Проект портала
С чего смеялось человечество
31.10.2018 / 21:40

Смех - бессмысленный рефлекс, результат сокращения 15 мышц лица. Мы шутим, чтобы снять напряжение или победить в споре. Смеемся над собой, чтобы сгладить социальные различия или уберечься от насмешки в свой адрес. То же самое делали люди с появления цивилизации. Во все времена человека веселили парадоксы и курьёзы. Правда, жизненные реалии, которые они отражали, в каждую эпоху были свои.

Бонакон — міфічная жывёла ў выглядзе быка з закручанымі ўнутр рагамі, які абараняецца ад ворагаў, кідаючы ў іх гарачы гной. Фота bestiary.ca.

Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што гумар маглі разумець нават неандэртальцы — праўда, не слоўныя жарты, а фізічныя паджартоўванні. А вось homo sapiens сучаснага віду пачалі ўжо актыўна выкарыстоўваць і моўныя жарты, і каламбуры.

Вынаходніцтва пісьмовасці дало магчымасць данесці некаторыя з гэтых жартаў да нашых часоў.

Ужо старажытныя людзі ўмелі смяяцца. Малюнак Кацярыны Першынай.

Дзесяць гадоў таму брытанскія навукоўцы (ужо падобна да завязкі анекдота, так?) з універсітэта Вулвергемптана апублікавалі спіс з дзесяці найстаражытнейшых жартаў свету. Першае месца ў ім заняў шумерскі жарт, які быў зафіксаваны ў 1900 годзе да нашай эры, але, магчыма, існаваў ужо і ў 2300 годзе да нашай эры. Гэты жарт уяўляе з сябе прымаўку і гучыць так: «Са спрадвечных часоў не было такога, каб маладуха не пукнула ў мужа на каленях».

Другі па часе фіксавання жарт таксама цяжка назваць надта цнатлівым:

Як пацешыць сумнага фараона? Адправіць па рацэ Ніл поўную лодку маладых жанчын, апранутых толькі ў рыбацкія сеткі, і пераканаць фараона выправіцца на рыбалку.

 Як пацешыць сумнага фараона? Малюнак Кацярыны Першынай.

Гэты жарт быў знойдзены ў старажытнаегіпецкім папірусе Весткар і датуецца 1600 годам да нашай эры. Згодна з тэкстам папіруса, гэтую і іншыя гісторыі распавядалі пры двары фараона Хеопса ягоныя сыны.

Папірус Весткар, які зараз захоўваецца ў Егіпецкім музеі Берліна. Крыніца: Wikimedia Commons.

Найранейшы прыклад гумару на тэрыторыі Еўропы паходзіць, вядома, са Старажытнай Грэцыі. У знакамітай «Адысеі», якая была напісана прыкладна ў 800 годзе да нашай эры, сустракаецца такі эпізод:

Адысей і яго сябры трапілі на зямлю цыклопаў. Там адзін з цыклопаў захапіў іх у палон і збіраўся з’есці, нягледзячы на просьбы злітасцівіцца. Тады Адысей прыдумаў хітры план, як ім выратавацца ад монстра. Ён напаіў цыклопа віном. Калі той, п’яны і задаволены, спытаў імя частавальніка, Адысей адказаў яму, што клічуць яго «Ніхто». Уначы, калі цыклоп заснуў пасля вялікай колькасці выпітага, Адысей і ягоныя сябры напалі на цыклопа. Той пачаў клікаць іншых цыклопаў на дапамогу. Калі тыя спыталіся, хто на яго напаў, цыклоп адказаў: «Ніхто!» Так Адысей змог перамагчы страшнага ворага і вызваліцца.

Хоць традыцыйна лічыцца, што аўтарам «Адысеі» быў сляпы паэт Гамер, магчыма, што гэты твор існаваў першапачаткова ў вуснай фальклорнай форме і толькі пазней быў занатаваны. Такім чынам, гэты і падобны смешныя эпізоды маглі пераходзіць з вуснаў у вусны многія стагоддзі.

Найстаражытнейшы са зборнікаў анекдотаў, што захаваліся да нашых дзён, таксама быў складзены ў Грэцыі. Ён носіць назву «Філагелас» і адносіцца, хутчэй за ўсё, да IV стагоддзя нашай эры. У ім змешчана 265 жартаў, згрупаваных паводле тэматычнага прынцыпу. Адным з найбольш папулярных персанажаў з’яўляецца педант — празмерна вучоны і правільны чалавек:

Плаваючы, педант ледзь не патануў, і пасля гэтага даў сабе зарок не заходзіць у ваду, пакуль не навучыцца добра плаваць.

