараюць абрысы Беларусі. У цэнтры самы высокі пункт краіны — гара Дзяржынская. Фота Надзеі Бужан

Але цэнтральная экспазіцыя — гэта яшчэ не ўвесь парк, хоць і большая яго частка. У склад музея ўваходзяць «Жывільныя правінцыі», якія абазначаюць Балтыйскае мора з Фінскім і Батнічным залівамі — рэгіён, што ў часы ледавікоў «нажывіў» нашу зямлю камянямі. Алея валуноў складаецца з самых вялікіх камянёў, прывезеных з усёй краіны (тут, дарэчы, можна адшукаць зусім пляскатыя валуны, якія маглі служыць алтарамі, і камяні з выразнымі выемкамі — магчыма, старажытныя ахвярнікі). Ёсць экспазіцыі «Форма валуноў», «Петраграфічны збор», які паказвае камяні рознага геалагічнага паходжання… Але, як па мне, самым цікавым з’яўляецца экспазіцыя «Камень у жыцці чалавека».

Камень са старажытнымі знакамі (ляжаў у вёсцы Стайкі Лагойскага раёна). Фота Юрыя Тамковіча

Крыж Баторыя

Гэта экспазіцыя прысвечана камяням, звязаным з культурай, дзейнасцю чалавека. З валунамі звязана ўся наша гісторыя: на іх маліліся і паганцы, і хрысціяне, на камянях рабілі розныя выявы, высякалі з іх крыжы. Нават цяпер беларусы любяць паставіць камень ля лесу пры дарозе і напісаць на ім фарбай штосьці накшталт «Агонь — вораг лесу».

На старых надмагіллях часта не рабілі ніякіх надпісаў, зрэдку выбівалі крыж. Фота Юрыя Тамковіча

Тут ёсць камяні-следавікі (людзі верылі, што ямінкі на іх — сляды Бога ці Божай Маці), камяні са старажытнымі знакамі, жорны ад старых млыноў, надмагілле пачатку ХІХ стагоддзя, межавы камень з надпісам «1842», пастаўлены на мяжы ўладанняў шляхціца Адама Галдакоўскага. У 1842 годзе ён набыў зямлю ў вёсцы Бярозаўка цяперашняга Маладзечанскага раёна, пабудаваў там сядзібу.

Знаходзіцца ў гэтым зборы і велічэзны Сцяпанаў камень, з якім звязаная легенда пра краўца Сцяпана і яго дзяўчыну Вялляну, якая ператварылася ў раку Вяллю (так беларусы называюць Вілію).

Некалькі цікавых гісторый звязана з каменным крыжам, які завецца крыжам Стэфана Баторыя. Прыехаў ён сюды ў 1988 годзе з-пад вёсак Асінавік і Сасноўка Докшыцкага раёна. На крыжы выбіты рыцар са шчытом і мячом, над якім карона, а знізу літары R.S.B. (Rex Stefan Batory). Яшчэ ніжэй высечана кола, якое інтэрпрэтуюць як талерку караля.

Крыж Баторыя найлепш разглядаць зімой. Фота Юрыя Тамковіча

Дарэчы, у Докшыцкім раёне стаяла яшчэ некалькі падобных крыжоў — адзін у вёсцы Барсукі, а другі ў вёсцы Рапяхі, — але ім пашанцавала менш. У савецкі час іх проста скінулі ў ямы і закапалі.

Дзед, які дагэтуль робіць

Яшчэ адзін цікавы камень — Дзед, мінская славутасць. Дзед гэты стаяў на паганскім капішчы на Ляхаўцы. Капішча месцілася ля Свіслачы, на колішняй вуліцы Лодачнай непадалёк ад сучаснай Ульянаўскай, за цяперашнім рэстаранам «Старое рэчышча».

Фота Юрыя Тамковіча

Капішча складалася з валуна, алтара, вялікага дуба і вогнішча, якое падтрымліваў мясцовы «старац». Людзі прыходзілі і прыязджалі сюды маліцца, пакланяліся валуну, пакідалі ахвярапрынашэнні. Як казалі, асабліва добра камень лячыў ад бясплоднасці. Працягвалася ўсё гэта і ў ХІХ стагоддзі, калі тутэйшым жрацом быў Севасцей. Праваслаўнай царкве гэта не падабалася, і да 900-годдзя хрышчэння Русі Cевасцея пакаралі, агонь затушылі, дуб спілавалі, а камень застаўся. Сынам Севасцея, дарэчы, пазней займаліся чэкісты…

Прынашэнні да Дзеда прыносяць штодня

Камень жа працягваў выконваць сваю функцыю, пакуль яго не вывезлі ў Парк валуноў, дзе ён стаіць і цяпер.

Народ не забыў яго, і нават сёння па пратаптанай сцяжынцы (Дзед стаіць убаку ад астатніх камянёў), цукерках і манетках бачна, што людзі часцяком да яго ходзяць.

У стваральнікаў праекта Музея валуноў было шмат планаў: хацелі зрабіць пляцоўкі для адпачынку, каменныя скульптуры жывёл ледніковага перыяду і г. д. Аднак пасля распаду СССР парк аказаўся нікому не патрэбны і зарастаў пустазеллем ды хмызняком. Музей тут не зрабілі і па сёння, але ўжо сталі, прынамсі, дбайна даглядаць, чысціць. Нядаўна паставілі шмат указальных знакаў і шыльдаў. Цяпер любы можа разабрацца, у якой частцы Беларусі зараз знаходзіцца і якія цікавыя камяні бачыць. Таксама добра, што пачалі сюды вадзіць экскурсіі — на Фэст экскурсаводаў ці пастаянна, як гэта робіць экскурсавод Павел Дзюсекаў.

Спадзяюся, што парк наш некалі стане ўлюбёным месцам адпачынку не толькі для ўручанцаў, але і для ўсіх мінчукоў. Сюды, дарэчы, можна смела прыводзіць і іншаземцаў: такога парку няма больш нідзе.

Юрий Томкович

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов