Праект партала
Біяграфіі Дзеці Ясеніна. Паэт быў шчодры на каханне, а дзеці — розныя

Лёсы адлюстроўваюць час паўней і глыбей за вершы. Як гэта было ў расійскага класіка Сяргея Ясеніна і ягоных нашчадкаў, піша Ганна Севярынец.

Дом-музей Сяргея Ясеніна ў ягоным родным сяле Канстанцінава на Разаншчыне. Wikimedia Commons, фота Канстанціна Буркута

Многае ў жыцці чалавека залежыць ад яго самога, нешта прадвызначаецца самім часам. Калі, прыкладам, ты нарадзіўся ў 1895 годзе, то ты яшчэ паспееш атрымаць такую-сякую адукацыю і нават прыехаць у яшчэ сытую сталіцу. («Еж ананасы, рабчыкаў жуй!..») Нават уваб’ешся маладым, але перспектыўным сябрам у прафесійную тусоўку. Але 21 год, на той час прызыўны ўзрост, табе стукне ў 1916-м, і ты апынешся на фронце Першай сусветнай вайны.

Рэвалюцыю ты сустрэнеш не надта спелай, але ўжо здольнай да рэфлексіі асобай, а таму ў цябе не будзе падлеткавай прагі да любых перамен за любы кошт. Зрэшты, і кансерватыўнага супраціву новым парадкам таксама не будзе.

Ствараць сям’ю і нараджаць дзяцей давядзецца ў галечы і непаразуменнях глабальных геапалітычных катаклізмаў, выхоўваць іх — на зломе старой і новай маралі. У новую літаратуру ты будзеш уваходзіць на мяжы трыццацігоддзя: ужо не падпаскам, а чалавекам са сваім уласным голасам, сваёй сардэчнай тэмай, сваім напрацаваным уменнем выказвацца і спрачацца, са сваёй, няхай і спрэчнай, але ўсвядомленай сістэмай каштоўнасцяў і прыярытэтаў.

А ў трыццаць цябе раптам накрые. Усё, чаго баяўся, спраўдзілася. Усё, у што спрабаваў верыць, не здзейснілася. Сцежкі заблыталіся: разблытваць іх самому — немагчыма, бо за табой ужо пільна сочаць і кіруюць тваім разблытваннем з усёй жорсткасцю рэвалюцыйнага часу. І ты застанешся сам-насам — не з вершамі і славай, не з крытыкай і хвалой, не з кнігамі і чытачамі, а са сваім жыццём, якое трэба альбо працягваць у немагчымых умовах, альбо скончыць.

Але нават калі ты яго скончыш, для тваіх дзяцей усё толькі распачнецца. Так было ў Сяргея Ясеніна, для якога трыццацігоддзе стала апошнім рубяжом.

Юрый Сяргеевіч: расстраляны

Старэйшы сын Сяргея Ясеніна Юра — масквіч па нараджэнні. З масквічкай Ганнай Ізраднавай «панаехаўшы з Разані» Сяргей Ясенін пазнаёміўся ў друкарні вядомага выдаўца Івана Сыціна: яна працавала тут карэктаркай, а ён — спачатку грузчыкам, а потым — памочнікам карэктара. Звязвалі іх і супольныя заняткі ў нефармальным універсітэце Шаняўскага, дзе, дарэчы, на два гады пазней вучыўся Янка Купала.

Ганна Ізраднава. Фота: Wikimedia Commons.

Спачатку Ганна і Сяргей, згодна з павевамі часу, проста жылі разам на здымнай кватэры, а ў 1914 годзе ў іх нарадзіўся сын. Ганна Раманаўна ўспамінала потым, што Ясенін моцна радаваўся першынцу: чакаў іх з радзільні, падрыхтаваў кватэру і патрэбныя рэчы, з ахвотай гушкаў малога, калыхаў на руках уночы, спяваў песні.

Але захапленне сваёй бацькоўскай роляй хутка саступіла месца паэтычнай гарачцы і няспыннаму руху да славы: у 1915-м Сяргей едзе ў Пецярбург, сустракаецца там з Аляксандрам Блокам, эпатуе чапурыстыя пецярбургскія літаратурныя салоны і хутка, літаральна за тыдні, узлятае на вяршыні тагачаснага літаратурнага дыскурсу, багатага, між іншым, на імёны і таленты.

Да Ганны Ізраднавай Сяргей ужо ніколі не вярнуўся, хоць да канца жыцця захоўваў з ёй сяброўскія адносіны, дапамагаў грашыма. А за некалькі тыдняў да самагубства, перад апошняй паездкай у Ленінград, прыходзіў пагутарыць.

Юра Ясенін пасля школы паступіў у авіяцыйны тэхнікум. Пасля ягонага заканчэння працаваў у Акадэміі імя Жукоўскага, а потым — у Хабараўску, у адной з вайсковых часцей. Усе наступныя жонкі Ясеніна вельмі добра ставіліся да прыгожага, выхаванага, інтэлігентнага хлопца: ён папросту, як сваяк, прыходзіў да другой жонкі Ясеніна, актрысы Зінаіды Райх, сябраваў са зводнымі братам і сястрой. Яму моцна дапамагала апошняя жонка паэта Соф’я Талстая. Юра ведаў на памяць ці не ўсе вершы свайго бацькі, пісаў і сам, атрымліваў добрыя водгукі ад бацькавых сяброў.

Сяргей Ясенін і ягоная апошняя жонка Соф'я Талстая. Фота: Wikimedia Commons.

А ў 1937-м Юрый Ясенін быў нечакана арыштаваны: нехта з сяброў трапіў у НКВД і там на допытах «прыпомніў», як у 1934 годзе ў нецвярозай кампаніі Юра падтрымаў гутарку пра тое, што «няблага было б скінуць на Крэмль бомбу». Неўзабаве «контррэвалюцыянер» Юрый Ясенін, які «рыхтаваў тэрарыстычны акт супраць кіраўніцтва СССР», быў расстраляны ў Маскве.

Таццяна Сяргееўна: выгадаваная Меерхольдам

Маці Таццяны, выдатная актрыса Зінаіда Райх, пазнаёмілася з Сяргеем Ясеніным у 1917 годзе. Яна працавала сакратаркай-машыністкай у рэдакцыі газеты «Дело народа», што выдавалася партыяй эсэраў. Ясенін у гэтай газеце друкаваўся. Летам 1917-га яны абвянчаліся («Вышли сто венчаюсь Зинаида» — такую тэлеграму даслала нявеста свайму бацьку).

У 1918-м нарадзілася дачка Таня. Ясенін быў тады ў Петраградзе, а Зінаіду матала па краіне: у 1919-м яна працавала інспектаркай Наркамасветы ў Арле, а потым, ратуючыся ад наступлення Дзянікіна, уцякла ў Маскву. Пасля зноў Арол, зноў Масква… Легкадумны муж і бязлітасны час: абодва не маглі даць маладой маці спакою. І ў 1921-м Ясенін і Райх разводзяцца.

Перажываючы разрыў з чалавекам, якога ўсё жыццё моцна кахала, Зінаіда трапіла нават у неўралагічную бальніцу — а ў яе было ўжо двое ясенінскіх дзяцей, Таня і маленькі Косцік.

Але ўсё мінае. У 1922 годзе Зінаіда Райх узяла шлюб з Усеваладам Меерхольдам — славутым тэатральным рэжысёрам. Меерхольд гадаваў Таню і Косцю як уласных дзяцей, быў надзейным сябрам і жонцы. Дзякуючы ўласнаму драматычнаму таленту і рэжысёрскаму мастацтву мужа ў 30-я Райх стала адной з найбольш знакамітых і запатрабаваных актрыс тэатра і кіно.

Усевалад Меерхольд з дзецьмі Ясеніна Таняй і Косцем. Фота: litres.ru

Але сталінскія рэпрэсіі гэтая пара не перажыла. У 1938-м быў закрыты эксперыментальны тэатр Меерхольда, у чэрвені 1939-га арыштаваны ён сам і з турмы ўжо не вярнуўся. А ў ліпені 1939-га Зінаіда Райх была жорстка забітая ва ўласнай кватэры: невядомыя нападнікі нанеслі ёй амаль 20 удараў нажом, нічога з рэчаў не ўзялі і зніклі. Шэптам казалі, што гэта была помста за яе публічнае выказванне: «Калі Сталін нічога не разумее ў мастацтве, няхай спытаецца ў Меерхольда. Меерхольд разумее».

Таццяна Ясеніна на той момант была ўжо замужам. Яна забрала брата Косцю ў сваю сям’ю, вывезла з кватэры Меерхольда ягоны архіў і схавала да найлепшых часоў. У хуткім часе выехала з мужам у далёкі Ташкент. Там, у Ташкенце, яна і пражыла ўсё жыццё, працуючы ўласным карэспандэнтам газеты «Правда Востока» і навуковай рэдактаркай у выдавецтвах Узбекістана.

Таццяна Ясеніна. Фота: kulturologia.ru

Менавіта Таццяна Ясеніна ў больш спрыяльны час ініцыявала працэс рэабілітацыі Меерхольда, апекавалася ягонай спадчынай, сачыла за лёсам архіва, перададзенага кінарэжысёру Сяргею Эйзенштэйну. Яна дажыла да тых часоў (памерла ў 1992 годзе), калі і роднага бацьку, і забітую маму, і любімага айчыма можна было ўспамінаць без цэнзурных купюр.

Канстанцін Сяргеевіч: футбаліст

Пасля арышту айчыма і забойства маці Косця Ясенін некаторы час жыў у сястры, а потым сышоў на «вольны хлеб» — спачатку студэнцкі (тут моцна дапамагала яму і ежай, і прытулкам Ганна Ізраднава, што падтрымлівала цёплыя адносіны з усімі дзецьмі першага мужа), а потым салдацкі: пачалася вайна. Ён пайшоў на фронт добраахвотнікам, абараняў блакадны Ленінград, штурмаваў Карэльскі перашыек, быў тройчы паранены. Пасля вайны давучыўся ў інжынерным інстытуце і стаў будаўніком.

Але найбольш вядомы Канстанцін Ясенін як футбольны гулец і заўзятар. З 1936 года ён, беручы ўдзел у першынстве краіны па футболе, а потым назіраючы за ім, сабраў максімальна поўную статыстыку футбольных спаборніцтваў і выдаў унікальнае даследаванне «Футбол: рэкорды, парадоксы, трагедыі, сенсацыі». Таццяна Ясеніна смяялася: у яе часцей запытвалі, ці не сястра яна Канстанціна Ясеніна, чым — ці не паэтава яна дачка.

Аляксандр Сяргеевіч: матэматык і дысідэнт

Маці малодшага сына Сяргея Ясеніна Надзея Вольпін нарадзілася ў Магілёве ў сям’і юрыста Давыда Вольпіна і піяністкі Ганны Жыслін (Ганна Барысаўна родам з Чэрыкава). Дзяцінства Надзя правяла ў Маскве, тут скончыла гімназію і ўніверсітэт. Таленавітая дзяўчына пісала вершы, а ў 1920-м далучылася да аб’яднання імажыністаў, якое ў тыя гады актыўна ствараў і прапагандаваў Сяргей Ясенін. Надзея Вольпін выступала з вершамі ў легендарных кавярнях «Стойла Пегаса» і «Кафэ паэтаў», перакладала з еўрапейскіх моў.

Надзея Вольпін з сынам Сашам. Фота: esenin.ru

З Ясеніным яны спачатку сябравалі, потым жылі разам, а сын нарадзіўся ўжо пасля разрыву: па Маскве хадзіла жартаўлівая эпіграма «Надя бросила Сергея, да с ребёнком на руках». Ясенін ліхаманкава імкнуўся аднавіць адносіны з Вольпін, дзяжурыў на лесвічнай пляцоўцы, пільнаваў Надзею на маскоўскіх сцежках, патрабаваў магчымасці бачыцца з сынам.

