Проект портала
Потомки пруссов. Удивительная история выживания балтского анклава около Лиды
16.04.2019 / 11:07

Жителей ряда деревень в Лидском районе издавна называли бортяками. Многие думают, что название пошло от бортей с пчелами. На самом деле, все гораздо интереснее, рассказывает кандидат исторических наук Юрий Внукович.

У 2010-м з нагоды 600-годдзя перамогі ў Грунвальдскай бітве ў вёсцы Пеляса быў усталяваны драўляны помнік Вітаўту Вялікаму.

У першай палове ХІХ стагоддзя гісторык і археолаг Тэадор Нарбут выявіў: загадкавы народ, які рускія летапісцы называлі «бартамі», — гэта выхадцы з прускай правінцыі Бартніі. Іх нашчадкі дагэтуль жывуць у Лідскім павеце.

Радавы маёнтак Нарбутаў, Шаўры, суседнічаў з іх сёламі, чым і тлумачылася адмысловая цікавасць даследчыка.

І сапраўды, борці ад пачатку былі жыхарамі цэнтральнай прускай зямлі Бартніі (іншыя назвы — Бартовія, Барція). У 1238—1240 гадах гэтая правінцыя, разам з Варміяй і Натангіяй, была захоплена Тэўтонскім ордэнам. Пасля чарады паўстанняў у 1273-м жыхары Бартніі былі канчаткова скораныя. І гэта стала каталізатарам актыўнай, пісьмова засведчанай міграцыі жыхароў Прусіі на землі Вялікага Княства Літоўскага.

Пра тое перасяленне сведчыць цэлы шэраг сярэднявечных дакументаў. Іпацьеўскі летапіс паведамляе, што ў 1276 годзе да князя Трайдзеня прыйшлі прусы, якім пагражала нямецкая няволя. Ён іх зычліва прыняў і адну частку пасяліў у Гродне, а другую — у Слоніме. Тое ж кажуць і ордэнскія крыніцы. Польскі гісторык Ежы Ахманскі лічыў, што вялікія князі мэтанакіравана, са стратэгічна-вайсковымі мэтамі рассялялі заходнябалцкае насельніцтва на рубяжах Вялікага Княства.

Два народы — прусы і борці (бортеве) — згадваюцца ў Іпацьеўскім летапісе таксама ў 1278 годзе, ужо ў якасці абаронцаў Гродна ад татар і галіцка-валынскага войска.

Гэтыя перасяленні, апрача пісьмовых крыніц, пакінулі след у тапаніміі Літвы і Беларусі. Назвы Прусы, Борці, Барцякі сустракаюцца ў многіх раёнах Віленшчыны, Гродзеншчыны і Міншчыны.

Палонныя скаловы

Апрача добраахвотных уцекачоў, у ВКЛ асядалі палонныя, захопленыя ў час шматлікіх канфліктаў з Тэўтонскім ордэнам. Менавіта так тут з’явіліся скаловы. Гэта жыхары самай паўночнай прускай правінцыі ў нізоўях Нёмана — Скаловіі, якая межавала з Жамойцю.

Ужо ў другой палове XIV стагоддзя пісьмовыя крыніцы згадваюць паселішчы скаловаў на рацэ Пелясе на тэрыторыі Воранаўскага раёна. У адным са «шпіёнскіх» ордэнскіх дакументаў пад назвай «Паведамленні аб літоўскіх шляхах» пры апісанні дарогі з Пералома на Эйшышкі згадваецца Скалева паміж Забалаццю і Радунню і тлумачыцца, што там жывуць людзі з прускай зямлі Скаловіі, узятыя ў палон пры Рагніце (цяпер горад Нёман у Калінінградскай вобласці).

Фрагмент хаты ў вёсцы Пеляса.

Тое ж Скалева вядомае з прывілея 1387 года, які вызначаў уладанні князя Скіргайлы. Ежы Ахманскі зрабіў выснову, што Скалева было агульнай назвай прускай калоніі (групы вёсак) пад Радунню і ўзнікла пасля паходу Кейстута і Альгерда на Скаловію ў 1365-м.

Літоўскія князі сялілі ўцекачоў з прускіх зямель і ў іншых месцах сваіх уладанняў. Напрыклад, Вітаўт пасяліў перабежчыкаў з Прусіі ў Віленскім, Ашмянскім, Лідскім і Гродзенскім паветах.

У выніку ўздоўж старажытнай мяжы балтаў і славян сфармаваліся цэлыя анклавы заходнябалцкага насельніцтва.

На новай радзіме

На сваёй гістарычнай радзіме прусы ў XVI—XVII стагоддзях былі цалкам асіміляваныя. А вось мігранты (у першую чаргу борці), якія пасяліліся на новых землях, яшчэ доўга захоўвалі адметныя рысы, у тым ліку саманазву і мову. Гэтаму спрыяў іх асаблівы статус. Асноўнымі абавязкамі борцяў былі будаўніцтва і рамонт мастоў.

У XVI стагоддзі борці складалі ў ВКЛ спецыялізаваную групу «гаспадарскіх паданных», якія ў часы мабілізацыі выконвалі функцыю інжынерных войскаў і пантанёраў. Гэты абавязак вызначаў ім адмысловы артыкул «Аб борцях» Уставы на валокі 1557 года.

Імаверна, што прафесійнымі навыкамі і ведамі ў галіне мостабудаўніцтва борці авалодалі яшчэ ў Прусіі. Нездарма вялікія князі сялілі іх паблізу важных транспартных артэрый — напрыклад, на правым беразе ракі Пелясы. У XV—XVI стагоддзях праз гэтае моцна забалочанае месца (нават сама назва ракі паходзіць ад літоўскага слова pelkė — «балота») ішоў каралеўскі тракт, які злучаў дзве тагачасныя сталіцы — Вільню і Кракаў. Пра належны стан каменнай грэблі і моста якраз і дбалі прускія борці.

Забалочанае ўрочышча, якое яшчэ на польскіх картах 1920—1930-х называлася не інакш як «багна Каменны Мост», у савецкія часы было цалкам асушана.

Другім фактарам, што паспрыяў захаванню барцянскай ідэнтычнасці, было стварэнне ў XV стагоддзі асобнай гаспадарча-адміністрацыйнай адзінкі — Борцкай воласці (з намеснікам вялікага князя на чале). Ад пачатку XVII стагоддзя гэтая воласць пачала называцца Барцянскім староствам, якое падзялялася на чатыры войтаўствы: Пяляскае, Скольвенскае, Гародзенскае і аддаленае ад Радуні Панёманскае (каля Турыйска). Як бачым, назва староства працягвала адлюстроўваць даўнюю назву прускай зямлі — Бартніі (Барціі), а назва аднаго з войтаўстваў — Скольвенскага — прускай зямлі Скаловіі.

Дарэчы, найменне адной з вёсак сучаснай Воранаўшчыны, Помедзь, таксама можна лічыць «прускім», бо яно даволі дакладна адпавядае літоўскай назве іншай прускай зямлі — Памезаніі (літ. Pamedė).

У канцы XVIII стагоддзя ў склад Барцянскага староства ўваходзіла больш за дваццаць вёсак, дзве тысячы жыхароў.

«Барцякі гавораць па-літоўску і па-нашаму ўмеюць»

Амаль усе вёскі колішняга Барцянскага староства лакалізуюцца ў межах Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Выключэнне — вёскі Панёманскага войтаўства, якія знаходзяцца ў Шчучынскім раёне паблізу Жалудка. У многіх з іх — Пелясе, Подзітве, Повалацы, Пілюнцах, Лялюшах, Дубінцах, Друскеніках — жывуць людзі, якія дагэтуль гавораць на балцкай (праўда, цяпер ужо літоўскай) мове. І напэўна, не менш цікава тое, што з даўніх часоў гэтых людзей мясцовыя жыхары называюць барцякамі.

Літоўка-«барцячка» Тафіля Шымялевіч.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя этнограф Майсей Грынблат занатаваў: «Барцякі гавораць па-літоўску і па-нашаму ўмеюць».

Марыя Круапене (1920—2003) — пяляская літоўка, якая ў савецкія часы актыўна змагалася за адкрыццё мясцовай літоўскай школы і касцёла. У 1988 годзе прадстаўляла Пелясу на першым з’ездзе Саюдзіса ў Вільні. Была вядомая сваім талентам выканання апавядальнага фальклору.

Філолаг Юры Пацюпа, успамінаючы сваё маленства ў гэтых краях, пісаў: «Мая прабаба нябожчыца Юзэфа расказвала: «Бывала, як выйдуць касіць, па адзін бок Дзітвы нашы, а па другі — барцякі. Нашы хлопцы кашулі ў порткі ўдзявалі, а барцякі зверху падпярэзвалі. Таму барцяка адразу пазнаеш»».

Народнае тлумачэнне назвы простае: маўляў, яно паходзіць ад назвы дрэў, у якіх даўней трымалі пчол, — борцяў. У час адной з этнаграфічных экспедыцый у вёсцы Пеляса нам удалося запісаць: «Ну а літоўцы мы — барцякі. Ну а барцякі, таму што касцёл быў пастроены з борцяў гэтага лесу. У Пелясе — барцякі, а ў Подзітве скалікі дразняць». Як даказала лінгвіст Тамара Суднік, аўтарка манаграфіі пра дыялекты беларуска-літоўскага памежжа, сучасныя формы «барцяк» і «скалік» адлюстроўваюць яўныя сляды старажытнапрускіх этнонімаў.

З прусаў — у літоўцы

Апынуўшыся па суседстве з блізкімі па мове літоўцамі, якія на правым беразе Дзітвы і Пелясы яшчэ ў ХІХ стагоддзі складалі большасць (што, дарэчы, на сваёй славутай этнаграфічнай карце адзначыў і Яўхім Карскі), з цягам часу борці літуанізаваліся.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, калі ў памежным рэгіёне ўзніклі нацыянальныя рухі палякаў, беларусаў і літоўцаў, нешматлікай сялянскай супольнасці барцякоў развіваць сваю «прускую» ідэнтычнасць было немагчыма. Барцякі ўключыліся ў літоўскі нацыянальны праект, які даваў ім надзею на захаванне моўнай унікальнасці. Інакш іх напаткаў бы лёс малаколькасных суродзічаў Ашмяншчыны, Шчучыншчыны і Гродзеншчыны, якія не здолелі захаваць сваёй мовы і былі цалкам славянізаваныя.

Актыўнасць літоўскай інтэлігенцыі ў гэтым рэгіёне ў першай чвэрці ХХ стагоддзя была фенаменальнай. Радунскія літоўцы актыўна выпісвалі з Вільні першую ў Расійскай імперыі літоўскую газету «Vilniaus žinios» («Віленскія весці»), а пазней «Šaltinis» («Крыніца»), «Vienybė» («Адзінства»), «Aušra» («Зара»), «Viltis» («Надзея»).

У 1920—1930-х шырокую працу на Віленшчыне, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы, разгарнулі літоўскія культурна-асветніцкія таварыствы «Рытас» («Раніца») і Святога Казіміра. Яны засноўвалі літоўскія школы, дзіцячыя садкі, вячэрнія курсы для дарослых, хаты-чытальні, бібліятэкі. Кіраўнікі гэтых таварыстваў накіроўвалі з Вільні ў аддаленыя літоўскія вёскі інструктараў, якія чыталі лекцыі, паказвалі фільмы, ставілі спектаклі, святкавалі памятныя даты літоўскай гісторыі, усталёўвалі крыжы і помнікі.

Трэба сказаць, што шлях мясцовых сялян да літоўскасці не быў просты. Паланафільская грамадскасць гэтага краю досыць варожа ставілася да любых праяў літоўскай ідэнтычнасці, бо бачыла ў ёй канкурэнта.

Адной з найбольш упартых сіл былі ксяндзы, якія на працягу ХХ стагоддзя супрацьстаялі ўвядзенню ў касцёлы не толькі беларускай мовы, але і літоўскай. На гэтай глебе ў мястэчку Радунь не раз адбываліся сутыкненні паміж польскімі і літоўскімі вернікамі. Пасля аднаго з інцыдэнтаў у 1912 годзе, калі віленскі біскуп наклаў на радунскі касцёл інтэрдыкт (пакаранне), мясцовыя літоўцы звярнуліся аж да самога папы рымскага!

У 1925 годзе была створана асобная парафія, а ў 1935-м асвечаны мураваны касцёл Святога Лінаса ў вёсцы Пеляса. Неверагодныя высілкі, якія прыклалі тутэйшыя літоўцы для стварэння ўласнага рэлігійнага цэнтра, далі плён: бадай, адзінае месца, дзе сёння можна пачуць літоўскую гутарковую мову на Воранаўшчыне, — вёскі Пяляскай парафіі…

Касцёл Святога Лінаса ў Пелясе.

У другой палове ХХ стагоддзя архаічная мова, культура і побыт пяляскіх літоўцаў прыцягвалі дапытлівых мовазнаўцаў, этнографаў, гісторыкаў і археолагаў. Вынікам тытанічнай працы найперш літоўскіх даследчыкаў стаў выпуск двухтомніка «Літоўцы Лідскага краю». Аднак, стаўшы складовай часткай нацыянальнай ідэі аб «літоўскіх этнічных землях», дзе не заставалася месца іншым, хай сабе і балцкім ідэнтычнасцям, пяляскія жыхары ў гістарыяграфіі нашых суседзяў робяцца ці то «ўсходнімі літоўцамі», ці то «дзукамі», але ніяк не барцякамі.

На могілках у Пелясе яшчэ сустракаюцца драўляныя помнікі.

Калі ёсць магчымасць выбару, кожны шукае тое, што бліжэй. Як нашчадкі прускіх борцяў зрабіліся сучаснымі літоўцамі, так вуліца Палеская (Polesės) у Вільні побач з вакзалам у 90-я раптам стала вуліцай Пяляскай (Pelesos).

***

«Прусамі» ў Сярэднявеччы называлі балцкія народы Пагезаніі, Памезаніі, Варміі, Натангіі, Самбіі, Надровіі і іншых зямель. Супраць іх Тэўтонскі ордэн у XIII стагоддзі зладзіў бязлітасны крыжовы паход з мэтай хросту «паганскіх плямёнаў» Балтыі.

***

Вядомыя ўраджэнцы Пяляскага краю — журналіст Ізідарус Шымялёніс (яго дачка — доктар габілітаваны Ніёле Лаўрынкене — знакамітая літоўская фалькларыстка), краязнаўцы Міхал Шымялевіч і Юозас Айдуліс. Міхал Шымялевіч быў рэдактарам міжваеннага часопіса «Ziemia Lidzka» («Лідская зямля») і ў канцы вялікага артыкула, прысвечанага гісторыі Барцянскага староства, настойліва даводзіў, што ягоныя продкі паходзяць ад «прускіх борцяў». Але, як высветліў лідскі краязнаўца Леанід Лаўрэш, на працягу свайго жыцця Шымялевіч вызначаў сябе ў розных сітуацыях як «літовец», «беларус», «паляк», «тутэйшы» і нават… «пяляскі мужык».

***

Неабходна адрозніваць назвы населеных пунктаў, утвораныя ад этноніма «борці», і тапонімы тыпу Барташы, Барташуны (яны паходзяць ад старажытнага імя Барташ), а таксама геаграфічныя назвы тыпу Бортнікі, Бартнікі, звязаныя з заняткам мясцовага насельніцтва — бортніцтвам.

Акрамя ваколіц мястэчка (а цяпер гарадскога пасёлка) Радунь на Воранаўшчыне, паселішчы борцяў вядомыя каля Турыйска на правабярэжжы Нёмана (Шчучынскі раён), у Борцях і Клявіцы на рацэ Кляве (Ашмянскі раён), у Гожы і Пераломе (Гродзенскі раён).

***

Акрамя ваколіц мястэчка (а цяпер гарадскога пасёлка) Радунь на Воранаўшчыне, паселішчы борцяў вядомыя каля Турыйска на правабярэжжы Нёмана (Шчучынскі раён), у Борцях і Клявіцы на рацэ Кляве (Ашмянскі раён), у Гожы і Пераломе (Гродзенскі раён).

***

З інвентара 1765 года можам даведацца, якія прозвішчы мелі мясцовыя сяляне.

Большая частка — выразна балцкага паходжання: Бабуль, Боніс, Бундзель, Вароніс, Вільбік, Гайвяла, Галініс, Гірдзіс, Дода, Ёдзіс, Жвірбліс, Коўза, Краўніс, Кропіс, Мавас, Мазала, Мамуль, Мікель, Міндзель, Мішкун, Нарэйка, Пакуль, Пакуста, Пакшліс, Радзюль, Ракуць, Рустэйка, Сяліла, Тасцюн, Тункель, Шкілендзь, Шмукшта, Шуста, Шымялевіч, Юрша і іншыя.

Юрий Внукович