Проект портала
Стоп-фейк «Распятые дети»: как фото семейной трагедии использовали для разжигания вражды
01.03.2019 / 13:01

Фотографию 1923 года выдают за фото 1943-го. Люди, которые не умеют проверять факты, подмены просто не замечают. Об одном (но не единственном) таком случае пишет историк Андрей Вашкевич.

Польска-ўкраінскі канфлікт тлеў стагоддзямі. Польская экспансія на ўсход выклікала ўкраінскія крыўды. У 1919-м успыхнула польска-ўкраінская вайна за Львоў. У 1920-я ўкраінскія нацыяналісты адказалі тэрорам на рассяленне польскіх асаднікаў і паланізацыю. Калі здарылася Другая сусветная, пачаліся этнічныя чысткі.

Калі закінуць у інтэрнэт-пошукавік словы «Валынская трагедыя» ці «Валынская разня», ён выкіне вялікую колькасць шакуючых здымкаў. Сярод іх і такі: чацвёра мёртвых дзетак, прывязаных дротам да ствала вялікага дрэва. Такіх здымкаў па сеціве ходзіць некалькі. На іх з розных ракурсаў сфатаграфаваныя забітыя хлопчыкі і дзяўчынкі.

Вось ужо два дзесяцігоддзі трагічнае аблічча гэтых дзетак шырока выкарыстоўваецца антыўкраінскай прапагандай — спачатку з польскага, а цяпер і з расійскага боку. Інтэрнэт напоўнены плакатамі і дэматыватарамі з подпісамі пра «сапраўднае аблічча бандэраўцаў», а польскія нацыяналісты перыядычна выкарыстоўваюць гэты здымак падчас дэманстрацый.

У 2003 годзе на могілках горада Пшэмысль (у беларускай і ўкраінскай традыцыі — Пярэмышль, цяпер за 12 км ад польска-ўкраінскай мяжы) паставілі помнік ахвярам Валынскай трагедыі ў выглядзе гэтых дзетак, абкручаных калючым дротам. І польскі, і расійскі сегмент інтэрнэту напоўненыя падрабязнасцямі і ўдакладненнямі: маўляў, байцы Украінскай паўстанцкай арміі рабілі так званыя «вяночкі» або проста «кветкі» з няшчасных польскіх дзетак.

Прызнацца, даволі вялікім было здзіўленне аўтара гэтага тэксту, калі, праглядаючы савецкі часопіс «СССР на стройке» (№ 2—3 за 1940 год), яму давялося пабачыць там акурат гэты здымак.

Прапагандысцкі калаж у часопісе «СССР на стройке» 1940 года. Здымак, які праз дзесяцігоддзі стаў зброяй антыўкраінскіх прапагандыстаў, — зверху другі справа.

Нагадаем, што Валынская трагедыя мела месца ў 1943 годзе, праз тры гады пасля публікацыі здымка ў савецкім часопісе. А публікацыя 1940 года яўна не была першай. Тут здымак быў размешчаны ў фотакалажы пад назвай «Гэта панская Польшча — краіна прыгнёту і галечы» сярод здымкаў пабітых дэманстрантаў і польскіх турмаў. З кантэксту вынікала, што адзін з сімвалаў міжваеннай польскай дзяржавы — галодныя дзеці, якіх павесіла ўласная маці, каб пазбавіць ад пакут. Гэта тлумачэнне дазволіла нам хутка даведацца пра сапраўднае паходжанне трагічнага здымка.

Насамрэч, здымкі забітых дзяцей былі зробленыя паліцэйскім фатографам каля польскага горада Радам 12 снежня 1923 года, за 20 гадоў да Валынскай трагедыі. Дзяцей — а звалі іх Зоф’я, Антон, Браніслава і Стэфан — забіла напярэдадні вечарам уласная маці — цыганка Марыяна Далінская. Зімой 1923 года ежы не хапала, групы цыган пачалі абкрадаць вяскоўцаў, і тыя паскардзіліся праваахоўнікам. Паліцыя арыштавала некалькіх цыганоў, сярод якіх быў і муж Марыяны Далінскай. Жанчына засталася без сродкаў да існавання. Некалькі дзён яна блукала па наваколлі і, ад безнадзейнасці звар’яцеўшы, вырашыла «выратаваць» сваіх дзяцей ад голаду. Пасля забойства Далінская здалася паліцыі і была змешчана ў псіхбальніцу, дзе і памерла ў 1928 годзе.

Пра трагедыю шмат пісалі ў тагачасных польскіх газетах. Здымкі друкаваліся і ў «жоўтай» перыёдыцы, і ў кнігах па судовай медыцыне, і ў спецыяльных часопісах. Пры гэтым спецыялісты трактавалі ўчынак хворай маці як выпадак «пашыранага самагубства, не даведзены да канца».

І гэты здымак назаўсёды застаўся б выключна ў гісторыі псіхіятрыі і крыміналістыкі, калі б у 1993 годзе яго не перадрукаваў уроцлаўскі часопіс «На рубяжы», але ўжо з подпісам «Польскія дзеці, замучаныя і забітыя аддзелам Украінскай паўстанцкай арміі ў ваколіцах вёскі Казова ў Цярнопальскім ваяводстве восенню 1943 года».

З таго часу здымак перадрукоўвалі дзясяткі разоў, у тым ліку ў некалькіх навуковых выданнях, адначасова стварыўшы легенду пра тое, што здымак перадаў падпольшчык з Арміі Краёвай.

Больш за тое, здымак стаў крыніцай натхнення для скульптараў. Апрача згаданага помніка ў Пярэмышлі, з’явіўся падобны праект вялікага помніка ахвярам Валынскай трагедыі і ў Варшаве. Праўда, трэба сказаць, што польскае грамадства аказалася дастаткова разважным, і замест распятых на дрэве дзяцей у Варшаве паставілі вялікі белы крыж. А помнік у Пярэмышлі дэмантавалі ў 2008 годзе. Бо помнікі павінны выклікаць у людзей не страх, нянавісць і помслівасць, а роздум і шчырае жаданне зрабіць так, каб чалавеканенавісніцкія трагедыі больш не паўтараліся.

Затое праз некалькі гадоў трагедыяй шматдзетнай маці стала спекуляваць расійская прапаганда.

Андрей Вашкевич