Проект портала
бестселлеры История Homo sapiens завершается? Он может стать рабом высшего интеллекта

Ілюстрацыя Shutterstock.com.

Теория эволюции учит нас, что мы всего лишь машины для обработки данных и алгоритмов. Беда в том, что другие алгоритмы — созданные самим человеком, — могут оказаться гораздо более эффективными, чем мы сами.

У гэтай кнізе Харары апісвае, як навукова-тэхналагічнае развіццё можа ператварыць сучаснага чалавека разумнага (Homo sapiens) у абсалютна іншы біялагічны від, а таксама перасцерагае, што такія змены могуць забіць гуманізм, выклікаць сур’ёзныя праблемы ва ўсім свеце і ператварыць наша жыццё ў антыўтопію.

Аўтар упэўнены: чалавецтва дасягнула не абы-якога поспеху ў змаганні са сваімі страшнымі і хранічнымі праблемамі. На планеце амаль ліквідаваны голад, значная частка атрымала доступ да нармальных умоў жыцця, медыкі з дапамогай вакцынацый перамаглі страшныя хваробы, пакінуўшы эпідэміі ў мінулым. Вядома, войны, галеча, голад і хваробы цалкам не зніклі, а жыццё ў некаторых краінах працягвае быць жахлівым, але ў параўнанні з ранейшымі эпохамі чалавецтва сапраўды зрабіла вялікі крок, нават не ў самых багатых рэгіёнах. Харары мяркуе, што чалавецтва значна наблізілася да поўнага знішчэння хвароб, голаду і войнаў. А што будзе далей, калі мы дасягнём гэтай мэты?

 

Несмяротнасць, шчасце і боскасць

Гісторыя не цярпіць вакууму, таму чалавецтва, на думку Харары, будзе вымушана шукаць новыя глабальныя праекты. Наступнай нашай мэтай могуць быць несмяротнасць, шчасце і боскасць. Дактары разам з навукоўцамі могуць навучыцца распрацоўваць штучныя органы ў неабмежаванай колькасці, лячыць самыя складаныя хваробы і працягваць жыццё чалавека бясконца доўга. Шчасце тыя ж самыя дактары змогуць даць кожнаму, уплываючы на біяхімічныя працэсы ў арганізме чалавека. Ну а з дапамогай біяінжынерыі, распрацоўкі кібаргаў і неарганічных істот чалавек, несмяротны і шчаслівы, фактычна атрымае атрыбуты боскасці.

Гучыць надта добра і фантастычна, але аўтар папярэджвае, што за ўсімі гэтымі дасягненнямі хаваецца смяротная небяспека.

Да цяперашняга часу большасць культур верыла, што людзі граюць сваю ролю ў вялікім божым / касмічным / прыродным плане. Гэты план, складзены багамі ці прыродай, надаваў сэнс жыццю, але і абмяжоўваў сілу і ініцыятыву чалавека. Цяперашняя культура адкідае гэтую веру ў касмічны ці божы план — гэта, з аднаго боку, дазваляе вызваліць сілу і ініцыятыву чалавека.

З другога боку, калі ніякага божага плана няма, жыццё чалавека страчвае сэнс.

І гэта вельмі небяспечны вакуум, калі каштоўнасць чалавечага жыцця можа зусім нівелявацца.

Гуманізм і біяхімія

Навуковая рэвалюцыя спарадзіла гуманізм, каб гэты вакуум запоўніць. Яго Юваль Ной Харары таксама лічыць пэўнай формай рэлігіі, бо і гуманісты пакланяюцца — адно што толькі не богу, а чалавеку. Базавая ідэя любых гуманістычных рухаў у тым, што Homo sapiens мае пэўную ўнікальную і свяшчэнную сутнасць, якая з’яўляецца крыніцай усіх сэнсаў і абгрунтаванняў у Сусвеце. Гуманізм робіць свяшчэннымі людскія патрэбы, капрызы і жаданні, грэбуючы ўсім іншым. Гучыць парадаксальна, але гуманізм запраграмаваны на самазнішчэнне, мяркуе Харары.

Менавіта гуманізм быў рухальным механізмам для развіцця навукі, якую паставілі на службу чалавеку. Навукоўцы расшыфроўвалі ДНК, распрацоўвалі вакцыны, стваралі пральныя машыны і мікрахвалёўкі, распрацоўвалі пратэзы і штучныя клапаны сэрца, каб зрабіць жыццё чалавека камфортнейшым, зручнейшым і больш працяглым. Усе гэтыя навуковыя і эканамічныя дасягненні былі створаныя дзякуючы таму, што чалавецтва было здольнае надаць сэнс сваім дзеянням і думкам, якія былі ў аснове ўсяго.

Аднак развіццё біялогіі, лічыць Харары, паказала, што значная частка нашых думак, эмоцый, перажыванняў — звычайная біяхімія. Каханне, страх, адвага — усе гэтыя эмоцыі цяпер тлумачацца навукоўцамі як біяхімічныя працэсы ў арганізме. Выкід гармонаў, складаныя электрычныя імпульсы ў мазгах — вось чым біёлагі тлумачаць нашы паводзіны. Чалавек, на іх думку, гэта звычайны алгарытм, а не нейкая свяшчэнная высокадухоўная істота, якая з’яўляецца асновай усяго, і гэта моцна падрывае нашу веру ў нейкую каштоўнасць і выключнасць чалавечага жыцця.

Хто акажацца за бортам

Больш за тое, калі навукоўцы навучацца змяняць ДНК, ствараць штучныя органы ці ўплываць на эмацыйны стан чалавека, ці можна будзе ўвогуле лічыць такую істоту свабоднай, са сваімі ўласнымі эмоцыямі і думкамі?

Ужо цяпер прыборы, якія праз электроды фіксуюць электрычную актыўнасць у мозгу, альбо нават алгарытмы сацыяльных сетак ведаюць пра нас больш, чым ведаем мы самі пра сябе.

Але калі чалавек не мае ніякага сакральнага стрыжня ці сакральнай свядомасці і на ўсе ягоныя рэакцыі і рашэнні можна ўплываць звычайнымі хімічнымі рэчывамі ці электрычнымі імпульсамі, узнікае пытанне: хто гэта будзе рабіць? Ці не створыць гэта сітуацыю, калі малая колькасць людзей возьме пад свой кантроль усё чалавецтва і будзе кіраваць ім як робатамі? А з улікам таго, што ўжо зараз робаты выконваюць некаторыя функцыі значна лепш, чым людзі, ці не ўзнікне жаданне ў кіраўнічага класа ўвогуле пазбавіцца ад людзей?

Раней дзяржаўныя інстытуты былі зацікаўленыя ў тым, каб лекаваць людзей і ствараць добрыя ўмовы працы для іх. Мінулыя стагоддзі былі стагоддзямі мас: дзяржавы патрабавалі шмат салдат, шмат сялян, шмат рабочых на заводзе, шмат падаткаплатнікаў. Цяпер гэтая эпоха завяршаецца. Калі ўся вытворчасць будзе аўтаматызавана, а кіраваць усімі працэсамі будуць звышлюдзі са штучнымі органамі і палепшаным мозгам, у дзяржавы не будзе ніякага стымулу рабіць масавую медыцыну і сістэму сацыяльнага забеспячэння. Калі раней навука працавала на ўсіх людзей, нават самых бедных, бо была зацікаўлена ў салдатах і падатках, то ў будучыні ёсць небяспека, што яна будзе працаваць толькі на кіраўнічы клас. Іншыя людзі, піша Харары, могуць аказацца за бортам.

Замест людзей — алгарытмы

Мінулая кніга Харары, «Кароткая гісторыя чалавецтва», апісала апошнія 75 тысяч гадоў гісторыі, каб пераканаць нас у тым, што ў чалавеку няма нічога асаблівага. Мы звычайная жывёла, якой проста пашанцавала ў выніку эвалюцыйных працэсаў стаць дамінуючым відам на Зямлі.

У «Homo Deus» Харары прыходзіць да высновы, што гісторыя Homo sapiens завяршаецца, бо мы знаходзімся на піку магутнасці і дасягнулі свайго ліміту.

Чалавек стаў такім моцным, што неймаверная здольнасць кантраляваць свет пераўтварае нас у нешта іншае.

Эвалюцыйная навука вучыць нас, што мы ўсяго толькі машыны для апрацоўкі даных і алгарытмаў. Бяда ў тым, што іншыя алгарытмы — тыя, якія мы стварылі, — могуць быць значна больш эфектыўнымі, чым мы самі. Раней меркавалася, што мы, людзі, самі вырашаем, што з намі адбываецца: як выбаршчыкі, як спажыўцы, як аматары. Але гэта ўжо не так.

Ілюстрацыя Shutterstock.com.

Харары піша, што машынай для апрацоўкі інфармацыі і алгарытмаў ёсць ужо не толькі чалавек, але і складаныя структуры, створаныя чалавецтвам, такія як дзяржава, карпарацыі і іншыя. І тут таксама ёсць сур’ёзная праблема: мы стварылі такія апрацоўчыя машыны, якія значна больш эфектыўныя, чым дзяржавы (Google, Facebook, Wikipedia). Урады і міжнародныя арганізацыі проста не паспяваюць апрацоўваць усе гэтыя плыні інфармацыі.

Аўтар лічыць, што мы знаходзімся ў канцы гісторыі, але не ў тым сэнсе, што ўсё спыняецца. Хутчэй наадварот: усё ідзе так хутка, што немагчыма ўявіць, якой будзе будучыня. У 1000 годзе можна было меркаваць, якім будзе свет у 1100 годзе. Але свет 2100 года цяпер уявіць немагчыма.

Можа быць, мы пабудавалі свет, у якім для нас няма месца.

Харары лічыць, што людзі проста перастануць верыць у тое, што яны могуць неяк вызначаць свой лёс.

Але вакуум не можа доўга існаваць. Харары піша, што на змену сучасным прынцыпам (лібералізму і дэмакратыі) прыходзіць новая рэлігія: датаізм (канцэпцыя, згодна з якой найвышэйшай каштоўнасцю з’яўляюцца буйныя масівы звестак і алгарытмы іх апрацоўкі). Галоўнае святое месца гэтай «рэлігіі» — Крэмніевая даліна. Для датаізму інфармацыя і яе свабоднае распаўсюджванне — адзіная сапраўдная каштоўнасць.

Карпарацыі і ўрады будуць па-ранейшаму паважаць нашу індывідуальнасць і ўнікальныя патрэбы, але для іх абслугоўвання яны павінны разбіць нас на біяхімічныя падсістэмы, і ўсе яны пастаянна кантралююцца магутнымі алгарытмамі. У гэтым ёсць і антыўтапічны палітычны аспект. Увайсці ў гэтую новую суперэліту будзе неверагодна цяжка. Гэта змрочная перспектыва: невялікая каста будзе мець доступ да найноўшай крыніцы ведаў, а астатняе чалавецтва будзе проста інструментам у велізарных алгарытмах.

Homo sapiens — «жывёла» для Homo Deus

Харары мяркуе, што Homo sapiens, які ў свой час падпарадкаваў жывёл і ставіцца да іх не вельмі добра, сам можа стаць такой «жывёлай» для Homo Deus. Людзі будуць у той жа сітуацыі, што і іншыя жывёлы: пакутаваць ад рук уладальнікаў вышэйшага інтэлекту. Робаты і звышлюдзі будуць ставіцца да нас гэтак жа, як мы ставімся да свінні з фермы ці мухі. Мы не ўлічваем пакуты жывёл, бо яны маюць значна меншы інтэлект, чым людзі. Неўзабаве тое самае будзе і з намі.

 ***

Юваль Ной Харары — 43-гадовы ізраільскі гісторык, прафесар Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме. Спачатку спецыялізаваўся ў вайсковай гісторыі Сярэднявечча, цяпер займаецца вывучэннем транснацыянальнай гісторыі і макрагістарычных працэсаў. З 2004 года выходзяць ягоныя кнігі, якія карыстаюцца масавай папулярнасцю ва ўсім свеце. Працы Харары атрымалі шмат прэстыжных прэмій, у 2015 годзе заснавальнік Фэйсбука Марк Цукерберг уключыў кнігу «Sapiens: Кароткая гісторыя чалавецтва» ў свой прэстыжны анлайн-клуб «Год кніг».

Некалькі месяцаў таму імя Харары апынулася ў цэнтры скандалу, звязанага з выхадам рускамоўнай версіі ягонай апошняй кнігі «21 урок для ХХІ стагоддзя». Пішучы пра постпраўду, у англійскім арыгінале ён у якасці яе прыкладу прыводзіў хлуслівыя словы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна падчас анексіі ўкраінскага Крыма ў 2014 годзе. У выданні па-руску яны былі замененыя на словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Высветлілася, што замена была зроблена з ведама і згоды аўтара, за што яму давялося апраўдвацца перад заходняй прэсай, панёсшы такім чынам рэпутацыйныя страты.

Максим Маханьков

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов