Проект портала
война Какие роковые просчеты совершали политики во время советско-польской войны
11.02.2020 / 22:44

14 февраля 1919 года со столкновений в районе Березы началась польско-советская война, которая в итоге разделит Беларусь пополам. Какие порой роковые просчеты совершали во время этой войны политики и военачальники, рассказывает кандидат исторических наук Александр Пашкевич.

«Цуд на Вісле» — фрэска ў касцёле аграгарадка Солы (Смаргонскі раён). Фота: Wikimedia Commons.

Па стане на пачатак ХХ стагоддзя этнічна польскія землі былі падзеленыя паміж трыма імперыямі — Расійскай, Аўстра-Венгерскай і Германскай. Расійская ўлада над палякамі скончылася ў жніўні 1915 года, калі нямецкая армія заняла цалкам Польшчу, Літву, частку Латвіі, палову Беларусі і ўкраінскую Валынь.

Для Расійскай імперыі вайна складвалася нешчасліва, нарасталі ўнутраныя праблемы. Усё гэта прывяло ў лютым 1917 года да падзення цара, а неўзабаве і да распаду імперыі. Калі ў кастрычніку 1917 года да ўлады прыйшла бальшавіцкая партыя, усё канчаткова пасыпалася. Расію на некалькі гадоў захліснула крывавая грамадзянская вайна.

Польшча зноў вольная

Польшчу да канца 1918-га рэвалюцыя ў Расіі не закранала. Усе этнічныя польскія землі знаходзіліся на іншы бок расійска-нямецкага фронту, таму і лёс польскай дзяржаўнасці ў той час больш залежаў ад падзей у Германіі.

А ў Германіі ў лістападзе 1918 года таксама пачалася рэвалюцыя, была зрынута манархія і абвешчана рэспубліка. Гэта азначала канец Першай сусветнай вайны, бо новыя ўлады не маглі весці баявыя дзеянні. Таму яны адразу пагадзіліся на падпісанне перамір’я. Яно было заключана 11 лістапада 1918-га ў Камп’енскім лесе на поўначы Францыі.

У той самы дзень абвясціла сваю незалежнасць Польшча. Ніхто не мог і не збіраўся гэтаму пярэчыць. Пераможцы — Францыя, Вялікабрытанія і ЗША — былі зацікаўленыя ў аднаўленні незалежнай польскай дзяржавы. Адкрытым заставалася пытанне толькі адносна яе межаў. І тут шмат што залежала ад саміх палякаў.

Адозва Юзафа Пілсудскага да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага, надрукаваная па-польску і па-літоўску. 22 красавіка 1919 года. Фота: Wikimedia Commons.

Палякі ж падышлі да абвяшчэння незалежнасці не з пустымі рукамі. Яшчэ за некалькі гадоў да вайны Юзаф Пілсудскі пачаў ствараць на тэрыторыі Галіцыі, якая знаходзілася пад аўстрыйскай уладай, польскія ваенізаваныя арганізацыі. А ў пачатку вайны на аснове гэтых арганізацый узніклі Польскія легіёны ў складзе аўстрыйскай арміі. Акрамя таго, існавалі польскія фармаванні ў расійскай і французскай арміях. Такім чынам, мелася добрая база для стварэння моцнага польскага войска.

Інкарпарацыя ці федэрацыя?

У пытанні ўсходніх межаў Польшчы тагачасныя польскія палітыкі падзяляліся на прыхільнікаў інкарпарацыянісцкай і федэралісцкай канцэпцый. Інкарпарацыяністы, аснову якіх складалі нацыянальныя дэмакраты на чале з Раманам Дмоўскім, хацелі будаваць чыста польскую нацыянальную дзяржаву. Таму яны негатыўна ставіліся да перспектыў аднаўлення шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай, у якой палякі засталіся б у меншасці. Этнічна няпольскія землі яны гатовыя былі далучаць толькі ў такой колькасці, пры якой магчыма было б іх хутка асіміляваць.

У сваю чаргу федэралісты, лідарам якіх быў Юзаф Пілсудскі, разлічвалі знайсці кампраміс з літоўцамі, беларусамі і ўкраінцамі і стварыць на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай федэрацыю чатырох народаў з вядучай роляй Польшчы.

Але ў кожным разе ўсходнімі межамі былога Царства Польскага (ці «Прывіслінскага края») ніводная з уплывовых палітычных сілаў абмяжоўвацца не збіралася — тым больш што за гэтымі межамі жыло дастаткова шмат насельніцтва, польскага калі не па культуры, то па самасвядомасці. Таму ўзброенае сутыкненне польскага войска з бальшавіцкай Чырвонай Арміяй было непазбежным.

Вайна пачынаецца

Пасля падпісання перамір’я немцы адразу пачалі выводзіць свае войскі з усходняга фронту. На месца немцаў прыходзіла Чырвоная Армія.

У Беларусі аказваць супраціў бальшавікам не было каму. Беларуская Народная Рэспубліка не сфарміравала ўласнага войска. Зрэшты, і Украінская Дырэкторыя на чале з Сымонам Пятлюрам, хоць і мела такое-сякое войска, спыніць бальшавікоў не здолела.

Выступленне бальшавіцкага лідара Уладзіміра Леніна перад салдатамі, якія выпраўляюцца на польскі фронт. 5 мая 1920 года. Фота: foto-history.livejournal.com.

Але пры набліжэнні да колішняй мяжы былога Царства Польскага Чырвоная Армія ўступіла ў бой з перадавымі часткамі польскага войска. Першыя сутыкненні адбыліся 14 лютага 1919 года ў раёне Бярозы, і з іх пачалася двухгадовая польска-савецкая вайна.

Бальшавіцкі прапагандысцкі плакат «Чым скончыцца панская задума». 1920 год. Фота: Wikimedia Commons.

Спачатку ўдача спрыяла палякам. Што і не дзіўна: бальшавікі былі ў складанай сітуацыі. Грамадзянская вайна ў Расіі працягвалася, Белая армія дасягнула піку сваёй моцы. Заходні кірунак для бальшавікоў не быў найважнейшым, і на ім былі сканцэнтраваныя не самыя моцныя войскі.

Агляд аддзелаў польскага войска пасля заняцця Вільні 19 красавіка 1919 года. Наперадзе — Юзаф Пілсудскі, за ім генералы Эдвард Рыдз-Сміглы, Станіслаў Шаптыцкі і Казімеж Саснкоўскі. Фота: Wikimedia Commons.

Спыніўшы Чырвоную Армію, 16 красавіка 1919 года польскае войска перайшло ў наступленне. Ужо праз дзень палякі ўвайшлі ў Ліду, 18 красавіка — у Навагрудак, 19-га — у Баранавічы і Вільню. Далей польскае наступленне пайшло не так хутка, але да жніўня польскае войска заняло Мінск, Барысаў і Бабруйск. У выніку да канца 1919 года польска-савецкі фронт стабілізаваўся па лініі рэк Убарць — Пціч — Бярэзіна, а далей праз Лепель і Полацк ішоў да Даўгаўпілса.

Змены фронту з канца студзеня 1919-га па канец мая 1920 года. Фота: Wikimedia Commons.

Чаму польскае войска спынілася на Бярэзіне

Пілсудскі свядома спыніў наступленне. Ён не хацеў мець у якасці суседкі імперскую Расію. Каб аслабіць імперыю, лічыў патрэбным вырваць з-пад яе ўплыву заходнія тэрыторыі, найперш Украіну.

Польскі прапагандысцкі плакат «Бальшавіцкая свабода». Галоўны герой — адзін з бальшавіцкіх лідараў Леў Троцкі. «Бальшавікі абяцалі: дамо вам мір, дамо вам свабоду, дамо вам зямлю, працу і хлеб. Подла ашукалі: развязалі вайну з Польшчай, замест свабоды далі кулак, замест зямлі — рэквізіцыі, замест працы — галечу, замест хлеба — голад». Фота: Wikimedia Commons.

Уважліва сочачы за ходам Грамадзянскай вайны ў Расіі, польскі лідар прыйшоў да высновы, што для Польшчы будзе нявыгаднай перамога Белага руху. Бо яго асноўныя правадыры цвёрда стаялі на пазіцыях «адзінай і непадзельнай Расіі».

Зыходзячы з гэтага, дапамагаць «белым» разбіць бальшавікоў Пілсудскі не хацеў. Палякі далі зразумець бальшавікам, што на Маскву яны не пойдуць. Гэта дазволіла Чырвонай Арміі скіраваць сілы супраць Дзянікіна і пераламаць на сваю карысць ход Грамадзянскай вайны.

Савецкі прапагандысцкі плакат 1920 года аўтарства Уладзіміра Маякоўскага.

Праўда, даўшы «чырвоным» калі не канчаткова разбіць, то прынамсі вельмі аслабіць «белых», Пілсудскі збіраўся пасля працягнуць наступленне на ўсход і шукаў для гэтага саюзнікаў. Сярод іншага ён прыкладаў намаганні, каб стварыць, апрача «чырвоных» і «белых», таксама і «трэцюю Расію», саюзную з Польшчай. Галоўным яе тварам меў быць вядомы расійскі рэвалюцыянер Барыс Савінкаў, які лічыў, што перамагчы бальшавікоў можна толькі абапіраючыся на сялянскі («зялёны») рух і пры актыўнай дапамозе дзяржаў, якія ўзніклі на абломках Расійскай імперыі. У адрозненне ад правадыроў Белага руху, Савінкаў не стаяў на пазіцыях «адзінай і непадзельнай» Расіі і дапускаў прызнанне незалежнасці не толькі Польшчы, але і Беларусі з Украінай. У агульных рысах планы Пілсудскага прадугледжвалі, што створаныя пры польскай падтрымцы расійскія фармаванні возьмуць уладу ў Маскве, а ў якасці платы за падтрымку Савінкаў прызнае заходнія межы Расіі там, дзе іх палічыць патрэбным правесці Пілсудскі.

«Прыходзь да нас, госцю мілы, суседзе дарагі»

Пакуль жа Пілсудскі спрабаваў па меры заняцця новых тэрыторый самастойна закладаць падмурак пад рэалізацыю федэралісцкай канцэпцыі. Праз тры дні пасля заняцця Вільні, 22 красавіка 1919 года, ён выдаў адозву «Да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага»: «Польскае войска, каторае я з сабой прывёў, каб выкінуць гаспадараванне гвалту і сілы, каб спыніць кіраванне краем проціў волі жыхароў, гэтае войска нясе ўсім вам свабоду. Хачу вам даць магчымасць развязаць унутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы гэтак, як самі захочаце, без якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы».

На літоўскіх дзеячаў, якія да таго часу далёка прасунуліся ў будаўніцтве ўласнай нацыянальнай дзяржавы і прагнулі зрабіць сталіцай менавіта Вільню, гэтая адозва не зрабіла пазітыўнага ўражання. А вось частка беларусаў пабачыла ў ёй шанц дасягнуць сваіх нацыянальных мэтаў пры дапамозе Польшчы. Дадатковы энтузіязм выклікала выступленне Пілсудскага на сустрэчы з грамадскасцю ў Мінску ў верасні 1919-га не па-польску, а па-беларуску. Старшыня Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта Аляксандр Прушынскі, больш вядомы як паэт Алесь Гарун, выступіў тады са словам у адказ, дзе выказаў Пілсудскаму не толькі падзяку за вызваленне ад бальшавікоў Мінска і Міншчыны, але і надзею на тое, што польскае войска пойдзе далей і вызваліць таксама ўсходнюю частку Беларусі — аж да «старога Смаленска».

Юзаф Пілсудскі ў Мінску. Верасень 1919 года. Фота: Wikimedia Commons.

Але спраўдзіцца гэтаму было не суджана, бо беларускі нацыянальны рух яшчэ не быў гатовы выступіць у якасці самастойнай сілы, якой палякі былі б толькі памочнікамі. Беларусы не мелі ўласных узброеных фармаванняў і толькі разлічвалі іх стварыць пры дапамозе палякаў. Таму з іхнімі жаданнямі можна было не лічыцца. І Пілсудскі, хоць дазволіў стварыць Беларускую вайсковую камісію, якая спрабавала сфарміраваць беларускія нацыянальныя часці ў польскім войску, так ніколі і не прызнаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі. Зрэшты, беларускае пытанне для Пілсудскага было хоць і важным, але ўсё ж не асноўным.

Ключавым жа для яго было пытанне ўкраінскае. Але і стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы тады знаходзілася пад вялікім пытаннем, бо Украінская Дырэкторыя на чале з Сымонам Пятлюрам да таго часу цалкам прайграла супрацьстаянне з расійскімі «белымі» і «чырвонымі». Сам Пятлюра мусіў выехаць у Варшаву, і менавіта з ім Пілсудскі вёў патаемныя перамовы. Вынікам стала падпісанне міждзяржаўных дамоў паміж Польшчай і Украінскай Народнай Рэспублікай 20 і 24 красавіка 1920 года. Паводле гэтых дамоўленасцяў, УНР адмаўлялася на карысць Польшчы ад Львова і Валыні. За гэта Польшча прызнавала незалежнасць УНР і абавязвалася дапамагчы ёй адваяваць Правабярэжную Украіну.

Да Варшавы і назад

Спачатку здавалася, што ўсё ідзе як па масле. Палякі і ўкраінцы пачалі наступленне 25 красавіка 1920 года, не сустрэлі сур’ёзнага супраціву з боку Чырвонай Арміі і 7 мая ўзялі Кіеў. Але толькі часова. Бальшавікі перакінулі сілы з дзянікінскага фронту і 14 мая перайшлі ў наступленне ў Беларусі, а ў канцы мая — і ва Украіне.

Польскае войска ўступае ў Кіеў. Вялікая Уладзімірская вуліца. Май 1920 года. Фота: Wikimedia Commons.

Палякі здавалі гарады адзін за адным. У сярэдзіне жніўня Чырвоная Армія стаяла ўжо пад Варшавай.

Вялікая небяспека навісла не толькі над Польшчай, але і над усёй Еўропай. У выпадку перамогі над палякамі бальшавікі збіраліся, не спыняючыся, несці сусветную рэвалюцыю ў Германію і далей. Але няўзгодненасць у дзеяннях розных бальшавіцкіх армій, расцягнутасць фронту дый проста фізічная стомленасць байцоў саслужылі кепскую службу Саветам. Здарылася тое, што палякі назвалі «цудам на Вісле». Напружыўшы ўсе сілы і атрымаўшы дапамогу саюзнікаў, Пілсудкі здолеў не толькі стрымаць націск праціўніка, але і перайсці ў контрнаступленне.

«Цуд на Вісле» — фрэска ў касцёле аграгарадка Солы (Смаргонскі раён). Фота: Wikimedia Commons.

Спружына расціснулася ў другі бок. Гэтаксама, як раней адступалі палякі, цяпер адступалі бальшавікі. 15 кастрычніка польскае войска нават ізноў увайшло ў Мінск, але праз два дні пакінула яго бальшавікам, бо яшчэ 12 кастрычніка было заключана пагадненне аб перамір’і і прэлімінарная (гэта значыць, папярэдняя) мірная дамова паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Паводле яе ўмоў, Мінск мусіў застацца на савецкім баку.

Мір — і жаданы, і трагічны

Вайна ішла ўжо сёмы год, ад яе стаміліся ўсе, усе жадалі міру. І бальшавікі таксама: цярпенне народу заканчвалася. Палякі таксама дасягнулі на ўсходзе тых межаў, якія іх збольшага задавальнялі. Амбіцыйныя федэралісцкія планы Пілсудскага, праўда, праваліліся, але гэта ўспрымалася як палітычная параза яго асабіста, але не ўсёй Польшчы. Таму з укладаннем канчатковай мірнай дамовы праблем не ўзнікла. Яе падпісалі 18 сакавіка 1921 года ў латвійскай сталіцы Рызе пасля некалькіх месяцаў перамоў.

Прайгралі беларусы і ўкраінцы, бо рыжская мяжа па-жывому падзяліла іх этнічную тэрыторыю. Гэта закладала моцны канфліктны патэнцыял на будучыню. І ўрэшце значна адбілася на далейшай гісторыі рэгіёна.

 

***

Пры падзеле Рэчы Паспалітай Расійская імперыя спачатку заняла землі толькі былога Вялікага Княства Літоўскага, дзе большасць насельніцтва складалі беларусы, украінцы і літоўцы. Але ў 1815 годзе пасля перамогі над Напалеонам на падставе пастаноў Венскага кангрэсу да Расіі адышла большая частка тэрыторыі так званага Вялікага герцагства Варшаўскага. На новадалучаных тэрыторыях, якія палякі часта называлі «Кангрэсоўкай», расійскі імператар Аляксандр І утварыў спецыяльную адміністрацыйную адзінку пад назвай «Царства Польскае». Да пачатку 1830-х расійскія ўлады заігрывалі з мясцовымі польскімі элітамі, не замахваючыся на іх выключную ролю ў культуры, эканоміцы і палітыцы. Аднак пасля паўстання 1830—1831, а асабліва 1863—1864 гадоў расійскія ўлады ўзялі цвёрды курс на русіфікацыю. Нават назва «Царства Польскае» была заменена ў імперскай бюракратычнай тэрміналогіі на «Прывіслінскі край».

 ***

Не варта думаць, што Пілсудскі быў гатовы стварыць беларускую частку «федэрацыі» ў межах сучаснай Рэспублікі Беларусь ці тым больш Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэгіёны, населеныя пераважна каталікамі, Пілсудскі разлічваў уключыць непасрэдна ў Польшчу. Тое самае тычыцца і Украіны, і Літвы. Любыя польскія праекты прадугледжвалі ўключэнне ў склад Польшчы Львова і Вільні. Усё гэта рабіла саюз з Польшчай не зусім прывабным для беларускіх, украінскіх і літоўскіх дзеячаў.

 ***

У польскім войску змагалася нямала ўраджэнцаў Беларусі. Сам Пілсудскі паходзіў з Зулава на Свянцяншчыне на беларуска-літоўскім памежжы. Родам з Ашмяншчыны быў генерал Люцыян Жалігоўскі, з Лідчыны — генералы Адам і Стэфан Макрэцкія. Былі створаны нават дзве асобныя дывізіі, якія называліся Літоўска-Беларускімі і камплектаваліся перадусім мясцовымі ўраджэнцамі.

 ***

Беларуска-польскія адносіны за гады польска-савецкай вайны пагоршалі. Прытым не толькі на ўзроўні эліт, але і на ўзроўні простых людзей. Нягледзячы на пафасныя дэкларацыі Пілсудскага пра братэрства, рэальная палітыка польскіх уладаў на занятых землях ім не заўсёды адпавядала. У 1928 годзе гэта мусілі канстатаваць нават аўтары адмысловай аналітычнай працы, падрыхтаванай польскай разведкай:

«Адносіны паміж мясцовым насельніцтвам і польскімі ўладамі паступова пачалі псавацца. На гэта паўплываў шэраг прычынаў, аднак найгалоўнейшай была бяздарнасць нашых уладаў. Іх паводзіны, прыдатныя толькі для акупаванага краю, непрыманне пад увагу настрояў і інтарэсаў беларускага насельніцтва, адсутнасць рашучай і паслядоўнай нацыянальнай палітыкі і г. д. не маглі прынесці пазітыўнага выніку…

Беларусы праглі моцнай улады. Аднак легкадумства, самавольства, частыя злоўжыванні і нецярпімасць чыноўнікаў, няздольных да зразумення інтарэсаў мясцовага насельніцтва, відавочна супярэчылі адозве Галоўнакамандуючага, раздражнялі і выклікалі непрыязь да палякаў, якіх спачатку лічылі братамі і збаўцамі…

Фактам з’яўляецца тое, што пачатковы энтузіязм прыгасаў, пераходзіў у непрыязь і нарэшце зноў ператварыўся ў нянавісць да ўсяго польскага».

Кароткі нарыс беларускага пытання. Варшава, 1928(для службовага карыстання)

 ***

Выступленне Аляксандра Прушынскага (Алеся Гаруна) на прыёме, зладжаным Юзафам Пілсудскім у Мінску ў 1919 годзе

«Вітаю цябе, Начальніку, ад імені нашых беларускіх дэлегацыяў, прадстаўляючых тутака беларускае насяленне. Выслаўляю гарачую падзяку за звальненне Менску і Меншчыны ад новага цяжкага нападу маскоўскага імперыялізму, каторы на гэты раз прыбраўся ў бальшавіцкую вопратку.

Але плачуць яшчэ маткі ў Віцебску, стогнуць людзі ў Магілёве, маўчыць, бо забаронены, голас абымшэлых званіц Смаленска.

Верым і спадзяёмся, што разам з вольным Менскам, Вільняй і Горадняй вольнымі і шчаслівымі будуць нашыя адвечныя астрогі на рубяжох Масквы — Віцебск, і Магілёў, і стары Смаленск.

Гэтага мы спадзяёмся, у гэта мы верым — а гэтымі верай і надзеяй абдараваў нас братні народ, каторага слаўнаму прадстаўніку гатовы мы сказаць на Меншчыне не толькі нашае сягонняшняе «дзякуй», але і заўсёды: «Здароў будзь, прыходзь да нас, госцю мілы, суседзе дарагі»».

Александр Пашкевич