Праект партала
Гаспадарка Беларускае жалеза. Росквіт і заняпад нашай чорнай металургіі ў ХІХ стагоддзі

Быў час, калі беларускія металургічныя прадпрыемствы былі больш канкурэнтныя за ўральскія. Але ён трываў зусім нядоўга. Піша кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў.

Доменная печ на Беларускім металургічным заводзе. Metalinfo.ru

Жалеза — адзін з самых распаўсюджаных хімічных элементаў: зямная кара ўтрымлівае яго каля 5%. Але толькі саракавая частка гэтых запасаў сканцэнтраваная так, каб іх можна было здабыць чалавеку. 

Нашы продкі ўмелі здабываць жалеза ўжо ў VII—VI стагоддзях да нашай эры. Пачынаючы з эпохі жалезнага веку і ажно да канца ХІХ стагоддзя яны рабілі гэта пераважна з балотнай руды, якая не была ў Беларусі ў дэфіцыце. Як, дарэчы, і драўняны вугаль, неабходны для металургічнай вытворчасці мінулых часоў.

Эвалюцыя тэхналогіі

Старажытныя металургі выкарыстоўвалі для атрымання жалеза горны і сырое (халоднае) паветра, такі спосаб завецца сырадутным. Тэхналогія там такая: паветра падаецца ў распалены да 900°С горан, а вуглякіслы газ, які ўтвараецца ад гарэння драўнянага вугалю, забірае ў руднага жалезнага вокісу кісларод і аднаўляе жалеза. На выхадзе ўтвараецца крыца — кавалак металу, насычаны шлакам, які трэба выбіваць уручную.

Сырадутная вытворчасць была эканамічна затратнай, давала малы выхад гатовага прадукту, а якасць яго пакідала жадаць лепшага. Але што было рабіць: іншага спосабу здабычы жалеза нашы продкі доўга прыдумаць не маглі. 

Усё змянілася, калі Еўропа ў сярэдзіне XIV стагоддзя навучылася будаваць домны — спецыяльныя печы, у якіх руда награвалася да 1500°С, цалкам расплаўлялася, а вокісы жалеза, насычаныя вугляродам, ператвараліся не ў паўфабрыкат-крыцу, а ў чыгун. За гэтым ішла яшчэ адна апрацоўка, пасля якой колькасць вугляроду змяншалася і ўтваралася высакаякасная сталь. 

Росквіт беларускай чорнай металургіі прыпаў на мяжу ХVIII і ХІХ стагоддзяў. Заняў ён усяго некалькі дзесяцігоддзяў, але пры гэтым зрабіўся значнай з’явай айчыннай эканамічнай гісторыі. Металургічныя заводы таго часу былі магутнымі прамысловымі прадпрыемствамі. 

Сярод іх колькасцю рабочых і аб’ёмамі вытворчасці заўважна вылучаліся Вішнеўскі завод Храптовіча, Старынкаўскі завод Бенкендорфа, Чарняўскі завод Раманава і Налібацкі завод Вітгенштэйна. 

Зброя для паўстанцаў

Самым старым з гэтых прадпрыемстваў быў Вішнеўскі завод, заснаваны яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай графам Яўхімам Храптовічам (1729—1812), вядомым рэфарматарам і дзеячам эпохі Асветніцтва. 

Менавіта тут, у мястэчку Вішнева цяперашняга Валожынскага раёна, у 1780 годзе пабудавалі першую ў Беларусі доменную печ.

Яна была вышынёй каля 8 метраў і абслугоўвалася майстрам ды двума плавільшчыкамі. Яшчэ двое рабочых займаліся падрыхтоўкай шыхты — сумесі для пераплаўкі. Выпуск чыгуну праводзіўся двойчы на суткі. Асноўная яго маса далей перараблялася ў коўкае жалеза, але рабілі на заводзе і ўласна чыгунныя рэчы: посуд, катлы, дэталі для млыноў і іншае.

Пры гэтым завод працаваў звычайна толькі 40 тыдняў, а пасля было неабходна спыніць работы, каб замяніць унутранае пакрыццё домны, якое з часам разбуралася. Спачатку для гэтага пакрыцця выкарыстоўваўся вогнетрывалы натуральны камень (яго прывозілі з Польшчы), а пазней пачалі высцілаць печ шамотнай (шамот — гэта вогнетрывалая гліна) цэглай.

Прамысловыя памяшканні, што засталіся па першым беларускім металургічным заводзе ў Вішневе, Валожынскі раён. Vedaj.by

У 1794 годзе Вішнеўскі завод падтрымаў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, вырабляючы зброю для паўстанцаў. Але гэта не прывяло да спынення вытворчасці пры Расійскай імперыі. Наадварот, маштабы і аб’ёмы толькі павялічыліся ўслед за патрэбамі новага рынку. Гэта можна прасачыць як па колькасці доменных печаў (іх паступова стала 4), так і па колькасці рабочых. У 1814-м на Вішнеўскім заводзе працавала 69 чалавек (з якіх толькі 11 былі наёмнымі, астатнія — прыгонныя), у 1828-м — 119, у 1853-м — больш за 200 чалавек.

Завод, які зрабіў усіх

Але найбуйнейшым сярод беларускіх металургічных заводаў тых часоў быў не Вішнеўскі, а Старынкаўскі, які пастаўляў метал для Чарнаморскага флоту і шмат куды яшчэ.

Перадгісторыя завода пачалася ў 1813 годзе, калі надворны саветнік Дзмітрый Яншын, уласнік маёнтка ў Чэрыкаўскім павеце, пабудаваў у вёсцы Старынка (цяперашні Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці) невялікі медзеплавільны заводзік. Пасля яго смерці праз другія рукі маёнтак разам з заводзікам набыў адстаўны паручнік Аляксандр Іванавіч Бенкендорф. У выніку Старынкаўскі завод паўтарыў «вялікую» гісторыю: спачатку перажыў медную эпоху, а пасля — жалезную. 

Прычым медная завяршылася даволі хутка. У Беларусі няма сваіх радовішчаў меднай руды, таму на такой вытворчасці можна было толькі пераплаўляць лом ды рабіць посуд ці абсталяванне для вінакурняў. Вытворчасць жа жалеза адкрывала зусім іншыя гарызонты, дазваляла зарабляць іншыя грошы.

«Жалезны век» на Старынкаўскім заводзе пачаўся з будаўніцтва ў 1835 годзе вагранкі — печы для пераплаўкі жалезнага лому. Пабудавалі і домну, але няўдала — менш чым праз год яна згарэла.

Магчыма, разам з пажарышчам пагасла б і прадпрымальніцкая настойлівасць Бенкендорфа, калі б у 1839 годзе ён не атрымаў буйную дзяржаўную замову на пастаўку медных лістоў для Чарнаморскага флоту. Заводы Урала і цэнтральных расійскіх губерняў былі далёка ад асноўных караблебудаўнічых цэнтраў Чорнага мора, ды і не мелі з імі воднага злучэння, самага зручнага ў той час. 

А завод у Старынцы знаходзіўся ўсяго за некалькі кіламетраў ад буйнога прытока Дняпра — ракі Сож, па якім праходзіў наладжаны шлях на поўдзень. Другой прычынай атрымання такога выгаднага кантракта магло быць удалае сваяцтва ўласніка завода. Бо іншы, куды больш вядомы ў гісторыі Бенкендорф, Аляксандр Хрыстафоравіч, быў тады начальнікам корпуса жандараў у Пецярбургу і карыстаўся вялікім даверам імператара Мікалая І. 

Як бы там ні было, справы хутка пайшлі ўгару. Следам за замовай для Мікалаеўскага марскога арсенала Старынкаўскі завод пачаў пастаўкі для Кіеўскага, Грузінскага і Бранскага арсеналаў, парахавога завода ў Шостцы, Каўказскай арміі, Марскога і Артылерыйскага ведамстваў і Міністэрства шляхоў зносін.

Тады ж вярнуліся і да ідэі атрымліваць метал з мясцовай жалезнай руды. Яе пробы накіравалі на аналіз у Горы-Горацкі земляробчы і Пецярбургскі тэхналагічны інстытуты. Выявілася, што руда змяшчае амаль 45% жалеза. Справа аказалася вельмі прыбытковай, паколькі сама руда каштавала заводу капейкі, а доменныя мяхі працавалі з дапамогай вадзяных колаў, і толькі ў час недахопу вады на рацэ ўключалі паравы рухавік.

Даволі хутка невялікі заводзік у Старынцы перарос у прамысловую махіну, якая размяшчалася ў 5 мураваных карпусах і 10 драўляных пабудовах. Завод меў 6 мураваных сушылак, трохпавярховы мураваны склад-краму. Была і ўласная чыгунка, якая злучала розныя цэхі і порт на рацэ Сож. Больш за тое, прадпрымства мела нават уласныя медныя грошы, якімі разлічваліся з рабочымі. Такія ўнутраныя медзякі прымалі ў заводскай крамцы.

Самыя буйныя замовы пачалі прыходзіць на завод з 1847 года, калі тут наладзілі вытворчасць вайсковых вазоў, лафетаў і крэпасцевых платформаў. Але было безліч і невайсковых кантрактаў. Напрыклад, менавіта ў Старынцы вырабілі ўсё жалезнае начынне, неабходнае для пабудовы першага моста цераз Дняпро ў Магілёве. Выконваў завод і прыватныя дробныя замовы для землеўласнікаў і прадпрымальнікаў.

Старынка пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы. Паселішча выселілі, будынкі знеслі. Але вось такія выхады металургічнага шлаку нагадваюць пра колішнюю вытворчасць там жалеза. Фота Андрэя Кіштымава

Свайго найбольшага росквіту Старынкаўскі завод дасягнуў на мяжы 1850—1860-х гадоў. Напрыклад, у 1859 годзе ён вырабіў прадукцыі на 240 тысяч рублёў, у той час як усе 122 прадпрыемствы Магілёва выпусцілі тавару толькі на 215 тысяч.

А самая галоўная адметнасць завода ў Старынцы палягала ў тым, што гэта была адзіная прамысловасць у Беларусі такога кшталту з завершаным вытворчым цыклам: ад здабычы жалезнай руды і выплаўкі металу да машынабудавання. Больш у нашай краіне за ўсю гісторыю яе эканомікі такіх прадпрыемстваў не было.

Радзівілаўскі стартап

Чыгунаплавільны і жалезаробчы завод ва ўрочышчы Чарняўка Барысаўскага павета заснаваў у сярэдзіне 1850-х князь Леан Радзівіл. Завод быў куды меншы па аб’ёмах прадукцыі ў параўнанні са Старынкаўскім, тым больш што разгарнуцца як след ён не паспеў. Ужо ў 1857 годзе завод у складзе вялізнага маёнтка Барысаўшчына адышоў царскаму родзічу, вялікаму князю Мікалаю Раманаву, пасля чаго некаторы час не працаваў. Наноў Чарняўскі завод запусцілі ў 1863-м, і ён нават пачаў хутка развівацца, але доўжылася гэта не больш за дзесяцігоддзе.

Камбінат у Налібаках

Камбінатам прадпрыемства Льва Вітгенштэйна ў Налібаках цяперашняга Стаўбцоўскага раёна з’яўлялася таму, што складалася фактычна з двух заводаў: чыгуналіцейнага і жалезаапрацоўчага. Будаваўся камбінат у пачатку 1850-х, і пра размах гэтага будаўніцтва гаворыць тое, што на ім адначасова было задзейнічана больш за 1 000 рабочых — як прыгонных, так і вольнанаёмных.

Пуск гэтага завода амаль супаў з пачаткам Крымскай вайны 1853—1856 гадоў, калі рэзка павысіўся попыт на жалеза. Гэта дазволіла ўжо ў першыя гады працы дасягнуць праектнай магутнасці.

Праўда, як толькі ваенныя замовы спыніліся, для налібацкай прамысловасці пачаліся цяжкія часы, якія абцяжарваліся адменай прыгоннага права (цяпер прыходзілася плаціць рабочым за працу, а не толькі карміць іх) і збядненнем навакольных лясоў, з якіх працягвалі здабываць драўняны вугаль.

Жалезны заняпад

Нягледзячы на несумненныя поспехі ХІХ стагоддзя, чорная металургія Беларусі ў новых умовах не мела эканамічных перспектыў. Адмена прыгоннага права пазбавіла землеўласнікаў таннай рабочай сілы. У галіну прыйшлі новыя тэхналогіі, а здабыча балотнай руды стала яўным анахранізмам у параўнанні з працай горназдабывальнай прамысловасці. Да таго ж на змену драўнянаму вугалю прыйшоў прадукт перапрацоўкі вугалю каменнага — кокс. Траціў значэнне і водны транспарт: чыгункі звязалі беларускія губерні з Уралам і Украінай, і нашы заводы канчаткова перасталі вытрымліваць канкурэнцыю з танным металам адтуль.

Канец 1860-х і 1870-я гады сталі гібельнымі для мясцовых металургічных прадпрыемстваў. Праіснаваўшы не адзін дзясятак гадоў, яны паразвальваліся літаральна за год-два.

У 1872-м зачыніўся раней такі паспяховы Старынкаўскі завод. Апошнія весткі пра Вішнеўскі завод з амаль 100-гадовай гісторыяй адносяцца да 1870-га. Цяпер пра яго нагадвае толькі невялікая капліца ў Вішневе, складзеная з кавалкаў металургічнага шлаку, ды некаторыя захаваныя вытворчыя пабудовы.

Крыца ХІ—ХІІІ стагоддзя, знойдзеная на Верхнім замку ў Полацку. Экспанат Полацкага краязнаўчага музея. Museum.by

Крыху больш пажыў Чарняўскі металургічны завод, дзякуючы пратэкцыі яго ўласніка, брата імператара. Але менавіта што «крыху»: ужо ў 1876-м пра завод пішуць як пра былы, хоць канчатковае яго закрыццё супала з годам забойства Аляксандра ІІ (1881-ы). 

Налібацкі завод па інерцыі праіснаваў да канца ХІХ стагоддзя, але з тых жа 1870-х ён не выходзіў з крызісу і працаваў па 3—9 месяцаў на год. У 1881 годзе там закрыліся 2 з 3 доменных печаў, ды і тая апошняя працавала ў няпоўную сілу. Неўзабаве ўсялякія згадкі пра металургічны камбінат знікаюць з архіўных дакументаў.

У выніку да канца пазамінулага стагоддзя беларуская чорная металургія перастала існаваць. А аднавілася яе гісторыя толькі праз стагоддзе, калі ў 1984 годзе першую прадукцыю даў Беларускі металургічны завод у Жлобіне.

Андрэй Кіштымаў

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў