Праект партала
Біяграфіі Рускія саслужыўцы называлі яго па-беларуску: «Гарачы». «Судьба человека»: прататып героя Шолахава і яго незвычайны шлях
19.05.2020 / 18:19

Рыгор Дольнікаў — Герой Савецкага Саюза з адтэрміноўкай у трыццаць тры гады, які пасля першай не закусваў, піша гісторык Аляксей Бацюкоў. Аднапалчане іранізавалі і з тэмпераменту, і з акцэнту беларускага хлопца, ад якога ён так і не пазбыўся. Міхаіл Шолахаў узяў яго лёс для зборнага вобразу савецкага салдата, і гэтая сцэна трывала ўвайшла ў масавую свядомасць як прыклад мужнасці і адчайнай смеласці. 

Збітыя Дольнікавым 15 нямецкіх самалётаў і 160 баявых вылетаў фармальна давалі прычыну прадставіць яго да звання Героя ў сорак пятым годзе. Аднак лётчыку не забылі, што ён, няхай пасля тарана і падзення, аднак пабываў у палоне.

Не дапамагло і тое, што з палону ён гераічна ўцёк, далучыўся да партызан і разам з імі ў сакавіку 1944-га вызваліў пасёлак Весялінава на поўдні Украіны яшчэ да падыходу савецкіх войскаў. А дапамагло іншае. Калі ў 1978 годзе амерыканскія знішчальнікі F-5 арміі Эфіопіі пад кіраўніцтвам Дольнікава разграмілі паветраную армію самалійскіх МіГаў, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР надаў яму званне Героя за асабістую мужнасць і адвагу ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

Гэта была трэцяя вайна Рыгора Дольнікава. За некалькі гадоў да таго, у 1970—1971 гадах, ён кіраваў двума авіяпалкамі на лініі егіпецка-ізраільскага фронту.

Вайна паміж Эфіопіяй і Самалі за спрэчны рэгіён Агадэн на ўсходзе Эфіопіі лічыцца самым парадаксальным канфліктам у кантэксце халоднай вайны.

Раней сімпатыі Эфіопіі былі на баку ЗША, што дазволіла арміі гэтай краіны ўзмацніцца за кошт амерыканскай тэхнікі, кіравалі якой падрыхтаваныя амерыканскімі інструктарамі эфіопы і найманцы-ізраільцяне. Самалі ж было кліентам Савецкага Саюза і, адпаведна, узбройвалася савецкай тэхнікай. Пасля ваеннага перавароту ў Эфіопіі ўрад узначалілі вайскоўцы-марксісты. Нестабільнасцю цэнтральнай улады скарысталіся прасамалійскія сепаратысты Агадэна. Самалійскі ўрад падтрымліваў іх спачатку таемна, а потым адкрыта ўвёў войскі на тэрыторыю суседзяў, не разлічваючы на тое, што гэта будзе асуджацца савецкім урадам. Аднак СССР у гэтым канфлікце падтрымаў Эфіопію.

У Эфіопіі ў час канфлікту з Самалі 1977—1978 гадоў Дольнікаву давялося паваяваць на амерыканскіх F-5.

І вось савецкі ваенны саветнік генерал Дольнікаў на базе ў Дырэ-Даўа асабіста распрацоўвае аперацыю супраць паветранай арміі Самалі, імкнучыся знішчыць яе яшчэ на аэрадромах.

Наносяцца першыя ўдары, за якімі наступаюць сухапутныя войскі, а потым у небе праходзяць паветраныя баі. Адзін з іх стаў легендарным: два эфіопскія F-5, сустрэўшы чатыры МіГ-21, падбілі пару МіГаў, а два іншыя сутыкнуліся між сабой, імкнучыся ўхіліцца ад амерыканскіх знішчальнікаў. Наогул, інтэнсіўнасць прымянення авіяцыі ў гэтай вайне была нехарактэрнай для афрыканскіх канфліктаў, а яе эфектыўнасць цалкам была заслугай савецкага дарадцы.

55-гадовы трыумфатар, генерал-лейтэнант Рыгор Дольнікаў, дасягнуў зеніту сваёй вайсковай кар’еры.

Потым будзе яшчэ і наменклатурнае павышэнне, аж да намесніка галоўнакамандуючага ваенна-паветранымі сіламі. І ад самага пачатку — гэта быў лёс чалавека, якіх амерыканцы называюць self-made (зрабіў сам сябе). Генерал Дольнікаў прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы, пачынаючы з лётчыка, і ў гэтым шляху ён мог разлічваць толькі на сябе — на свае здольнасці і тэмперамент.

Вёска Сахараўка пад Горкамі, «згубленая ў беларускіх лясах», як пісаў у мемуарах сам галоўны герой. У вёску прывозяць нямое кіно, і гэта штурхае юнака і выдатніка Дольнікава выйсці ў вялікі свет — ён хоча стаць кінамеханікам.

У 1936 годзе, калі Дольнікаву было 13 гадоў, ад тыфу паміраюць старэйшая сястра і бацька, колішні рабочы-рэвалюцыянер Пуцілаўскага завода ў Пецярбургу. Рыгору, здавалася б, наканавана стаць цяпер апірышчам у сям’і, але, як ні сумавала маці, ён не застаецца ў вёсцы.

Сям’я Рыгора Дольнікава (сядзіць) перад вайной.

Вялікі свет — Віцебск — сустракае яго бандыцкім абрабаваннем у першы ж вечар.

У трамваі ён бачыць, як зладзеі выцягваюць у жанчыны кашалёк, і крычыць «Вас абакралі!», а ўжо вечарам сустракае тых самых рабаўнікоў на начной вуліцы. Адлупцаваўшы хлопца, выцерушыўшы яго куфэрак, бандыты даюць яму першую навуку: «Прыкусі язык, дзярэўня». У кінатэхнікум Дольнікава не ўзялі, але ўсё роўна ён не вяртацца дахаты — юнак едзе ў Мінск, вучыцца на слесара. Ужо тут падчас вучобы ён сустракае інструктараў мясцовага аэраклуба. І зусім не рамантыка палётаў захапіла юнака — ён як зачараваны глядзеў на шыкоўную форму лётчыкаў. Хромавыя боты і рыпенне лётных рэгланаў перавярнулі свядомасць Рыгора. На аэрадроме пад Мінскам ён упершыню падняўся ў неба. Быў 1940 год.

Ваенныя мемуары Дольнікава — сумесь лірыкі і патэтыкі, сціпласці і героікі.

У гэтым іх можна лічыць дастаткова шчырым дакументам эпохі. І ўсё ж першая рыса Дольнікава-аўтара — сціпласць. Ён не звяртае асаблівай увагі на сваю асобу, амаль кожную главу з паветранымі баямі завяршае разгорнутай падзякай іншым героям і механікам на зямлі, што так добра падрыхтавалі тэхніку. У баях свае дзеянні перадае ледзьве не як аўтаматычныя, у той жа час не сквапячыся падкрэсліваць самаахвярнасць і майстэрства іншых пілотаў. Усе першыя крокі ў прафесіі ён узгадвае праз няўдачы, памылкі і кухталі. У сваім першым баі ён не бачыць нічога, акрамя хваста самалёта вядучага. Але за гэтай сціпласцю спакваля праступае яго сапраўдны няўрымслівы характар. Нездарма першы пазыўны яму далі «Гарачый» (менавіта так, па-руску праз «ра» і «чы»). Нездарма ў яго апавяданнях нязменна з'яўляюцца нядобразычліўцы — звычайна яго камандзіры, — ён ім то нешта рэзка скажа, то ўспыхне, то проста пачне паводзіць сябе як дзеравеншчына.

Першы збіты самалёт стаўся вынікам авантурнага адрыву ад вядучага ў пагоню за «месершмітам», што сыходзіў ад бою. Трэба патлумачыць, што тактыка паветранага бою ў дарэактыўную эпоху будавалася на ўзаемадзеянні лётных пар (вядучы-вядомы), якія аб’ядноўваліся ў звёны.

Узаемная падстрахоўка і манеўраванне давалі шанец на поспех нават супраць шматлікіх праціўнікаў. Пакінуўшы свайго вядучага, Дольнікаў парушыў строй, але, збіўшы немца, рэабілітаваўся ў вачах камандавання. І ўжо вечарам ён, акрамя кухталёў, атрымліваў і віншаванні ад такіх жа зялёных саслужыўцаў — «за рыцара крыжовага туза, «гарачага», беларуса Рыгора, сына Усціна, ура!».

Спакваля, праз памылкі і няўдачы, перад намі з’яўляецца ўжо сапраўдны баявы лётчык. Ён паспяхова спраўляецца з роляй вядомага, яго бяруць у пару найлепшыя пілоты. Выходзіць пераможцам у няроўных баях. Жнівень сорак трэцяга года — самая гарачая яго пара. Часам, прызямліўшыся, ад стомы не мог самастойна вылезці з самалёта, а перад сном сілаў хапала толькі на тое, каб зняць адзін бот.

Маючы на сваім рахунку ўжо чатыры збітыя Me-109, на 56-м баявым вылеце ў верасні 1943 года Дольнікаў ідзе на таран. У тым баі іх шасцёрка знішчальнікаў трапіла на 16 «юнкерсаў» у небе над ракой Малочнай на Запарожжы. Калі ўпалі першыя тры самалёты праціўніка, з’явіліся яшчэ і «месершміты». Дольнікаў атакаваў вядучага адной з пар «юнкерсаў» і ўжо здолеў падпаліць самалёт і знішчыць стралка, калі гарматы яго «аэракобры» заглухлі. «Тараніць!» — напіша ён потым.

Прыладжваецца знізу, зусім блізка. Заставалася падторгнуць самалёт, рубануўшы вінтом па стабілізатары. Але машына ўздрыгнула ўсім корпусам і нырнула ўніз. Нічога не бачна. Зямля носіцца па коле. Полымя ўжо апальвае рукі і твар, плавіцца камбінезон. Выцяжное колца парашута чапляецца за нешта ў кабіне, і купал пачынае вылазіць з-пад пілота. Секунда — і яго нібыта ветрам выкідвае з кабіны.

На зямлі немцы месяць яго ботамі, зрываюць з падбітага лётчыка пагоны, і гарачы Дольнікаў наводмаш б’е за гэта аднаго з іх. Потым, збіты на горкі яблык, яшчэ б’ецца і з доктарам, які аказваецца рускім перабежчыкам.

У той жа дзень яго прывозяць у гестапа. За сталом сядзяць афіцэры, п’юць. Пад расчыненымі вокнамі хаты збіраецца натоўп жанчын і дзяцей. Старшы па званні дэманстратыўна паказвае людзям бальшавіка — змардаванага, худога, бяззбройнага. І патрабуе: «Ты будзеш крышачку піць за нашу перамогу». Дольнікаў адмоўна хітае галавой.

— Пі-ей… — афіцэр падымае да скроні Дольнікава кольт.

Ківаючы на чарку, лётчык кажа:

— Мала.

Так з’яўляецца першая поўная шклянка. «За перамогу!» — кажа Дольнікаў, і ў тры прыёмы 20-гадовы хлопец шклянку выпівае.

«Пасля першай не закусваю», — адмаўляецца ён.

Квэст падабаецца немцам, «гут-гут, карашо» — наліваецца другая. Хлопец выпіў і другую, хоць было ўжо цяжка — ванітавала. Калі ж пабачыў, як наліваецца трэцяя, з жахам падумаў: вось жа якой смерцю давядзецца памерці. Але і пасля другой шклянкі закусіць адмовіўся. І пасля трэцяй: «Мы і перад смерцю не закусваем».

Гэтая гісторыя, якая потым у показках шырока разышлася на фронце, а таксама агульнае прозвішча (у палоне Дольнікаў назваўся Сакаловым) і некаторыя сюжэтныя павароты дазваляюць бачыць у Дольнікаве прататыпа галоўнага героя апавядання Міхаіла Шолахава «Лёс чалавека». На гэта Рыгор Усцінавіч адказваў зноў жа сціпла: «Шмат было нас, Сакаловых».

Палон, спробы ўцёкаў, вывады на паказальны расстрэл, нарэшце, удалыя ўцёкі і падполле ва ўкраінскім Весялінаве. У сакавіку 1944 года падпольшчыкі карыстаюцца адыходам нямецкіх частак і захопліваюць уладу ў пасёлку яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі. У красавіку Дольнікаў ужо вяртаецца ў свой авіяполк. Худога, барадатага, яго — нябожчыка, як меркавалася, — ледзьве пазнаюць саслужыўцы, а ўсю канчатковую фазу вайны ён ужо будзе лётаць пад новым пазыўным — Барада.

Дольнікаў дзяліўся потым перажываннямі пра гэты няёмкі перыяд — пасля вяртання з палону. Яго сустрэлі як уваскрослага, але першым часам не давяралі, абавязаныя былі пераканацца, што не здрадзіў. Некаторыя пілоты нават адмаўляліся з ім разам лятаць пазней — незразумела, з-за недаверу ці баяліся, што ён страціў навыкі.

Гэты перыяд быў зусім непрацяглым. Свой у дошку, праставаты і зухаваты хлопец быў сынам сваёй эпохі — адданым ленінцам і кандыдатам у члены партыі, нашчадкам сапраўднага петраградскага рэвалюцыянера. Напэўна, гэта была самая важная для яго ідэнтычнасць — столькі перажыванняў суправаджаюць яго расповеды на гэтую тэму. Адзін цікавы выпадак, самы кранальны, здарыўся адразу пасля вяртання з палону. На пасяджэнні партбюро разглядалі справу «Аб партыйнасці кандыдата ў члены партыі малодшага лейтэнанта Дольнікава».

— Усе вы ведаеце, — сказаў парторг, — што Дольнікаў вярнуўся з палону, захаваўшы сваю кандыдацкую картку. Аднак з-за таго, што картку ён хаваў у сваім боце пад сцілкай, картка стала зусім непрыдатнай — спарахнела, подпісы зрабіліся нечытэльнымі. А галоўнае — усе паўгода Дольнікаў не плаціў партыйныя ўнёскі.

Лётчыкі, прысутныя на пасяджэнні, заступіліся за саслужыўца, і кандыдацкую картку Дольнікаву вярнулі. У душы юнака раўла навальніца: «Прайшоў моцны дождж. Па раскіслай дарозе беглі ручаі… Хацелася пабыць аднаму…»

Самалёт Рыгора Дольнікава P39-N «Аэракобра» з надпісам «За Ваню Бабака». На амерыканскіх «Аэракобрах» лёталі савецкія асы.

Як пілот ён рэабілітуецца імгненна. Адразу пасля вяртання з палону стане вядучым, за два месяцы саб’е яшчэ пяць самалётаў. Неўзабаве сустрэне будучую жонку. І страціць найлепшых сяброў — камандзіра авіяпалка, украінца Івана Бабака, і камандзіра звяна, беларуса Пятра Гучака. Бабак, як потым высветліцца, выжыве і таксама пройдзе палон. Не ведаючы яшчэ пра гэта, Дольнікаў вырашае дэмаскіраваць сваю лендлізаўскую «Аэракобру», загадаўшы напісаць на ёй з бакоў — «За Пецю Гучака» і «За Ваню Бабака».

Рыгор Дольнікаў (злева) і Герой Савецкага Саюза (пасмяротна) Пятро Гучак.

А сустрэча з дзяўчынай, з якой ён ажэніцца ўжо пасля вайны, — тая яшчэ лавсторы. На танцах зімой сорак пятага года, недзе ў Германіі, ён заўважыў прыемную незнаёмку, якая надзіва добра танцавала вальс. «А ну, Слава, — папрасіў ён сябра, — правер, што за фігура!» Але танцаваць са Славам Антоньевым — сябрам — дзяўчына адмовілася, што шакавала публіку. Адмовіла пілоту! За такі ўчынак яе і папярэдняга яе партнёра вырашана было з танцаў выгнаць. Некалькі вечароў потым незнаёмка не з’яўлялася на танцах, і ў Дольнікава прачнулася сумленне. Разам з Антоньевым ён расшукаў яе ў батальёне забеспячэння і стаў выбачацца ды запрашаць на наступныя танцы. Запрашалі і выбачаліся доўга. Перамовы былі перапыненыя нампалітам палка, які паабяцаў правесці з дзяўчынай тлумачальную работу. Вечарам танюткая, лёгкая Валянціна Чыстова хутка кружылася ў нязграбных руках галоўнага героя.

Рыгор Дольнікаў з жонкай Валянцінай.

«Валянціна Чыстова?» — здзівіўся знаёмству Дольнікаў.

Як высветлілася, раней ад імя камсамольцаў Запарожжа яна пісала лісты на фронт, а ад імя камсамольцаў з фронту ёй адказваў Дольнікаў.

Рыгор Дольнікаў пражыў 72 гады, памёр у 1996-м. Пахаваны пад Масквой, у пасёлку Моніна на Монінскіх вайсковых мемарыяльных могілках, створаных у 1940 годзе пры Вайскова-паветранай акадэміі.

Аляксей Бацюкоў