Проект портала
Западная Беларусь Михаил Титков, забытый гений дизайна

Был период, когда продукция стеклозавода «Нёман» в Берёзовке под Лидой уверенно шагала по мировому рынку. И у этого успеха были конкретные авторы. Об одном их первых профессиональных дизайнеров в истории Беларуси пишет доктор истории Алесь Белый.

«Алкагольны» набор Бярозаўскай гуты. Pinterest.com

Сучасны беларускі экспарт за межы краін былога СССР — гэта пераважна сыравінныя, біржавыя, ананімныя тавары. Найчасцей яны не нясуць у сабе меседжу мясцовай культуры, гэтак важнага, напрыклад, у японскіх, карэйскіх, французскіх, італьянскіх і многіх іншых марках спажывецкіх тавараў. Бо беларускія экспартныя тавары, за рэдкімі выключэннямі (напрыклад, «Мілавіца»), не адрасаваныя канчатковаму індывідуальнаму спажыўцу. Для тых жа, хто купляе нафтапрадукты, калійныя солі, сухое малако і электраэнергію, не мае прынцыповага значэння, дзе і кім яны вырабленыя. 

Сур’ёзная праца з глабальным спажыўцом — гэта інтэнсіўная камунікацыя, укладанні ў маркетынг і дызайн, няспынная самаадукацыя і адаптацыя. А таксама асабісты ўдзел у дыялогу культур. Адна з самых яскравых гісторый поспеху такога кшталту з міжваеннай эпохі, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, — гута «Нёман» у Бярозаўцы пад Лідай. 

У лёсе гэтага прадпрыемства ёсць нямала агульнага з іншымі вядомымі тагачаснымі брэндамі: баранавіцкім мясакамбінатам Kreseksport або віленскім радыёзаводам «Электрэт» (які ў 1940-м стаў мінскім). Імклівы даваенны рост і арыентацыя на сусветны рынак пасля далучэння да СССР аднамомантава змяніліся нацыяналізацыяй і прымусовай адаптацыяй пад планавую эканоміку герметычна закрытай краіны. Але найбольш сімвалічным прыклад «Нёмана» робіць істотны мастацкі, эстэтычны складнік ягонай прадукцыі. 

Міжваенны перыяд — самы цікавы ў гісторыі гуты «Нёман», бо ні да яго, ні пасля прадпрыемства не мела магчымасці так шырока гандляваць сваёй прадукцыяй на сусветным рынку. 

Гута «Нёман», яна ж Stolle

Датай заснавання «Нёмана» фармальна лічыцца 1883 год, але, па сутнасці, непасрэдны продак сучаснага прадпрыемства быў заснаваны прадпрымальнікамі Юліем Штоле і Вільгельмам Краеўскім толькі ў 1890-я. У кожным разе, да Першай сусветнай вайны гэтая гута паспела стаць прыкметным гульцом на расійскім рынку сталовага і дэкаратыўнага шкла. Нягледзячы на цяжкія страты, панесеныя падчас войнаў (расійскія войскі пры адступленні ў 1915 годзе спалілі «Новую гуту» разам з усімі складскімі запасамі, а затым істотныя пашкоджанні былі нанесеныя і бальшавікамі ў часе польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў), у мірны час вытворчасць даволі хутка аднаўлялася. 

Адзін з уласнікаў завода ў Бярозаўцы Юліус Штоле з жонкай Жазэфай. Belsat.eu

У 1923-м фірма ператварылася ў акцыянернае таварыства Huty Szklane Juliusza Stolle Niemen S.A., якая дзейнічала да самага прыходу саветаў у 1939 годзе. За вельмі кароткі час ад заснавання і пасляваеннага аднаўлення прадпрыемства здолела стаць самым буйным у Польшчы вытворцам мастацкага і сталовага шкла, а таксама самым буйным экспарцёрам гэтых тавараў. 

Прадукцыя «Нёмана» (вядомая тагачаснаму пакупніку больш як Stolle) паспяхова пастаўлялася ў Нідэрланды, Францыю, Канаду, Аргенціну, на Блізкі Усход (у Сірыю і Палесціну), у Афрыку.

У 1930-х доля бярозаўскай гуты складала ў сярэднім каля 20% польскага экспарту ў гэтай галіне (паводле кошту), хоць у фізічным аб’ёме вытворчасці яна складала не больш за 2—3% ад усёй прадукцыі галіны. У гэты час тут працавала каля 750 супрацоўнікаў, і гэта рабіла завод самым буйным прыватным прадпрыемствам Навагрудскага ваяводства.

Ісці ў нагу з сусветнай модай

Большую частку прадукцыі, аснову камерцыйнага поспеху, складала не выдзіманае, а прэсаванае шкло, якое выраблялася ў адмысловых металічных прэс-формах, індывідуальных для кожнага вырабу. 

Але выдзіманыя вырабы ў прадукцыі таксама прысутнічалі. Яны ў значнай ступені наследавалі чэшскія ўзоры і даваенны стыль мадэрн, а пазней — моду, зададзеную нямецкай дызайнерскай школай Bauhaus, з уплывамі функцыяналізму, канструктывізму і кубізму.

З сярэдзіны 1920-х на мастацкім рынку Захаду пачаў дамінаваць стыль ар дэко (art déco). Ягоныя першыя прыкметы пазначыліся ў мастацкай прасторы яшчэ да Першай сусветнай вайны, але міжнародная парыжская выстава 1925 года («Exposition Internationale des Arts Décoratifs et Industriels Modernes» — ад яе скарочанай назвы і ўзнік тэрмін art déco) стала яго адкрытай маніфестацыяй, якая падвяла рысу пад жахамі Першай сусветнай вайны і пазначыла імкненне да раскошы і камфорту, падмацаванае дасягненнямі аўтамабільнай, авіяцыйнай, побытавай тэхнікі. У дэкаратыўна-ўжытковае і мастацкае шкло таксама прыйшлі гранёныя, крысталічныя, вытанчаныя формы, пазычаныя ар дэко ў кубізму з футурызмам. Дарэчы, славутая савецкая гранёная («малянкоўская») шклянка таксама ўзыходзіць да тых самых каранёў. 

Сярод найбольш тыповых дэкаратыўных матываў на «нёманаўскіх» вырабах міжваеннага часу — геаметрычныя ўзоры, асабліва спалучэнні паралельных і перасечаных ліній, промні і колы, стылізаваныя раслінныя арнаменты — хрызантэмы, каласы (выкананыя ў тэхніцы гэтак званага лёгкага шліфавання), галінкі, палявыя кветкі, а таксама ракушкі. А яшчэ матыў, адназначна пазычаны ў Рэнэ Ляліка, — расхінутыя ў выглядзе веера коркі. Pinterest.com

Польскі рынак шкла быў дастаткова вузкім, і, каб дасягнуць сапраўднага поспеху, трэба было прадаваць шмат па ўсім свеце, ісці ў нагу або адставаць не больш чым на паўкрока ад заканадаўцаў сусветнай моды — французаў.

Ніякай дэпрэсіі!

Браніслаў Штоле, які па смерці свайго бацькі Юлія ў 1927 годзе заняў пасаду генеральнага дырэктара прадпрыемства, шмат увагі надаваў маркетынгу. У тым ліку наведванню вядучых цэнтраў еўрапейскай вытворчасці шкла, заканадаўцаў моды.

Усё, што выглядала новым і арыгінальным, куплялася і старанна аналізавалася, нярэдка капіравалася або творча перапрацоўвалася. Многія прэсаваныя вазы, кашпо і іншыя вырабы «Нёмана» таго часу выяўляюць уплыў славутых французскіх майстроў па шкле Рэнэ Ляліка і Марыюса-Эрнэста Сабіно. А масіўны таўстасценны посуд, выдзіманы з празрыстага, афарбаванага ў масе шкла — бясспрэчнае наследаванне тагачасных чэшскіх узораў. 

Такі посуд меў кубістычныя формы і даводзіўся да ладу ручным шліфаваннем. Большасць вырабаў мела афарбоўку ў прыкладна 12—15 найбольш распаўсюджаных, фірмовых колерах бярозаўскай гуты. Сярод іх пераважалі пастэльныя адценні блакітнага, ружовага, жоўтага, селадонавага (далікатна-зялёнага). 

Здаецца, фабрыка ў пошуках уласнага стылю, у тым ліку каларыстыкі, адмыслова намагалася пазбегнуць цёмных колераў, распаўсюджаных у тагачаснай масавай вытворчасці перыяду Вялікай дэпрэсіі ў Еўропе і ЗША — цёмнай бронзы, фіялетавага і чорнага.

Магчыма, у тым ліку ўдалы выбар больш жыццярадасных колераў стаў для «Нёмана» канкурэнтнай перавагай і дазволіў прайсці праз крызісныя гады з найменшымі стратамі.

«Нёман» рэдка абазначаў свае вырабы подпісам або таварным знакам. Сёння іх ідэнтыфікуюць найперш на падставе каталога ў чатырох частках, які фірма выдала ў міжваенныя гады (апошняя частка выйшла ў 1937-м). Шкада, аднак, што яны не ахоплівалі найбольш цікавых, як лічаць некаторыя мастацтвазнаўцы, вырабаў апошніх перадваенных гадоў (1937—1939), а таксама большасці чыста экспартнага асартыменту. У тым ліку велізарнай колькасці набораў для алкагольных напояў, попыт на якія рэзка ўзрос пасля скасавання ў ЗША сухога закона (1934 год). «Нёман» здолеў аператыўна зрэагаваць на змену кан’юнктуры і някепска зарабіў на ёй.

Стрыечны ўнук заснавальніка

Але ў гэты самы час, у 1934-м, памірае Сільвестр Васілеўскі, які займаў пасаду, якую мы сёння назвалі б «мастацкі дырэктар» або «галоўны дызайнер». Гэта ён спраектаваў першыя тры выпускі каталога вырабаў гуты — не толькі самі каталогі, вядома, але і іх асартымент. Васілеўскі быў адным з галоўных творцаў бізнэс-поспеху. 

Тэрмінова спатрэбілася замена, і выбар уладальнікаў трапіў на 25-гадовага Міхала Ціткова (1909—1979), якому было наканавана замацаваць поспех «Нёмана» і развіць яго далей. 

Гута ў Бярозаўцы вырабляла не толькі посуд і інтэр’ерныя рэчы, але і такія вось ізалятары для тагачаснай электраправодкі. Pinterest.com

Міхал нарадзіўся ў сям’і Яна Ціткова і Францішкі Рокас — пляменніцы заснавальніка гуты Юлія Штоле. Паводле класічных буржуазных звычаяў, уладальнікі стараліся не распыляць сямейную ўласнасць. Жонак бралі, па магчымасці, сярод сваіх. Дзве дачкі Вільгельма Краеўскага выйшлі замуж за сыноў яго партнёра Юлія Штоле: Станіслава — за Фелікса, а Яніна — за Баляслава. Планаваўся і трэці аналагічны шлюб, але перашкодай стала трагедыя: яшчэ адзін малады прадстаўнік роду Штоле загінуў падчас вайны з бальшавікамі ў 1920 годзе. Невядома, кім быў бацька Міхала Ціткова і на якіх падставах ён наблізіўся да клану ўладальнікаў і здолеў увайсці ў сям’ю. Так ці інакш, свежая кроў у выніку яўна не зашкодзіла Штоле-Краеўскім.

У 1931—1934 гадах Ціткоў вучыўся ў віленскім палітэхнікуме. Гэтую ж навучальную ўстанову, дарэчы, ужо ў кароткі перадваенны перыяд пад літоўскай уладай, у 1940 годзе, скончыў з дыпломам электрыка Лявон Луцкевіч, сын Антона, — будучы аўтар кнігі «Вандроўкі па Вільні». Іншы вядомы выпускнік гэтай установы — польскі архітэктар Оскар Хансэн.

Планавалася, што Ціткоў будзе працаваць як майстар непасрэдна са шклом, але раптоўна адкрытая вакансія дызайнера змяніла траекторыю яго лёсу. Ён меў нешараговы мастацкі талент, дысцыпліну і пры гэтым вялікую сціпласць. У інтэрв’ю, дадзеным у 1979 годзе незадоўга да смерці, дызайнер прызнаў аўтарства ўсяго пары дзясяткаў вырабаў з больш як 400, змешчаных у 4-й частцы фірмовага каталога кампаніі (1937), а пра іншыя адказваў унікліва. 

Але сучасныя мастацтвазнаўцы, грунтуючыся на аналізе формаў, схільныя прыпісваць менавіта яму аўтарства значнай часткі асартыменту другой паловы 1930-х. Ужо праз 30—40 гадоў пасля смерці, ён, не меўшы амаль ніякай вядомасці пры жыцці, у польскіх публікацыях зрабіўся сапраўднай іконай стылю. 

«Агент імперыялізму»

Пасля прыходу Чырвонай арміі і нацыяналізацыі прадпрыемства яго ўладальнікаў арыштавалі, а некаторыя з ключавых супрацоўнікаў, якіх цяжка было замяніць, засталіся працаваць пад новай уладай. Галоўны тэхнолаг Герман Шаль увогуле працаваў яшчэ пару дзясяткаў гадоў: і пад нацыстамі, і пасля вайны, пад «другімі саветамі». 

Міхал Ціткоў пратрымаўся каля года і нават удзельнічаў са сваімі новымі распрацоўкамі ў мінскай выставе ў 1940 годзе, але неўзабаве яго ўсё ж выкрылі як «агента імперыялізму» і арыштавалі. Можна меркаваць, што ў вачах груба-матэрыялістычнай улады ягоны талент і кампетэнцыі, у параўнанні з галоўным тэхнолагам, мелі непараўнальна меншую, «усяго толькі» эстэтычную, вартасць. 

Шклозавод «Нёман» у сярэдзіне 1950-х. Radzima.net

Пасля некалькіх месяцаў зняволення ў турме ў Ноўгарадзе Ціткоў быў вызвалены ў сувязі з фармаваннем арміі генерала Уладзіслава Андэрса і накіраваны ў школу падафіцэраў. А потым ён прайшоў увесь баявы шлях гэтай вайсковай адзінкі: праз Іран, Палесціну, Паўночную Афрыку да бітвы пад італьянскім Монтэ-Касіна. 

Праз пэўны час пасля вайны Ціткоў вярнуўся (калі гэтак можна сказаць, бо ягоныя родныя мясціны ўжо былі часткай БССР) у Польшчу і пасяліўся ў Ніжняй Сілезіі, у горадзе Свідніца, дзе да пенсіі працаваў на заводзе аўтаэлектрыкі Elmot: з 1947 года начальнікам мантажу, а з 1950-га на працягу амаль 10 гадоў — загадчыкам вытворчасці.

Яго кароткая, але яскравая кар’ера дызайнера, якую польскія мастацтвазнаўцы лічаць адной з самых плённых у гісторыі мастацкага шкла ўсёй нашай агульнай прасторы, працягнулася ўсяго каля 6 гадоў і была гвалтоўна перапыненая на піку росквіту.

І, на жаль, яна дагэтуль амаль невядомая на радзіме. Нават фотаздымак Міхала Ціткова знайсці вельмі цяжка. Свідніцкія краязнаўцы, праўда, нядаўна апублікавалі маленькае фота, захаванае ў аддзеле кадраў завода, але і яно было такой кепскай якасці, што хоць нейкае ўяўленне пра тое, як выглядаў славуты дызайнер, магчыма скласці толькі пасля яго дадатковай апрацоўкі.

Круты разварот

На сучасным сайце завода «Нёман» пра ўвесь бліскучы міжваенны перыяд ягонай гісторыі сказана толькі пара глухіх слоў, а імя Ціткова не згадваецца ўвогуле. Асаблівы абсурд сітуацыі ў тым, што ацалелыя даваенныя прэс-формы пасля аднаўлення вытворчасці, істотна пашкоджанай савецкімі партызанамі, працягвалі выкарыстоўвацца на прадпрыемстве аж да пачатку 1960-х. Да таго часу яны ўжо на 20 гадоў адставалі ад сусветнай моды, што, зрэшты, не мела аніякага значэння ў вачах тых, хто вызначаў палітыку прадпрыемства. 

Вось толькі адзін характэрны прыклад — ваза з артыкулам 1816. Даваенны выраб афарбаваны ў тапазавы колер і стварае эфект дадатковай глыбіні праз майстэрскае выкарыстанне матавага шліфавання. Савецкім тэхнолагам было ўжо яўна не да такіх тонкасцяў. Зыркі блакітны колер — блізкі да таго, у які даваенны «Нёман» афарбоўваў ізалятары для электрычнага дроту (была ў яго і такая прадукцыя) — стаў характэрным для яго новай прадукцыі. Не стала і гульні на кантрасце матавых і гладкіх элементаў паверхні.

Калекцыянеры збіраюць толькі даваенны варыянт вазы 1816. Спрошчаны савецкі іх не цікавіць. Zbieraczstaroci.pl

Гэтая ваза выдатна ілюструе, чым была і чым пасля вайны стала знакамітая гута ў Бярозаўцы.

Алесь Белы

СПЕЦПРОЕКТ0 материалов