Проект портала
Литвины против русинов: как в битве двух идентичностей в Великом Княжестве выиграла третья

Как так случилось, что в противостоянии литвинского и русинского ассимиляционных проектов победил вообще польский? Ответы ищет кандидат исторических наук Вячеслав Носевич.

Замак у Любчы (Навагрудскі раён) — ля самай мяжы гістарычнай Літвы і Русі. Фота Андрэя Дынько.

«Подлая» і «няподлая» кандыцыя

Вялікае Княства Літоўскае аб’ядноўвала дзве істотныя па колькасці этнічныя групы жыхароў — ліцвінаў і русінаў. І адносіны між імі далёка не заўжды былі лагоднымі. 

Ва ўмовах частых ваенных канфліктаў з Маскоўскай дзяржавай праваслаўнае веравызнанне альбо рускае паходжанне пэўнага арыстакрата ўспрымаліся як фактары патэнцыйнай рызыкі. І на тое былі падставы: з 1480-х гадоў буйныя праваслаўныя арыстакраты неаднаразова пераходзілі на бок Масквы.

У гэтым сэнсе этнічныя ліцвіны, што вызнавалі каталіцтва, выглядалі больш надзейнымі. А таму на працягу 150 гадоў захоўвалася дыскрымінацыйная ўмова Гарадзельскага прывілея 1413 года, паводле якой найвышэйшыя дзяржаўныя пасады (віленскага і троцкага ваяводаў і кашталянаў) маглі займаць толькі каталікі. 

Пра тое, наколькі напружанымі бывалі адносіны ў асяроддзі тагачаснай эліты, сведчыць красамоўны факт. Калі вялікі князь аднойчы, за выключныя заслугі, усё ж прызначыў у 1511 годзе на пасаду віленскага кашталяна праваслаўнага князя Канстанціна Астрожскага, гэта выклікала глухое абурэнне ў літоўска-каталіцкім стане. Віленскі ваявода Альбрэхт Гаштаўт гэтак выказваўся пра Астрожскага ў лісце да каралевы Боны: «чалавек новы, подлай кандыцыі, русін, сын мізэрнага княскага роду».

У гэтым кантэксце слова «русін» гучыць як абраза або як мінімум прычына не давяраць — і гэта пры тым, што Астрожскі, вядомы палкаводзец і герой славутай бітвы пад Оршай, усім сваім жыццём прадэманстраваў, наколькі лаяльным да дзяржаўных інтарэсаў можа быць праваслаўны русін.

Зняць напружанне магла б інтэграцыя ўсёй эліты, якой у тых умовах можна было дасягнуць толькі шляхам асіміляцыі. Але хто каго мусіў асіміляваць: ліцвіны русінаў ці наадварот? Якраз пра гэта ў першай палове XVI стагоддзя актыўна спрачаліся.

Пошук поля бітвы

Спрэчка пачалася не з мовы. Дэ-факта на той момант роля «мовы міжнацыянальных зносін» належала тагачаснай рускай (цяпер яна звычайна завецца старабеларускай), якой выдатна валодалі абодва бакі і на якой яны вялі палеміку. 

Даследчыкі даўно звярталі ўвагу, што ў прадмовах Францыска Скарыны да наноў перакладзенай ім Бібліі яшчэ не прасочваецца якой-небудзь заклапочанасці станам рускай мовы. Пры выданні ў 1529 годзе першай рэдакцыі Статута ВКЛ ніякіх пытанняў пра яго мову таксама не паўстала. Яшчэ больш паказальна, што на той самай мове запісаная і папулярная ў асяроддзі ліцвінаў легенда пра іх нібыта рымскае паходжанне. То-бок моўнае пытанне ў Вялікім Княстве да пэўнай пары не стаяла, прынамсі востра.

Больш выразна жыхароў княства адрознівала вера, але тут інтэграцыйныя магчымасці былі абмежаванымі. Не маючы глыбокіх каранёў, каталіцтва пры ўсёй дзяржаўнай падтрымцы да пачатку XVI стагоддзя не здолела перацягнуць на свой бок нават частку «прынцаў крыві» з ліку Гедымінавічаў, не кажучы ўжо пра правінцыйныя эліты.

Таму канфесійная еднасць была пажаданай, але пакуль недасяжнай мэтай, і глебай для інтэграцыі магла стаць толькі рэлігійная талерантнасць. Усведамляючы гэта, абодва бакі на рэлігійны фактар тады асабліва не націскалі. 

У выніку вырашальным полем бітвы стала гістарычная свядомасць. Што лепш: адчуваць сябе прадстаўніком Русі, носьбітам яе старажытнай культуры, ці нашчадкам рымскіх патрыцыяў, што некалі прыплылі з Палямонам? 

Супрацьстаянне гістарычных міфаў добра прасочваецца ў тым, як складаліся тагачасныя летапісныя зводы. Спярша ўсе яны, напэўна, нагадвалі Нікіфараўскі спіс, які датуецца прыблізна 1460-мі гадамі і пачынаецца з вядомай легенды пра пакліканне Рурыка, а затым змяшчае звесткі пра агульнарускія справы. Пры гэтым нават аповед пра Кулікоўскую бітву 1380 года падаецца з выразна маскоўскай пазіцыі, а тое, што «безбожный князь Мамай» быў на той момант саюзнікам уладара ВКЛ Ягайлы, у летапісе абыходзіцца маўчаннем. Падобны ж падыход выкарыстаны і пры стварэнні Валынскага кароткага летапісу (1510-я), Акадэмічнага і Супрасльскага (1530-я). 

Леў Сапега хоць прапагандаваў «сваю мову» ў Статуце ВКЛ, але ж уласны тастамент напісаў па-польску. Партрэт, што знік перад вайной з Нясвіжскага замка. Wikimedia Commons

У той жа час ужо несумненна існаваў тэкст, які распавядаў пра рымляніна Палямона і захоп часткі Русі (сучаснай Беларусі) літоўскімі князямі. З яго пачынаюцца летапісы Яўрэінаўскі, Рачынскага, Красінскага, Румянцаўскі, Быхаўца, а месца агульнарускім звесткам на іх старонках ужо не знаходзіцца. Меркаванне, што гэты тэкст быў створаны ў атачэнні якраз вышэйзгаданага Альбрэхта Гаштаўта, выглядае цалкам верагодным.

Асіміляцыя прабуксоўвае

Прыкметны лёс выдавецкага праекта Францыска Скарыны, распачатага ў 1517 годзе, за пяць гадоў да публікацыі Марцінам Лютэрам Новага Запавету на нямецкай мове. Намеры ў абодвух асветнікаў былі аднолькавыя — даць сваёй дзяржаўнай эліце, расколатай палітычна і канфесійна, кананічны сакральны тэкст на зразумелай («роднай») мове, які б мог паслужыць падставай для кансалідацыі. 

Але калі пераклад Лютэра імгненна разышоўся пяцітысячным накладам і вытрымаў за 11 наступных гадоў яшчэ 16 дадатковых выданняў, то праект Скарыны аказаўся, паклаўшы руку на сэрца, па сутнасці, правальным — калі казаць пра ягоны ўплыў на сучаснасць, а не на далёкую будучыню. Ні Псалтыр, ні хоць бы якая з 19-ці кніг Старога Запавету, выдадзеных ім на працягу трох гадоў накладамі да 500 асобнікаў, не выклікалі патрэбы ў перавыданні. А ў 1525 годзе Скарына вымушаны быў увогуле спыніць кнігадрукаванне, каб больш ніколі да яго не вяртацца. 

Прычыну трэба шукаць не толькі ў няўдалым выбары святых кніг (Новы Запавет, напэўна, знайшоў бы большы водгук і ў ВКЛ), але і ў аўдыторыі, для якой прапанаваны сродак кансалідацыі аказаўся проста незапатрабаваным. Магчыма, справа была якраз у тым, што сам Скарына не толькі не хаваў, але і падкрэсліваў сваю русінскую свядомасць, што не магло падабацца «нашчадкам Палямона».

Зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў, больш пажаданай выглядала перамога ліцвінскага асіміляцыйнага праекта, якая назаўжды выбіла б ідэйную зброю з рук прамаскоўскіх сепаратыстаў. Але гэты праект быў унутрана супярэчлівым: ён прадугледжваў захаванне рускай літаратурнай мовы пры адмове ад рускай гістарычнай ідэнтычнасці.

Тым часам пазначыўся і трэці варыянт, прыхільнікам якога праявіў сябе магнат Мікалай Радзівіл — славуты аматар пальшчызны, які атрымаў за гэта мянушку Amor Poloniae. Бадай што першым з арыстакратаў ВКЛ ён пачаў успрымаць дынастычную унію з Польшчай як факт існавання супольнай дзяржавы.

З такой пазіцыі вынікала, што падставай для інтэграцыі магла выступіць не ліцвінізацыя русінаў і не русінізацыя ліцвінаў, а паланізацыя і тых, і другіх — па ўзоры самога Amor Poloniae. Перавагай такога падыходу было тое, што ён не патрабаваў ад аднаго з бакоў поўнай капітуляцыі на карысць другога — абодва нечым ахвяравалі і нешта набывалі ўзамен.

Жыццё паказала, што менавіта такі шлях быў адзіным рэальна дасягальным, але і ён здзейсніўся далёка не адразу.

Новая Біблія ўсё вырашае

Цікавым прыкладам эвалюцыі грамадскай думкі ў наступным пакаленні з’яўляецца лацінскамоўны трактат «Аб норавах татар, літоўцаў і маскавітаў» аўтарства Міхалона Ліцвіна. У ім упершыню робіцца адкрыты выклік панаванню ў грамадскім ужытку «русінскай» мовы: яна, маўляў, «чужая нам, ліцвінам, італійцам, што паходзяць ад італьянскай крыві». Аўтар наўмысна атаясамлівае літаратурную мову ВКЛ з «маскоўскім пісьменствам», якое «не заклікае да доблесці». Але прапанаваная альтэрнатыва — прыняць у якасці літаратурнай мовы лаціну з-за яе нібыта блізкасці да балцкай гутарковай мовы — была зусім утапічнай. Здаецца, аўтар у палемічным запале страціў мяжу паміж міфам і рэчаіснасцю.

Амаль адначасова з напісаннем трактата Міхалона, у 1547 годзе, адбылася і першая спроба стварэння літаратурнай мовы на падставе ўласна балцкай гаворкі. Яе здзейсніў падчас навучання ў Каралявецкім (Кёнігсбергскім) універсітэце лютэранскі пастар Марцін Мажвід (Мажвідас), на хвалі Рэфармацыі выдаўшы па-літоўску пратэстанцкі катэхізіс.

Але гэтая спроба была запозненай — хоць літоўскамоўныя выданні ў далейшым час ад часу і з’яўляліся, але яны так і засталіся маргінальнай з’явай у культурным жыцці ВКЛ.

Тым часам пашырэнне ў 1550-я Рэфармацыі на тэрыторыі ўласна ВКЛ значна актуалізавала паланізацыйную альтэрнатыву. Берасцейская друкарня, заснаваная ў 1553 годзе пад патранажам правадыра мясцовых пратэстантаў Мікалая Радзівіла Чорнага, друкавала літаратуру выключна на польскай мове, і яна, у адрозненне ад выданняў Скарыны і Мажвіда, карысталася попытам. Асаблівы поспех меў новы польскамоўны пераклад Бібліі з пратэстанцкімі каментарамі, выдадзены ў 1563 годзе. Паводле рашэння Евангельска-рэфармаванага збору ВКЛ, кожны мясцовы збор павінен быў мець асобнік гэтай Бібліі. Такое рашэнне магло быць прынята толькі ў разліку на тое, што яе мова не выкліча цяжкасцяў у любой пратэстанцкай суполцы, дзе б на тэрыторыі краіны яна ні ўзнікла.

Берасцейская Біблія. Рэльеф з помніка 1000-годдзю горада ў Брэсце. Shutterstock.com, by Sergei Afanasev

На такім фоне пратэстанцкае кнігавыданне на рускай мове выглядае з’явай амаль такой жа маргінальнай, як і літоўскамоўнае. Як спробу выправіць сітуацыю можна разглядаць выданне ў 1562 годзе ў Нясвіжы катэхізіса і невялікага палемічнага трактата Сымона Буднага на мове, значна набліжанай да мясцовай гутарковай. Фактычна мы маем такую ж спробу стварыць новую літаратурную (у сучасным разуменні — беларускую) мову, як і нядаўняя спроба Мажвіда. Але вынік быў той самы.

Сваю ўласную пазіцыю Будны выказаў у прысвячэнні Радзівілам, змешчаным у тым жа выданні: «… абы ся вашы княжацкія міласці не толькі ў чужаземскіх языцэх кахалі, але бы ся тэж, вашы княжацкія міласці, і таго здаўна слаўнага языка славенскага размілаваці і оным ся бавіці рачылі».

Гэта ўжо зусім іншая танальнасць, чым у прадмовах Скарыны на нейкія 45 гадоў раней. Гаворкі пра тое, каб руская літаратурная мова заставалася асноўным сродкам зносін, ужо не ідзе. Буднага непакоіць, што яна можа знікнуць і з перыферыі моўнага ўжытку — менавіта супраць гэтага ён заклікае. 

Такім чынам, ліцвінскі і русінскі асіміляцыйныя праекты загрузлі ў безвыніковым процістаянні, у той час як імкліва набіраў моц польскі. З гэтага пункту гледжання Люблінскую унію 1569 года (гл. пра яе артыкул Уладзіміра Падалінскага ў № 6/2019 «Нашай гісторыі») можна разглядаць як вырашальны крок, які расчысціў шлях да рэальнай інтэграцыі не толькі паміж часткамі паноўнай эліты ВКЛ, але і з польскай элітай. Для канчатковага замацавання на гэтым шляху спатрэбілася яшчэ толькі адно пакаленне.

Канчатковая паланізацыя

Апошняя спроба супраціву з боку «свядомых русінаў» звязаная з асобай канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Шырока вядомая праграмная фраза з яго прадмовы да выдання Статута 1588 года: «А еслі катораму народу ўстыд праў сваіх не ўмеці, пагатовю нам, каторыя не обчым [= чужым — НГ] якім языком, але сваім уласным права спісаныя маем». 

Але паказальная прысутнасць нават у гэтай фразе яўнага паланізму: «обчы» замест «чужы». Польскі моўны ўплыў пашыраўся непрыкметна, але няўхільна. Яшчэ больш яскрава гэта можна ўбачыць у іншых творах пісьменства таго часу: дзённіку Фёдара Еўлашэўскага і рускамоўных лістах Філона Кміты.

У іх зафіксавана тая ж з’ява, якую ў наш час называюць «трасянкай» альбо «суржыкам»: фанетычная сістэма захавалася ад роднай гутарковай мовы, але лексіка ўжо ў значнай ступені запазычаная («прэмовілэм», «кроль» і г. д). Дарэчы, частка лістоў Кміты і Льва Сапегі напісана на даволі добрай польскай мове, у той час як узораў чыстай (ад паланізмаў) рускай мовы мы ў іх не знойдзем.

Патрабаванне па-ранейшаму весці справаводства «языком сваім уласным», з падачы Льва Сапегі заканадаўча замацаванае ў Статуце, на практыцы даволі хутка вырадзілася ў фармальнасць: загаловак і прэамбула дакумента пісаліся па-руску, а змястоўная частка — усё часцей на польскай мове, звыклай для ўдзельнікаў судовай справы ці аўтараў тастаментаў. Дарэчы, сам Сапега ў канцы свайго доўгага жыцця (ён памёр у 1633 годзе, пражыўшы 76 гадоў), як потым і выхаваныя ім сыны, уласныя тастаменты пісалі па-польску.

Так «нацыянальнае пытанне» ў адносінах паміж дзвюма часткамі палітычнай эліты, ліцвінамі і русінамі, было ўрэшце вырашана, але не на карысць аднаго з бакоў, не праз кампраміс паміж імі. Адбылася асіміляцыя з трэцяга боку, хоць яна і не была безапеляцыйнай.

У штодзённым побыце, у камунікацыі са служкамі і сялянамі, уласнікі маёнткаў на Русі карысталіся гутарковай «рускай» (у сённяшнім разуменні — беларускай) мовай, а пры наяўнасці такіх жа маёнткаў у этнічнай Літве і Жамойці яны, незалежна ад этнічнага паходжання, мусілі ведаць тамтэйшую гаворку — гэтаксама, як многія паны ведалі ў мінімальным памеры ідыш для зносін з яўрэямі.

Канфесійны падзел, які ніколі дакладна не супадаў з мовай і паходжаннем «па крыві», у выніку Рэфармацыі, Контррэфармацыі і Берасцейскай уніі 1596 года стаў настолькі стракатым, што амаль зусім страціў ролю дадатковага этнавызначальнага маркёра. Той, хто адчуваў сябе ліцвінам, мог вызнаваць каталіцтва ці пратэстанцкую веру, а этнічных русінаў можна было знайсці і сярод каталікоў, і сярод пратэстантаў, і сярод уніятаў. Праваслаўнае веравызнанне захоўвалася адносна шырока сярод дробнай шляхты і мяшчанства. У першыя дзесяцігоддзі пасля уніі яго працягвалі прытрымлівацца і некаторыя магнаты, але пазней іх нашчадкі перайшлі ў каталіцтва.

Русінская гістарычная свядомасць была страчана не канчаткова: нехта ж увесь час замаўляў і захоўваў летапісныя зводы накшталт вышэйзгаданых Супрасльскага і Нікіфараўскага. Але яна практычна не праяўлялася больш у актуальным літаратурным дыскурсе. 

Дарэчы, шмат пацярпеў у працэсе паланізацыі і ліцвінскі гістарычны міф, які ў адукаваных палякаў выклікаў толькі кпіны. Ён таксама не знік цалкам, але быў выціснуты на ўзбочыну. На змену прыйшлі больш актуальныя ў новых умовах ідэйныя канцэпты накшталт сарматызму, які дазваляў адчуваць гістарычнае адзінства з тымі ж палякамі.

Адзінства палітычнай эліты ВКЛ, дасягнутае за кошт знікнення суверэннай дзяржавы, не вырашыла ўсе праблемы міжэтнічных стасункаў. У пэўнай ступені яно прывяло да абвастрэння сацыяльнага ў сваёй аснове процістаяння паміж панамі і сялянамі, дадаўшы яму дадатковае адценне: пан, апрача іншага, успрымаўся як «лях», носьбіт чужой культуры. Неўзабаве гэты акцэнт выразна прагучаў у казацкіх войнах на Украіне, якія закранулі і Беларусь. 

Адзіным несумненным поспехам ліцвінскага асіміляцыйнага праекта стала тое, што для вызначэння саманазвы новай польскамоўнай супольнасці замацавалася слова «ліцвін». Так з таго часу называлі сябе, у адрозненне ад карэнных палякаў, прадстаўнікі шляхецкай «палітычнай нацыі» ВКЛ. 

У такім сэнсе ліцвінамі адчувалі сябе ў XVII—XVIII стагоддзях даўно перамяшаныя па крыві нашчадкі Рурыкавічаў і Гедымінавічаў, полацкіх і жамойцкіх баяр. Гэтая традыцыя дажыла да ХІХ стагоддзя, калі свае ліцвінскія карані не раз падкрэслівалі (усё на той жа польскай мове!) і паэт Адам Міцкевіч, і даследчык Адам Кіркор, даўшы падставы для сённяшніх спроб прадставіць гістарычных ліцвінаў адзінымі продкамі беларусаў.

Вячаслаў Насевіч

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов