Праект партала
Турыстычныя кірункі Тур па кавярнях, кішэня Мазоха, магіла віцебскага паўстанца… Гід па Львове ад львоўскага беларускамоўнага экскурсавода
08.02.2020 / 20:25

Расказвае Андрэй Кусій.

Інтэр’ер рэстарана «Пад Залатой ружай». Фота: fest.lviv.ua

Хараство гэтага горада бачыш адразу ж, з акна цягніка. 8-я раніцы, ты сядзіш такі бадзёры і свежанькі пасля дзвюх гадзін начнога праходжання мяжы. І раптам у акне — першая аўстрыйская камяніца, за ёй наступная. На малых балкончыках горда сушыцца бялізна. Львавяне ў капелюшах і капялюшыках, поўныя ўласнай годнасці, ідуць на працу (а калі выхадны, дык у цэнтр на ранішнюю каву — тут гэтая традыцыя жыве). У галаве пачынае граць нешта тутэйшае: «Мертвий півень», «Океан Ельзи», Хрысціна Салавей…

Гэта Львоў, і ўсё тут дыхае гонарам, і ўсё прамаўляе са стоенай страсцю. Ты ўжо забыў начную мяжу, духату цягніка. Распрастаўшы спіну, узняўшы галаву, ступаеш на перон, каб стаць часткай усяго гэтага.

Чаму Львоў

Адносна назвы маляўнічага горада на захадзе Украіны да гэтага часу ідзе дыскусія: хто ж назваў горад Львовам? Паводле версіі ўкраінскіх гісторыкаў, назву даў галіцка-валынскі князь, кароль Русі Даніла І Раманавіч (1201—1264) у гонар старэйшага сына — Льва Данілавіча.

Датай першай пісьмовай згадкі пра Львоў пакуль лічыцца 1256 год, нягледзячы на рэгулярныя запэўніванні гісторыкаў у больш раннім нараджэнні горада. За больш чым сем з паловай стагоддзяў афіцыйнай гісторыі ў Львове свой след пакінулі прадстаўнікі розных культур: украінскай, нямецкай, польскай, яўрэйскай, расійска-савецкай, італьянскай, грэцкай і нават армянскай. Горад за час свайго існавання шмат разоў мяняў дзяржаўную прыналежнасць, што адбівалася і на яго дэмаграфічным абліччы.

Каляды ў Львове. Фота: Shutterstock, Ruslan Lytvyn

Пад палякамі і аўстрыякамі

Спачатку Львоў належаў да Галіцка-Валынскага княства, у 1349 годзе быў захоплены польскім каралём Казімірам ІІІ. Пасля гэтага і пачаў складвацца шматаблічны і шматкультурны горад. Казімір даў яму магдэбургскае права і пабудаваў на поўдзень ад ранейшага цэнтра новы горад, дзе большасць насельніцтва складалі каланісты рознага этнічнага паходжання. Колішняя рознаэтнічнасць адлюстраваная ў старадаўніх назвах вуліц, якія захаваліся да нашага часу: Армянская, Руская, Стараяўрэйская. На львоўскіх месцічаў, аднак, моцна ўплывала паноўная польская культура — з цягам часу многія з іх моўна і культурна паланізаваліся, хоць доўга і захоўвалі свае звычаі і рэлігію.

У 1527 годзе збольшага драўляны горад быў амаль цалкам знішчаны вялікім пажарам, які пачаўся з дома півавара. У наступныя дзесяцігоддзі тут будуюцца іншыя, рэнесансныя дамы. Практычна пад кожным былі піўніцы, ад слова «піва», — халодныя падвалы для захоўвання прадуктаў і напояў. Сёння гэтыя памяшканні масава прыстасоўваюць для кавярань.

У 1772 годзе ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Галіччына разам са Львовам на паўтара стагоддзя стала часткай Аўстрыйскай (пасля Аўстра-Венгерскай) імперыі. З 1772 па 1918 год горад афіцыйна насіў назву Лемберг. Мовай адміністрацыі ў гэты час стала нямецкая, а большасць пасадаў у гарадскім кіраванні занялі немцы і чэхі. Аднак горад працягваў заставацца важным цэнтрам польскай, рускай (так тады называлі ўкраінскую) і яўрэйскай культур.

У другой палове ХІХ стагоддзя пачынаецца сапраўдны эканамічны і культурны ўздым Львова. У яго ваколіцах сталі распрацоўвацца багатыя радовішчы нафты, будуецца чыгунка, развіваецца прамысловасць. У 1853 годзе ў адной з львоўскіх аптэк была вынайдзена газа, што стаў у будучыні палівам для лямпаў і самалётаў. Праз 8 гадоў у Львоў з Вены прыйшоў першы цягнік. Хутка будуюцца новыя гарадскія кварталы, адчыняюцца навучальныя ўстановы.

Крывавыя змаганні

Наладжанае жыццё, аднак, рэзка перарвала Першая сусветная вайна. Аўстра-Венгерская імперыя вайну прайграла і распалася. А на яе руінах пачалося змаганне за незалежную дзяржаву. Дакладней, адразу за дзве незалежныя дзяржавы. Палякі, якія ў той час складалі амаль палову насельніцтва горада, вялі барацьбу за незалежную Польшчу з Галіччынай у яе складзе. Украінцы, якія складалі толькі 1/5 насельніцтва ў горадзе, але пераважную большасць у навакольным рэгіёне, змагаліся за незалежную Украіну. 1 лістапада 1918 года над Ратушай залунаў жоўта-блакітны сцяг і адбылося абвяшчэнне Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі. Пачаліся актыўныя баі паміж польскімі і ўкраінскімі фарміраваннямі. Інтэнсіўныя ваенныя дзеянні ў самім Львове доўжыліся тры тыдні, у Галіччыне ўвогуле — каля паўгода. Украінцы вайну прайгралі, у 1919 годзе Львоў адышоў да Польшчы.

У міжваеннай польскай дзяржаве горад быў несумненным цэнтрам украінскага руху. Тут месціліся цэнтральныя ўстановы большасці нацыянальных арганізацый. Украінска-польскія ўзаемадачыненні складваліся надзвычай складана, паміж дзвюма нацыянальнымі супольнасцямі не было паразумення. Многія ўкраінцы расчароўваліся ў мірных метадах змагання, як вынік — расла папулярнасць радыкальных арганізацый, арыентаваных на ўзброеную барацьбу. Найбольш буйнай і ўплывовай сярод іх была створаная ў 1929 годзе Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), якая арганізоўвала тэракты супраць польскіх чыноўнікаў.

1 верасня 1939 года, пасля нападу Германіі на Польшчу, пачалася Другая сусветная вайна. 17 верасня памежную раку Збруч перайшла Чырвоная Армія. У заходнеўкраінскіх абласцях пачаўся масавы тэрор. Пасля нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз перад адступленнем са Львова органы НКВД з 22 па 30 чэрвеня 1941-га знішчылі без суда і следства ў львоўскіх турмах тысячы арыштаваных прадстаўнікоў інтэлігенцыі, студэнтаў, навучэнцаў гімназіі. Знаходка тысяч цел у турэмных дварах стане гіганцкім шокам для заходнеўкраінскай грамадскай думкі.

30 чэрвеня 1941 года ў Львове ўкраінскія нацыяналісты сабралі Нацыянальны сход, які абвясціў аднаўленне Украінскай Дзяржавы. Быў сфарміраваны Часовы ўрад. Гэта, аднак, не ўваходзіла ў планы немцаў. 12 ліпеня Адольф Гітлер загадаў арыштаваць увесь украінскі ўрад. Шматлікія актывісты АУН — у тым ліку і яе лідар Сцяпан Бандэра — апынуліся ў турме, многія былі расстраляныя.

Пачалася крывавая нацысцкая акупацыя. Нямецкія ўлады арганізавалі канцэнтрацыйны лагер у раёне Цытадэлі, у якім знішчылі больш за 140 000 савецкіх ваеннапалонных, а таксама Львоўскае гета і Янаўскі канцлагер для знішчэння яўрэйскага насельніцтва. Былі расстраляныя і многія выбітныя прадстаўнікі мясцовай польскай інтэлігенцыі.

У ліпені 1944 года ў Львоў ізноў вярнулася савецкая ўлада. Яна заставалася на гэтых землях амаль паўстагоддзя, хоць яшчэ доўга ў лясах Галіччыны вялі ўпартую барацьбу за незалежнасць жаўнеры Украінскай паўстанцкай арміі.

Вайна і пасляваенныя гады адзначыліся сур’ёзнымі зменамі ў складзе насельніцтва. Яўрэяў вынішчылі нацысты. Палякі масава выехалі ў Польшчу, а з Польшчы, у адваротным кірунку, прыехалі ўкраінцы і лемкі. Пасля вайны ўкраінцы ўпершыню за 500 гадоў пачалі складаць у Львове большасць насельніцтва.

Найцікавейшыя месцы Львова

Стандартныя турыстычныя маршруты па Старым горадзе (які ў 1998 годзе быў унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА) уключаюць помнікі пераважна перыяду Рэчы Паспалітай. Далей жа, у «аўстрыйскай» частцы горада, знаходзяцца жылыя раёны, навучальныя ўстановы, былыя палацы. Цікавостак столькі, што пра ўсе ў кароткім артыкуле не згадаеш пры ўсім жаданні. Таму толькі пра асноўныя.

Ратуша

Ратуша. Від з плошчы Рынак. Фота: the-village.com.ua

З атрыманнем магдэбургскага права ў 1356 годзе ў горадзе з’яўляецца Ратуша — галоўны будынак гарадской управы. Першая Ратуша мела няшчасце згарэць у пажары 1381 года, а ў пачатку XVI стагоддзя іншы пажар пашкодзіў і другую яе версію. Трэці будынак стаяў да пачатку 1800-х, пакуль не абвалілася гадзіннікавая вежа. Пасля таго ў 1827-м быў пастаўлены новы, ужо чацвёрты па ліку. У гэтым будынку сёння размяшчаюцца мэрыя і гарадская рада. 65-метровая вежа Ратушы выкарыстоўваецца як аглядная пляцоўка, галоўная ў горадзе. Уверх падняцца можна штодня ў працоўны час, заплаціўшы за квіток 30 грыўняў (каля 2,3 беларускага рубля). Праўда, трэба ўлічваць, што, каб падняцца на вежу, трэба пераадолець 408 прыступак, прытым 306 з іх — абавязкова пехатой. Гэта прыблізна як падняцца на 15-павярховы дом. Але краявіды, вядома, вартыя гэтых намаганняў.

Сабор Святога Юра

Гэта галоўны грэка-каталіцкі сабор Львова, які да 2013 года, пакуль не быў асвечаны Патрыяршы сабор Уваскрасення Хрыстовага ў Кіеве, з’яўляўся і галоўнай святыняй усёй Украінскай грэка-каталіцкай царквы. Узведзены ён у 1744—1770 гадах у стылі класічнага барока.

Акрамя ўласна сабора, на Святаюрскай гары размяшчаецца цэлы архітэктурны комплекс, у які ўваходзяць званіца, палац мітрапаліта, капітульныя будынкі, будынак стайні пры агароджы, брамы і сады. На званіцы сабора вісіць найстарэйшы ва Украіне звон, адліты ў 1341 годзе.

Капліца Боімаў

Купал капліцы Боімаў. Фота: shutterstock, Uliana Oliinyk

Побач з галоўным рыма-каталіцкім храмам горада, Лацінскім кафедральным саборам, калісьці ўзніклі і могілкі. У старыя часы пахаванні побач са святынямі былі не экзотыкай, а звычайнай практыкай. Да нашых дзён дайшла капліца роду Боімаў — сям’і гандляра сукном Георгія Боіма і ягонай жонкі Ядзвігі. Помнік канца XVI стагоддзя ўражвае багатым скульптурным дэкорам. Боімы — род венгерскага паходжання, але — яшчэ адзін доказ мультыкультурнага духу горада — сын Георгія і Ядзвігі, Павел, стаў войтам і бурмістрам Львова.

З гэтай капліцай звязана легенда пра… яблыкі. Супрацоўніца музея неяк забылася ў куце капліцы кошык з садавіной. Больш чым праз паўтара года яна нечакана на яго наткнулася і выявіла, што яблыкі за гэты час зусім не страцілі сваёй сакавітасці і водару. Скептыкі ж сцвярджаюць, што яблыкі проста былі з кансервантамі.

Оперны тэатр

Неабходнасць у вялікім гарадскім тэатры Львоў адчуў у канцы XIX стагоддзя. Тады ж быў арганізаваны конкурс, у якім перамог таленавіты архітэктар Зыгмунт Гаргалеўскі.

Будаўніцтва тэатра пачалося ў 1897 годзе і працягвалася тры гады. У 1900-м Вялікі гарадскі тэатр (так тады называўся будынак) быў урачыста адкрыты. Ягоны фасад шчодра ўпрыгожаны, а вянчаюць яго тры крылатыя бронзавыя фігуры — «Генія драмы і камедыі», «Славы» з залатой пальмавай галінкай у руках, «Генія музыкі».

 У 2000 годзе, да стагоддзя Львоўскай оперы, тэатр быў адрэстаўраваны і пераназваны ў гонар Саламеі Крушальніцкай (1872—1952), выдатнай украінскай опернай спявачкі, вядомай ва ўсім свеце.

Замкавая гара

Каб пабачыць усе гэтыя месцы, варта прыкласці трохі намаганняў, падняўшыся на найвышэйшы даступны пункт Львова — пагорак Высокі замак (413 м над узроўнем мора), з якога адкрываецца від на большую частку горада.

На пагорку натуральнага паходжання (дзе, уласна кажучы, да канца 1700-х і стаяў замак) ёсць дадатковы штучны насып канца ХІХ стагоддзя, які выкарыстоўваецца сёння як назіральная пляцоўка. У польскіх крыніцах ён завецца «Курган Люблінскай уніі», бо пачалі яго насыпаць у 1869 годзе, акурат праз тры стагоддзі пасля гэтай гістарычнай падзеі. Польскія ініцыятары гэтага насыпу хацелі ўшанаваць тую унію, і адначасова насып мусіў сімвалізаваць надзею на адраджэнне Рэчы Паспалітай. Але паколькі ўкраінцы, як і беларусы, унію з Польшчай успамінаюць з куды меншым захапленнем, то ў наш час гэты штучны пагорак завуць проста «верхняй аглядальнай пляцоўкай».

Канцэптуальныя рэстараны

Вярнуўшыся з Высокага замка ці Лычакаўскіх могілак на цэнтральныя вуліцы, варта завітаць у адзін, а нават і некалькі рэстаранаў, у якіх таксама праяўляецца адметнасць сённяшняга Львова. Перадусім гэта сетка крэатыўных устаноў (своеасаблівых музеяў), аб’яднаных у так званы «Холдынг эмоцый !Fest». Такіх устаноў у сетцы на дадзены момант 18, і кожная з іх мае сваю канцэпцыю.

Згадаем толькі пра некалькі.

«Крыіўка» (плошча Рынак, 14)

Адным з шырокавядомых брэндаў сённяшняга Львова з’яўляецца ўстанова пад назвай «Криївка» (што перакладаецца як «схованка»). Гэта рэстаран, які нават не мае шыльды. Уваход у яго — проста з Рынка (галоўнай плошчы), у адным з дамоў насупраць Ратушы.

Драўляныя дзверы ў пад’ездзе таксама не маюць ніводнага надпісу, затое перад імі часта стаіць чарга з ахвотных патрапіць у залу. Каб гэта зрабіць, трэба пагрукаць. Пасля таго, як дзверы адчыняцца, чалавек у форме партызана Украінскай паўстанцкай арміі спытае вас: «Гасло?!» («Пароль?!»). Не губляйцеся і скажыце ўсяго толькі два словы: «Слава Украіне!»

Усярэдзіне рэстарана (у падвальным памяшканні) усё нагадвае атмасферу бункера часоў Другой сусветнай вайны. У адной з залаў можна паслухаць у навушніках інтэрв’ю Сцяпана Бандэры, у другой — агледзець калекцыю ваенных узнагарод паўстанцаў. Цікавымі экспанатамі з’яўляюцца бафоны (ад слоў «баявы фонд») — унутраная валюта паўстанцаў, выдаваныя імі ж грашовыя адзінкі. Дарэчы, сетка !Fest дае ўсім ахвотным карткі з накапляльнымі баламі, якія таксама называюцца «бафоны» (прыкладна 10% ад сумы замовы назапашваецца на картцы, і праз пэўны час імі можна часткова або цалкам разлічыцца ў любой з устаноў).

«Галіцкая жыдоўская кнайпа «Пад Залатой ружай» (Стараяўрэйская, 37)

Інтэр’ер рэстарана «Пад Залатой ружай». Фота: fest.lviv.ua

Гэтая «кнайпа» (з нямецкай мовы — паб, рэстаран) — менавіта «жыдоўская», а не «яўрэйская»,

бо ў штодзённай мове галіцкіх украінцаў цягам стагоддзяў, аж да 1939 года (прыходу савецкай улады), слова «жыд» ужывалася як цалкам звычайная і нейтральная назва этнасу, што здаўна жыў на гэтай зямлі. Акрамя магчымасці пакаштаваць стравы яўрэйскай (або жыдоўскай, без усялякага негатыўнага падтэксту) кухні, рэстаранная ўстанова мае яшчэ адну асаблівасць — у меню адсутнічаюць цэны і можна… таргавацца.

Спытаецеся: чаму «Залатая ружа»? А гэта народная назва разбуранай у часы Другой сусветнай вайны сінагогі, якая стаяла непадалёк. Усярэдзіне «кнайпы» ёсць спецыяльнае месца з фотаздымкамі і апісаннем разбуранага помніка. А інтэр’ер установы — нібыта дом яўрэйскай сям’і. Ці нават музей успамінаў…

«Газніца» («Гасова лямпа») (Армянская (Вірменська), 20)

Установа ў Старым горадзе, прысвечаная вынаходніцтву газы.

Двое львоўскіх фармацэўтаў, Ігнат Лукасевіч і Ян Зех, вынайшлі ў 1853 годзе вадкасць для асвятлення памяшканняў і вуліц. Газа выкарыстоўваецца таксама як паліва для самалётаў. Львоў, як бачыце, важны сярод іншага і для гісторыі хіміі ды авіяцыі. Як мінімум.

У рэстаране, дарэчы, ёсць звыш пяці сотняў газавых лямпаў, а пры ўваходзе стаіць дзейная лямпа вышынёй 2 метры!

«Львоўская капальня кавы» (плошча Рынак, 10)

Кава ў Львове з’яўляецца культавым напоем.

Згодна з паданнем, сярэднявечныя армяне, ведучы гандаль з Усходам, першымі прывезлі кававае зерне з нейкай арабскай краіны. Пасля гэтага культура піць каву тут нібыта і прыжылася. Зрэшты, звычай мог быць пераняты і ў аўстрыйскія часы з імперскай сталіцы Вены, таксама слаўнай сваімі кававымі традыцыямі. Афіцыйна першай дакументальна згаданай кавярняй з’яўляецца ўстанова Якуба Левакоўскага, што існавала ў 1802 годзе.

«Львоўская капальня кавы» нагадвае шахту («капальня» — сінонім слова «шахта»). У падвальнай частцы кавярні дастаткова цёмна, хоць там і ёсць мінімальнае асвятленне. Пасля ўваходу ў падземную частку супрацоўнік ветліва раздае наведвальнікам каскі, каб абараніць іхнія галовы. У некалькіх невялікіх залах ёсць столікі, за якія можна прысесці і выпіць кавы, разглядаючы на сценах кававыя зярняты (па легендзе, гэта рэшткі «кававай пароды»). Верыць ці не верыць у легенду пра каву, здабытую з-пад зямлі, — асабістая справа кожнага.

«Мазох-cafe» (Сербская, 7)

Помнік Леапольду фон Захер-Мазоху. Фота: fest.lviv.ua

Ва ўстановах «Фэста» можна пазнаваць не толькі гісторыю горада. Таксама тут прадстаўленыя і біяграфіі звязаных са Львовам людзей, якіх стваральнікі бізнэс-праекта ратуюць ад забыцця. Людзі гэтыя бываюць зусім нечаканыя. Як, напрыклад,

Леапольд фон Захер-Мазох — аўтар раманаў з апісаннем здзекаў дэспатычных жанчын са слабых мужчын. Дзякуючы ягонаму прозвішчу з’явілася шырокавядомае сёння паняцце «мазахізм» (паталагічная сэксуальная асалода ад падпарадкавання фізічнаму і эмацыйнаму гвалту). Пісьменнік нарадзіўся ў Львове, тут жа пражыў і першыя 12 гадоў жыцця.

Каля аднайменнай установы («Мазох-cafe») стаіць помнік гэтаму спецыфічнаму пісьменніку. Сам помнік таксама можна назваць спецыфічным. Паводле легенды, ён выконвае жаданні, звязаныя з адкрытымі фантазіямі. А для гэтага трэба зрабіць своеасаблівы рытуал — залезці рукой у «адкрытую» кішэню Мазохавых штаноў.

Спадзяюся, што чытач прыедзе ў Львоў не на адзін-два дні, а нашмат даўжэй. І нават не адзін раз. Бо месцы, пра якія я распавёў у гэтым артыкуле, натуральна, далёка не ўсе ягоныя жамчужыны. Адкрываць гэты горад можна доўга. Львоў — унікальны. І на спатканне з ім паехаць варта.

Помнік Адаму Міцкевічу

У 1904 годзе, у перыяд Аўстра-Венгерскай імперыі, у горадзе ўрачыста адкрылі помнік ураджэнцу Наваградка Адаму Міцкевічу.

Нягледзячы на тое што ў Львове паэт ніколі не быў, нашага земляка тут любяць. Ва Украіне яго вершы (асабліва «Крымскія санеты») вучаць у школах.

Помнік Адаму Міцкевічу У 1904 годзе, у перыяд Аўстра-Венгерскай імперыі, у горадзе ўрачыста адкрылі помнік ураджэнцу Наваградка Адаму Міцкевічу. Нягледзячы на тое, што ў Львове паэт ніколі не быў, нашага земляка тут любяць. Ва Украіне яго вершы (асабліва «Крымскія санеты») вучаць у школах. Фота: shutterstock, Liub Shtein

Помнік Івану Фёдараву (Федаровічу)

У канцы XVI стагоддзя ў Львове развівалася кнігадрукаванне. Не ў апошнюю чаргу — дзякуючы Івану Фёдараву, заснавальніку першай на тэрыторыі Украіны друкарні. Гэты чалавек вядомы і як расійскі першадрукар.

Навукоўцы лічаць, што Фёдараў паходзіць з дробнай заходнебеларускай або палеска-падляшскай шляхты. Існуе гіпотэза пра нараджэнне Івана Фёдарава на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна.

Магчыма, з-за пераследу з боку вышэйшага маскоўскага духавенства і баярства ён пакінуў Маскву і пераехаў у Львоў. Тут Фёдараў падрыхтаваў і выдаў першы ўсходнеславянскі навучальны дапаможнік — «Буквар» з граматыкай. У тым жа самым годзе здзейсніў і другое выданне «Апостала».

Помнік Івану Фёдараву (Федаровічу) У канцы XVI стагоддзя ў Львове развівалася кнігадрукаванне. Не ў апошнюю чаргу — дзякуючы Івану Фёдараву, заснавальніку першай на тэрыторыі Украіны друкарні. Гэты чалавек вядомы і як расійскі першадрукар. Навукоўцы лічаць, што Фёдараў паходзіць з дробнай заходнебеларускай шляхты. Існуе гіпотэза аб нараджэнні Івана Фёдарава на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна. Магчыма, з-за пераследу з боку вышэйшага маскоўскага духавенства і баярства ён пакінуў Маскву і пераехаў у Львоў. Тут Фёдараў падрыхтаваў і выдаў першы ўсходнеславянскі навучальны дапаможнік — «Буквар» з граматыкай. У тым жа самым годзе здзейсніў і другое выданне «Апостала». Фота: shutterstock, Ruslan Lytvyn

Лычакаўскія могілкі

Усяго за 20—30 хвілін хады ад цэнтра знаходзіцца месца, насельнікаў якога нельга назваць жыхарамі горада. Гаворка пра знакамітыя Лычакаўскія могілкі, якія часта параўноўваюць з парыжскім некропалем Пер-Лашэз.

Могілкі вельмі цікавыя і самі па сабе, але сярод іншых ёсць тут адна магіла, да якой беларусы традыцыйна прыходзяць і ўскладаюць кветкі. Знаходзіцца яна на месцы пахавання ветэранаў паўстання 1863-1864 гадоў, куды ад цэнтральнага кола Лычакаўскіх могілак вядзе ўверх крутая зігзагападобная сцежка і бетонныя лесвіцы. Пры самым уваходзе на гэты комплекс размешчаны помнік актыўнаму ўдзельніку паўстання Шыману Візунасу Шыдлоўскаму. Ён быў харунжым Віцебскай зямлі, а пасля паразы паўстання эміграваў і да смерці (1906) жыў у Львове.

Фота: Wikimedia Commons

Помнік выяўляе Шыдлоўскага на высокім пастаменце, апранутым у сялянскую світку, з разгорнутым сцягам Віцебскай зямлі з гербамі Польшчы, Літвы і Русі. У каменны пастамент умураваныя дзве гранітныя мемарыяльныя табліцы з надпісам «Exoriare aliquis nostris ex ossibus ultor» («Каб з нашых парэшткаў паўстаў нейкі мсцівец») і прозвішчамі выдатных паўстанцаў, членаў Народнага ўрада, якія былі пакараныя смерцю ў Варшаве, Вільні, Мінску і Магілёве, а таксама з прозвішчамі тых, хто загінуў у баях.

* * *

Асноўныя даты з гісторыі Львова

1256 — першая згадка Львова ў Галіцка-Валынскім летапісе ў сувязі з вялікім пажарам у горадзе Холм

1349 — польскі кароль Казімір III захапіў Львоў

1356 — Львоў атрымаў магдэбургскае права, што дало моцны штуршок яго развіццю

1527 — вялікі пажар, які пачаўся з дома півавара, знішчыў большую частку горада

1772 — у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай горад увайшоў у склад Аўстрыйскай (пасля Аўстра-Венгерскай) імперыі, стаў цэнтрам яе ўсходняй правінцыі, якая атрымала назву «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» (так называлі колішняе Галіцкае і Уладзімірскае княства, якое атрымала статус каралеўства пры Даніле Галіцкім)

1772-1918 — горад афіцыйна насіў нямецкую назву Лемберг

1 лістапада 1918 — украінскія палітыкі абвясцілі горад сталіцай Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР)

Лістапад 1918  ліпень 1919 — польска-ўкраінская вайна за Усходнюю Галіччыну, у якой перамаглі палякі

1919-1939 — Львоў уваходзіць у склад Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Львоўскага ваяводства

22 верасня 1939 — у Львоў уступілі савецкія войскі. Пачатак бальшавіцкага тэрору

30 чэрвеня 1941 — Львоў захоплены нямецкімі войскамі. У той жа дзень украінскія нацыяналісты склікалі Нацыянальны сход, які абвясціў аднаўленне Украінскай Дзяржавы. У адказ немцы арыштоўваюць і змяшчаюць у канцлагер арганізатараў абвяшчэння незалежнасці, у тым ліку і лідара АУН Сцяпана Бандэру

27 ліпеня 1944 — у Львоў вяртаецца савецкая ўлада

1991 — Украіна здабывае незалежнасць

 * * *

Адметнасцю ўкраінцаў Галіччыны з’яўляецца прыналежнасць у большасці да Грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы, створанай у 1596 годзе ў выніку Берасцейскай царкоўнай уніі.

Па іроніі лёсу, якраз пабожныя галіччане ў свой час найбольш супраціўляліся ўвядзенню уніі і трымаліся за ранейшае праваслаўе найбольш доўга і ўпарта ў параўнанні з жыхарамі іншых тэрыторый Рэчы Паспалітай. Толькі праз стагоддзе, у пачатку XVIII стагоддзя, і царкоўная іерархія, і вернікі змірыліся з наяўным станам рэчаў. У выніку ж менавіта Уніяцкая царква стала не толькі духоўным, але і культурным ды палітычным цэнтрам для русінаў-украінцаў Галіччыны. Спробы савецкай улады ў 1946 годзе яе ліквідаваць праз далучэнне да падкантрольнай Рускай праваслаўнай царквы скончыліся нічым. Як толькі камуністычны таталітарны рэжым у канцы 1980-х гадоў аслаб, Украінская грэка-каталіцкая царква выйшла з падполля і ў яе афіцыйна вярнулася большасць прыхаджан, перад гэтым гвалтам пераведзеных у расійскае праваслаўе.

Андрэй Кусій