Праект партала
Біяграфіі Бетховен. Без барацьбы няма перамогі

Пра кампазітара неверагоднага таленту, які пісаў, нават калі аглух, піша піяніст Віталь Стахіевіч.

Ёзэф Карл Штылер. Партрэт Людвіга ван Бетховена (фрагмент), 1820 год. Wikimedia Commons

Людвіг ван Бетховен, 250 гадоў з дня нараджэння якога мы адзначаем сёлета, — бацька сучаснага фартэпіяннага мастацтва. Ён пакінуў па сабе цудоўных вучняў-піяністаў, найперш Фердынанда Рыса і Карла Чэрні. Чэрні напісаў мноства фартэпіянных эцюдаў рознай ступені складанасці, міма якіх не праходзіць ніводны вучань, які займаецца на піяніна. 

Вучнем Карла Чэрні быў вялікі венгерскі кампазітар і піяніст Феранц Ліст, які ў сваю чаргу перадаў сакрэты майстэрства Антону Рубінштэйну, Ігнату Яну Падэрэўскаму і Тэадору Лешаціцкаму — айцу рускай фартэпіяннай школы. У Лешаціцкага, дарэчы, займаўся Уладзімір Пухальскі, ураджэнец Менска, якога вельмі падтрымліваў ягоны зямляк Станіслаў Манюшка. 

І сёння практычна кожны выпускнік класа фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вядзе свой «музычны радавод» ад уласнага педагога — праз выдатных прафесараў Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Варшаўскай, Кіеўскай кансерваторый — аж да Ліста, Чэрні і Бетховена. 

Асабліва частыя sforzato

Людвіг ван Бетховен нарадзіўся 16 снежня 1770 года ў Боне. З 1949 года гэты ў прынцыпе не надта буйны горад 40 гадоў выконваў функцыю сталіцы Германіі. А ў бетховенаўскія часы гэта таксама быў, лічы, сталічны горад, бо ў ім размяшчаўся двор кёльнскага курфюрста Святой Рымскай імперыі, прыдворныя тэатр і капэла. 

Тата Людвіга Ёган быў спеваком у бонскай капэле. Дзед будучага кампазітара — таксама Людвіг, або па-фламандску Лёдэвяйк, — паходзіў з Мехелена (сёння — Бельгія) і таксама быў музыкантам, спяваў і дырыжыраваў у бельгійскіх царкоўных хорах, пакуль не быў запрошаны баварскім курфюрстам у Бон, дзе стаў капельмайстрам (галоўным дырыжорам). 

Таму і маленькі Людвіг з самага ранняга дзяцінства жыў музычным жыццём. Займаўся на фартэпіяна і скрыпцы, у 12 год ужо іграў у аркестры музычнага тэатра, даваў сольныя канцэрты і нават меў першыя апублікаваныя творы. Нават ягоныя юнацкія спробы, хоць і падобныя да музыкі Франца Ёзафа Гайдна, Вольфганга Амадэя Моцарта або першага настаўніка Хрысціяна Готлаба Нефэ, адразу прыцягвалі ўвагу сваім нязвыклым тэмпераментам і віртуознасцю. Асабліва арыгінальнымі былі частыя sforzato — асобныя ноты ў партытурах, якія іграюцца з нечаканым гучным акцэнтам. 

З маленства Бетховена параўноўвалі з Моцартам — самым знакамітым вундэркіндам тых часоў, на той момант ужо шырока вядомым кампазітарам. Аднак, у адрозненне ад маленькага Вольфганга, чый бацька Леапольд арганізоўваў для геніяльнага сына стамляльныя канцэртныя туры па гарадах Еўропы, Людвіг у дзяцінстве амаль не падарожнічаў. Ледзь не адзіным выключэннем была паездка разам з маці ў 1783 годзе на гістарычную радзіму ў Нідэрланды, ад якой Бетховен, праўда, быў не ў захапленні. 

Тата Бетховена меў цяжкі нораў і з часам ўсё больш цягнуўся да бутэлькі. Затое матуля Марыя Магдалена вызначалася мяккім і цярплівым характарам. Ёй належыць выказванне, якое можна назваць дэвізам усяго жыцця кампазітара: «Без пакут няма барацьбы, без барацьбы няма перамогі, без перамогі няма кароны». 

«Гайдн проста зайздросціць»

У 21 год Бетховен паехаў вучыцца ў Вену — на той час музычную сталіцу Еўропы, дзе стаў вучнем такіх зорак, як Ёзаф Гайдн, Антоніа Сальеры і Ёган Георг Альбрэхтсбергер. Але характарам Людвіг пайшоў у бацьку, таму меў цяжкія стасункі з усімі.

Нават калі кампазітар першай велічыні і еўрапейскай вядомасці Гайдн прапанаваў пазначыць на тытульнай старонцы бетховенаўскага трыа, што мелася выйсці з друку, «вучань Гайдна» — не дзеля ўласнага славалюбства, а проста каб палегчыць малавядомаму яшчэ выхаванцу дарогу да поспеху, — Бетховен гнеўна адмовіўся. Маўляў, «Гайдн яму папросту зайздросціць». 

Вена стала домам Бетховена да самага канца ягонага жыцця. Cпачатку малады музыка жыў там на невялікую стыпендыю ад баварскага курфюрста. Але па меры таго, як прыходзіла вядомасць, Бетховен пачаў стала атрымліваць замовы на новыя творы ад заможных аматараў музыкі. Умовы зазвычай былі такія: замоўца мог выказваць пажаданні што да фармату твора (склад удзельнікаў, жанр) і папрасіць, каб новы твор быў, напрыклад, не надта складаны тэхнічна. У той жа час музычны складнік новых опусаў і ўзровень іх наватарства цалкам аддаваліся на жаданне кампазітара. Твор прысвячаўся замоўцу, і той атрымліваў ноты з умовай, каб анікому іх не перадаваць на працягу паўгода. Толькі сам кампазітар меў права распараджацца нотамі як хацеў, напрыклад — аддаць іх у друк. 

Выгляд знакамітай венскай вуліцы Грабэн у пачатку 1800-х, у бетховенаўскі час. Shannonselin.com

Першыя опусы, якія выдаваліся вядомай венскай друкарняй «Артарыя», пабачылі свет дзякуючы акцыям, якія мы сёння назвалі б краўдфандынгам. Спярша ў газеце абвяшчалася падпіска на новы твор, адпаведна з яе вынікамі друкарня атрымлівала замовы. Прычым некаторыя сем’і маглі замовіць адразу 3, 5 або нават 20 экзэмпляраў, чаго, лічы, хапала на пакрыццё ўсіх друкарскіх выдаткаў. Потым ноты выходзілі з друку, і маладому кампазітару прыбытку ад іх хапала амаль на год жыцця. 

Але выключна на самаакупляльнасці Бетховен не жыў. Ад пачатку творчага шляху яго падтрымлівалі некаторыя тагачасныя буйныя мецэнаты, вялікія аматары музыкі, такія як прынц Фердынанд Вальдштайн, прынц Карл Ліхноўскі (які раней таксама падтрымліваў Моцарта), барон Готфрыд ван Світэн. Дзякуючы іх падарункам і грашовым ахвяраванням Бетховен змог выступаць у Празе, Дрэздэне і Берліне, мець канцэрты з аркестрамі, выдаваць свае творы. 

Змаганне з дэпрэсіяй

Калі Бетховену было каля 30 гадоў, ён, ужо вядомы піяніст, аўтар некалькіх канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам, квартэтаў, санат, адчувае праблемы са слыхам. Жахліва, калі ты разумееш свае магутныя здольнасці, поўны планаў і мараў, задумваеш новыя сімфоніі, оперы, канцэрты, атрымліваеш усё новыя і новыя замовы, і раптам — пагроза глухаты. 

Малады кампазітар занураецца ў сябе, перастае прымаць наведвальнікаў, нарэшце, увогуле выязджае з Вены і бавіць некаторы час у блізкім курортным мястэчку Хайлігенштат (сёння гэта адзін з раёнаў Вены). Лекаванне ў тамтэйшых дактароў, насуперак чаканням, не дае аніякага выніку. 

6 кастрычніка 1802 года ў Хайлігенштаце быў напісаны знакаміты запавет, які Бетховен адрасуе двум сваім братам, Карлу і Ёгану. Гэта кранальны па шчырасці дакумент, у якім Бетховен разважае пра самагубства, наракае на лёс, які пазбаўляе яго самага неабходнага ў жыцці — слыху, і просіць братоў паклапаціцца аб ягонай маёмасці і інструментах. 

І ўсё ж характар Бетховена перамагае (узгадаем тут яго матулю), і ён вяртаецца да жыцця і творчасці. І адразу складае яшчэ больш грандыёзныя, маштабныя творы, такія як Трэцяя сімфонія «Гераічная», араторыя «Хрыстос на гары Аліўнай» або Кройцарава саната для скрыпкі і фартэпіяна. 

Праз тры гады брат Напалеона Банапарта Жэром, які быў прызначаны каралём Вестфаліі, прапанаваў Бетховену стаць сваім прыдворным капельмайстрам у горадзе Касэль. Кампазітар нават быў пагадзіўся і ўжо пачаў збірацца ў дарогу, калі адчуў, наколькі моцна венцы насамрэч яго цанілі. Найбольш уплывовыя прыхільнікі ягонага таленту прызначылі яму пажыццёвую пенсію ў памеры 4 000 флорынаў, каб толькі ён застаўся. Гэта былі вялікія грошы, на гэтую пенсію скідваліся некалькі арыстакратаў.

Да «несмяротнай каханай»

Сямейнага шчасця Бетховен не спазнаў, хоць каханне яго не абмінула. Некалькі разоў даходзіла нават да прапановы рукі і сэрца з боку кампазітара, але аб'екты яго захаплення звычайна былі прадстаўніцамі найвышэйшага саслоўя, тады як ён, хоць і быў арыстакратам духу, заўсёды востра адчуваў несправядлівасць падзелу грамадства на класы. 

Пасля смерці Бетховена сярод яго папер знайшлі вельмі інтымны і пяшчотны ліст да «несмяротнай каханай», напісаны падчас адпачынку ў курортным горадзе Тэпліц (цяпер Тэпліцэ ў Чэхіі) улетку 1812 года. Адрасаткай маглі быць і Джульета Гвічардзі (якой прысвечана знакамітая 14-я Месяцовая саната) і Антонія Брэнтана (самы верагодны варыянт), і яе дачка Бэціна Брэнтана (якая пазнаёміла Бетховена з Гётэ, чыя творчасць натхніла яго на некалькі істотных твораў, напрыклад, на ўверцюру «Эгмант»), і Жазэфіна Брунсвік (маці шасцярых дзяцей ад двух мужоў, якая кахала Бетховена, але яны супольна вырашылі назаўсёды застацца сябрамі пад ціскам абставін і тагачаснай маралі), і Ганна-Марыя Эрдэдзі, і нават нявестка кампазітара Ягана. 

Пакуты — фізічныя і сардэчныя — мелі вынікам кранальныя, вельмі глыбокія лірычныя сачыненні. Калі ў хуткіх творах або частках твораў генія мы часам чуем нешта грубаватае, простанароднае, асабліва ў нечаканых магутных акцэнтах і неўтаймаваных напорыстых гучаннях, то яго павольная музыка найчасцей надзвычай рамантычная, пачуццёвая, узнёслая. Пазней гэты кірунак знойдзе развіццё ў творах Шуберта, Брамса, Шапэна, Рахманінава, Пракоф’ева… 

Завярнуць у далёкую танальнасць

Музыка Бетховена працягвае традыцыю венскай класікі (Гайдн, Моцарт), але амаль заўсёды выходзіць за рамкі звычаяў. Бетховен або пераставіць часткі санаты месцамі, або дасць раялю сольны фрагмент на самым пачатку канцэрта, тады як звычайна экспазіцыю павінен іграць толькі аркестр. Асабліва цікава, як ён распараджаецца танальнасцямі, зноў і зноў прымушаючы дасведчанага слухача (асабліва тагачаснага!) з захапленнем уздымаць бровы. 

Любімы прыём — нечакана завярнуць у зусім-зусім далёкую танальнасць, якая не мае ніякага дачынення да агульнай схемы твора, і правесці ў ёй пэўную тэму на празрыстае pianissimo

Яшчэ адна асаблівасць музыкі Бетховена — яе надзвычайная маўленчасць і выразнасць. І фігуратыўныя пасажы, і віртуозныя нагрувашчванні нот або акордаў, не кажучы ўжо пра мелодыі, заўсёды нібыта гавораць і ідуць проста ад сэрца. Гэта можна было б назваць наіўнасцю, калі б змест музыкі, прычым нават ранняга перыяду, а тым больш апошнія бетховенаўскія творы, не быў настолькі глыбокі, шчыры, сапраўды нябесны. 

Бон, 2000 год. Фота Віталя Стахіевіча.

У творах для фартэпіяна, якія складаюць істотную частку даробку Бетховена, адбываецца сапраўдная эвалюцыя. Жыццё кампазітара — гэта акурат перыяд, калі старадаўні клавесін саступае месца новаму інструменту — раялю. На працягу жыцця кампазітара гэты новы інструмент увесь час удасканальваўся, чаму якраз у немалой ступені паспрыялі творы Бетховена, усё больш віртуозныя і разгорнутыя. Сваімі санатамі і варыяцыямі, працяглымі па гучанні і змястоўнымі, як раманы, ён адкрыў шлях для будучых сольных канцэртаў аднаго піяніста на працягу ўсяго вечара. Цяпер мы ўспрымаем гэта як нешта звыклае, але ў тыя часы гэта было ў навінку. 

Фінальны акорд

1815—1817 гады пазначаныя зніжэннем творчай актыўнасці Бетховена. Гэта магло быць выклікана і паразамі на асабістым фронце, і ўзмацненнем глухаты, і іншымі прыкрымі хваробамі, што пачалі даймаць яго. Пра гэты перыяд жыцця мы ведаем нямала, бо на схіле гадоў Бетховен з-за глухаты вымушаны быў карыстацца размоўнымі сшыткамі. Многія з іх захаваліся, што дае нам неацэнныя крыніцы падрабязнасцяў жыцця кампазітара (як калі б нехта ўсталяваў дыктафон у яго пакоі). 

Аднак на весткі пра паразы войскаў Напалеона ў Віторыі, Ляйпцыгу, Ватэрлоа Бетховен разам з іншымі аўстрыйцамі рэагаваў з захапленнем і склаў некалькі твораў, мастацкую вартасць якіх сёння цяжка ацаніць асобна ад палітычнага кантэксту тых часоў (напрыклад, Wellingtons Sieg — Батальная сімфонія). 

На апошні перыяд жыцця Бетховена прыпалі сапраўды вялікія, нават каласальныя творы. Сярод іх і такія, як Missa Solemnis («Урачыстая імша», якую Бетховен неаднаразова называў галоўным творам свайго жыцця) або Дзявятая сімфонія (для сімфанічнага аркестра, хору і салістаў, са знакамітай «Одай да радасці», якая сёння стала афіцыйным гімнам Еўрапейскага саюза). 

Калі ў 1824 годзе Дзявятая сімфонія была завершаная, Бетховен ужо амаль дзесяць год не меў уласных канцэртаў у Вене і таму сумняваўся, ці не адстаў ад густаў тамтэйшай публікі. Ён нават зрабіў захады, каб прэм’ера гэтай сімфоніі прайшла ў Берліне. Але адразу ж Бетховен атрымаў калектыўны ліст ад найбольш паважаных музыкантаў Вены з просьбай пра першае выкананне твора менавіта там. 

7 мая 1824 года Бетховен дырыжыраваў прэм’ерай Дзявятай сімфоніі ў перапоўненай венскай зале, дзе толькі каралеўская ложа засталася пустою, з авацыямі і крыкамі «Віват!», якія практычна глухі на той момант кампазітар нават не мог пачуць. Рэцэнзіі на канцэрт былі выдатныя, і 23 мая адбыўся паўторны. Яму было суджана стаць апошнім у жыцці Бетховена. 

Пахаванне Бетховена. Карціна Франса Шцёбера, 1827.

Праз тры гады, 26 сакавіка 1827 года, Людвіг ван Бетховен памёр падчас моцнай навальніцы. На яго пахаванне 29 сакавіка прыйшло каля дваццаці тысяч чалавек.

Віталь Стахіевіч

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў