Проект портала
Как немцы с евреями объединяли славян
30.12.2018 / 21:03

Уникальная практика создания коалиций существовала во времена, когда Западная Беларусь входила в состав Польши и различные народы вместе противостояли полонизации, пишет кандидат исторических наук Александр Пашкевич.

5 і 12 лістапада 1922 года ў Польшчы, грамадзянамі якой незадоўга да таго сталі многія этнічныя беларусы, мусіла адбыцца важнае палітычнае мерапрыемства — выбары ў двухпалатны парламент (Сейм і Сенат) паводле новага выбарчага закона.

Паколькі Канстытуцыя 1921 года зрабіла Польшчу парламенцкай рэспублікай пры толькі дэкаратыўных паўнамоцтвах прэзідэнта, фактычна гэтыя выбары мусілі вызначыць палітычны курс краіны на наступныя пяць гадоў.

Выбарчы закон як інструмент «Польшчы для палякаў»

Упершыню парламенцкія выбары мусілі прайсці на тэрыторыі ўсёй польскай дзяржавы ў тых межах, якія палякам удалося правесці і замацаваць па выніках крывавых баёў з бальшавіцкімі, нямецкімі, літоўскімі і ўкраінскімі войскамі, што вяліся ў 1918—1921 гадах.

Хоць межы гэтыя ў цэлым адпавядалі жаданням польскіх нацыянальных дэмакратаў (эндэкаў), якія разам з саюзнікамі мелі большасць ва Устаноўчым сейме, cкліканым для прыняцця Канстытуцыі Польшчы і выбарчага закона, іх усё ж вельмі трывожыў той факт, што амаль траціну насельніцтва такой Польшчы складалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. Такі нацыянальна­дэмаграфічны баланс пры цалкам дэмакратычных правілах гульні яўна паставіў бы пад сумнеў адзін з асноўных ідэалагічных пастулатаў эндэкаў — «Польшча для палякаў». Дзеля таго яны, карыстаючыся большасцю ў Сейме, правялі такі выбарчы закон, які мусіў звесці да мінімуму магчымасці няпольскіх палітычных арганізацый атрымаць на выбарах колькасць мандатаў, больш­менш адпаведную сваёй долі ў структуры насельніцтва. Мала таго, што сам падзел на выбарчыя акругі (з якіх абіраліся, як правіла, па 5—7 дэпутатаў выключна па партыйных спісах) быў несправядлівы (на тэрыторыях з вялікай доляй сярод насельніцтва непалякаў адзін дэпутат прыпадаў на большую колькасць насельніцтва), дык была ўведзена яшчэ і такая норма, што частка мандатаў (72 з 444 на выбарах у Сейм і 18 са 111 у Сенат) размяркоўвалася з т. зв. дзяржаўнага спісу. Права на мандаты з гэтага спісу мелі толькі буйныя партыі з агульнапольскай сферай уплыву, у той час як меншасці, акрамя яўрэйскай, кампактна засялялі толькі ўскраіны дзяржавы.

Нечаканая ідэя Эрвіна і Іцхака

Намеры эндэкаў не былі таямніцай для нешматлікіх яўрэйскіх і нямецкіх дэпутатаў Устаноўчага сейма, якія спрабавалі супрацьстаяць прыняццю закона ў такім выглядзе на этапе яго абмеркавання. Але паколькі сілы былі няроўныя, то ў галовах двух з іх — немца Эрвіна Гасбаха і яўрэя Іцхака Грынбаўма — узнік амбіцыйны план, які многім спачатку падаваўся нерэалістычным і нават вар’яцкім.

Сутнасць яго была ў наступным: калі ніводная з нацыянальных меншасцяў, якія воляй лёсу сталі грамадзянамі Польшчы, няздольная пераадолець абмежаванні дыскрымінацыйнага выбарчага закона самастойна, то чаму б ім не аб’яднаць свае намаганні і не заснаваць моцны супольны перадвыбарчы блок, тым самым абярнуўшы зброю эндэкаў супраць іх саміх?

 Іцхак Грынбаўм, адзін з ініцыятараў Блока нацыянальных меншасцяў. Пазней ён эмігруе ў Палесціну і стане міністрам унутраных спраў у першым урадзе незалежнага Ізраіля. Фота onnegshabbat.blogpost.com.

Чатыры яўрэі — пяць кірункаў

Сфармуляваць ідэю было, аднак, нашмат прасцей, чым яе ажыццявіць. Запрэгчы ў адзін воз меркавалася, акрамя немцаў і яўрэяў, яшчэ ўкраінцаў, беларусаў, рускіх і літоўцаў.

Некаторыя з гэтых народаў мала таго што мелі няшмат супольнага ў сучаснасці, але нярэдка таксама неслі цяжкі груз няпростых узаемных гістарычных парахункаў. Каб пераканаць прадстаўнікоў усіх народаў прынамсі часова забыцца на мінулыя крыўды і сучасныя супярэчнасці, выступіўшы на выбарах адзіным фронтам, патрабаваліся сапраўды неардынарныя дыпламатычныя таленты. І Гасбах з Грынбаўмам (а перадусім апошні) іх напоўніцу праявілі.

Эрвін Гасбах, адзін з ініцыятараў Блока нацыянальных меншасцяў. У канцы 1930-х гадоў ягоныя шляхі з іншымі нацыянальнымі меншасцямі кардынальна разышліся — тады ён стаў членам нацысцкай партыі. Фота Wikimedia Commons.

Зрэшты, сітуацыя склалася так, што славянскія меншасці, перадусім беларусаў і ўкраінцаў Валыні, Холмшчыны, Падляшша і Палесся, доўга ўгаворваць не давялося, бо іх у Блок нацыянальных меншасцяў (БНМ) штурхала ўласная галеча. Абодва народы былі ў пераважнай большасці сялянскімі. Багатых людзей сярод іх амаль не было, адпаведна, складана было сабраць уласнымі сіламі матэрыяльныя сродкі, дастатковыя для правядзення актыўнай перадвыбарчай кампаніі. У такой сітуацыі блок з немцамі і яўрэямі набываў дадатковую прывабнасць, бо апошнія пагадзіліся ўзяць асноўную частку матэрыяльнага забеспячэння супольнай кампаніі на сябе.

Мандат, выдадзены старшыні Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта Антону Луцкевічу для ўдзелу ў канферэнцыі прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў у Варшаве 17 жніўня 1922 года. Менавіта на гэтай канферэнцыі было прынята рашэнне аб заснаванні Блока нацыянальных меншасцяў. Фота з архіваў БДАМЛМ.

У той жа час прадстаўнікоў літоўскай меншасці ў Польшчы далучыць да блока не ўдалося, бо Літоўскі нацыянальны камітэт у Вільні пастанавіў выбары ўвогуле байкатаваць.

Гэтае рашэнне было прынята пад уплывам урада Літоўскай Рэспублікі ў Каўнасе, які лічыў Віленшчыну тэрыторыяй, незаконна акупаванай Польшчай. Паколькі канчатковае рашэнне па віленскім пытанні Лігай Нацый на той момант яшчэ не было прынята, то літоўцы лічылі, што іх удзел у выбарах у польскі парламент стане для еўрапейцаў сведчаннем прызнання імі польскай дзяржаўнасці. Тымі самімі меркаваннямі кіраваліся і лідары ўкраінскай грамадскасці ва Усходняй Галіччыне, былой аўстрыйскай тэрыторыі, таксама абвясціўшы са свайго боку прынцыповы байкот выбарам.

Не было поўнага адзінства і сярод меншасцяў, якія падтрымалі ідэю блока. Асабліва гэта тычылася яўрэйскай меншасці, якая традыцыйна падзялялася ў палітычным сэнсе на чатыры асноўныя часткі, востра канкурэнтныя паміж сабой: 1) прыхільнікі артадаксальных рэлігійных поглядаў, асноўным палітычным прадстаўніцтвам якіх была партыя «Агудат Ісраэль»; 2) сіяністы розных кірункаў, якія галоўнай палітычнай мэтай ставілі заснаванне яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне і адраджэнне сакральнай мовы іўрыт як паўнавартаснай нацыянальнай мовы; 3) «фалькісты» (народнікі), якія лічылі і перасяленне ў Палесціну, і адраджэнне іўрыта ўтопіяй і выступалі за паўнавартаснае развіццё яўрэйскага жыцця ў дыяспары з апорай на мову ідыш у якасці нацыянальнай; 4) сацыялістычныя партыі і групы, асноўнымі з якіх былі Бунд і Паалей­Цыён. Не былі маналітнымі і іншыя меншасці, асноўнымі лініямі падзелу сярод якіх было пытанне стаўлення да сацыялістычных ідэй і да польскай дзяржаўнасці.

У выніку ўзніклых супярэчнасцяў блока са стапрацэнтным прадстаўніцтвам усіх палітычных сілаў пяці меншасцяў стварыць не ўдалося. Па прынцыповых меркаваннях у яго адразу адмовіліся ўвайсці яўрэйскія сацыялісты, якія пайшлі на выбары асобна. Таксама прынцыпова супраць блакавання з іншымі меншасцямі былі сіяністы з Галіччыны, якія яшчэ з даваенных часоў рашуча стаялі на баку палякаў у іх канфлікце з галіцкімі ўкраінцамі, а адмовай ад удзелу ў блоку чарговы раз падкрэслівалі сваю лаяльнасць Польшчы. У той жа час беларусам і ўкраінцам чыста ідэалагічнага расколу гэтым разам удалося пазбегнуць. І радыкалы­сацыялісты, і больш памяркоўныя дзеячы ў той момант дружна працавалі разам. Адмовіліся ўвайсці ў блок ад іх толькі некаторыя паланафільскія групоўкі (а хутчэй, асобныя дзеячы) з абсалютна мізэрнымі ўплывамі. Іншая справа, што з­за згаданага байкоту выбараў, абвешчанага ўкраінцамі­галіччанамі, украінскі складнік блока ў выніку аказаўся абмежаваны толькі палітыкамі з Валыні, Холмшчыны, Падляшша і Палесся. Тым не менш, нават у такім выглядзе блок уяўляў сур’ёзную палітычную сілу, з якой апаненты мусілі лічыцца.

 Сумесная распіска старшыні Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта Антона Луцкевіча і старшыні Украінскага цэнтральнага выбарчага камітэта Валыні, Холмшчыны, Падляшша і Палесся Антона Васыньчука аб атрыманні грошай на выбарчую кампанію. Грошы атрымліваліся ў сядзібе Нямецкага саюза ў Варшаве. Фота Цэнтральнага вайсковага архіва ў Рэмбертаве (Варшава).

Утрымаць цяжэй, чым стварыць

Але стварыць блок было толькі паловай справы. Не менш складана было ўтрымаць яго адзінства на працягу ўсёй перадвыбарчай кампаніі. Галоўнай патэнцыйнай бомбай пад саюз народаў было пытанне падзелу паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў месцаў на агульных выбарчых спісах як на агульнадзяржаўным узроўні, так і ў асобных акругах.

Натуральна, што кожны народ хацеў падзяліць гэтыя месцы як мага больш выгадна для сябе, і для таго, каб усіх больш­менш задаволіць, патрабавалася ўлічыць мноства буйных і дробных нюансаў. Належала рэалістычна ўзважыць шанцы БНМ на атрыманне той ці іншай колькасці мандатаў у кожнай акрузе, ацаніць памер меркаванага ўнёску ў дасягненне патэнцыйнага поспеху з боку кожнай нацыянальнасці, а пасля на аснове гэтых разлікаў вызначыць чарговасць кандыдатаў на спісе. Адначасова трэба было прадугледзець кампенсацыю стратаў, панесеных у супольных інтарэсах пэўнай меншасцю ў адной акрузе, за кошт другой, а таксама выпрацаваць схему разліку славянскімі меншасцямі дадатковымі мандатамі з яўрэямі і немцамі за фінансаванне супольнай кампаніі.

Дзеля вырашэння гэтых і іншых пытанняў у Варшаве ішлі няспынныя кансультацыі і перамовы як паміж лідарамі асобных меншасцяў, так і паміж цэлымі дэлегацыямі. І як ні дзіўна, хоць фактычна любое пытанне магло справакаваць разрыў, па кожным усё ж такі ўрэшце ўдалося прыйсці да паразумення.

Але на гэтым патэнцыйна канфліктныя сітуацыі не заканчваліся. Ужо ў межах выбарчых камітэтаў асобных меншасцяў вяліся складаныя перамовы адносна таго, каб справядліва падзяліць тыя мандаты з нацыянальнай квоты, пра якія ўдалося дамовіцца з іншымі ўдзельнікамі блока, паміж суайчыннікамі розных палітычных поглядаў. І тут справа магла ісці часам яшчэ цяжэй, чым паразуменне з іншымі меншасцямі.

Так, прадстаўнікі яўрэйскіх «фалькістаў», спачатку пагадзіўшыся ўвайсці ў БНМ, пасля палічылі для сябе недастатковымі прапанаваныя ім два дэпутацкія мандаты і са скандалам пакінулі блок, пайшоўшы на выбары самастойна. Больш за тое, у сваёй прэсе яны распачалі актыўную кампанію супраць БНМ.Але гэта было ўсё ж такі прыкрае выключэнне, бо ў большасці выпадкаў палітыкі і тут уздымаліся над асабістымі амбіцыямі і прыходзілі да кампрамісу.

У выніку сфарміраваныя пасля ўсіх узгадненняў выбарчыя спісы БНМ уражвалі надзвычайнай нацыянальнай і сацыяльнай стракатасцю. Сітуацыю, якая ў той час склалася, праз некалькі гадоў дасціпна і дакладна праілюстраваў журналіст Бернард Сінгер: «Ісак Грынбаўм, ксёндз­-канонік Клінке, беларускі сацыяліст­рэвалюцыянер Браніслаў Тарашкевіч, украінскі сацыял­дэмакрат Павел Васыньчук, а побач прозвішчы папоў, рабінаў, хасідаў, сялян, памешчыкаў, дзеячаў з псеўдарэвалюцыйнай маркай… Рускія, што знайшлі сябе як украінцы, народныя настаўнікі, якія рабілі толькі першыя крокі ў палітыцы, скампраметаваныя артадаксальныя дзеячы на яўрэйскай вуліцы, і нібыта нават пятлюраўцы — усе апынуліся на адным спісе». Так яно на самай справе і было.

«І хто шаснаццаць не паложа»

Супраць БНМ польскімі партыямі была разгорнута актыўная прапагандысцкая кампанія з мэтай дыскрэдытаваць блок і зменшыць ягоную падтрымку з боку выбаршчыкаў. Прытым шчыравалі на гэтай глебе не толькі эндэкі, але і польскія партыі левай арыентацыі. Контрпрапаганда эндэкаў грунтавалася перадусім на тым, што хрысціянскія меншасці нібыта сталі сляпой зброяй у руках падступных і варожых ім іншаверцаў­яўрэяў.

З боку ж левых партый акцэнт рабіўся перадусім на сацыяльным аспекце — што нямецкія і яўрэйскія багацеі нібыта падманам зачмурылі галовы бедным беларускім і ўкраінскім сялянам, прымусіўшы іх забыцца пра прыродную розніцу класавых інтарэсаў, у выніку ж пакінуць іх ля разбітага карыта, зняўшы ўсе вяршкі самі.

Яўрэйская перадвыбарчая ўлётка з заклікам галасаваць за №16. Спіс падаецца тут як чыста яўрэйскі (Яўрэйскага аб'яднанага нацыянальнага фронту), а пра ўдзел у ім іншых нацыянальных меншасцяў не згадваецца. Фота poloniarestituta.blogpost.com.

Даваць актыўны адпор такой прапагандзе даводзілася ў выдаванай меншасцямі прэсе, а таксама падчас шматлікіх перадвыбарчых сходаў ды мітынгаў. Упор у контрпрапагандзе рабіўся на тым, што БНМ мае выключна тэхнічны характар і скіраваны толькі на тое, каб правесці тут і цяпер у парламент як мага большую колькасць дэпутатаў. Пасля выбараў жа прадстаўнікі кожнай з меншасцяў будуць дзейнічаць абсалютна самастойна, у адпаведнасці з уласнымі нацыянальнымі інтарэсамі. Увогуле ж пры агітацыі за спіс БНМ актывісты розных народаў намагаліся па меры магчымасці не рабіць акцэнту на ягоным шматнацыянальным характары, падаючы агульны спіс перадусім як свой уласны, нацыянальны. Характэрны ў гэтым плане эмацыйны вершаваны заклік, надрукаваны перад выбарамі ў беларускай газеце «Крыніца»:

Юдам будзе, хто не паможа

Краіне роднай у гэты час

І хто шаснаццаць не паложаЗа спісак беларускі наш.

Аналагічна ў вуснах агітатараў­-яўрэяў спіс №16 (менавіта такі нумар атрымаў пры рэгістрацыі спіс Блока нацыянальных меншасцяў) быў «яўрэйскім нашым», немцаў — «нямецкім нашым», украінцаў — «украінскім нашым». Цягам некалькіх месяцаў на большай частцы тэрыторыі Польшчы чуліся няспынныя вусныя і пісьмовыя заклікі галасаваць за гэты спіс на самых разнастайных мовах: польскай, украінскай, беларускай, нямецкай, рускай, іўрыце, ідыш…

Адзінства прыносіць поспех

У выніку блок меншасцяў дабіўся на выбарах вельмі добрых вынікаў, а спробы нядобразычліўцаў яго разбіць так і не далі плёну. Наадварот — не здолелі прыйсці хоць бы да адноснага адзінства польскія партыі, раздробленасць якіх дала меншасцям дадатковы шанец, які быў выдатна скарыстаны. Супольнымі намаганнямі меншасці здабылі на выбарах у Сейм 55 дэпутацкіх мандатаў у асобных акругах, а 11 атрымалі ў якасці «прэміі» з агульнадзяржаўнага спісу.

На выбарах у Сенат адпаведныя лічбы былі 17 і 4. Дэпутатамі Сейма ад БНМ сталі 20 украінцаў, па 17 яўрэяў і немцаў, 11 беларусаў і 1 рускі, сенатарамі — 8 яўрэяў, 6 украінцаў, 5 немцаў, 3 беларусы і 1 рускі. Пацвердзілася старая ісціна, што нішто не можа аб’ядноўваць больш надзейна, як наяўнасць супольнага ворага і страх перад ім. Асабліва ўражвалі поспехі блока ў акругах Валынскага ваяводства, дзе масавае галасаванне за спіс №16 мясцовага ўкраінскага і яўрэйскага насельніцтва дазволіла БНМ забраць абсалютна ўсе і дэпутацкія, і сенатарскія мандаты. Былі, вядома, і такія акругі, у якіх вынікі блока былі куды горшыя, чым спадзяваліся, але ў цэлым ніводзін з ягоных удзельнікаў не адчуў сябе надта расчараваным дасягнутым. Заставалася толькі здабытыя поспехі не змарнаваць.

Александр Пашкевич