Нехта, сустрэўшы педанта, сказаў яму: «Раб, якога ты мне прадаў, памёр». — «Клянуся багамі, — сказаў педант, — пакуль ён быў у мяне, ён ніколі так не рабіў».

Старажытныя рымляне не адставалі ад грэкаў, калі гаворка ішла пра гумар. На рубяжы нашай эры папулярным героем жартаў стаў першы імператар Рымскай імперыі Актавіян Аўгуст. Вось які анекдот распавядалі пра яго ў тыя часы: 

Падчас падарожжа па сваёй імперыі Аўгуст заўважыў у натоўпе чалавека, які быў вельмі да яго падобны. Ён зацікавіўся і спытаў у яго: «Скажы, твая маці служыла калі-небудзь у палацы?» «Не, Ваша Вялікасць, — адказаў чалавек, — але там служыў мой бацька».

Праз два тысячагоддзі гэты жарт стане ўлюбёным для псіхааналітыка Зігмунда Фрэйда. Ён выкарыстоўваў яго ў якасці доказу сваёй тэорыі пра тое, што жарты нараджаюцца з падсвядомага, і менавіта праз гумар чалавек можа выказаць тое, што сацыяльныя абмежаванні не даюць яму сказаць наўпрост.

Некаторыя са старажытнарымскіх жартаў вельмі падобныя да тых, з якіх мы смяёмся сёння. Вось адзін з папулярных анекдотаў таго часу:

Прафесар-схаласт, лысы і цырульнік накіраваліся ў падарожжа. Ноччу яны вырашылі сцерагчы свае рэчы па чарзе. Спачатку была чарга цырульніка. Яму хутка стала сумна, і ён забаўляў сябе тым, што галіў галаву прафесара. Калі прыйшла чарга прафесара, цырульнік пабудзіў яго і пайшоў спаць. Прафесар правёў рукой па сваёй галаве і падумаў: «Ну і дурань гэты цырульнік! Замест таго, каб пабудзіць мяне, ён пабудзіў лысага».

Гумар таксама арганічна прысутнічае ў Бібліі. У ёй нярэдка сустракаюцца згадкі пра тое, што Бог мае пачуцце гумару і здольнасць смяяцца. Іронія ўласцівая таксама і людзям, апісаным у Бібліі. Напрыклад, у кнізе «Выхад», прысвечанай у асноўным таму, як народ ізраільскі выйшаў з егіпецкай няволі і вандраваў па пустыні на чале з Майсеем, сыны Ізраілевы запытваюць Майсея: «Хіба няма магілаў у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні?».

Хоць Сярэднявечча часам і называюць цёмным часам еўрапейскай гісторыі, яно таксама не абышлося без гумару. Прытым гумар гэты быў не толькі вербальным, але і візуальным.

Так, гэтая выява сустракаецца на адной са старонак Гарлстанскага псалтыра, які быў створаны ў Англіі ў 1310—1324 гг. Дарэчы, гэта не адзіны выпадак, калі рыцар (ці нават малпа) супрацьстаіць смаўжу, і гэтае супрацьстаянне далёка не заўсёды канчалася перамогай рыцара.

Крыніца: The British Library.

У тым жа самым Псалтыры можна сустрэць і такую выяву:

 

Крыніца: The British Library.

Гумар быў уласцівы не толькі еўрапейскаму, але і азіяцкаму Сярэднявеччу. Напрыклад, у Індыі вядомым персанажам гумарыстычных гісторый і прытчаў быў Тэналі Раман, які быў блазнам і паэтам пры двары імператара Віджаянагарскай імперыі ў пачатку XVI стагоддзя. Адна з гісторый апавядае: Тэналі Раман паспрачаўся з занадта самаўпэўненым фокуснікам на 1000 залатых манет, што ён зможа зрабіць з заплюшчанымі вачыма такое, чаго фокуснік не паўторыць нават з расплюшчанымі. Каб перамагчы ў спрэчцы, хітры блазан заплюшчыў вочы і насыпаў на павекі дзве жмені пяску. Фокусніку нічога не заставалася, як прызнаць сваю паразу.

З развіццём кнігадрукавання папулярнасць набылі зборнікі жартаў і анекдотаў (так званыя jestbooks). Самым распаўсюджаным жанрам былі фатэцыі — невялікія жартоўныя апавяданні пра смешныя здарэнні. Упершыню іх літаратурна апрацаваў італьянскі пісьменнік Поджа Брачаліні яшчэ ў 1470 годзе ў зборніку «Фатэцыі». Кніга вытрымала шмат перавыданняў, частка з якіх захавалася і да нашых часоў. Вось адна са змешчаных у гэтым зборніку фатэцый:

Абат Сетыма, вельмі тоўсты мужчына, аднойчы вечарам накіроўваўся ў Фларэнцыю і запытаў у сустрэчнага селяніна: «Як ты мяркуеш, я змагу ўвайсці ў горад?» Вядома, ён меў на ўвазе, ці зможа ён зайсці ў горад да таго, як браму замкнуць на ноч. Але вясковец, жартуючы з яго, адказаў: «Канешне, зможаш; калі ў вароты праязджае воз з сенам, то чаму б табе не прайсці?»

 «Калі ў вароты праязджае воз з сенам, то чаму б табе не прайсці?» Малюнак Кацярыны Першынай.

Нават у Англіі XVIII ст., у грамадстве, якое традыцыйна лічыцца ўзорам ветлівасці і сентыментальнасці, гумар не толькі не быў у заняпадзе, а квітнеў у самых разнастайных сваіх праявах. Вядомы даследчык гумарыстычнай літаратуры Сайман Дыкі сцвярджае, што брытанскія зборнікі жартаў таго часу стракацелі жартамі пра калек, сляпцоў і жабракоў, і жарты гэтыя былі зусім не бяскрыўднымі:

«Дай табе Бог добры зрок, — кажа жартаўнік бязносаму чалавеку, — бо насіць акуляры ты дакладна не зможаш».

ХІХ стагоддзе было адзначана не толькі актыўнай дзейнасцю пісьменнікаў-сатырыкаў (напрыклад, Уільям Тэкерэй у Вялікабрытаніі, Антон Чэхаў у Расіі ці Канстанцін Вераніцын у Беларусі), але і ўсплескам цікавасці да фальклору. У адрозненне ад сучасных анекдотаў і гумарэсак, якія з’яўляюцца кароткімі творамі з нечаканай канцоўкай, жартоўныя апавяданні ХІХ стагоддзя былі даўжэйшымі і часта завяршаліся мараллю, як казкі і байкі.

Толькі ў пачатку ХХ стагоддзі вусны анекдот набывае звыклую нам форму. Гэтае стагоддзе можна лічыць сапраўдным «залатым векам» анекдота, які пранікае ва ўсе слаі грамадства і закранае разнастайныя тэмы: ад палітыкі да сямейных адносін. Быццам падсумоўваючы гэты час, у 2001—2002 гадах ажыццявіўся праект LaughLab (Лабараторыя смеху), дзе ўсе ахвотныя маглі ацаніць жарты і выбраць з іх самы смешны. Пераможцам стаў наступны анекдот:

Двое паляўнічых ідуць па лесе. Раптам адзін з іх падае. Ён выглядае непрытомным і з ашклянелымі вачыма. Другі паляўнічы выхоплівае тэлефон, звоніць у хуткую дапамогу і ўсхвалявана крычыць: «Мой сябар памёр! Што мне рабіць?» Аператар адказвае: «Супакойцеся, я магу Вам дапамагчы. Спачатку давайце ўпэўнімся, што ён памёр». Пасля секунднай цішыні гучыць стрэл. Вярнуўшыся да тэлефона, паляўнічы кажа: «Добра, што далей?»

У наш час колькасць і разнастайнасць гумарыстычных твораў хутка павялічваецца. Новыя візуальныя жанры распаўсюджваюцца праз інтэрнэт і асабліва сацыяльныя сеткі. Але адно застаецца нязменным — гумар па-ранейшаму ўсім падабаецца.

 

Жарты Старажытнай Грэцыі

Педант размаўляў з сябрамі. Адзін сказаў: «Нядобра забіваць авечак — яны даюць нам воўну». Другі заўважыў: «Нядобра забіваць кароў — яны даюць нам малако». Педант адказаў: «Нядобра забіваць свіней — яны даюць нам мяса».

У педанта ў доме жыла мыш і грызла кнігі. Каб адпомсціць ёй, ён стаў надкусваць мяса і класці ёй у цёмнае месца.

У Кімах адзін чалавек прадаваў мёд. Падышоў чалавек, паспытаў і стаў хваліць, што мёд надта добры. «А няўжо ж, — сказаў прадавец, — калі б у яго не ўлезла мыш, я б і не прадаваў яго».

Катерина Скорейчик