Сяргей Ясенін загінуў, калі Сашу было паўтара года. Бацьку свайго ён, вядома, не памятаў, але прозвішча «Ясенін» захаваў разам з прозвішчам маці, быў Ясеніным-Вольпіным. Аляксандр скончыў мехмат МДУ, аспірантуру навукова-даследчага інстытута матэматыкі, абараніў кандыдацкую дысертацыю па матэматычнай логіцы.

У 1949 годзе Ясенін-Вольпін быў арыштаваны па даносе: хутчэй за ўсё, данеслі на вершы, бо малодшы сын Сяргея Ясеніна быў надзвычай таленавіты ў вершаскладанні. Страляць яго не сталі, а па навамоднай завядзёнцы змясцілі ў псіхіятрычную клініку, прызнаўшы вар’ятам. А ў 1950-м выслалі ў Караганду.

У 1953 годзе пасля амністыі Ясенін-Вольпін вярнуўся ў Маскву. У 1959 годзе на навуковым сімпозіуме ў Варшаве быў прачытаны адмысловы даклад Ясеніна-Вольпіна з публічнымі тлумачэннямі: аўтара, выбітнага вучонага-матэматыка, не выпусцілі за мяжу. Дысідэнта-рэцыдывіста зноў арыштоўваюць і змяшчаюць у спецпсіхбальніцу — і за даклад, і за тое, што за мяжой выйшлі зборнік ягоных вершаў і філасофскі трактат. Гэтым разам яго прымусова лячылі два гады.

Аляксандр Ясенін-Вольпін. Фота: jewage.org

У 1965 годзе Ясенін-Вольпін браў удзел у легендарным «Мітынгу галоснасці», першым публічным антысавецкім выступленні ў паваенным СССР: удзельнікі мітынгу, якіх разам з супрацоўнікамі МУС і КДБ набралася 200 чалавек, патрабавалі адкрытасці суда над пісьменнікамі-дысідэнтамі Андрэем Сіняўскім і Юліем Даніэлем. У лютым 1968-га яго зноў прымусова змяшчаюць у бальніцу.

Нечаканым вынікам чарговага арышту і «карнага лячэння» Ясеніна-Вольпіна становіцца знакаміты «ліст 99-ці»: выбітныя вучоныя-матэматыкі складаюць адкрыты ліст у абарону калегі з патрабаваннем спыніць пераслед Ясеніна-Вольпіна. Гэты адчайны і надзвычай смелы ліст меў сумныя вынікі: амаль усё кіраўніцтва матэматычнай навукі было звольнена і заменена, падпісанты ліста страцілі пасады і магчымасці. Наступныя дваццаць гадоў у гісторыі матэматычнай навукі СССР назвалі «чорнымі дзесяцігоддзямі».

У 1972 годзе пад ціскам уладаў Ясенін-Вольпін эміграваў у ЗША. Зусім нядаўна, у 2016 годзе, ён памёр у Бостане.

Калі знакаміты дысідэнт Уладзімір Букоўскі ў 2004 годзе выступаў з ініцыятывай узнагародзіць Аляксандра Ясеніна-Вольпіна прэміяй Сахарава, ён адзначыў:

«Па праўдзе кажучы, гэта Андрэй Сахараў павінен быў атрымаць прэмію Ясеніна-Вольпіна. Алік быў ягоным настаўнікам».

Іменем Аляксандра Ясеніна-Вольпіна названая сфармуляваная ім матэматычная тэарэма дыядычных прастораў, а канцэпцыі абароны правоў чалавека, якія ён распрацаваў, і па сёння ляжаць у падмурку расійскага праваабарончага руху.

Ці былі дзеці Ясеніна настолькі ж неразборлівыя ў палавых сувязях, ці былі яны верныя ў сям'і? Здаецца, ніякіх падобных гісторый за імі не вадзілася. Таццяна і Канстанцін усё жыццё пражылі ў шлюбах, Юрый загінуў маладым. У любым разе, бацькаў лад жыцця ніхто з іх не паўтараў.

Ганна Севярынец

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў