Проект портала
биографии Генерал, который доказал империи, что беларусы существуют

О Павле Бобровском, который помнил, что он беларус, пишет Василь Герасимчик.

У 1863—1864 гадах, калі на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай разгортвалася паўстанне, на старонках расійскага перыядычнага друку ўпершыню шырока абмяркоўвалася пытанне: хто ж такія беларусы?

Картограф Родэрыг Эркерт, які ў 1863 годзе выпусціў атлас па так званым Заходнім краі Расійскай імперыі і паспеў напісаць шэраг нарысаў пра беларусаў, даказваў: «Усіх каталікоў варта залічваць да палякаў, а ўсіх праваслаўных — да рускіх».

Этнаграфічная карта з атласа Родэрыха Эркерта. 1863 год.

У адказ пачалася дыскусія, падчас якой аргументавана прагучала думка, што беларусаў нельга дзяліць па рэлігійнай прыкмеце, таму што «ў грамадскіх адносінах паміж каталіком і праваслаўным беларусам няма ніякай розніцы, як няма ніякай розніцы ў іх мове, ладзе думак, норавах і звычаях».

Аўтар гэтых слоў — 31-гадовы падпалкоўнік царскай арміі Павел Баброўскі. Найбольш адметнымі рысамі беларусаў, да якіх залічваў і сябе, ён называў мову і традыцыйную культуру. Унук уніяцкага святара, сын прафесара Віленскага ўніверсітэта, пляменнік аднаго з першых творцаў беларускага нацыянальнага адраджэння, ён дзякуючы ўласным здольнасцям дасягнуў высокіх прыступак у імперскай іерархіі. 

Уніяцкае паходжанне

Па словах самога Паўла Баброўскага, ён належаў «да старажытнага роду чарнарускіх славян» і паходзіў з Драгічынскай зямлі на Падляшшы. Прыкладамі для яго былі дзед, гонар усёй сям’і, якога ўнук не пабачыў на ўласныя вочы, але ўсё жыццё збіраў пра таго матэрыялы, і дзядзька, які прыклаў шмат намаганняў для выхавання пляменніка.

Дзед Паўла, Кірыла Баброўскі, да таго, як у 40 гадоў стаць уніяцкім святаром, паспеў страціць апошнюю частку некалі значных радавых уладанняў і павандраваць па свеце. Яго прыход размяшчаўся ў Вольцы Выганаўскай Бельскага павета (цяпер на тэрыторыі Польшчы). Кірыла рана страціў жонку, а з шасцярых сыноў выжылі толькі двое — Восіп і Міхаіл, якім ён намагаўся даць найлепшую адукацыю. У выніку абодва сталі прафесарамі Віленскага ўніверсітэта.

Міхаіл стаў доктарам тэалогіі, магістрам філалогіі і філасофіі, вядомым славістам і адным з пачынальнікаў беларусазнаўства. У прыватнасці, ён выявіў і першым даследаваў Супрасльскі зборнік — адзін з найбольш важных кірылічных помнікаў царкоўнаславянскай мовы, які ў 2007 годзе быў унесены ЮНЕСКА ў спіс «Памяць свету». 

Міхаіл Баброўскі пасля выключэння па палітычных прычынах з Віленскага ўніверсітэта (падрабязней пра гэта гл. у артыкуле Паўла Церашковіча «Падляшане, якія абудзілі беларусаў» у № 3/2018 «Нашай гісторыі») паспеў паслужыць у храмах Вільні і Жыровічах, перш чым атрымаць у лістападзе 1833 года прыход у Шарашове Пружанскага павета, куды перавёз сваю вялізную бібліятэку. Як і яго бацька, атрымаў вядомасць сярод прыхаджан сваёй дапамогай падчас неўраджайных гадоў і набажэнствамі на народнай мове.

Тры прафесары за сведкаў

У адрозненне ад малодшага брата, які ўслед за бацькам стаў уніяцкім святаром, Восіп Баброўскі абраў іншы шлях і здолеў пабудаваць добрую ўніверсітэцкую кар’еру. На яго вяселлі, якое ладзілася ў 1829 годзе па ўніяцкім абрадзе ў віленскім касцёле Святых Янаў, сведкамі былі адразу тры прафесары, а яшчэ адзін праводзіў набажэнства.

Жонкаю Восіпа стала маладзейшая за яго амаль на 30 гадоў Марыя са збяднелага роду Кухановічаў, якія спрадвеку жылі ў падляшскім мястэчку Кляшчэлі па суседстве з Баброўскімі.

Павел з’явіўся на свет 2 красавіка 1832 года ў маёнтку Вака, размешчаным непадалёк ад Вільні ў бок Гродна. Яго хросным бацькам стаў прафесар Віленскага ўніверсітэта, гісторык Юзаф Ярашэвіч, аўтар выдадзенай у 1844—1845 гадах трохтомнай працы «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі з найстаражытнейшых часоў і да канца ХVIII стагоддзя». 

Восіп рыхтаваў сына да навучання ў гімназіі, пакуль раптоўна не памёр у 1843 годзе, пакінуўшы 33-гадовую жонку з двума непаўналетнімі сынамі і шматлікімі пазыкамі. На дапамогу сваякам прыйшоў Міхаіл Баброўскі, які перавёз сям’ю брата да сябе пад Шарашова. З усёй характэрнай для яго адданасцю справе ён узяўся за выхаванне пляменнікаў. «Толькі пасля мы зразумелі, чым абавязаныя свайму дзядзьку — настаўніку і апекуну. Кожнага з нас ён вывучыў і кожнага намагаўся накіраваць згодна са здольнасцямі і схільнасцямі», — прызнаецца пазней Павел. 

Цяжкі выбар

Міхаіл Баброўскі дапамог пляменніку падрыхтавацца да здачы экзаменаў у Пружанскае пяцікласнае дваранскае вучылішча і, адчуваючы ў ім запал даследчыка, дазваляў карыстацца сваёй багатай бібліятэкай. Аднак, кожны раз прыязджаючы ў Шарашова, Павел заўважаў, што кніг тут становіцца ўсё менш і менш. Толькі пазней ён даведаўся, што дзядзька Міхаіл, не маючы іншых сродкаў і жадаючы дапамагчы родным, пачаў паступова прадаваць свае каштоўныя зборы. Але сродкаў усё роўна не хапала, таму ў 1844 годзе дзядзька вымушаны быў згадзіцца на прапанову губернскіх уладаў аддаць пляменніка ў Полацкі кадэцкі корпус.

Міхаіл Баброўскі. Дзядзька Паўла Баброўскага. Nlb.by.

Выправіўшы ў свет любімага пляменніка, Міхаіл заняўся ўладкаваннем другога шлюбу яго маці Марыі, якую называў сястрой. Дзеля гэтага ў 1847 годзе ён прадаў сваю бібліятэку памешчыку Уладзіславу Трэнбіцкаму. Аднак усю дамоўленую суму сям’я Баброўскіх так ніколі і не атрымала. 

А 21 верасня 1848 года святар памёр ад халеры і быў пахаваны ў Шарашове каля алтара могілкавай царквы. Яго шматлікія каштоўныя паперы параскрадалі. Павел не змог развітацца з дзядзькам, бо ў Полацку тады таксама была эпідэмія халеры і кадэцкі корпус перайшоў на жорсткі каранцін.

Пашчасціла!

У 1849 годзе Павел Баброўскі, дзякуючы поспехам у вучобе, перавёўся ў пецярбургскі Дваранскі полк, у якім рыхтаваліся будучыя афіцэры царскай арміі. Праз два гады ў ліку найлепшых выпускнікоў ён накіроўваецца ў сталічны лейб-гвардыі Літоўскі полк і адразу пачынае падрыхтоўку да паступлення ў Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба. 

Планы на далейшае навучанне прыйшлося перапыніць. Прычына таму — распачатая ў 1853 годзе Крымская вайна. Афіцэры Літоўскага палка звяртаюцца з просьбаю адправіць іх на фронт. Але найвышэйшае кіраўніцтва дазваляе зрабіць гэта толькі тром афіцэрам. Для іх вызначэння кідаюць жэрабя. Павел Баброўскі ўзгадваў: «Выцягнуты мною квіток быў з надпісам «камандзіроўка». Маёй долі зайздросцілі ўсе прапаршчыкі».

Маладому афіцэру не цярпіцца паўдзельнічаць у сапраўдным баі, але наступныя паўгода яго чакаюць амаль выключна маршы і дзяжурствы. 

Напрыканцы 1854 года Павел Баброўскі вяртаецца ў Пецярбург і ў наступным годзе паступае на геадэзічнае аддзяленне ў Мікалаеўскую акадэмію.

«Асобны край»

Пасля акадэміі Паўла Баброўскага накіравалі на радзіму, якую ён пакінуў яшчэ хлапчуком. Малады капітан 1-га армейскага корпуса, размешчанага ў Вільні, па ўласнай ініцыятыве арганізаваў заняткі па тапаграфіі з іншымі афіцэрамі. Дзейнасць Баброўскага заўважыла камандаванне, і яго прызначылі выкладаць тапаграфію юнкерам Новаінгерманландскага палка, які пазней удзельнічаў у задушэнні паўстання 1863—1864 гадоў на беларускіх землях.

Але ўрэшце распачатая ініцыятыва прывяла да таго, што ў 1859-м Паўла Баброўскага залічылі ў штат супрацоўнікаў Генеральнага штаба і даручылі адказнае заданне — узначаліць групу афіцэраў, якія займаліся зборам статыстычных і геаграфічных матэрыялаў па Гродзенскай губерні для зборніка.

Падобная праца ўжо выконвалася раней, калі ў ліку 17-ці тамоў вайскова-статыстычнага агляду Расійскай імперыі ў 1849 годзе выйшаў том, прысвечаны Гродзенскай губерні. Ён быў узорам. Але Баброўскі пайшоў значна далей. Да збору матэрыялаў, акрамя афіцэраў Генеральнага штаба, ён далучыў мясцовых настаўнікаў, святароў і памешчыкаў.

Званіца ўніяцкай царквы ў Шарашове на Пружаншчыне, паблізу якога рос Баброўскі. Wikimedia Commons.

Павел Баброўскі тры гады «шмат хадзіў па краі, ва ўсім прыглядаўся да народа, сам запісваў узоры яго мовы і твораў». І ўсё гэта ў той самы час, калі па Гродзеншчыне падарожнічаў Кастусь Каліноўскі. Урэшце, у 1863 годзе работы скончыліся і свет пабачыў ажно чатырохтомнік матэрыялаў па Гродзенскай губерні, які належыць да ліку найлепшых кніг з усёй серыі ў 39 тамоў.

Нягледзячы на абвінавачванні ў лібералізме, асабліва ў адлюстраванні гісторыі палякаў і яўрэяў, празмерна вялікім аб’ёме выдання і нават імкненні паказаць Гродзенскую губерню як «асобны край», працу Баброўскага ў цэлым сустрэлі станоўча. За яе ён атрымаў званне падпалкоўніка і малы залаты медаль ад Рускага геаграфічнага таварыства. Імператар Аляксандр ІІ узнагародзіў Баброўскага ордэнам Святога Уладзіміра IV ступені. Гэта ўсё дазволіла Паўлу Баброўскаму далучыцца да дыскусіі паміж Міхаілам Каяловічам і Родэрыхам Эркертам пра так званую «Заходнюю Расію» і ідэнтычнасць яе жыхароў, якая разгортвалася ў друку ў 1863—1864 гадах.

Моўная нацыянальнасць

У адрозненне ад Эркерта, які ключавым фактарам для размежавання народаў называў веравызнанне, Павел Баброўскі бачыў розніцу перш за ўсё ў мове, а таксама ў традыцыйнай культуры.

Баброўскі аргументавана даказваў, што нельга дзяліць беларусаў на каталікоў і праваслаўных, бо ўсё гэта адзін народ. З-за складанай гісторыі (стварэнне Уніяцкай царквы ў 1596-м, далучэнне яе да Праваслаўнай у 1839-м) у адносінах да рэлігіі пануе «абыякавасць у вачах беларусаў» і нават захаванне дахрысціянскіх вераванняў.

Пры гэтым Павел Баброўскі падкрэсліваў, што з-за «адступніцтва вышэйшага саслоўя ад сваёй веры і мовы», «працяглага рабства пад гнётам паланізму, свавольства шляхты» шмат запрыгоненых і неадукаваных сялян не ведаюць, хто яны ёсць насамрэч, і называюць сваю мову «простай». «Якая нам справа да таго, што беларусы называюць сябе не беларусамі, а простымі. Але яны гавораць па-беларуску… Яны, не ведаючы таго, што яны беларусы, захавалі і ў побытавым маўленні, і ў песнях, і ў прымаўках свае пэўныя, нацыянальныя, лагічныя формы, свой дух, свой пэўны характар». Назву ж «літоўцы», пад якой сялян Гродзенскай губерні часам запісвалі памешчыкі і ксяндзы, Баброўскі тлумачыў тым, што «беларусы калісьці ўваходзілі ў лік народнасцяў літоўскай дзяржавы».

У выніку дыскусіі погляды Родэрыха Эркерта былі прызнаныя памылковымі, і ён вымушаны быў з «Заходняга края» пераключыцца на Каўказ. У той жа час менавіта пры ўдзеле Паўла Баброўскага геаграфічнае паняцце «Беларусь» паступова ў Расійскай імперыі афіцыйна замацоўвалася за тэрыторыяй пражывання беларусаў як носьбітаў беларускай мовы. Гэта паказалі вынікі перапісу 1897 года і іх адлюстраванне на карце Яўхіма Карскага.

Сенатар

Даследчая дзейнасць Паўла Баброўскага ў Беларусі, на жаль, была перарваная ў 1863 годзе. Яго постаццю зацікавіўся вайсковы міністр Дзмітрый Мілюцін, які выношваў план рэформы ўзброеных сілаў Расійскай імперыі. Павел Баброўскі патрэбны быў для арганізацыі новых навучальных устаноў — юнкерскіх вучылішчаў. Пасля ён застаўся ў сістэме вайсковай адукацыі яшчэ і кіраўніком Вайскова-юрыдычнай акадэміі і Вайскова-юрыдычнага вучылішча.

Павел Баброўскі з узнагародамі. 

Толькі ў 1880-я Баброўскаму ўдалося зноў заняцца гістарычнымі даследаваннямі. Спачатку ён вывучаў рэформы перыяду кіравання Пятра І, а пасля вярнуўся і да беларускай тэматыкі, што было звязана з падрыхтоўкай да 50-годдзя далучэння ўніятаў да праваслаўя. Ён узяўся за даследаванне барацьбы сярод уніяцкіх іерархаў за рэфармаванне царквы пры імператару Аляксандру I. Праца над кнігаю дазволіла Паўлу Баброўскаму сабраць частку страчанага архіва свайго дзядзькі, які ён пасля, у 1890 годзе, падараваў бібліятэцы Акадэміі навук. Даследаванне крытыкаваў гісторык Міхаіл Каяловіч, які абвінаваціў аўтара не ў пошуку гістарычнай праўды, а ў імкненні ўзгадаць пэўных гістарычных асоб, у тым ліку і свайго дзядзьку.

У 1890-я гады ў Паўла Баброўскага з’явілася новае, у значнай ступені кан'юнктурнае захапленне — даследаванне гісторыі палкоў расійскага войска. Напісанне гэтых прац было ініцыявана міністэрствам у межах кампаніі па палітычнай апрацоўцы грамадскага меркавання. У цэлым яны, напісаныя з вялікадзяржаўных пазіцый, уяўлялі сабою апалагетыку «рускай зброі» і апраўданне захопу новых тэрыторый прасоўваннем больш прагрэсіўнай культуры.

У 1897 годзе Павел Баброўскі стаў членам Урадавага сената. У апошнія гады ён цяжка хварэў, але пры гэтым не кідаў гістарычных даследаванняў. Але вестка пра правал далёкаўсходняй кампаніі расійскай арміі падчас вайны з Японіяй, а таксама рэвалюцыйныя падзеі студзеня 1905 года пагоршылі яго стан, і 16 лютага 1905 года Павел Баброўскі памёр. 

Ён быў навукоўцам і чалавекам свайго часу, і з сённяшняга гледзішча многае з яго дзейнасці можа падацца састарэлым. Але ўнёсак Паўла Баброўскага ў развіццё беларускай нацыянальнай ідэі яшчэ чакае належнай ацэнкі. 

Василь Герасимчик

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов