Праект партала
Мастацтва Загадка партрэта Януша Радзівіла
06.02.2020 / 21:51

Гэты партрэт ведаюць усе. Па ім апісвалі сармацкія строі і вывучалі інтэр’еры, ён нават трапіў на вокладку манаграфіі «Беларускі касцюм». Аказалася, той хрэстаматыйны выгляд гетману надалі ў ХІХ стагоддзі. Рэстаўратары Аркадзь Шпунт і Аляксандр Лагуновіч-Чарапко расказваюць, як насамрэч выглядаў на тым партрэце Януш Радзівіл.

Фота: Нацыянальны мастацкі музей.

Чаму партрэт вырашылі рэстаўраваць

— Падчас прафілактычнага агляду партрэта мы выявілі нязначнае адставанне фарбы разам з грунтам ад асновы. З’явілася нагода ўзяць твор у рэстаўрацыю, — расказвае Аркадзь Шпунт. — Рэнтгенаграма паказала пад слоем фарбы выяву даспехаў. Мы пабачылі, што адрозніваецца і жэст правай рукі.

Аркадзь Шпунт, загадчык аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея. Нарадзіўся ў 1947-м. У рэстаўрацыі працуе з 1970-га, аднаўляў ляпніну полацкай Сафіі, керамічную аздобу пахавальні Паскевічаў у Гомелі, у 1990—2000-я рэстаўраваў роспісы мінскай Катэдры. Займаецца рэстаўрацыяй абразоў.
Аляксандр Лагуновіч-Чарапко, загадчык сектара рэстаўрацыі старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. Нарадзіўся ў 1985-м. У музеі ад 2008-га. Аднаўляў роспісы ў мінскай Катэдры, рэстаўраваў цудатворны абраз Маці Божай Крывіцкай з касцёла вёскі Беліца Лідскага раёна, Дзісненскую Адзігітрыю і ікону Святога Спаса, абраз Марыі Магдалены ў касцёле ў Ракаве.

Рэстаўратарам дазволілі зрабіць зандаж, зняўшы навейшыя слаі. Калі мы раскрылі фрагмент 20×20, сапраўды стаў бачны даспех…

Калі знік даспех

Калі мы пачыналі, мы не ўяўлялі, колькі было рэстаўрацый да нас. Здымалі слой за слоем, раскрывалі першапачатковы жывапіс. Аказалася, партрэт рэстаўравалі і дамалёўвалі прынамсі тройчы.

Так партрэт выглядаў да рэстаўрацыі. Пакуль не ўзяліся за рэстаўрацыю, ніхто не задумваўся, адкуль на Радзівіле слуцкі пояс. У часы ж напісання партрэта слуцкай мануфактуры не існавала!

Першы раз — прыкладна праз стагоддзе пасля стварэння. У XVIII стагоддзі быў замаляваны даспех каля ног Януша і ўказальны жэст правай рукі. І гэта яўна не было звязана з тэхнічным станам. Чаму даспех замалявалі? Чый гэта даспех увогуле?.. Тут павінны папрацаваць гісторыкі. Магчыма, паміж слаямі жывапісу хаваецца гістарычная драма.

Калі знікла ўсё астатняе

У ХІХ стагоддзі лак на партрэце моцна пачарнеў. Чыталіся толькі твар, боты і рука.

Рэстаўратары ХІХ стагоддзя, напэўна, амаль не бачылі аўтарскага жывапісу і з лёгкай душой усё запісалі, як самі ўяўлялі. Гэта былі майстры невысокага ўзроўню. Паглядзіце хаця б на так званы «слуцкі пояс» — ён намаляваны няправільна. Яны зрабілі нешта пярэстае, незразумела завязанае.

У 1970-х Януша разам з іншымі радзівілаўскімі партрэтамі рэстаўравалі ленінградскія майстры Міхаіл Маркаў і Ананій Брындараў.

Сваіх рэстаўратараў у БССР яшчэ не было, 50 гадоў таму мы толькі-толькі пачыналі. Ёсць у гэтым сімвалічнае значэнне: сканчалася эра замежнай рэстаўрацыі і пачыналася эпоха нацыянальнай. Сёння мы самі рэстаўруем гэты партрэт, і ў гэтым мне бачыцца нешта сімвалічнае — нібы здаём экзамен паўвекавога спасціжэння сваёй прафесіі.

Нейкі час мне здавалася, што ленінградскія рэстаўратары прыехалі, раскрылі ўсе слаі да арыгінала, а потым не захацелі таніраваць, бо гэта працаёмкая работа, пашкадавалі часу. Я насіў гэта як камень на сэрцы: такія спецыялісты, ды як яны маглі? Ці то гэта такая знявага да нашага жывапісу, ці то што…

Насамрэч, яны зрабілі зандажы жывапісу, і, відаць, захаванасць падалася ім такой нязначнай, што яны вырашылі не выдаляць слой ХІХ стагоддзя. Яны рэстаўравалі яго, здублявалі палатно на новую аснову, затаніравалі страты жывапісу — а глыбей не палезлі.

Так партрэт і вісеў 50 гадоў. Паколькі майстры былі масцітыя, не ўзнікала сумневу ў іх рабоце.

А мы ў экспазіцыі і навуковым абароце замест партрэта XVII стагоддзя мелі запіс ХІХ-га, рэстаўраваны ў ХХ-м.

Хто аўтар партрэта

— Аўтарства вызначана дакладна, — кажа Аркадзь Шпунт. — Калі мы раскрылі жывапіс, выклікалі спецыялістаў з Гданьска, у якіх ёсць творы Даніэля Шульца. І яны адразу пазналі яго руку. Ясна, чаму раней пазнаць не маглі, — стылістыка арыгінала вельмі адрозніваецца ад слоя ХІХ стагоддзя.

Даніэль Шульц (1615—1683) — патомны мастак родам з Гданьска. Стыль яго сфарміраваўся пад уплывам галандскіх і фламандскіх жывапісцаў XVII стагоддзя. Быў партрэтыстам пры двары ўладароў Рэчы Паспалітай Яна Казіміра Вазы, Міхала Вішнявецкага і Яна Сабескага, стварыў шэраг магнацкіх партрэтаў. Акрамя таго, надзвычай таленавіта маляваў жывёл.

— Мяркуючы па ўсім, Шульц рабіў падрыхтоўчы малюнак з натуры, — кажа Аляксандр Лагуновіч. — Таксама Шульц, відаць, асобна зрабіў замалёўку галавы. А ўсё астатняе маляваў з манекена — так у той час стваралі парадныя партрэты. Сам Януш не пазіраваў — не будзе ж Радзівіл месяц стаяць перад мастаком! Парадная вопратка надзявалася на манекен, яго ставілі ў патрэбную позу… Потым дамалёўвалі рукі. Таму не факт, што рукі на партрэце належаць Янушу.

Колькі часу пайшло на рэстаўрацыю

— Ад рэнтгену да сёння прайшло два гады. Работ зроблена на 99 %. Да 17 сакавіка партрэт на выставе ў Мастацкім музеі, а пасля будзем заканчваць, пазаймаемся яшчэ, можа, паўгода. Будзем таніраваць, пакрываць лакам. Рыхтаваць раму. Яе выканалі па аналагу XVII стагоддзя, — адзначае Аркадзь Шпунт.

Цяпер мы маем арыгінальны жывапіс XVII стагоддзя рукі Даніэля Шульца.

Як цяпер з гэтым жыць

— Выкладчыкі скардзяцца: раней карціна была больш інфарматыўная, расказваць студэнтам пра гісторыю касцюма было значна лепш! — смяецца Аляксандр. — У тым сэнсе, што на ім прысутнічаў слуцкі пояс. Але людзі і не задумваліся, што ў часы напісання партрэта слуцкай мануфактуры не існавала!

— Людзі глядзяць на арыгінал сённяшнім вокам і разважаюць, што з рукой нешта не тое, а што — сказаць не могуць. Ім нязвыкла гэта, як і жупан, які раней быў як шынель і не сцёганы. Але сёння навукоўцы маюць магчымасць працаваць з сапраўдным творам XVII стагоддзя, а наведнікаў музея не ўводзіць у зман позні жывапіс.

Ці будуць іншыя сармацкія партрэты правяраць на рэнтген

— Трэба глядзець і рэвізаваць усё, што ёсць. Але пакуль у нас няма ўмоў, дзе можна рабіць такую сур’ёзную работу. Павінна быць святло, прыстасаванне. І многае, што адпавядае сапраўднай рэстаўрацыйнай майстэрні. Спадзяюся, я яшчэ паспею папрацаваць у такіх умовах, хаця б пад канец свайго працоўнага шляху, — Аркадзь Шпунт займаецца рэстаўрацыяй ужо 49 гадоў.

***

Адкрыцці па ходу

— Супрацоўнік музея Станіслаў Чавус выказаў гіпотэзу, што гэты рысунак — накід з натуры да партрэта Януша Радзівіла.

На рысунку ёсць сетка, яна патрэбна, каб пераносіць маштабы. Сетка была зроблена таксама і на нашым палатне. Рысунак перанеслі, толькі павялічылі адпаведна, — тлумачыць Аляксандр Лагуновіч.

— Тут бачым рэальныя рысы: напрыклад, у Януша плечы не вельмі шырокія і ўвесь выгляд не такі гераічны, як на партрэце. Цікава назіраць, як у XVII стагоддзі накід з натуры трансфармаваўся ў парадны партрэт, якія рысы падкрэсліваліся.

***

Януш Радзівіл: чалавек, які бачыў Беларусь у саюзе са Швецыяй, а не Польшчай ці Расіяй

Гетман ВКЛ, ваявода віленскі і стараста барысаўскі займеў, дзякуючы раману Генрыка Сянкевіча «Патоп», амплуа здрадніка ды крывадушніка, бо «здаў» Рэч Паспалітую Швецыі. Але ці не было гэта спробай вярнуць ВКЛ незалежнасць? І вывесці на іншы шлях развіцця: ані каталіцызм, ані праваслаўе, але пратэстантызм, які выбралі краіны Скандынавіі?

Януш Радзівіл (1612—1655) пражыў усяго 43 гады, але пра яго асобу спрачаюцца і сёння. Ён быў кальвіністам, плаціў стыпендыі пратэстанцкай моладзі для вучобы за мяжой.

Сам вучыўся спярша ў Слуцку, у кальвінісцкай гімназіі, потым у замежных універсітэтах. Але «Марсава навука» яму была больш даспадобы. У 1633 годзе 21-гадовы князь, на свае грошы наняўшы тысячу пехацінцаў і дзвесце драгунаў, бараніў Смаленск ад маскоўскага войска. Горад тады ўдалося адстаяць.

Як уплывовы магнат, Януш быў у свіце караля, але меў дзёрзкі нораў. Гэта яму, нібыта, належаць словы «прыйдзе час, калі мы палякаў праз вокны будзем выкідаць».

Радзівілы ў той час не мелі піетэту да Кароны і пальшчызны, яны самі хацелі быць «каралямі Літвы».

***

Радзівілаўскі нос

Мода на сармацкі партрэт з’явілася ў XVI стагоддзі і трымалася ў ВКЛ дзвесце год. Ён быў своеасаблівым сімвалам стабільнасці. Хай сабе тэхніка малявання пайшла далей, шляхта і магнаты патрабавалі ад мастакоў маляваць сябе ў карціннай ненатуральнай позе, з анатамічнымі скажэннямі — абы было як на партрэтах продкаў.

Сармацкі партрэт не мусіў перадаваць жывы характар. Чалавек на партрэце перш за ўсё быў прадстаўніком свайго клана, піша даследчыца Лада Клімуць у кнізе «Сармацкая культура беларускай шляхты ў XVI—XVIII стагоддзях». Нават партрэтнае падабенства мела служыць доказам прыналежнасці да шляхетнага роду, чысціні паходжання. Мастак адмыслова вылучаў фамільныя рысы — у выпадку Радзівілаў на партрэтах акцэнтаваліся іх вялікія насы.

Падрыхтавала Паўліна Скурко