Проект портала
Наши далекие Кто жил под Новосёлками 40 тысяч лет назад? Археологи отыскали новое начало нашей истории!

Вид на раскоп в Новоселках. Фото Алеся Горшкова.

Находки возле деревень Абидовичи, Светиловичи, Бердыж (Подлужье), которые мы изучаем в школе, относятся к среднему палеолиту, обычно связываемому с неандертальцами. А в Ветковском раёне археологи нашли следы первых Homo sapiens. Рассказывает участник экспедиции Александр Горшков.

Першыя Homo sapiens на тэрыторыі Беларусі, з Афрыкі на Гомельшчыну

Археалагічны помнік у Навасёлках Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці быў адкрыты ў 2011 годзе супрацоўніцай акадэмічнага аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Ганнай Цімафеенка. Яна паказала свае крамянёвыя знаходкі навуковаму супрацоўніку аддзела археалогіі першабытнага грамадства Алесю Вашанаву. Ён зацікавіўся артэфактамі і разам з калегам два гады таму пачаў з імі працаваць. Нягледзячы на тое, што помнік вывучаецца нядаўна, мы ўжо можам казаць пра яго палеалітычны ўзрост.

Нуклеус з раскопак ліпеня 2019 года. Фота Алеся Вашанава.

Гэта пацвярджаюць і замежныя калегі, бо матэрыялы ўжо былі прадстаўленыя на буйной міжнароднай канферэнцыі — палявым семінары ў расійскім Бранску.

Знешні выгляд знаходак і ступень захаванасці дазваляюць атаясамліваць іх з арыньякскай культурай, з чым пагаджаюцца і замежныя археолагі. Гэта археалагічная культура існавала ў Еўропе, Азіі і Афрыцы 43—38 тысяч гадоў таму. Яе паходжанне звязваецца з дзейнасцю першых людзей сучаснага антрапалагічнага тыпу — Homo sapiens (краманьёнцамі па старой тэрміналогіі).

З гэтага вынікае, што на дадзены момант мы зафіксавалі матэрыяльную культуру першых Homo sapiens на тэрыторыі Беларусі і адну з хваляў міграцыі з Афрыкі. 

Што знайшлі

Падчас паверхневых збораў і раскопак былі знойдзеныя скрабкі, разцы, розныя крамянёвыя пласцінкі і адшчэпы. На першы погляд, гэта стандартны набор, які ёсць на любых помніках каменнага веку. Але не ўсё так проста. Для дадзенай культуры характэрна тое, што спецыфічныя высокія скрабкі не выкарыстоўваліся для апрацоўкі скуры, а разцы — для косці ці дрэва. З іх атрымлівалі загатоўкі — мікрапласціны. Пасля з іх рабілі састаўныя прылады: наканечнікі дзідаў, рэжучыя, колючыя інструменты. 

Арыньякская вульва. Фота Wikimedia Commons.

Але трэба адзначыць, што ў носьбітаў арыньякскай культуры прылады былі не толькі з крэменю, але і з костак. Напрыклад, спецыфічныя наканечнікі стрэлаў з раздвоеным насадам. Было ў іх развіта і мастацтва. Прыкладам з’яўляюцца так званыя арыньякскія вульвы, рэльеф жанчыны з рогам, схематычныя выявы жывёл, сцэны палявання, высечаныя на вапнавых плітках.

Як тыя людзі выглядалі

На тэрыторыі Беларусі яшчэ не было знойдзена парэшткаў чалавека гэтай археалагічнай культуры. Але яны ёсць на іншых тэрыторыях. Адно з найбліжэйшых да нас пахаванняў даследавана на помніку Касцёнкі-14 (Маркіна гара), што знаходзіцца каля сяла Касцёнкі Хахольскага раёна Варонежскай вобласці Расіі. 

Цікавасць яго ў тым, што яма, зробленая для пахавання, прасякала пласт вулканічнага попелу. Гэты попел з’явіўся ў выніку вывяржэння вулкана на Флегрэйскіх палях (Італія). Ён датуецца 39,8 тысячы гадоў таму. Самі ж парэшткі маюць дату 33—32 тысячы гадоў таму.

Косткі ў пахавальнай яме ляжалі ў позе эмбрыёна. Ніякіх прылад працы з ім пакладзена не было. Антраполагі вызначылі пол і ўзрост пахаванага. Гэта быў мужчына ва ўзросце 25—30 гадоў, ростам каля 160 см. Ён меў праблемы са здароўем праз малую насычанасць арганізму кальцыем. Хутчэй за ўсё, чалавек пакутаваў ад сутаргаў і здранцвення канечнасцяў, у яго балела спіна. Па стане зубоў было вызначана, што мужчына харчаваўся цвёрдай ежай. 

Рэканструкцыя юнака з Маркінай гары (Касцёнкі-14).

Яшчэ ў 1950-я гады была зроблена рэканструкцыя яго аблічча па чэрапе, якая дазволіла меркаваць пра падабенства выгляду гэтага мужчыны з абарыгенамі Аўстраліі. Але даследаванні ДНК паказалі, што ўвогуле да тых абарыгенаў ён не мае аніякага дачынення і з’яўляецца адным са старажытных прадстаўнікоў Homo sapiens ва Усходняй Еўропе.

Зыходзячы з гэтых дадзеных, можна казаць пра несумненную вартасць помніка пад Навасёлкамі і неабходнасць працягу даследаванняў на ім.

Не выключана, што ўвядзенне матэрыялаў у навуковы зварот дасць магчымасць археолагам скарэктаваць мадэль засялення Homo sapiens не толькі тэрыторыі сучаснай Беларусі, але таксама і ўсёй Еўропы. 

Александр Горшков

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов