Проект портала
Наука и техника Старейшие в Европе башенные часы — в Гродно

Кафедральный собор Святого Ксаверия, на котором установлены самые древние из действующих в Европе башенных часов. Фото Shutterstock.com, by V_Sot_Visual_Content.

Российские реставраторы предлагали эти часы демонтировать и сделать музейным экспонатом. Но тогда визитная карточка Гродно потеряет свою уникальность, уверен кандидат физико-математических наук Александр Милинкевич, который 10 лет изучал историю часов и имел отношение к реставрации часов.

З’яўленне ў Гародні першага вежавага гадзінніка звязана з атрыманнем горадам Магдэбурскага права. У панядзелак 21 сакавіка 1496 года, у дзень святога Бенедыкта, на сваім паляўнічым гаспадарскім двары ў Берштах «Аляксандр з ласкі Божай вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі» падараваў Гародні Магдэбургскае права і дазволіў яе жыхарам мець «ратушу з гадзіннікам на месцы гаднейшым»

Першая гарадзенская ратуша з публічным гадзіннікам на яе вялікай вежы паўстала паміж 1496 і 1540 гадамі. Хто вырабіў той сярэднявечны хранометр, пакуль невядома. Відаць, гэта быў майстар, запрошаны з Гданьска або з Каралеўца — найбліжэйшых гарадоў, дзе на той час ужо існавалі цэхі такіх рамёстваў. Стваральнік ратушнага гадзінніка паставіў на левай верхняй частцы клеці ягонага механізма сваё таўро, падобнае на перакуленую лацінскую літару «G».

Першая ж пісьмовая згадка пра гродзенскі гадзіннік датуецца 1541 годам, калі ў сваім прывілеі адносна гарадскога ўпарадкавання каралева Бона Сфорца загадала гарадзенскаму магістрату:

«Майстра гадзіннікавага няхай возьмуць, які б гадзіннік мог абслугоўваць і аднавіць умеў, каб не псаваўся». 

Далей вядомыя нам звесткі пра гарадзенскі гадзіннік перапыняюцца да апошняй чвэрці ХVII стагоддзя. Аднак няма сумневаў, што мясцовыя ўлады старанна дбалі, каб ён спраўна адмяраў гарадскі час. Гадзіннік быў не толькі гонарам і сімвалам гарадскога самакіравання, але і арганізатарам жыцця места: па яго званах пачыналіся набажэнствы, адчыняліся і зачыняліся гарадскія брамы, майстэрні і крамы. У тыя часы, калі штосьці здаралася з вежавымі гадзіннікамі і яны пераставалі ісці, месцічы наймалі званароў, якія цэлымі суткамі ўручную молатам адбівалі час у гадзіннікавыя або касцельныя званы. Здаралася, што гэта прыходзілася рабіць гадамі, бо рамонты былі дарагімі і доўгімі.

Змена прапіскі

Першая гарадзенская ратуша праіснавала паўтара стагоддзя і была разбурана ў час нашэсця на ВКЛ цара Аляксея Міхайлавіча, бацькі Пятра І. Гэта была адна з самых жудасных войнаў у гісторыі Еўропы, Беларусь тады згубіла больш за палову жыхароў. Маскоўскія войскі двойчы бралі і палілі горад над Нёманам: у жніўні 1655 года і ў снежні 1659 года. У дадатак у 1657 годзе Гародню акупавалі шведы. А ў 1669 годзе на працягу аднаго месяца яе моцна знішчылі яшчэ і чатыры пажары. 

Выява першай гарадзенскай ратушы захавалася дзякуючы мастаку Ёгану Адэльгаўзэру, які 2 лютага 1567 года намаляваў панараму горада падчас прыбыцця маскоўскага пасольства на перамовы з каралём Жыгімонтам Аўгустам, што праходзілі ў Старым замку. Гэтую карціну на наступны год загравіраваў Маціяс Цюнт з Нюрнберга пад назвай «Сапраўдная выява горада Гродна ў Літве». На панараме ратуша — двухпавярховы мураваны будынак з галерэяй, вялікай і малой вежамі — знаходзіцца на галоўнай гарадской плошчы, Рынку. 

Знясіленая войнамі, пажарамі і эпідэміямі, Гародня зможа ўзнавіць будынак магістрата толькі ў 1784 годзе, прычым ужо без вежы і гадзінніка.

Але механічнае сэрца горада пачало зноў біцца на стагоддзе раней. Да справы аднаўлення працы галоўнага гадзінніка далучыліся езуіты, якія ў 1623 годзе, выконваючы колішнюю волю караля Стэфана Баторыя, заснавалі ў Гародні сваю рэзідэнцыю. Манахі атрымалі цэлы квартал Старога горада для пабудовы калегіума і касцёла на ўсходнім баку Рынка. Большасць першапачатковых драўляных езуіцкіх будынкаў згарэла ў час нашэсця маскоўскага войска, і ордэн пачаў узводзіць мураваныя. Спачатку з’явіўся мураваны калегіум, які скончылі будаваць у 1684 годзе. Туды і перанеслі стары гадзіннік, збудаваўшы для яго высокую драўляную вежу, каб ён быў бачны і чутны для значнай часткі горада.

А ў 1725 годзе гадзіннік перамясцілі ў нядаўна змураваны касцёл Святога Францішка Ксаверыя, дзе ён знаходзіцца па сёння.

Што езуіты перамяшчалі менавіта стары ратушны гадзіннік, а не нейкі свой новы, ускосна сведчыць хроніка Гарадзенскага калегіума 1673—1769 гадоў (захоўваецца ў Рымскім архіве езуітаў). Запіс 1725 года:

«Разладжаны і стаўшы непрыдатным з-за старажытнасці сваёй, гадзіннік у гэтым годзе трохмесячнай працай быў адроджаны і змешчаны ў вежы храма. Зусім гнілая высокая драўляная вежа калегіума — старая аснова гадзінніка — была своечасова скінута, каб не пагражала сваім падзеннем даху калегіума». 

У 1725 годзе былому ратушнаму гадзінніку было ўжо каля двух стагоддзяў. 

Падчас аднаго з рамонтаў — 1725-га ці 1743-га гадоў — хутчэй за ўсё, адбылася частковая пераробка механізма ходу. Сярэднявечны шпіндальны ход замянілі на больш дакладны анкерны з інсталяцыяй доўгага маятніка. Гэта рабілася ў тую эпоху паўсюдна і адпавядала тагачаснаму эпахальнаму дасягненню ў хранаметрыі. Выкарыстанне маятнікаў як рэгулятараў ходу дазволіла зменшыць недакладнасць ходу з 15 хвілінаў да 15 секундаў за суткі.

Дзякуючы беднасці

Хоць гадзіннік стаяў на вежы касцёла, ён з’яўляўся гарадской маёмасцю і даглядалі яго мясцовыя ўлады. Яны наймалі майстроў і аплачвалі рамонты. А некалькі разоў нават спрабавалі замяніць гадзіннік на новы.

Механізм гадзінніка. Фота Яўгена Філімонава.

Першы раз гэта было пры Расійскай імперыі:

«Гарадзенская гарадская дума ад 18 чэрвеня 1871 данесла, што азначаны гадзіннік настолькі сапсаваны, што не можа быць адрамантаваны, а таму дума мяркуе замест гэтага гадзінніка купіць новы ў Маскве за 650 руб., тыднёвы з боем, або сутачны за 600 руб. без перавозкі і ўстаноўкі яго ў вежы». 

Аднак цягам трох год гарадзенцы добраахвотна сабралі толькі 70 рублёў замест патрэбных 650. Уладам не заставалася нічога іншага, як проста наняць за 150 рублёў французскага зэгармайстра і запусціць стары гадзіннік. Яшчэ 5 рублёў у месяц дума адлічвала гадзіншчыку, які павінен быў штодня заводзіць і змазваць механізм. Праца была адказнай, і ў выпадку няспраўнай заводкі майстар мусіў плаціць штраф у памеры 20 капеек за кожны дзень няправільнай хады гадзінніка.

Гратулевічы

Пачынаючы з 1944 года за станам гадзінніка сачыла даглядчыца Фарнага касцёла Марыя Гратулевіч (1912—2011) і яе муж, касцельны сталяр Восіп. Гратулевічы кожны дзень па чарзе ўздымаліся на вежу, на вышыню 10-павярховага дома, і ўручную заводзілі стары механізм, падымаючы дзве каменныя гіры вагой больш за 60 кілаграмаў, якія віселі на 15-метровых канатах. 

У 1950-я гады савецкія ўлады забаранілі прыводзіць у дзеянне механізм гадзінніка, спасылаючыся на тое, што бой гадзінніка перашкаджае гарадскому транспарту на Савецкай плошчы. Да таго ж, як распавядала спадарыня Марыя, людзі ў цывільным папракалі Гратулевічаў, што яны «з вежы пасылаюць сігналы зняволеным гарадзенскай турмы», якая ўжо амаль з часоў Расійскай імперыі месціцца ў будынках былога езуіцкага калегіума. Гадзіннік вымушана спыніў адлік гарадзенскага часу на чвэрць стагоддзя.

Новыя цыферблаты перад пад'ёмам. 1988 год. Фота Аляксандра Мілінкевіча.

У 1980 годзе майстры гарадзенскага прадпрыемства «Рамбыттэхніка» адрамантавалі прывод стрэлак, вырабілі маятнік і зноў запусцілі гадзіннік. Пры правядзенні гэтых работ да механізма дадалі два электрарухавікі, якія аўтаматычна ажыццяўлялі завод ходу і бою, а таксама гідраўлічны пад’ёмнік, што прыводзіў у дзеянне механізм бою.

Але ішоў вежавы гадзіннік нядоўга. Хоць электрамадэрнізацыя і дазваляла не праводзіць заводку ўручную, але кожны раз у час аўтаматычнага ўключэння рухавікі ўсё больш расхіствалі клеці механізма і значна парушалі дакладнасць ходу. Стары гадзіннік не ўспрыняў новаўвядзення і праз паўгода ў чарговы раз спыніўся. 

А вясной 1987 года Марыя Гратулевіч прапанавала аднавіць гадзіннік мне:

«Гэта такая прыгажосць Гародні, а ты фізік, любіш гісторыю. Можа, дасі рады?»

Мы з маім старэйшым сынам Аляксандрам у той жа дзень узялі ў яе старадаўнія ключы і падняліся па вінтавой лесвіцы на вежу да гадзінніка. Адчувалася, што перад намі штосьці таямнічае і, магчыма, унікальнае. Механізм быў амаль нябачны, увесь у птушыным памёце. На вокнах даўно не было нават сетак, якія б перашкаджалі птушкам залятаць на паддашша і вежы храмаў. Толькі чыстка старажытных колаў і валоў заняла каля тыдня.

Механізм прыводу стрэлак. Фота Яўгена Філімонава. 

Першымі кансультантамі ў працы па вяртанні старажытнага хранометра былі мае гарадзенскія сябры: вядомы археолаг, тагачасны дацэнт Гарадзенскага ўніверсітэта Міхась Ткачоў і выдатны мастак-рэстаўратар Гарадзенскага музея гісторыі рэлігіі Уладзімір Кіслы, а таксама фізік, этнолаг і гісторык навукі, дацэнт Віленскага педагагічнага інстытута Лібертас Клімка.

Гадзіннік удалося запусціць праз тры месяцы, у чэрвені 1987 года. Усведамленне значнасці падзеі перахоплівала дыханне, хаця ў той час мы яшчэ нават не ведалі, што ўжо для Стэфана Баторыя гэты гадзіннік быў старадаўні.

Аднак дакладнасць ходу аказалася зусім кепскай. Зношаны механізм патрабаваў рэстаўрацыі.

На заводзе карданаў

Аднаўленню гадзінніка паспрыяў Аляксандр Алёшын, тагачасны першы сакратар Гарадзенскага гаркама КПБ. 

Асноўныя работы выконвалі майстры Вячаслаў Дарашкевіч, Рыгор Мельнік і Восіп Ясюкевіч на Гродзенскім заводзе карданных валоў. Крок за крокам, найчасцей вечарамі пасля работы, яны нарошчвалі зубы шасцерань і колаў, выраблялі інварны маятнік і апорныя падшыпнікі, аднавілі першапачатковы прывод, што яднаў механізмы ходу і бою. 

Мы намагаліся максімальна поўна захаваць старадаўнія арыгінальныя дэталі. Механізму вярнулі ручную заводку, зрабілі новы круглы цыферблат з дзюралюмінію і стрэлкі з нержавеючай сталі паводле эскіза Уладзіміра Кіслага, у адпаведнасці з выявай на абразе студэнцкіх лаваў з капліцы Кангрэгацкай Маці Божай Фарнага касцёла. Урэшце электрамеханік Уладзімір Гутнік зрабіў ліхтары падсветкі цыферблатаў з аўтаматычным уключэннем у начны час.

Апоўдні 14 красавіка 1989 года вежавы гадзіннік ізноў спраўна пайшоў, напоўніўшы гукам гарадзенскія час і прастору. 

Сэрэднявечная гадзіннікавая стрэлка. 1987 год. Фота Аляксандра Мілінкевіча.

Арыгінальнае шпіндальнае кола

У сакавіку 1992 года прыехала група расійскіх рэстаўратараў старажытных вежавых гадзіннікаў на чале з выдатным майстрам Юрыем Платонавым. Гэта былі фізікі-ядзершчыкі, якіх у той час аб’яднала ідэя аднаўлення страчанага вежавага гадзінніка Вялікага палаца ў Гатчыне пад Санкт-Пецярбургам.

Пабачыўшы наш хранометр, яны былі ад яго ў захапленні і запрапанавалі дапамогу ў аднаўленні гарадзенскага гадзінніка, прычым дабрачынна.

Трэці этап рэстаўрацыі гадзінніка доўжыўся з верасня 1992 года па ліпень 1997-га. Навуковае суправаджэнне работ рабіў Эрмітаж, куды якраз перайшлі на працу расійскія рэстаўратары. 

Тады мы вялі прынцыповыя дыскусіі з Платонавым: ці не вярнуцца да сярэднявечнага шпіндальнага ходу дамаятнікавай эпохі, каб механізм гадзінніка цалкам адпавядаў таму, што з’явіўся на вежы гарадзенскай ратушы пяць стагоддзяў таму? Для гэтага былі ўсе магчымасці: захаваліся месцы мацавання, былі неабходныя кінематычныя схемы і мелася нават арыгінальнае шпіндальнае кола. Але адмовіліся ад гэтай вялікай спакусы.

Гарадзенскі гадзіннік не музейны экспанат, ён рабочы, а пры такіх пераробках у дзясяткі разоў знізілася б дакладнасць ходу і сур’ёзна ўскладніўся б догляд механізма. 

А сёння па-ранейшаму б’ецца сэрца каралеўскай Гародні, гучаць званы па-над Нёманам, нагадваючы пра хуткаплыннасць Жыцця і вечнасць Часу.

Александр Милинкевич

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов