Проект портала
Волынь: совсем другой край на границе с Беларусью
10.02.2019 / 00:34

Пераязджаеш мяжу — і адразу рэзкі кантраст з Беларуссю: тут усё па-ўкраінску, на нацыянальнай мове. Другі кантраст — тут усё істотна дзешавей, чым у Беларусі. Але Валынь таксама — гэта іншыя пейзажы, інакшая архітэктура. Пра Валынь расказвае гісторык з Луцка Аляксандр Котыс.

Тут ёсць нізка раскошных, вельмі чыстых азёр, ёсць архітэктурная спадчына Рэчы Паспалітай, а яшчэ каларытныя, поўныя жыцця цэрквы і манастыры — валыняне вельмі рэлігійныя.

Галоўная разынка Луцка — замак Любарта. Літоўскі князь з роду Гедымінавічаў, які ў перыпетыях гісторыі атрымаў Луцкае княства і кіраваў тут доўгія гады, запомніўся луччанам менавіта таму, што пачаў перабудоўваць драўляны замак у мураваны…

Уязная вежа замка Любарта.

А каб прыслухацца да гэтай цэглы, трэба абавязкова прайсціся сцежкай пад сцяной замка.

Там не ходзяць турысты — і тым лепшай будзе магчымасць дакрануцца да гісторыі ў адзіноце. І знайсці некалькі сотняў суразмоўцаў. August, Karol, Нестар, Paulina, Вольга, Jakub, Rudolf, Ludwik, Андрэй… Векавыя аўтографы на сценах замка маюць не толькі імёны, але і даты. Можна знайсці запісы самае ранняе ад 1602 года. Такім чынам, 400 гадоў розныя людзі прыходзілі да ўмацавання, каб захаваць сваё імя. Такі своеасаблівы культурны вандалізм. Сярод сотняў надпісаў ёсць і ўнікальная цаглінка. На ёй пакінула аўтограф сястра пісьменніцы Лесі Украінкі. Там так і напісана: «Ольга Косач 1891».

Фрагмент замкавай сцяны са старымі аўтографамі. Фота Аляксандра Котыса.

Як ні дзіўна, луччане замак Любарта шануюць не столькі за Любарта, а перадусім за Вітаўта.

Вялікі князь літоўскі эканамічна і палітычна ўмацаваў валынскія землі, а ў 1429 годзе склікаў у Луцк еўрапейскіх манархаў, каб параіцца аб стварэнні новага каралеўства — Літоўскага. Пазней Ян Длугаш напіша, што ў горад з’ехалася 15 000 гасцей. Сярод іх — будучы імператар Святой Рымскай імперыі, кароль рымскі, чэшскі, венгерскі Жыгімонт I Люксембург з жонкай Барбарай, дацкі і шведскі кароль Эрык Памеранскі, вышэйшае кіраўніцтва Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў, пасланцы Папы Рымскага, Візантыйскай імперыі, цэлага шэрагу рускіх княстваў і, вядома, Ягайла.

«Вітаўт Вялікі на кангрэсе ў Луцку». Ёнас Мацкявічус, 1934.

700 бочак мёду, віна, мальвазіі і іншых напояў, 700 валоў, 1400 бараноў, сотні ласёў, дзікоў, а таксама іншыя стравы, якія спажываюцца штодня, не дапамаглі Вітаўту каранавацца.

Мары пра самастойнае каралеўства сышлі разам з ім у нябыт. Слава пра тую падзею мае значэнне да гэтага часу. Луцк — украінскі горад, які з-за падзей з’езда і фігуры самога Вітаўта (які шмат часу тут жыў) найлепш увасабляе перыяд ВКЛ у гісторыі Украіны. «Карона Вітаўта» — назва рэстарана каля ўвахода ў замак — яшчэ адно сведчанне.

Замак у Луцку. Напалеон Орда, 1870-я.

Замак у Луцку можа пахваліцца тым, што ва Уладычай вежы знаходзіцца адзіны ва Украіне музей званоў. Тут сабрана невялікая калекцыя з амаль 100 прадметаў, найстарэйшыя — сярэдзіны XVII стагоддзя. Адзін са званоў нават памятае часы Багдана Хмяльніцкага.

Самы доўгі дом у свеце

Легендарным для Луцка, а цяпер і яго ганаровым жыхаром з’яўляецца скульптар Мікалай Галавань, які стварыў самабытны архітэктурны ансамбль на беразе ракі Стыр. Свой двор ён пачаў будаваць у 1980 годзе разам з сынамі. За амаль 40 гадоў стварыў шмат скульптур, якімі ўпрыгожыў двор і сядзібу. «Хімеры» — так часам завуць яго творы, але сам скульптар крыўдзіцца. «Якія ж гэта хімеры, гэта ўсё фігуры з рэальнага свету», — пярэчыў ён не раз.

Сюды завітвае кожная экскурсія, дом Галаваня з’яўляецца ў любым турыстычным буклеце. У 1990-я скульптар выкарыстоўваў у якасці матэрыялу помнікі з ліквідаваных каталіцкіх могілак. Гэта зрабіла яму неадназначную славу. Хоць перад тым гісторыя ўжо паздзекавалася з тых помнікаў, параскідаўшы іх, як раней яўрэйскія надмагіллі-мацэвы, па балотах і тратуарах.

Скульптуры на доме Галаваня. Фота Аляксандра Котыса.

У 1970-х у Луцку пабудавалі дом, які прэтэндуе называцца самым доўгім у свеце. Ён расцягнуўся ўздоўж двух праспектаў — Саборнасці і Моладзі. Складаецца з 40 рознавысокіх будынкаў, мае 120 пад’ездаў. Яго агульная даўжыня — амаль 2 км.

Акрамя таго, ён мае цікавую структуру ў плане, бо складаецца з незавершаных шасцікутнікаў. Такі праект быў наватарскім, у Луцку яго ўвасобілі ўпершыню ў СССР. Працавалі над праектам мясцовыя архітэктары — Васіль Малавіца і Расціслаў Мецяльніцкі. Гэта сапраўдная славутасць эпохі 1970-х з яе размахам.

Самы доўгі дом у свеце.

Такі падыход быў уласцівы для позняй стадыі савецкага мадэрнізму. А вось сам стыль мадэрнізм у Луцку склаўся ў канцы 1920-х, калі горад быў у складзе Польшчы. Тут працаваў цэлы шэраг архітэктараў, выпускнікоў Львоўскай і Варшаўскай палітэхнікі. Яны прынеслі ў горад свежыя ідэі папулярнага тады руху Bauhaus і ўвесь горад забудавалі функцыяналісцкімі дамамі. Многія будынкі дажылі да нашага часу і цяпер складаюць важкую частку архітэктурнай спадчыны горада. Банкі, кінатэатры, шматкватэрныя дамы, жылыя катэджы ўвасабляюць розныя кірункі еўрапейскага мадэрнізму. Аматарам гэтага кірунку будзе што паглядзець у Луцку.

Тут захавалася каля 200 мадэрнісцкіх будынкаў: прыблізна 130 даваенных, польскага часу, і 70 пасляваенных, савецкіх.

Па трылінцы — да Радзівілаў

Эпоха мадэрнізму і геаметрычных фігур дала яшчэ адну разыначку — трылінку.

Шасцікутную (радзей квадратную) каменна-бетонную плітку для брукавання дарог прыдумаў польскі інжынер Уладзіслаў Трылінскі. У 1930-х ён атрымаў патэнт і стаў прадаваць дазвол на выраб такіх плітак. У Луцку да гэтага часу можна пабачыць трылінку на цэнтральных вуліцах. Яна зарэкамендавала сябе вельмі добра. Зразумела, што скарыстацца навінкай захацеў і апошні ардынат Алыкі Януш Францішак Радзівіл. Маляўнічая дарога, якая ў наш час вядзе ад трасы Луцк — Роўна ў Алыку, уся выслана трылінкай. Сёння гэтая дарога паабапал зарасла дрэвамі, якія ўтварылі жывы тунэль. Асабліва рамантычна тут ехаць надвячоркам, калі апошнія прамяні сонца прабіваюцца паміж галін.

Маляўнічая дарога ў радзівілаўскую Алыку ўся выслана трылінкай. Фота Аляксандра Котыса.

Алыка — нешта асаблівае на турыстычнай карце Валыні.

Гарадок з асаблівым статусам, які нават у часы Расійскай імперыі доўга захоўваў свае даўнія традыцыі самакіравання, належаў знакамітаму роду Радзівілаў. Невялікае мястэчка знаходзілася пад іх пратэктаратам, тут быў свой рынак з ратушай, некалькі касцёлаў і цэркваў, сінагога, замак. Гэта яшчэ адно месца, якое цесна звязвае Валынь з гісторыяй Рэчы Паспалітай.

Унутраны двор Алыцкага палаца. Фота Аляксандра Котыса.

Алыцкі палац, як і нямала магнацкіх рэзідэнцый на Валыні, быў пабудаваны на месцы магутных старых замкавых фартыфікацый. У XVIII стагоддзі яму дадалі модных тады познебарочных рыс. Усё найлепшае, уласцівае высакародным рэзідэнцыям, было ў Алыцы, і нават больш.

Калекцыя жывапісу (яна склала аснову збору Луцкага мастацкага музея), дарагі срэбны посуд, вытанчаная мэбля, пышныя інтэр’еры. Паляўнічая, партрэтная, кітайская, бальная, каляровая залы, мармуровыя каміны, насценныя гербы з алебастру, калекцыя кафлі і фарфору, насценныя роспісы, бібліятэка і архіў — у апісанні палацавых прывабаў можна згубіцца.

Калегіяльны касцёл XVII стагоддзя ў Алыцы. Фота Аляксандра Котыса.

Старшыня Дырэкторыі Украінскай Народнай Рэспублікі Уладзімір Віннічэнка амаль 100 гадоў таму сказаў, што гісторыю Украіны немагчыма чытаць без брому. Можна дадаць: а гісторыю ХХ стагоддзя — без анестэзіі. У часы Другой сусветнай салдаты для абагрэву памяшкання выкарыстоўвалі бібліятэчныя фонды. У 1950-х гадах у разбураным і падпаленым алыцкім палацы размясцілі псіхіятрычную бальніцу. Тут яна дзейнічае і ў наш час…

Побач з замкам стаіць шыкоўны калегіяльны касцёл XVII стагоддзя (у 1683-м пры касцёле адкрылі калегіум — навучальную ўстанову, філіял Замойскай акадэміі). Яму выпала лепшая доля. Хоць і быў у свой час моцна разрабаваны, цяпер ён атрымаў мільённыя польскія інвестыцыі на рэстаўрацыю. Аднаўленчыя работы выходзяць на фінальныя стадыі.

Алыка не адна такая на Валыні. Захаваліся палацы ў Самчыках, Антанінах, Вялікіх Мяжырычах, Млынаве, Лукаве, а галоўнае — Вішняўцы — яны пацешаць заядлых падарожнікаў. Маляўнічыя руіны можна пабачыць у Навамаліне, Заславе, Карцы. Польскі гісторык Раман Афтаназы падлічыў, што ўсяго на тэрыторыі Валыні было прыкладна 170 розных палацаў.

Землі Валыні — вельмі ўрадлівыя, таму яна была багатай ад часоў Сярэднявечча.

Мандарын або лімон

За некалькі кіламетраў ад сталіцы Валыні ёсць сяло Крупа. Яно б і надалей заставалася невядомым, калі б не адзін факт, які навекі ўпісаў сяло ў сусветную гісторыю навукі. На адным з узгоркаў размешчаны аб’ект, які ўваходзіць у пералік сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Калі падысці бліжэй, на таблічцы можна прачытаць надпіс «Геадэзічная дуга Струвэ».

Крупаўскія вышыні. На заднім плане — Луцк. Фота Аляксандра Котыса.

Што гэта такое і для чаго? Карані пытання сыходзяць ажно ў XV стагоддзе, калі мараплаўцы, спрабуючы адкрыць новыя кантыненты, не маглі вырашыць праблем арыентавання на моры. Перашкодаю была праблема даўгот. Гэта адна з каардынат, якая разам з шыратой дазваляе вызначыць дакладнае месцазнаходжанне на карце. Сёння ў нашым уяўленні гэта элементаршчына, а доўгія гады матэматыкі і астраномы еўрапейскіх краін выводзілі розныя метады вырашэння праблемы даўгот. У XVIII стагоддзі гэта перарасло ў спрэчку паміж англічанамі і французамі пра форму Зямлі. Англічане (ньютаніянцы, прыхільнікі тэорыі Ісаака Ньютана) сцвярджалі, што Зямля сплясканая на полюсах, а французы (картэзіянцы, паслядоўнікі тэорыі Дэкарта) казалі, што Зямля выцягнутая да полюсаў.

Жыццялюб з мастацкім светапоглядам Вальтэр неяк напісаў, што гэта спрэчка паміж мандарынам і лімонам (якія нагадваюць сплясканы і выцягнуты да полюсаў шар).

Самы грандыёзны эксперымент, які вырашыў і шэраг спадарожных пытанняў, правёў у пачатку XIX стагоддзя астраном з Дэрпцкага ўніверсітэта (цяпер Тарту ў Эстоніі) Фрыдрых Вільгельм Струвэ. У 1820—1830-х гадах ён разам з калегамі зрабіў серыю вопытаў, каб дакладна вымераць зямны мерыдыян і вырашыць пытанне паміж «мандарынам і лімонам». Кожнае вымярэнне адбывалася ў пэўным пункце і складалася з геадэзічнай і астранамічнай частак. Пачынаючы ад Баранцава мора да Чорнага праз усю Еўропу даследчыкі праклалі больш за 250 трыянгуляцыйных пунктаў. На тэрыторыі сучаснай Беларусі такіх пунктаў было 31, на тэрыторыі Украіны — 63. Адзін з іх у Крупе ля Луцка. Там усталявалі сімвалічны знак.

Дуга Струвэ і падобныя эксперыменты паказалі праўдзівасць тэарэтычных разлікаў Ньютана. Хоць са з’яўленнем звышдакладных спосабаў вымярэння ў ХХ стагоддзі навукоўцы пераканаліся, што Зямля мае ўнікальную форму, якую назвалі геоідам. А гэта візуальна нешта сярэдняе паміж мандарынам і лімонам. Шах і мат табе, Вальтэр!

Тунэль кахання

Толькі некалькі гадоў таму сюды сталі з’язджацца турысты. Што ні дзень, то больш. На трасе з Луцка ў Роўна размясціўся яшчэ адзін мілы гістарычны гарадок Клевань, уласнасць аднаго з былых валынскіх шляхетных родаў. Непадалёк ужо знакаміты «тунэль кахання».

Гэта вузкакалейная чыгунка, якая праходзіць паміж кустоў, што буйна разрасліся вакол яе. І выгляд гэтага месца настолькі чароўны, што кожны вяртаецца адсюль у захапленні і з цэлай кучай фота і сэлфі. І сапраўды, гэта больш падобна да казкі, да маляўнічага твора фантазіі. Тры разы на суткі па тунэлі кахання праязджае цягнік — фантастыка!

Тунэль кахання ў Клевані. Аўтар невядомы, крыніцу ўсталяваць немагчыма — у інтэрнэце ўсюды.

Бі-бі-сі тут здымала сюжэт, японцы — рэкламу, а кітайцы пайшлі яшчэ далей. У 2017 годзе ў горадзе Хэфэй на ўсходзе краіны адкрылі свой падобны тунэль і запрасілі на ўрачыстасць украінцаў.

Вялізныя крыштальна чыстыя азёры

Пончыкі! Вось чым славіцца Шацк, гарадок сярод Шацкіх азёр, галоўнае з якіх называецца Свіцязь (не блытаць з беларускай Свіцяззю пад Навагрудкам).

Пончыкі з макам, вішнямі, чарніцамі, абрыкосамі, слівамі, яблыкамі. Пасыпаныя пудрай і непасыпаныя. Абсмажаныя ў алеі і без алею. Пончыкі дражджавыя і з іншага цеста. Круглыя, авальныя, дызайнерскія. Да малака, да чаю, да кавы, усухую.

Калі турыст не еў пончыкаў на Шацкіх азёрах, ён там не быў.

А прыгажосць мясцовай прыроды, баравое паветра — добры дадатак.

Група азёр з вельмі чыстай вадой адносіцца да Шацкага нацыянальнага прыроднага парку. За савецкім часам тут існавалі шыкоўныя курортныя базы і санаторыі, некаторыя яшчэ засталіся, напрыклад на возеры Пясочным. Пункт №1 Шацкіх азёр — Свіцязь, размешчаная за 17 км ад беларускай мяжы.

Вечар на Свіцязі. Фота Аляксандра Котыса.

Прырода тут цудоўная, а цывілізацыя не паспела сюды прыйсці масава. Да прыкладу, яшчэ можна знайсці дзікія пляжы.

Самае глыбокае возера ва Украіне (58 м) мае цікавую асаблівасць — ля берагавой лініі неглыбока. Таму вада там летам праграваецца вельмі добра, камфортная для дзяцей. Цікавая рыба, якая тут водзіцца, — вугор.

А яшчэ на Палессі захаваліся амаль дзікія месцы, якія за мінулае стагоддзе ніяк не змяніліся. Аддзеленыя ад астатняга свету, яны захавалі старажытны традыцыйны ўклад. Напрыклад, сяло Сваловічы, дзе амаль ніхто не жыве, на самай мяжы з Беларуссю. Нядаўна туды сталі арганізоўваць фотатуры. Выглядае ўсё быццам музей пад адкрытым небам — чыстая аўтэнтыка.

Лоўля вугроў на Свіцязі ў 1970-я. Фотаальбом «Валынь», 1971.

Падарожжа з Беларусі на Валынь найлепш пачаць ад самай мяжы — Шацкіх азёр і Сваловічаў. Рухаючыся далей на поўдзень, падарожнік праедзе тым жа маршрутам, якім 200 гадоў таму ехаў польскі пісьменнік Юзаф Крашэўскі.

Яго «Успаміны з Палесся, Валыні і Літвы», выдадзеныя ў 1840 годзе ў Парыжы, часам нагадваюць апісанне сённяшніх валынскіх сцежак. Сустракаючы ўвесь час цікавыя мясцовыя тыпы, падарожнік у канцы дабіраецца да Луцка, Роўна, Алыкі, Крамянца, Вішняўца, дзе гарады расцвітаюць гісторыяй.

Александр Котыс