Проект портала
Как Россия блокировала реформы в Речи Посполитой
13.06.2019 / 15:18

Чтобы Речь Посполитая сохранилась как государство, ей надо было изменить как политический строй, так и экономическую жизнь, и одновременно систему обороны и безопасности. В Петербурге и Берлине это понимали и поэтому тщательно следили, чтобы в РП ничего не менялось.

Карціна Яна Матэйкі «Рэйтан, або Заняпад Польшчы» прысвечаная падзеям сойма 1773 года, які скончыўся першым падзелам Рэчы Паспалітай.

Спробу рэфармаваць Рэч Паспалітую ў 1760-я звязваюць з імем Адама Казіміра Чартарыйскага — аднаго з найуплывовейшых магнатаў, кіраўніка «Фаміліі» Чартарыйскіх, якая была нечым накшталт кіроўнай палітычнай партыі ў краіне. Пасля смерці караля Аўгуста ІІІ Саксонскага карону мог атрымаць і сам Адам Чартарыйскі, але палічыў за лепшае застацца ў цяні і адмовіўся на карысць свайго стрыечнага брата Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Каб перамагчы канкурэнтаў, партыю Патоцкіх, Чартарыйскія звярнуліся па дапамогу да Расіі.

Канвакацыйны сойм 1764 года ў Варшаве, на якім Панятоўскі быў абраны каралём, адбываўся пад аховай расійскіх войскаў з гарматамі. Частка дэлегатаў пакінула яго. Чартарыйскія скарысталіся адсутнасцю апазіцыі, каб арганізаваць галасаванне за рэформы. Іх пералік дапамагае зразумець асноўныя праблемы краіны на той час.

Сойм пастанавіў скасаваць права ліберум вета; забараніць магнатам збіраць прыватныя мыты (і збіраць толькі дзяржаўныя, у бюджэт); забараніць на неакрэслены час утвараць канфедэрацыі; стварыць у Кароне і ВКЛ цэнтральныя органы ўлады — скарбовыя і вайсковыя камісіі; скасаваць прысягу будучых паслоў у сойм на «пасольскіх інструкцыях» на мясцовых сойміках; уніфікаваць сістэму мер і вагаў; удасканаліць падаткаабкладанне яўрэйскіх кагалаў; абмежаваць уладу гетманаў; упарадкаваць дзяржаўную зямельную маёмасць; зменшыць магнацкія прыватныя войскі — тагачасныя «ЧВК», прыватныя вайсковыя кампаніі — да 300 чалавек.

Узамен за расійскую падтрымку сойм прызнаў за Кацярынай ІІ тытул «імператрыцы Усяе Русі». Гэтая дробненькая, здавалася б, саступка дазволіць ёй у будучыні прэтэндаваць на землі сучаснай Беларусі і Украіны падчас падзелаў Рэчы Паспалітай.

За наступныя чатыры гады, адзначалі назіральнікі, нягледзячы на складаныя ўмовы, эканамічнае жыццё ў краіне ажывілася, пачалася падрыхтоўка сучасных вайсковых кадраў, пазначыліся пазітыўныя зрухі ў палітычным жыцці.

Гэта не ўваходзіла ў планы суседніх дзяржаў, якія збіраліся ў перспектыве падзяліць Рэч Паспалітую. Расійскі пасол Мікалай Рапнін пад’юджваў кансерватыўную частку магнатаў супраць караля, на ўтварэнне Радамскай канфедэрацыі пад лозунгам вяртання даўнейшых шляхецкіх вольнасцяў. Следам прайшоў і сойм, які атрымаў назву «рапнінскага». На мясцовых сойміках, шляхам узброенага ціску і подкупу, абіраліся прарасійскія дэлегаты. Сойм сабраўся ў 1767 годзе ў Варшаве, ізноў пад кантролем расійскіх войскаў.

У лютым 1768 года дэлегаты ўхвалілі «Кардынальныя правы», якія адмянялі пастановы рэфарматараў і пацвярджалі старажытныя прывілеі шляхты. Ізноў заканадаўча былі замацаваныя выбарнасць каралёў, захаванне «на вечныя часы» ліберум вета, выключнае права шляхты на заняцце свецкіх і духоўных пасад, непарушнасць яе феадальных уладанняў, удзел у кіраванні дзяржавай нароўні з каралём і сенатарамі. Усё гэта вяртала Рэч Паспалітую ў часы «Генрыкавых артыкулаў», у XVI стагоддзе.

У тыя самыя дні ў аточанай расійскімі войскамі Варшаве кароль Станіслаў Аўгуст падпісаў трактат пра «вечную дружбу» з Расіяй. Гэтая дамова ператварала Рэч Паспалітую ў расійскі пратэктарат.

Супраць замежнага ўмяшання паўстала Барская канфедэрацыя. Расійскія войскі яе аператыўна задушылі, і ў 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай.

Апошняя спроба правесці кардынальныя рэформы ў краіне была зроблена падчас Чатырохгадовага сойма 1788—1791 гадоў. Сойм прыняў першую ў Еўропе канстытуцыю, якая дэкларавала ператварэнне Рэчы Паспалітай у канстытуцыйную манархію, скасоўвала ліберум вета і права шляхты на канфедэрацыю, выразна вызначала функцыі выканаўчай, заканадаўчай і судовай уладаў.

Але забяспечыць рэалізацыю прыгожага праекта ўжо было немагчыма. У абарону «шляхецкіх вольнасцяў» арганізавалася Таргавіцкая канфедэрацыя, інспіраваная Расіяй. Канфедэраты запрасілі ў Рэч Паспалітую статысячнае расійскае войска. Кароткая вайна скончылася капітуляцыяй караля і другім падзелам дзяржавы.

АС