Праект партала
Пра-свет Чаму ў Азербайджане дынастыя, а ў Арменіі і Грузіі — дэмакратыі?
26.01.2019 / 09:56

Прычыны — не толькі ў нафце, але і ў збегу абставін, піша кандыдат гістарычных навук Анжаліка Пабеданосцава Кая.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў з жонкай, дзецьмі і зяцем.

У каўказскіх народаў нашмат больш супольнага, чым падаецца на першы погляд.

Нягледзячы на спрэчкі паміж імі, хто прыйшоў сюды першы і хто за ўсіх старажытнейшы, усе тры вялікія народы Паўднёвага Каўказа маюць падставы прэтэндаваць на «аўтахтоннасць», гэта значыць, спрадвечнасць на тэрыторыі свайго пражывання.

Армянскія аўтары любяць падкрэсліваць, што цюркамоўныя азербайджанцы прыйшлі на Каўказ у выніку міграцыі качэўнікаў у Сярэднявеччы. У адрозненне, маўляў, ад армянаў, што жылі там з глыбокай старажытнасці. Але варта ўлічваць, што прыход качэўнікаў прывёў не да поўнай замены насельніцтва на гэтай тэрыторыі, а толькі да яго цюркізацыі.

Свае ж вытокі азербайджанцы звязваюць з Каўказскай Албаніяй.

Вуліца горада Лагіч на паўночным усходзе Азербайджана. Лагіч з часоў Сярэднявечча славіўся вырабам кінжалаў і меднага посуду, упрыгожанага гравіраваным арнаментам. Фота ianreding, shutterstock.com.

Апошняя не мела дачынення да Албаніі на Балканах, але была развітай дзяржавай на антычным Каўказе, што месцілася на тэрыторыі сучасных Азербайджана і Дагестана. У гэтай Албаніі гаварылі на мове, не падобнай ні да цюркскіх (турэцкая, азербайджанская, казахская…), ні да індаеўрапейскіх (армянская, славянскія, германскія, раманскія…). Яна ўваходзіла ў паўночнакаўказскую сям’ю і была блізкай да мовы сучасных удзінаў у Дагестане.

Албанцы спачатку хрысціянізаваліся, але зусім хутка іх землі заваявалі арабы. Лічыцца, што тыя албанцы, якія перайшлі ў іслам, у далейшым цюркізаваліся і з’яўляюцца продкамі цяперашніх азербайджанцаў.

Традыцыйныя азербайджанскія стравы — гэта кутабы, прэсныя піражкі з начынкай, і далма — галубцы з вінаграднага лісця, а са слодычаў — рахат-лукум. Чай п'юць з маленькіх шклянак. Азербайджан славіцца таксама прыгожым медным посудам. Фота Khrystyna Bohush, shuterstock.com.

Сучасныя спрэчкі і падзелы на Каўказе не былі адвечнымі. Узгадайце трохмоўнага тбіліскага паэта XVIIІ стагоддзя Саят-Наву. Той лічыцца армянскім класікам, хоць куды больш напісаў па-азербайджанску, дый твораў па-грузінску ў яго нямала. 

Большасць азербайджанцаў жыве… у Іране

Парадаксальная сітуацыя: у Іране азербайджанцаў больш разы ў два, чым у Азербайджанскай Рэспубліцы.

Гэта — вынік Туркманчайскай дамовы 1828 года, паводле якой Расійская Імперыя забрала ў Персідскай Імперыі рэшту яе каўказскіх правінцый.

Азербайджанцы засяляюць увесь паўночны ўсход Ірана (раён горада Тэбрыз) і складаюць ладную частку іранскага палітычнага і культурнага істэблішменту. Азербайджанскія карані маюць і кіраўнік краіны аятала Хаменеі, і лідар апазіцыі, экс-прэм’ер Мусаві. Але, хоць той жа Хаменеі ведае азербайджанскую мову, нядаўна ён параіў бацькам вучыць сваіх дзяцей «цюркскай» мове дома. Па-за домам гэтыя дзеці азербайджанскай мове не навучацца: яе ні ў адукацыі, ні ў афіцыйным ужытку няма зусім, дзяржаватворчая мова фарсі дамінуе.

У Расійскай Імперыі азербайджанцаў звалі каўказскімі татарамі, а назва Азербайджан замацавалася толькі пасля абвяшчэння Азербайджанскай Народнай Рэспублікі (АНР) у маі 1918-га.

Гэта была паўнавартасная дзяржава, але яна не ўтрымала незалежнасці з-за ўнутраных супярэчнасцяў. Але, як і Беларуская Народная Рэспубліка мела працяг у выглядзе БССР, на частцы тэрыторыі АНР узнікла Азербайджанская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У Савецкім Азербайджане фарміраванне азербайджанскай нацыі працягнулася.

Падчас Другой сусветнай вайны, калі Іран быў акупаваны савецкімі і брытанскімі войскамі (у савецкім экспедыцыйным корпусе служыў у тым ліку беларускі паэт Пімен Панчанка, захаваліся шматлікія створаныя ім у той час вершы), СССР паспрабаваў у 1946 годзе аб’яднаць усе населеныя азербайджанцамі тэрыторыі. Праўда, калі гэта стварыла пагрозу вайны з брытанцамі і іранцамі, Саветы адступіліся.

Адны — на Еўропу, другія — на асманаў

Рэлігія вызначыла сучаснасць каўказскіх народаў — але не наўпрост, як многія тое ўяўляюць.

Грузіны і армяне, хрысціяне, з надзеяй глядзелі на Еўропу, уключаючы ў гэтае паняцце і праваслаўную Расійскую Імперыю. А вось мусульманскія азербайджанскія эліты, натуральна, арыентаваліся на Турцыю (блізкую па мове) і Іран (адзінаверны па рэлігіі, бо азербайджанцы збольшага шыіты, як і персы, а туркі — суніты). Таму

грузіны і армяне пераймалі найноўшыя заходнія ідэі з першых рук, а азербайджанцы, так бы мовіць, у турэцкім пераказе.

Хлопчык на асле ў гарах паміж гарадамі Куба і Шамаха ў паўночна-ўсходнім Азербайджане. Фота Анжалікі Пабеданосцавай Кая.

Пасля таго як Расія да пачатку ХІХ стагоддзя далучыла Паўднёвы Каўказ, армянскія і грузінскія эліты ахвотна і масава далучыліся да імперскай знаці і чынавенства. Для іх расейцы былі бліжэйшыя, чым туркі і персы. Азербайджанцы ж разглядалі Расію як «чужое».

Спачатку яны масава ўцякалі ў Асманскую Імперыю, а пазней маргіналізаваліся. І бюракратычныя, і эканамічныя рычагі кіравання рэгіёнам аказаліся ў руках каго заўгодна, у тым ліку армян, толькі не ў «татараў».

Грузіны і армяне ўспрынялі еўрапейскія ідэі асветніцтва, дэмакратыі, а вось азербайджанцы доўга захоўвалі кланавую, феадальную свядомасць.

Інтэрнацыянальны Баку

Калі Баку на пачатку ХХ стагоддзя дзякуючы нафтаздабычы ператварыўся ў найбагацейшы цэнтр, горад стаў да такой ступені неазербайджанскім, што нават цэнтрам незалежніцкага руху пасля Першай сусветнай вайны стаў не Баку, а правінцыйная Гянджа.

Глядзіце: у 1897 годзе сярод жыхароў Баку каўказскія татары, г.зн. азербайджанцы, складалі ўсяго 36%. Попыт на нафту рос, яе здабывалі ўсё больш, насельніцтва горада з 1897 да 1926 вырасла ў чатыры разы, а доля азербайджанцаў у ім скарацілася да 26%! Прычым асноўныя эканамічныя і гандлёвыя пазіцыі трымалі армяне, расейцы, яўрэі.

Яшчэ ў 1959 годзе ў Баку жыло 35% рускіх, 21% армян і толькі 33% азербайджанцаў, якія заставаліся народам збольшага сялянскім. У Баку азербайджанцы сталі большасцю толькі ў 1970-я гады. Вось чаму гэты горад быў традыцыйна рускамоўны.

Азербайджанская глыбінка, маса, глядзела на касмапалітычны Баку варожа. У «Народным фронце» 90-х ліберальную бакінскую інтэлігенцыю, якая нават па-азербайджанску гаварыць не ўмела, хутка адсунулі на задні план.

Карані крыві

Незалежнасць, абвешчаную пасля Першай сусветнай вайны, не было каму абараняць. Армяне масава служылі ў расійскім войску, а азербайджанцаў там было вобмаль. Таму нават начальнікам Генштаба арміі Азербайджанскай Народнай Рэспублікі стаў не мясцовы ўраджэнец, а генерал Мацей Сулькевіч, беларуска-літоўскі татарын з Ліды.

Іран у азербайджанскай дзяржаўнасці не быў зацікаўлены, бо баяўся за лёс сваіх паўночна-заходніх зямель, заселеных этнічнымі азербайджанцамі.

У выніку азербайджанскія інтэлектуалы і палітыкі маглі спадзявацца толькі на Турцыю.

Ад самага пачатку нацыянальнага адраджэння ў Азербайджане, як не ў якой іншай краіне, былі моцныя ідэі аб’яднання ўсіх цюркскіх народаў ад Міжземнамор’я да Кітая. Гэты рух атрымаў назву «панцюркізм». Яго прыхільнікі выступалі за інтэграцыю ці нават аб’яднанне з Турцыяй.

Першая сусветная вайна перацякла на Каўказе ў турэцка-армянскую, туркі ажыццявілі разню армян, а армяне — этнічныя чысткі Зангезура ды іншых тэрыторый, дзе яны былі ў большасці.

Вось адкуль у азербайджанцаў і армян такая ўзаемная нянавісць, якая выбухнула крывавай вайной 90-х. Клубок канфлікту дагэтуль не развязаны, і няясна, хто, калі і як здолее яго вырашыць.

Трыумф і правал «Народнага фронту»

Выдатны расійскі сацыёлаг Дзмітрый Фурман, які спецыялізаваўся акурат на Каўказе, вызначаў тры асноўныя фактары, якія паўплывалі на фарміраванне постсавецкіх палітычных сістэм у розных краінах: рэлігійна-цывілізацыйны (традыцыйная культура, рэлігія), папярэдні гістарычны досвед народаў і роля асобы.

У канцы 1980-х гадоў, калі пачаў распадацца Савецкі Саюз, Азербайджанскі народны фронт (АНФ), у духу сваіх папярэднікаў, узяў на ўзбраенне лозунгі панцюркізму і інтэграцыі з Турцыяй, а таксама радыкальную антыармянскую рыторыку. Гэтым ён моцна розніўся ад аналагічных рухаў еўрапейскіх рэспублік былога СССР.

«Народны фронт» у 1992 годзе нават прыйшоў да ўлады. На прэзідэнцкіх выбарах тады перамог лідар фронту, навуковец Абульфаз Эльчыбей. Аднак Эльчыбей не пратрымаўся пры ўладзе і года. Пры ім у Карабахскай вайне Азербайджан пацярпеў паразу, эканоміка развалілася, бо з краіны сталі масава ўцякаць славяне і армяне, у дзяржаўным кіраванні пачаўся хаос, сілавікі сталі змагацца паміж сабой. Урэшце супраць Эльчыбея ўзбунтаваўся прарасійскі ценявік-мільянер Сурэт Гусейнаў. Эльчыбей вымушаны быў прасіць дапамогі ў дасведчанага былога кіраўніка савецкага Азербайджана Гейдара Аліева. Той на заклік адгукнуўся, але ўладу больш не аддаў. І нават пасля ягонай смерці яна перайшла ягонаму сыну Ільхаму. Цяпер жа Ільхам зрабіў віцэ-прэзідэнтам сваю жонку Мехрыбан…

Пад дажджом нафтадаляраў

Адсунуўшы ад улады нацыянал-дэмакратаў, Аліеў сам пераняў многія іх ідэі. У прыватнасці, курс на збліжэнне з Турцыяй. Менавіта былы член Палітбюро ЦК КПСС Гейдар Аліеў высунуў лозунг «Адзін народ — дзве дзяржавы». Гэта Азербайджан і Турцыя маюцца на ўвазе.

У выніку ў 2009 годзе амерыканскае пасольства ў Баку ў адной са сваіх дэпешаў, якія трапілі ў «Вікілікс», зазначала, што, «хоць Азербайджан усё яшчэ абгрунтавана лічыцца часткай постсавецкай прасторы, у культурным, моўным і эканамічным дачыненні ён куды большы сатэліт Турцыі, чым Расіі».

Культурны цэнтр Гейдара Аліева ў Баку, збудаваны па праекце Захі Хадзід. Фота Wikimedia Commons.

Ключавым годам для гісторыі сучаснага Азербайджана стаў 1994-ы.

Менавіта тады Аліеў падпісаў з Арменіяй пагадненне аб спыненні агню, хоць армяне кантралявалі — і дагэтуль трымаюць — пятую частку тэрыторыі Азербайджана.

Азербайджан пацярпеў паразу ў вайне з армянамі ў пачатку 90-х і страціў кантроль над значнай часткай краіны. Гэта вісіць цяжкім грузам над свядомасцю сучасных азербайджанцаў. Мапа з Wikimedia Commons.

У той жа самы год азербайджанскі ўрад падпісаў «кантракт стагоддзя» з кансорцыумам міжнародных нафтавых кампаній аб разведцы і здабычы нафты ў Каспійскім моры, што прынесла краіне стабільныя вялікія прыбыткі.

Плошча Дзяржаўнага Сцяга ў Баку з каласальным 162-метровым флагштокам. Фота Wikimedia Commons.

У 2005 годзе быў запушчаны ў эксплуатацыю нафтаправод з Баку да турэцкага порта Джэйхан, які вывеў азербайджанскую нафту на міжнародныя рынкі. Дзякуючы нафтавым грошам краіна пасля гэтага тры гады была сусветным лідарам па хуткасці эканамічнага росту. Гэта быў бум і лас-вегас:

узровень беднасці ў краіне з 50% на пачатку 2000-х упаў да 5% у 2010-х. Краіна правяла «Еўрабачанне» і Еўрапейскія гульні, а «ікорная дыпламатыя» (і афшорныя рахункі ўладнай эліты) зрабілі Азербайджан антыпрыкладам для сусветных СМІ.

Нафтавыя вежы ў Нафтавых Камянях пад Баку.

Прыбыткі ад экспарту прыродных багаццяў дазваляюць трымаць прыстойны ўзровень жыцця, але што будзе, калі яны зменшацца? 40% працоўнай сілы ў краіне дагэтуль занятыя ў малатаварнай сельскай гаспадарцы. Структурныя праблемы ў краіне застаюцца. Фармальна ў краіне дагэтуль існуюць і апазіцыя, і недзяржаўныя СМІ — але яны ні на што не ўплываюць.

Гэта грамадства, дзе няма здаровай канкурэнцыі, дзе пануюць кланы, але аб’яднанае непрыязнасцю да армян. Ці такая сістэма зможа быць канурэнтаздольнай у ХХІ стагоддзі? Залежыць ад цэн на нафту.

Анжаліка Пабеданосцава Кая