Праект партала
ВКЛ Жыццё да Міндоўга. Як выглядала ранняя Літва

Хто жыў у сярэднявечных літоўскіх гарадах і як гэтыя гарады выглядалі, расказвае кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.

Гарадзішча ў Кернаве. Shutterstock.com, by Daiva Kis.

Звычайныя беларускія ўяўленні пра Літву Х—ХІІІ стагоддзяў даволі схематычныя. Гэты край паўстае напаўдзікай пушчай, заселенай рэдкім балцкім насельніцтвам. Тая Літва не мела гарадоў, а яе насельнікі не ведалі пісьмовай культуры і наогул значна саступалі па ўзроўні свайго цывілізацыйнага развіцця суседнім Русі і Польшчы. Але ж менавіта з Літвы ўжо ў ХІІІ стагоддзі ішлі імпульсы новага дзяржаваўтварэння — у той час, калі ўвесь рэгіён Усходняй Еўропы перажываў глыбокі крызіс.

У многім прычына няцэльнасці карціны крыецца ў малой колькасці пісьмовых крыніц пра раннюю Літву. Яны не дазваляюць рэканструяваць яе гісторыю Х—ХІІ стагоддзяў нават у агульных рысах, за выняткам асобных згадак пра паходы на Літву суседзяў і паходы самой Літвы. Звесткі для аналізу дае перадусім археалогія. Ці змогуць археалагічныя помнікі, размешчаныя на абшарах Lithuania propria — «уласна Літвы» ці «Літвы ў вузкім сэнсе», — распавесці нам пра этнакультурныя адметнасці гэтага краю?

Крэва

Паселішча Крэва ў ХІІ—ХІІІ стагоддзях знаходзілася на ўсходзе старажытнай Літвы. Праз 10 км, у Лоску, стаяў ужо памежны замак Полацкай зямлі — адзін з самых паўночна-заходніх фарпостаў крывічоў.

Лакалізаваць старажытнае Крэва навукоўцам удалося літаральна цягам апошніх пяці гадоў. Крэўскае гарадзішча знаходзіцца за два кіламетры ад замка, па Смаргонскім шляху, у межах сённяшняга разлеглага мястэчка Крэва. Нядаўнія археалагічныя раскопкі паказалі, што пласт на гарадзішчы ўтрымлівае артэфакты Х—ХІІІ стагоддзяў і адносіцца да перыяду гісторыі Літвы «да Міндоўга».

Не выклікае сумневаў, што ў Сярэднявеччы Крэва было заселенае балтамоўным паганскім насельніцтвам. Таму найбольш чаканым было б выяўленне на Крэўскім гарадзішчы адпаведных знаходак. Але выяўленыя крэўскія матэрыялы цалкам адпавядаюць матэрыяльнай культуры гарадоў Усходняй Еўропы, ці, іншымі словамі, Старажытнай Русі. Паводле цэлага комплексу артэфактаў — ад традыцыйнай ганчарнай керамікі да шкляных бранзалетаў — мы можам казаць пра сталую прысутнасць на Крэўскім гарадзішчы ў ХІ—ХІІІ стагоддзях усходнеславянскага насельніцтва, а не проста пра гандлёвыя сувязі карэнных балтаў з русінамі.

Фрагменты шкляных бранзалетаў ХІІ—ХІІІ стагоддзі, крэўскае гарадзішча. Фота Сяргея Гудзіліна.

Да прыкладу, фрагменты шкляных бранзалетаў рознага колеру сустракаюцца практычна ва ўсіх гарадах Усходняй Еўропы ў пластах гэтага перыяду. Несумненна, яны былі ўлюбёным упрыгожаннем гараджанак.

Археолагі спачатку лічылі шкляныя бранзалеты візантыйскім імпартам. Сапраўды, у Візантыі такіх бранзалетаў вядома шмат, а асноўны цэнтр іх вытворчасці знаходзіўся ў Сірыі. Цяпер жа даведзена, што такія ўпрыгожанні вырабляліся і бліжэй — як мінімум у Кіеве, дзе дзейнічаў буйны цэнтр вытворчасці гэтага папулярнага тавару. 

Пасля таго, як мангола-татары разграмілі Кіеў у 1240 годзе, вытворчасць спынілася. Крохкія бранзалеты, якія праз нейкі час ламаліся на руках дзяўчат, паступова знікаюць у культурных пластах гарадоў Усходняй Еўропы. Таму гэтыя элементы жаночых упрыгожанняў — вельмі добры храналагічны маркер, перыяд іх распаўсюджання не сягае далей за сярэдзіну ХІІІ стагоддзя. Увогуле, спецыялістамі даўно заўважана, што этнавызначальныя прыкметы ў раннім Сярэднявеччы маюць найперш жаночыя ўпрыгожанні. Мужчынскія ўборы больш кансерватыўныя і аднастайныя.

Гальшаны

У блізкіх ад Крэва Гальшанах мы таксама маем археалагічны комплекс гарадзішча з селішчам, матэрыяльная культура якога падобная да крэўскіх знаходак і шырэй — да культуры гарадоў Усходняй Еўропы.

Праўда, у Гальшанах шмат фрагментаў ляпной керамікі. Здавалася б, гэта толькі дэталь. Але варта памятаць, што ўсходнія балты яшчэ доўга карысталіся пераважна ляпной керамікай, найбольш архаічнай у плане тэхналогіі вырабу. Ганчарную кераміку (начынні, вырабленыя на ганчарным крузе) прынеслі ў наш рэгіён Еўропы славяне, якія пад ціскам аварскіх плямёнаў пачалі рассяляцца з Паноніі ўжо з навыкамі ганчарства.

На Гальшанскім гарадзішчы мы знаходзім таксама сляды ваенных падзей канца Х — першай паловы ХІ стагоддзяў, якія можна суаднесці з выправамі кіеўскіх князёў Уладзіміра Святаславіча і Яраслава Мудрага на літву і яцвягаў. У гэты перыяд Гальшанскае гарадзішча было спалена, пра што сведчыць вялікі пласт вуголля на месцы драўляных сцен. 

Крыж-энкалпіён гальшанскага дружынніка, 30-я гады ХІІІ стагоддзя (раскопкі Паўла Кенькі). Sputnik.by.

Даследаванні археалагічнага комплексу дазваляюць сцвярджаць, што ў Гальшанах таксама жыло змяшанае балта-славянскае насельніцтва. Тры курганныя групы, размешчаныя непасрэдна каля гарадзішча, датуюцца Х—ХІІ стагоддзямі і ўяўляюць сабой унікальны сімбіёз славянскіх і балцкіх пахаванняў.

Славянскі пахавальны абрад прадстаўлены пахаваннямі з трупапакладаннямі, але ў іх прысутнічае і балцкі элемент — каменная кальцавая выбрукоўка альбо абкладка насыпу каменнямі. Сінхронныя ўласна балцкія пахаванні выкананыя паводле абраду крэмацыі, і гэта пахаванні вайскоўцаў. 

Генеалагічныя легенды XVI стагоддзя звязваюць Гальшаны з паходжаннем старажытнай літоўскай дынастыі Кітаўрасаў, адхіленай ад улады новай дынастыяй Віценя і Гедыміна. У цэнтры гэтай легенды знаходзіцца паданне пра Гольшу, які заснаваў замак у Гальшанах. Паданне паўтараецца амаль у нязменным выглядзе ў розных рэдакцыях беларуска-літоўскіх летапісаў. Паводле Летапісу Красінскага,

«Гольшыс перайшоў раку Віллю і знайшоў прыгожую гару сярод іншых гор над ракой Вільняй за мілю ад вусця ракі Вільні, дзе ўпадае ў раку Віллю, насупраць Раканцішак, і заклаў горад, і назваў сваім імем, Гальшаны».

Такім чынам, першыя Гальшаны паўсталі на Раканцішскім гарадзішчы ў Вільні.

Але далей, «трошкі пабыўшы там, падчас ловаў у пушчы за дзесяць міляў ад свайго горада знайшоў ён прыгожую гару, аточаную разлеглымі раўнінамі, і спадабалася яму там, і там ён пасяліўся… і назваўся князем Гальшанскім». Першым жа гістарычна вядомым прадстаўніком роду Гальшанскіх стаў у канцы XIV стагоддзя Іван Альгімонтавіч, найбліжэйшы паплечнік Вітаўта. Магчыма, князі Гальшанскія сапраўды паходзяць ад кагосьці з родзічаў вялікага князя Тройдзеня (1270—1282), рэзідэнцыяй якога быў Кернаў.

Кернаў

Гэты цэнтр размяшчаўся за 35 км ад Вільні і быў адным з паўночных цэнтраў той зямлі, якая паводле традыцыі беларуска-літоўскіх летапісаў называлася Лістубаніяй («берагам трубаў»), а ў скарочанай версіі — Літвой. 

Абарончую сістэму Кернава ў ХІІІ—XIV стагоддзях утваралі пяць гарадзішчаў рознага памеру: Замкавая гара, Гара ахвярніка (ці Святая гара), Гара Ліздзейкі (ці Крывайтэ), Трон Міндоўга, Гара Кернава. Княская рэзідэнцыя лакалізавалася на Гары ахвярніка, гандлёва-рамесны пасад размяшчаўся вакол гарадзішчаў, княская абслуга займала Замкавую гару. Забудова гарадзішчаў была цалкам драўлянаю.

Купалле ў Кернаве. Svajksta.by.

У 1365 годзе Кернаў быў значна разбураны крыжакамі. А ў 1390-м жыхары самі падпалілі свой горад перад прыходам аддзелаў Нямецкага ордэна на чале з маршалам Энгельгартам Рабе і саюзных ім войскаў Вітаўта. Пасля гэтага горад як значны палітычны цэнтр ужо не адрадзіўся, замкі не адбудоўваліся, а ўся матэрыяльная культура закансервавалася.

Літоўскія археолагі на працягу 1970—2000-х гадоў праводзілі даволі маштабныя і выніковыя даследаванні Кернава. Яны адкрылі старажытны цэнтр з характарам раннеўрбаністычнага паселішча, з багатай і разнастайнай культурай, па многіх прыкметах падобнай да гарадской культуры Русі ХІІІ стагоддзя. 

Старажытны Кернаў захаваў, акрамя гарадской культуры, яшчэ адзін важны аб’ект — могілкі ХІІІ—XIV стагоддзяў. Яны сведчаць, што значную частку насельнікаў Кернава складалі ўсё тыя ж хрысціяне. Менавіта паводле хрысціянскага абраду былі арганізаваныя пахаванні: з пакладаннем целаў памерлых у зямлю, з мінімальным пахавальным інвентаром. У многіх пахаваннях былі знойдзеныя нацельныя крыжыкі. Падкрэслім, што гэтыя знаходкі датуюцца раней, чым афіцыйны хрост Літвы па заходнім абрадзе ў 1387 годзе, пасля Крэўскай уніі. 

У 2009 годзе быў адкрыты яшчэ адзін пахавальны помнік — канцэнтрацыя спаленых костак, якія знаходзіліся ў старым рэчышчы ракі. Гэтае пахаванне сінхроннае грунтоваму могільніку. Таму можна меркаваць, што хрысціяне хавалі памерлых на сваіх могілках, а паганцы спальвалі нябожчыкаў і кідалі іх парэшткі ў раку паводле старога звычаю.

Кернаў жа знаходзіцца паўночней за Вільню, і прысутнасць там славянскіх пасяленцаў (ці рутэнізаваных балтаў) можа пазначаць абсягі пранікнення славянаў углыб Літвы. 

Вільня

Вільня стала сапраўднай метраполіяй Літвы з XIV стагоддзя, а першая згадка яе як сталіцы датуецца 1323 годам і адсылае да містычнага сну Гедыміна. На працягу ўсяго сярэднявечнага перыяду і ў XVI стагоддзі ў сталіцы Вялікага Княства вылучаўся асобны квартал, вядомы як Civitas ruthenica — «Рускі горад». Верагодна, першапачаткова ў другой палове ХІІІ стагоддзя славяне сяліліся каля паўночнай падэшвы Гары Гедыміна, але ўжо з пачатку ці сярэдзіны наступнага стагоддзя сканцэнтраваліся ва ўласным квартале (усходняй частцы сучаснага Старога горада Вільні).

Вялікае Княства Літоўскае пры Міндоўгу. Вялікі гістарычны атлас Беларусі, т.1.

Сапраўднай сенсацыяй стала адкрыццё падчас аварыйных археалагічных раскопак хрысціянскіх могілак другой паловы ХІІІ — пачатку XIV стагоддзяў на ўскраіне сярэднявечнага «Рускага горада» Вільні. Гэта зноў дазваляе казаць пра значную прысутнасць хрысціянскага славянскага (ці славянізаванага) насельніцтва ў галоўнай метраполіі Літвы ў перыяд яшчэ да Крэўскай уніі.

Усе пахаванні ў Вільні, як і ў Кернаве, зробленыя паводле абраду інгумацыі (трупапакладанне, а не спаленне), у большасці сваёй галавой на захад. Гэта хрысціянскі абрад, ці нават канкрэтна — усходнехрысціянскі. Пахаванні размешчаныя ў некалькі ярусаў у адной і той жа магільнай яміне, што можна патлумачыць дэфіцытам месца для могілак побач з горадам, які імкліва павялічваўся.

Шматаблічная Літва

Так што даўняя Літва паўстае зусім не як аднастайны, этнічна аднародны край. Сярод балцкага паганскага насельніцтва ў ёй значна прысутнічалі і хрысціяне. Кім былі гэтыя людзі — славянскімі пасяленцамі-мігрантамі ці рутэнізаванымі балтамі, — ужо іншае пытанне. Напэўна, прысутнічалі як першыя, так і другія. Легендарная гісторыя пра трох віленскіх пакутнікаў пры двары князя Альгерда сведчыць, што балты даволі актыўна і ўсвядомлена прымалі хрысціянства праз усходні абрад у часы, калі многія іх супляменнікі яшчэ заставаліся паганцамі.

Старажытная Літва, «Літва да Міндоўга», паўстае краем, які ў ХІ—ХІІ стагоддзях меў сваю цывілізацыю. На абшарах тае Літвы існавалі свае раннегарадскія паселішчы з выразнай адміністратыўнай альбо сакральнай функцыямі. Больш за тое, некаторыя з гэтых ранніх гарадоў былі асяродкамі гандлю і рамеснымі цэнтрамі, чым можа пахваліцца далёка не кожнае сярэднявечнае паселішча. 

Крэва сёння. Фота жыхара гэтага мястэчка Сяргея Гапона.

Характар жа матэрыяльнай культуры ва ўсіх чатырох узгаданых цэнтрах даўняй Літвы, а таксама выяўленыя хрысціянскія могілкі ў Кернаве і Вільні дазваляюць казаць, што гэтыя гандлёва-рамесныя функцыі забяспечвалі славянскія пасяленцы. Яны падтрымлівалі гандлёвыя зносіны з гарадамі Русі ад Полацка да Кіева, а таксама прыўносілі новыя тэхналогіі ў керамічнай вытворчасці і металаапрацоўцы. Хоць многія з гэтых «славянаў», напэўна, мелі балцкіх продкаў і рутэнізаваліся праз прыняцце ўсходняга хрысціянства. 

Так ствараўся той культурна-гаспадарчы кантэкст, які ўрэшце стаў вызначальным для ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага — дзяржавы не на зломе культур, а ў прасторы балта-славянскага ўзаемадзеяння. Так што Міндоўг упершыню пабачыў русінаў у сваіх валоданнях, а не ў панямонскім Наваградку, якім усё роўна быў уражаны. 

Алег Дзярновіч

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў