Праект партала
Таямніцы Палтэргейст у Барысаве. Містычныя падзеі, якім дагэтуль няма фізічнага тлумачэння
17.04.2019 / 17:30

Пра падзеі 30-гадовай даўніны засталіся сведчанні міліцыі, а мы сабралі ўспаміны відавочцаў і ўдзельнікаў. Піша Зміцер Панкавец.

Падзеі, апісаныя ў артыкуле, адбываліся тут.

Час «Пэпсі» і «Рабыні Ізаўры»

1988 год — самы разгар савецкай перабудовы. У СССР нарастае крызіс, падымаюць галаву крымінальныя групіроўкі, пачынаецца вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Па тэлевізары яшчэ не паказваюць сеансы псіхатэрапеўта Анатоля Кашпіроўскага, але ўжо ідзе першы лацінаамерыканскі серыял «Рабыня Ізаўра». Упершыню на тэлеэкранах з’яўляецца рэклама газіроўкі «Пэпсі» ў выкананні Майкла Джэксана.

Менавіта тады і было пачута загадкавае слова «палтэргейст». Само слова мае нямецкае паходжанне і азначае «шумны дух». Гэтая з’ява мае багатую гісторыю. Яшчэ Якаб Грым (адзін з нямецкіх пісьменнікаў — братоў Грымаў) апісваў у сваёй «Тэўтонскай міфалогіі» падобны выпадак з 365 года, калі невядомая сіла кідала ў людзей камяні, а таксама выкідала іх з ложкаў.

У Беларусі падобнае спісвалі на дамавікоў. Чым цікавае барысаўскае здарэнне? Мабыць, упершыню выпадак палтэргейсту быў зафіксаваны ў міліцэйскіх пратаколах. Праваахоўнікі так і не знайшлі тлумачэння таму, што адбылося.

Артыкул пра барысаўскі «палтэргейст» у газеце «Знамя юности» за 15 сакавіка 1989 года.

У сённяшняй масавай культуры палтэргейст стаў вельмі ўдзячнай тэмай. Але ўявім 1988 год, калі ніякіх «Сакрэтных матэрыялаў», «Паранармальных з’яваў» і «Псі-фактараў» людзі яшчэ не бачылі.

Лёталі і пасуда, і адзежа

Сведкамі палтэргейсту сталі Рыгор Яфімавіч і Надзея Ісакаўна Клімашонкі — вяскоўцы, якіх перавезла ў Барысаў старэйшая дачка. На той момант яны ўжо былі пенсіянерамі. Рыгор Яфімавіч усё жыццё працаваў трактарыстам, а Надзея Ісакаўна — даяркай.

Надзеі Ісакаўне сёлета споўніцца 88 гадоў. Яна працягвае жыць у Барысаве на вуліцы Чырванасцяжнай, літаральна за 500 метраў ад дома, дзе людзі бачылі палтэргейст. Да яе мяне адправілі ейныя суседкі.

Надзея Клімашонак яшчэ жыве, але ў іншай хаце.

«Ой, чулі. Кажуць, што там жыла бабка і яна была чараўніцай, зачаравала хату. Чаго там толькі не было! Міліцыя прыязджала, дык у іх шапкі ўзляталі ды віселі над галовамі. Во такі ён, той «потэргейст»», — расказвалі суседкі. Яўна, што гісторыя набывае з гадамі ўсё новае і новае гучанне.

«Вам лепш пайсці ў дом з чорнымі варотамі, але не ў галоўныя дзверы заходзіць, а ў бакавыя, там жыве старая, якая калісьці жыла ў тым самым доме з палтэргейстам. Можа, яна і ёсць той чараўніцай», — адпраўляюць мяне.

Надзея Ісакаўна, калі я пачаў пытацца, ці з ёй здарылася гэтая гісторыя, адразу не прыгадвае ці то робіць выгляд, што не прыгадвае. А потым усё ж прызнаецца, што ўсё гэта здарылася з ёй, і запрашае прайсці ў хату. Гэта палова прыватнага дома, аскетычнае ўбранне ўнутры, усё чысценька, працуе тэлевізар.

«Усё лятала. І так лятала, што нават з хаты на двор выносіла. І адзежу, і пасуду, — Надзея Клімашонак размаўляе амаль на чыстай літаратурнай мове. — Мне параілі схадзіць да адной жанчыны. Яна паглядзела на ваду і палячыла. Кажа, папырскаеш у хаце тры разы і сама вып’еш. Яна мне сказала, што гэта адна жанчына зрабіла. Адкуль мне знаць, хто менавіта. Я той вадой палячылася — і ўсё добра стала. І ў хаце, і са мной. Потым неяк хацела яшчэ да яе схадзіць, а яна ўжо памерла».

Спадарыня Клімашонак не дужа ахвотна згадвае тыя падзеі: «Страшна, так. Я тады крапчэйшая была. Але баялася дужа. Я не тое што не бачыла такога раней, але нават і не чула, каб хто расказваў пра такое здарэнне. Я калі выбралася з той хаты, то больш ніколі там не была: што мне там глядзець?»

У Барысаве праз паламаную нагу

Затое яна з радасцю згаджаецца расказаць пра сябе: «Я сама з Рудні Чэрвеньскага раёна, ад Смалявіч 27 кіламетраў. Кім я толькі не працавала! У вайну была малая, а рабіла, што медны кацялок. У вайну хата згарэла, бацька загінуў, а нас у мамы было трое. Мама адна кідалася і вучыць нас не давучыла. Я кінула школу, пахадзіла толькі да палавіны шостага класа, а тады паехала ў Мінск на будоўлю. Тады яшчэ пашпарта не давалі, не было мне 18 гадоў. Мяне там паставілі печкі тапіць. Ну то зімой я печкі тапіла, а летам раствор падвозіла, па дробязі, што магла. Год адпрацавала, а тады мама кажа: разлічвайся, праца цяжкая. Я калі капейку нейкую зараблю, то ўсё маме аддавала, каб пакупляла ўсім нам на ногі. І брат, і сястра ўжо памерлі. Калі жыла ў Рудні, то таксама працавала на будоўлі, там ужо і выйшла замуж. Потым пераехалі з мужам на яго радзіму ў Котава Бярэзінскага раёна, там працавала ў саўгасе. І на палявых парабіла, і даяркай больш за дзесяць гадоў».

А як атрымалася, што вясковая сям’я пераехала жыць у Барысаў? «Вечарам ішла з фермы, маланкі білі, ішла ў пацёмках, дык я павалілася, як пярун забіў, і нагу зламала. Тады мяне гаспадар завёз у Беразіно, там наклалі гіпс, а праз нейкі час пабачылі, што нага няправільна пастаўлена. Трэба гіпс перакладваць, ламалі нагу зноў і ўпраўлялі. Амаль два месяцы ляжала дома, калі гіпс знялі, то яшчэ месяц хадзіць не магла. А большая дачка выйшла замуж у Барысаў, яна кажа: «Мама, я вас забяру да сябе ў Барысаў, будзеце тут жыць». Забрала, перазімавалі. А потым кажу свайму гаспадару: калі не хочаш ехаць назад, то давай тут што купім. Набылі гэтую халупу. Такое жыццё цяжкае. Пражыла, як і не было нічога», — расказвае Надзея Ісакаўна.

У хату гаспадары не пускаюць

Клімашонкі жылі ў хаце, якая належала мужу дачкі Тамары Сяргею Собалю. Гэтую хату ён купіў за грошы, якія зарабіў у Сібіры, калі ездзіў туды працаваць. Зусім нядаўна спадар Собаль памёр. Хата па-ранейшаму належыць іх сям’і. «Не прыязджайце, ні з кім гаварыць мы не будзем. Зноў хочаце, каб да нас паломніцтвы хадзілі?» — адказваюць па гарадскім тэлефоне і кідаюць слухаўку.

Непрыкметная вуліца Якуба Коласа знаходзіцца перпендыкулярна цэнтральнаму праспекту Рэвалюцыі і паралельна адной з найбуйнейшых вуліц горада — Чапаева. Побач — самы вядомы рэстаран Барысава «Каралеўскае паляванне», а ў іншы бок — Шухаўская вежа. Унікальны помнік пачатку ХХ стагоддзя, адна з першых гіпербалоідных канструкцый у свеце. Людзі адбудоўваюць тут вялікія прыватныя катэджы.

Падзеі адбываліся побач з Шухаўскай вежай — унікальным помнікам пачатку ХХ стагоддзя, адной з першых гіпербалоідных канструкцый у свеце.

Але сам «дом з прывідамі», як называлі яго некаторыя мясцовыя, зусім не змяніўся. Драўляная хатка, да якой прыбудаваная цагляная веранда. У двары хлявы для жывёлы.

Сведчанне міліцыі

Засталіся рапарты, якія складала міліцыя аб тых падзеях. Тагачасны начальнік Барысаўскага ГАУС Анатоль Шыбалка даўно пенсіянер. Ён узначальваў барысаўскую міліцыю ад 1986 года да 1995-га. Потым яго забралі ў Мінск у Міністэрства ўнутраных спраў. Вярнуўся назад у Барысаў у 2002 годзе, цяпер лечыць хваробы. «Я не магу сказаць, веру я ўва ўсё гэта ці не веру. Я магу толькі казаць аб тым, што я бачыў. Усё, што я бачыў, вы знойдзеце ў афіцыйных дакументах», — сказаў ён нам.

Што ж, ідзём знаёміцца з дакументамі. «15 чэрвеня 1988 года у 21:15 у дзяжурную частку Барысаўскага ГАУС паступіла паведамленне ад грамадзяніна Р. Я. Клімашонка аб тым, што ў доме, дзе ён пражывае са сваёй жонкай, адбываюцца таямнічыя з’явы, звязаныя з самаадвольным рухам розных прадметаў, якія знаходзяцца ў кватэры. Па дадзеным адрасе быў накіраваны нарад патрульна-паставой службы. Старшаму сяржанту міліцыі С. Шуляку і сяржанту В. Хрысталюбаву гаспадары заявілі, што на працягу апошніх дзён у доме незразумелым чынам перамяшчаюцца прадметы (абутак, кухонны посуд і г. д.), самаадвольна выкручваюцца ахоўныя пробкі з электралічыльніка і па прамалінейнай траекторыі з паваротам на 180° вылятаюць з хаты ў двор ці на вуліцу, скідаюцца пасцельныя рэчы з ложка, пераварочваецца «дагары нагамі» стол, падае, пры гэтым не разбіваючыся, трэльяж, адчыняюцца вокны, праз якія на вуліцу вылятаюць падушкі, коўдры, матрац і іншыя рэчы», — пачынаецца рапарт Шыбалкі.

Прымі нехта такі выклік сёння, то спісалі б усё на багатую фантазію гаспадароў, а таксама іх дзяцей. А тады да гісторыі паставіліся з поўным сур’ёзам.

Што было далей? Пратакол сведчыць, што міліцыянеры агледзелі пакоі, не знайшлі там нічога падазронага, як і не ўбачылі ніводнага чалавека, пасля чаго выйшлі да гаспадароў і суседзяў на веранду. А падчас размовы ў спіну суседкі прыляцеў чорны парасон, які міліцыянеры дакладна бачылі ў пакоі.

Даць гэтаму рады звычайныя сяржанты не змаглі, ім на падмацаванне быў выкліканы маёр Макарэвіч з Аддзела па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасці (ОБХСС). Менавіта ён вывеў усіх людзей на вуліцу з хаты. Праз нейкі час з акна вылецела пробка з электралічыльніка. На той момант на вуліцы ляжала ўжо каля 20—30 такіх пробак.

Супрацоўнікі ОБХСС паведамілі пра здарэнне ў МУС Мінаблвыканкама і старшыні Барысаўскага гарвыканкама Сеграўцу. Калі ў хату прыехала дэлегацыя ў складзе начальніка гарадской міліцыі і «мэра» горада, то нічога падазронага яны не ўбачылі.

Але праз тры дні пасля званка ў міліцыю пробкі ўсё гэтак жа выляталі на вуліцу, пераварочваўся трэльяж. Клімашонкі сталі заяўляць, што невытлумачальныя рэчы сталі рабіцца і ў двары дома. Сам сабой адмыкаўся цяжкі замок, адчыняліся дзверы, і свінні ўцякалі з хлява гуляць па дварах. Зрэшты, яшчэ праз некалькі дзён «палтэргейст» супакоіўся. Як мы ўжо згадвалі, Надзея Клімашонак тлумачыць гэта дзеяннем «лечанай» вады.

«Не веру ў Бога, і ў гэта б не паверыла, каб не пабачыла»

Прыязджалі ў хату на Якуба Коласа і фізікі з Акадэміі навук, але таксама не змаглі знайсці адказаў. «Нават у такой, не зусім ардынарнай, сітуацыі людзі набіраюць «02»… Гэта лішні раз сведчыць на карысць аўтарытэту мясцовай міліцыі. Але, па-мойму, меў месца выпадак, калі вартавыя парадку былі бяссільныя», — пісала газета «Знамя юности» ў 1989 годзе.

Маёр Карташоў пасля згадваў, што пакой з электралічыльнікам замыкалі на ключ і нікога там дакладна быць не магло. Тым больш ні дзіця, ні дарослы не маглі без дапамогі крэсла далезці да лічыльніка. «Пробка ляцела проста на мяне. Я вырашыў пачакаць, яна ўпала проста ля маіх ног. Схапіў, думаў, што гарачая, але аказалася звычайнай тэмпературы», — згадваў ён.

Кажуць, што ўнукі Клімашонкаў таксама прысутнічалі пры гэтых дзіўных здарэннях, таму спісаць усё на іх гарэзлівасць было немагчыма.

Захавалася і сведчанне суседкі Клімашонкаў Ванды Андрыеўскай. Яна была ў барысаўскім падполлі ў часы вайны, сувязной партызанскай брыгады імя Сталіна, а пасля трапіла ў нацысцкі канцлагер у Асвенцім. «Я ні ў якія цуды не веру, у Бога — тым больш. Калі б Бог быў, то ён бы не дапусціў тых зверстваў, на якія я наглядзелася ў Асвенціме. Калі б я сама гэтага не пабачыла, то ў жыцці не паверыла б. Стаім мы з Надзеяй Ісакаўнай, размаўляем, як на дарожку за намі прылятае патэльня з блінамі ці каструля з супам. Табурэтка вылятала, лыжкі, качан капусты», — расказала Ванда Мацвееўна.

Навуковага абгрунтавання дадзенаму здарэнню знойдзена так і не было. Да развалу СССР заставалася ўсяго тры гады. Наўрад ці выпадкова, але менавіта ў такі пераломны гістарычны час людзі найчасцей пачынаюць верыць у розныя тагасветныя сілы, шукаць паратунку ў шарлатанаў і «народных лекараў». Барысаўскі выпадак цікавы і адметны тым, што ён быў дэталёва зафіксаваны супрацоўнікамі міліцыі, якія не ўспрынялі здарэнне як чыюсьці прыдумку.

А сёння адзін з суседзяў дома па Якуба Коласа кажа: «Не, у гэтым доме палтэргейсту ўжо няма. А вось там ёсць, — паказвае ў процілеглы бок вуліцы. — Вунь хатка, яе гаспадары таму і прадаюць, што там палтэргейст завёўся». Вось так той даўні выпадак пачынае абрастаць зусім ужо неверагоднымі падрабязнасцямі.

Зміцер Панкавец