Проект портала
Малая родина На могиле московских стрельцов: как жители Могилёва подняли восстание против российской администрации — и победили
10.05.2020 / 11:43

Дом по адресу Грушевская, 1 в Могилеве. На месте калитки раньше стоял крест. Фото Алексея Батюкова.

Алексей Батюков пишет о забытой могиле в центре Могилёва. Во время войны 1654—1667 годов жители Могилёва подняли восстание против российской администрации — и победили. А для российского войска все закончилось трагично.

Мы стаiм на рагу двух завулкаў у экспрэсiўным прыватным сектары амаль у цэнтры Магiлёва. З даху суседняга дома, за нашай спiнай, шалёна вые сабака — менавiта з даху. Тут, на схiле гары, дамы часам арганiзаваныя больш па вертыкалi, чым па гарызанталi. Перад намi дом №1 па вулiцы Грушаўскай. Вось менавiта тут, дзе зараз брамка, стаяў крыж. У гэтым нас незалежна адзiн ад аднаго пераканалi трое мясцовых жыхароў, дзве сталыя жанчыны i дзядуля, усе народжаныя ў 1930-х гадах. Вакол крыжа была агароджа, а пад крыжам i агароджай — невялiкi курган. Пад насыпам — рэшткi шасцiсот маскоўскiх стральцоў.

Магiла ёсць, костак няма

Самусёва гара згадваецца як месца пахавання маскоўскiх стральцоў, ахвяр паўстання 1661 года, яшчэ ў Магiлёўскай хронiцы Сурты i Трубнiцкiх, напiсанай праз некалькi дзесяцiгоддзяў: «Большую частку [маскоўскiх вайскоўцаў] тут, дзе на Самусёвай гары стаiць крыж, голымi пахавалi, а частку каля Пакроўскага шпiталя, дзе лужына [балотца], а другiх пахавалi, дзе было можна».

Гэта даволi ўмоўная гара — проста частка схiлу над Дняпром за Быхаўскiм кiрмашом. Цяпер гэтым тапонiмам ужо не карыстаюцца, пра яго памятаюць толькi краязнаўцы, усю ж тутэйшую мясцовасць называюць Папiнкай. А вось пра канкрэтную лакалiзацыю брацкай магiлы стральцоў мы даведалiся зусiм нядаўна — з архiваў Аляксея Вiнэра, якiя нечакана актуалiзавалiся для гiсторыкаў год таму.

Мастацтвазнавец Аляксей Вiнэр быў удзельнiкам Магiлёўскай экспедыцыi Урадавай камiсii па ахове помнiкаў пры СНК БССР у 1939—1940 гадах. Гэтую працу ён не завяршыў (з-за вайны?), i толькi нядаўна ягоныя матэрыялы трапiлi з сямейнага архiва ў Санкт-Пецярбургу ў фонды мiнскага Царкоўна-гiстарычнага музея i ўжо дзякуючы супрацоўнiкам гэтай установы сталi даступнымi шырокаму колу. Задачай даследчыка было складанне эталоннага спiса помнiкаў гiсторыi i культуры ў нашым кутку тады яшчэ маладой савецкай краiны. Акрамя ратушы, цэркваў i жылых дамоў, у спiсе помнiкаў — дом, дзе спыняўся Пётр I, дом, дзе жыў Арджанiкiдзэ, брацкая магiла чырвонаармейцаў бронеатрада, што загiнулi ў баi з палякамi ў 1920 годзе, i падобнае. I вось гэтая магiла на Самусёвай гары, якой цяпер няма i следу.

Магілёў, Ратуша. Сучасны выгляд.

«На цяперашнi час брацкая магiла ўяўляе сабой напалову разрыты, на глыбiню 4—5 метраў, насыпны пагорак. Агароджа, што стаяла раней, i драўляны крыж знiшчаны ў 1936—37 гг.», — пазначае ў пашпарце Вiнэр i дадае, што магiла пашкоджаная мясцовымi жыхарамi, якiя бяруць з яе глiну. Падрабязнасцей знiшчэння крыжа ён не адзначае, але нам удалося пра iх даведацца ад мясцовага жыхара.

Самага старога жыхара ў гэтых дамах мы знайшлi на суседнiм завулку. Размаўляе ён цяжка, усе яго словы даводзiцца тлумачыць нявестцы. Яшчэ на ягонай памяцi быў крыж, узгадвае ён. Але гэты крыж зрынулi. Нейкiя маладыя людзi, якiя змагалiся з рэлiгiяй. Потым яны кiнулi крыж у Дняпро. Там ён трохi паплаваў, яго прыбiла да процiлеглага берага, i мясцовыя жанчыны выцягнулi яго з вады.

Гэтыя сцэны ён, малы тады хлопец, запомнiў, а вось каб глiну тут бралi, каб нейкая магiла была — ужо не памятае. Не памятаюць i iншыя мясцовыя, дзе тут хаця б быў пагорак, з якога бралi глiну. Чалавечых парэшткаў на агародах не сустракалi. Што дзiўна — мясцовасць шчыльна забудаваная, узараная. А вось месца, дзе стаяў крыж (па версii адной жанчыны — каплiчка), нам паказалi дакладна.

 

Як магiлёўцы апраўдвалiся

Плён працы Аляксея Вiнэра аказаўся марным. Анi гэтае пахаванне, анi некаторыя iншыя аб’екты, на якiя iм складалiся пашпарты, не атрымалi статусу помнiкаў i паступова былi забытыя нават у самыя спрыяльныя для мемарыялiзацыi часы — напрыклад, дом, дзе жыў Арджанiкiдзэ, альбо магiла байца бронеатрада на Мышакоўцы. А калi б прапанова Аляксея Вiнэра была рэалiзавана дакладна ў той форме, як сфармуляваў мастацтвазнавец, то ў Магiлёве магiла маскоўскiх стральцоў магла б i зараз быць, даслоўна, «гiстарычным помнiкам барацьбы беларускага i рускага народаў супраць прыгнёту польскiх паноў i шляхты».

Больш бязглуздую фармулёўку для апiсання тых падзей прыдумаць цяжка, згадзiцеся. Паўстанне, якое прадстаўнiкi аднаго народа паднялi супраць прадстаўнiкоў другога, выдаваць за сумесную барацьбу абодвух супраць прадстаўнiкоў трэцяга народа, якi ў падзеях увогуле не ўдзельнiчаў… Але напiсаць праўду, — што беларусы паўсталi супраць расiян i знiшчылi расiйскi гарнiзон, — савецкi даследчык проста не мог. Урэшце ў сваiм кароткiм гiстарычным экскурсе пры напiсаннi пашпарта Аляксей Вiнэр вырашае дылему проста: ён сцвярджае, што паўстанне 1661 года было арганiзавана палякамi — «польскай партыяй i шляхтай» на чале з кiраўнiком горада — бурмiстрам Левановiчам. Сачыце за рукамi, што называецца. Каб расставiць кропкi над «i», зазначым тут, што гэтую нiбыта «польскую» партыю складалi магiлёўцы-беларусы, звычайныя месцiчы. А шляхтай некаторыя з гэтых месцiчаў сталi потым, прытым шляхецтва было ўзнагародай непасрэдна за арганiзацыю i ўдзел у паўстаннi.

Вось гэтае апраўданне магiлёўцаў за паўстанне, якое праз манiпуляцыю катэгорыямi спрабаваў прапанаваць Вiнэр, — рэч даволi тонкая. Яшчэ раз — апраўданне магiлёўцаў за паўстанне, апраўданне магiлы знiшчаных расiйскiх стральцоў. Нiякiх апраўданняў i быць не магло ў першыя гады пасля паўстання.

Наадварот — i мы пабачым гэта нiжэй, — магiлёўцы ганарылiся паўстаннем i заснавалi на iм маленькi гераiчны эпас.

Але ў цяжкiя для Рэчы Паспалiтай часы, калi войска былога працiўнiка прыйшло ў горад гаспадарамi, калi ў горад зноў прыйшла Расiя, магiлёўцы i самi пачалi шукаць сабе апраўданняў.

Аўтар Магiлёўскай хронiкi Сурты i Трубнiцкiх у запiсах за 1706 год неабходныя словы ўкладае ў вусны Пятра I, калi той наведвае нашчадка аднаго з правадыроў паўстання, сына Пятра Казановiча, ва ўласным ягоным доме. Калi Казановiч-малодшы нiбыта сумеўся, называючыся — Фёдар Казановiч, Пятровiч, то расiйскi цар яго супакоiў: «Не пужайся, я ведаю, што за тваiм бацюшкам маскву высеклi, на тое вайна была, а масква тады дурная была».

Аўтар гiстарычных «Запiсак iгумена Арэста» ўзгадвае сцэну, калi ў 1708 годзе граф Барыс Шарамецеў такiмi самымi словамi — мы, маўляў, i самi вiнаватыя былi — адгаворвае Аляксандра Меншыкава, якi ўзначальваў раскватараванае ў Магiлёве войска, помсцiць магiлёўцам за паўстанне. Цi сапраўды гучалi гэтыя словы, цi гэта была распаўсюджаная iдэалагема, заклiканая абаранiць магiлёўцаў ад помсты? Тым большай станавiлася яе пераканаўчая моц, што ўкладалася яна ў вусны самiх жа расiйскiх правадыроў.

Мала гэтага. Нядаўна магiлёўскi краязнавец i руплiвец Алег Давiд Лiсоўскi знайшоў i пераклаў унiкальны тэкст 1824 года, якi ўтрымлiвае невядомую раней версiю паўстання 1661 года. Беларускiя землi толькi-толькi ўвайшлi ў склад Расiйскай iмперыi, i магiлёўцам прыйшлося чарговы раз прымiраць улады з антырасiйскай старонкай магiлёўскай гiсторыi.

Але па парадку.

 

Тры версii паўстання

Першая i самая рэалiстычная версiя магiлёўскага паўстання 1661 года маецца ў творы «Annalium Poloniae Climacter Secundus» (1688) Веспасiяна Кахоўскага, сучаснiка падзей:

Каб адпомсцiць за свае крыўды, магiлёўцы прысягнулi на знiшчэнне масквы. Прызначыўшы час i гадзiну, яны выслалi сваiх [месцiчаў] для суправаджэння скацiны за горад. Там тыя высланыя месцiчы загаласiлi, што палякi i лiтва напалi на iх, пазабiвалi, пабралi ў палон — i кiнулiся да гарадскiх валоў, лямантуючы, каб масква iх ратавала. Маскоўцы паадчынялi брамы i высыпалi гуртам, сягаючы за палякамi i лiтвой. У гэты час магiлёўцы пазачынялi брамы, i калi масква вярталася назад, то iх не пусцiлi, а расстралялi з валоў. Рэшту, што заставалася ў горадзе, пасеклi на вулiцах.

Секлi, пiша Кахоўскi, жорстка, нават жонак стральцоў не пашкадавалi.

Другая версiя, куды больш вядомая, утрымлiваецца ў Магiлёўскай хронiцы Сурты i Трубнiцкiх i ў «Запiсках iгумена Арэста» — асноўных крынiцах па гiсторыi Магiлёва. З яе паходзяць звыклыя вобразы паўстання 1 лютага 1661 года. Жыхары горада змовiлiся выкруцiць ноччу крэменi з ружжаў стральцоў.

Расiйскiя вайскоўцы крыўдзяць магiлёўскiх пекарак, адбiраюць у iх пiрагi, магiлёўскi бурмiстр Левановiч не вытрымлiвае i хапае палаш гарадскога кáта, заклiкаючы «Пара! Пара!».

«I пачалi былi маскоўцы браць верх, але нейкi гараджанiн адамкнуў турму, у якой знаходзiлася многа вязняў-палякаў. Гэтыя вязнi добра дапамаглi».

За арганізацыю паўстання Магілёў атрымаў ад караля Рэчы Паспалітай герб, якім карыстаецца і да сёння: тры срэбныя вежы, у адчыненай браме сярэдняй вежы — срэбны рыцар у даспехах з узнятым над галавой мячом. 

З аднаго боку, хочацца думаць, што гэтыя дзве версii дапаўняюць адна адну, адлюстроўваючы два розныя тэатры баявых дзеянняў. Але дзiўна, што яны нi ў адной дэталi не супадаюць. Узнiкае ўражанне, што альбо тут дапушчаная памылка Кахоўскiм, альбо гэта ўсё ж дзве розныя карцiны паўстання — рэальная i сканструяваная. Выставачная, так бы мовiць. А якую iншую варта было б везцi да караля ў Варшаву, разам з палоннымi маскоўскiмi ваяводамi?

А вось што пра падзеi паўстання кажа новая, трэцяя версiя. У 1822 годзе ў Магiлёве пабываў невядомы падарожнiк, якi сцiпла называе сябе ў нататках «галiцыянiнам». Вынiкам падарожжа па Беларусi i Лiтве стала серыя публiкацый у польскамоўнай газеце «Gazeta Lwowska» ў спецыяльным лiтаратурным дадатку «Rozmaitości» 1824 года, тры з якiх былi прысвечаныя Магiлёву. Аўтару давялося прабыць у горадзе доўга, таму ў тэкстах ёсць вялiкая колькасць апiсанняў побыту гараджан, а таксама ўтрымлiваецца кароткi пераказ гiсторыi Магiлёва. Значную частку ў iм займае аповед пра магiлёўскае паўстанне, якi таксама прывядзём тут цалкам:

Гэта адбылося падчас зацятых i крывавых войнаў памiж Польшчай i Расiяй, калi падчас кiравання войта, якога звалi Пара, у горадзе было знiшчана 7 000 [лiчба, канешне, шматкроць завышаная. — А. Б.] расiйцаў, якiя збiралiся выразаць увесь горад. Войт Пара меў iншае iмя, а iмя Пара — ад «пара, час» — было яму дадзена ў мянушку. Калi ён вучыўся i хадзiў у школу, то iншыя дамачадцы вымушаныя былi яго чакаць i, перш чым узяцца за абед, казалi заўжды, што яшчэ няма студэнта, дык яшчэ не пара; а калi той вяртаўся, крычалi — вунь, «пара» iдзе, то-бок час даваць есцi.

Правадыры маскоўскай збройнай сiлы перад пачаткам дамоўленай памiж сабою разнi сабралiся ў брацкай царкве (яна так называлася), чакаючы прызначанага часу. Войт вырашыў апярэдзiць расiйцаў, бо даведаўся пра iх намеры ад адной дзяўчыны, у якую закахаўся расiйскi салдат i якой ён раскрыў таямнiцу, папярэдзiўшы, каб не знаходзiлася на тым месцы.

То калi пачалася разня, адзiн масковец кiнуўся да царквы i распавёў начальнiку, што Пара паўстаў. Той падумаў, што ён яму нагадвае, што ўжо прыйшоў час пачынаць разню, паглядзеў на гадзiннiк i са спакоем адказаў, што яшчэ не пара, а толькi праз гадзiну. Але неўзабаве народ [магiлёўцы] даў яму зразумець памылку, калi кiнулiся да царквы, усiх выцягнулi на могiлкi i пазбавiлi жыцця.

«Яны хацелi нас усiх выразаць, вось нам i прыйшлося паўстаць» — так апраўдваюцца магiлёўцы пачатку ХIХ стагоддзя перад уладамi Расiйскай iмперыi.

* * *

Нiдзе няма нiякага следу «напаўразрытага насыпу» глiны. Як быццам бы растварылася магiла на рагу вулiцы Грушаўскай i 1-га Савецкага завулка. А краявiды тут фантастычныя, усё патанае ў кветках i зелянiне, а ўнiзе, у далiне, прабягае Дняпро.

 

Герб, які Магілёў атрымаў паводле прывілея 1661 года, выкарыстоўваецца і цяпер.

Алексей Батюков