Праект партала
Біяграфіі БНР: хто ўваходзіў у першы беларускі кабмін
23.03.2021 / 22:36

Калектыўны партрэт склаў кандыдат гістарычных навук Андрэй Буча.

Яшчэ з пачатку 1990-х узнікла традыцыя падпісваць гэты здымак так: «Народны сакратарыят БНР на чале з Язэпам Варонкам». Такі подпіс, аднак, не зусім дакладны, бо, хоць большасць выяўленых на ім сапраўды былі сябрамі першага беларускага ўрада, Алесь Бурбіс, Антон Аўсянік і Васіль Захарка ў ягоны склад у якасці народных сакратароў не ўваходзілі. Невядомая і дакладная дата, калі быў зроблены здымак, вядомы толькі год — 1918-ы, у прамежку з мая па жнівень. Месца фатаграфавання — Менск. Фота: БДАМЛіМ.

Першыя міністры Беларускай Народнай Рэспублікі былі зусім маладымі. Тамашу Грыбу было ўсяго 22 гады, а найстарэйшым, Івану Сераду і Пятру Крачэўскаму, — па 38. Сярэдні ўзрост урада складаў усяго 30 гадоў (паводле звестак пра 11 чалавек).

Большасць міністраў-беларусаў былі ў нацыянальным руху людзьмі новымі. Пазнаёміліся з ім у часы Першай сусветнай, а ўключыліся ў працу толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Найбольшы стаж меў Аркадзь Смоліч, ён далучыўся да Беларускай сацыялістычнай грамады яшчэ ў 1910-м. Гэтаксама і Леанард Заяц — яшчэ да вайны ён стаў сябрам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.

Абвестка №2 Народнага сакратарыята Беларусі аб сваім персанальным складзе. Менск, 8 (21) лютага 1918 года.
Фота: НАРБ.

Дзеці сялян, святароў, афіцэраў

«Вялікіх паноў» у гэтым урадзе не было. Серада, Смоліч, Крачэўскі былі сынамі вясковых святароў і дзякоў. Бацька Канстанціна Езавітава быў афіцэрам, Палуты Бадуновай — арандатарам маёнтка, Тамаша Грыба — незаможным селянінам (меў толькі 5 дзесяцін зямлі), Леанарда Зайца — мешчанінам. Пра бацькоў Варонкі і Бялевіча нічога невядома.

Язэп Варонка. Фота: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Хоць беларусы і мелі імідж сялянскай нацыі, толькі чатыры народныя сакратары нарадзіліся на вёсцы (Смоліч, Серада, Крачэўскі, Грыб). Бялевіч і Езавітаў гадаваліся ў гарадах, Бадунова, Варонка і Заяц — у мястэчках.

Мужыцкі кабмін

Пяцёра беларусаў-урадоўцаў (Варонка, Грыб, Заяц, Крачэўскі, Серада) былі ўраджэнцамі заходняй часткі Беларусі. Смоліч, Бадунова, Бялевіч і Езавітаў паходзілі з усходу ці цэнтра.

Радзіма Язэпа Варонкі і Канстанціна Езавітава знаходзіцца за межамі сучаснай Рэспублікі Беларусь, хоць і ўваходзіць у беларускі этнічны абшар. Гэта Кузніца ў Польшчы і Дзвінск (цяперашні Даўгаўпілс) у Латвіі.

Тамаш Грыб. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь.

Каталікоў ва ўрадзе было толькі двое — народны сакратар земляробства Грыб і кіраўнік спраў урада Заяц. Астатнія міністры-беларусы былі праваслаўнымі. Праўда, пра рэлігійнасць міністраў казаць можна толькі ўмоўна. Бо ўсе народныя сакратары былі сацыялістамі і да рэлігіі ставіліся скептычна. Аніводнага палітыка з правымі поглядамі ва ўрад не трапіла. Адзін нямецкі чыноўнік назваў кабінет Варонкі цалкам «мужыцкім». Не варта, аднак, разумець выраз літаральна. «Мужыцкі» ў той час было сінонімам слова «сялянскі». Але памятаем, што далёка не ўсе сябры ўрада Варонкі выйшлі з сялянскіх хат. Проста публічная рыторыка іх усіх была накіравана на абарону інтарэсаў незаможных сялян.

Савецкія гісторыкі свядома хлусілі, называючы ўрад БНР «буржуазным» і «нацыяналістычным». На самай справе ўсё было якраз наадварот.

У Другой Устаўной грамаце БНР абвяшчалася пра скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і дэкларавалася права меншасцей на нацыянальна-персанальную аўтаномію.

Аркадзь Смоліч. Фота: БДАМЛіМ.

Цікава, што пры ўсім сацыялізме двое народных сакратароў, Аркадзь Смоліч і Пятро Крачэўскі, мелі за плячыма духоўныя семінарыі. У абодвух бацькі былі вясковымі дзякамі, а гэта амаль прадвызначала будучыню і дзецям. На практыцы, аднак, тагачасныя духоўныя семінарыі былі адной з кузняў рэвалюцыйных кадраў. Фармалізм і крывадушніцтва, якія там панавалі, выклікалі пратэст, адбівалі веру. Таму семінарысты нярэдка ўступалі ў партыі і арганізацыі з левай радыкальнай ідэалогіяй. Найбольш вядомая асоба з такой біяграфіяй — Іосіф Сталін.

Пятро Крачэўскі. Фота: БДАМЛіМ.

Пераважалі юрысты і настаўнікі

Вышэйшую адукацыю мелі толькі тры міністры-беларусы — Серада (ветэрынар), Заяц і Бялевіч (юрысты). Вучыліся, але не скончылі ВНУ Смоліч, Варонка, Грыб і Бадунова. Крачэўскі і Езавітаў мелі сярэднюю адукацыю.

Большасць вучылася ў ВНУ ў Пецярбургу, і толькі двое, Смоліч і Серада, паступілі ў вышэйшыя школы на тэрыторыі Польшчы: першы — у Пулавы на Любліншчыне, другі — у Варшаву.

Некаторыя ў юнацтве пацярпелі за палітыку. Яўхіма Бялевіча ў 1907 годзе выключылі з Мінскай гімназіі за ўдзел у вучнёўскіх беспарадках. Аркадзь Смоліч у 1910 годзе за арганізацыю дзвюх студэнцкіх дэманстрацый і страйку быў вымушаны пакінуць Інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах.

Пашпарт Леанарда Зайца. Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

Найбольшы працоўны досвед мелі Крачэўскі, Серада і Заяц. Пятро Крачэўскі настаўнічаў на Беласточчыне і ў Ваўкавыскім павеце, а потым служыў у Віленскім дзяржаўным банку. У Мар’інагорскім сельскагаспадарчым вучылішчы пяць гадоў выкладаў Іван Серада, адначасова працаваў ветэрынарам. Юрыст Леанард Заяц быў у штаце Віленскай губернскай акцызнай управы, потым стаў адказным сакратаром менскага аддзела Усерасійскага земскага саюза. Там жа працаваў Аркадзь Смоліч.

Амаль не паспелі папрацаваць Яўхім Бялевіч (адразу пасля атрымання дыплома яго прызвалі ў войска), Тамаш Грыб. Літаральна пару гадоў настаўнічаў Езавітаў. Затое Палута Бадунова выкладала ў школах на Гомельшчыне 9 гадоў.

Такіх, хто б дасягнуў кар’ерных вышынь, сярод міністраў першага ўрада не было.

Палова ваявала

Пяцёра ўрадоўцаў ваявалі на франтах Першай сусветнай. Асобы ўпаўнаважаны па вайсковых справах, 24-гадовы Канстанцін Езавітаў, нават меў вайсковую адукацыю — скончыў Паўлаўскае вучылішча ў Петраградзе і даслужыўся да чына паручніка. Іван Серада працаваў вайсковым ветэрынарам. Для яго гэта была ўжо другая вайна — раней давялося паваяваць на Маньчжурскім фронце расійска-японскай вайны. У званні штабс-капітана службу праходзіў Яўхім Бялевіч. У расійскую армію таксама прызываліся Пятро Крачэўскі і Тамаш Грыб.

Канстанцін Езавітаў. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь.

Палова — халасцякі

Многія з першага ўрада БНР у 1918 годзе яшчэ не стварылі сям’і. Іван Серада і Аркадзь Смоліч знаходзіліся ў Менску ўжо разам з сем’ямі. Жонка Смоліча, Алеся Каткоўская, акурат нарадзіла першынца Максіма, а дзецям Серады, Мікалаю і Наталлі, у 1918 годзе было 10 і 9 гадоў. Сямейным чалавекам быў і Пятро Крачэўскі. Цікава, што яго жонка Марыя Барткевіч была каталічкай, а сам Крачэўскі быў з дынастыі праваслаўных святароў. Жонка Леанарда Зайца, Клара, паходзіла з вядомага роду Эпімах-Шыпілаў.

Нешчаслівае каханне «жалезнай лэдзі»

Адзінай жанчынай на міністэрскай пасадзе была 32-гадовая Палута Бадунова. Яна займалася пытаннямі сацыяльнай апекі. Палута нарадзілася ў гомельскім прадмесці Навабеліца ў заможнай праваслаўнай сям’і, працавала ў вясковых школах настаўніцай рускай мовы і геаграфіі. У 1914 годзе паехала ў сталіцу імперыі на Вышэйшыя гісторыка-літаратурныя курсы. У 1917-м з галавою кінулася ў вір палітычнага жыцця і далучылася да беларускага руху.

Палута Бадунова. Фота: БДАМЛіМ.

У канцы 1917 года Палута прыехала ў Менск, дзе ўдзельнічала ў працы Усебеларускага з’езда. Тут яна сустрэла 22-гадовага Тамаша Грыба і адразу закахалася: «Длінныя каштанавыя валасы, бакі, бледны твар і рэзкай формы схадзячыяся над носам бровы рабілі адразу яго заметным сярод другіх. Самае сільнае ўражанне зрабілі на мяне яго вочы. Пачці незямная дабрата, ціхая грустная насмешка над суятой зямной, так і глядзелі з глубіны не то карых, не то шэрых вялікіх вачэй яго», — пісала яна.

Узгадаванай у рускай культуры міністарцы Бадуновай няпроста давалася беларуская мова. На пасяджэннях урада яна заўжды выступала па-руску.

Для Тамаша Палута была паплечніцай, а кахаў ён маладую прыгажуню Паўліну Мядзёлку.

Бадунова пакутавала ад непадзеленага кахання ўсё жыццё.

«Бязумная туга» (як сама жанчына характарызавала свой стан) прымусіла яе пісаць лісты ў дзяржаўныя органы БССР з заклікам мусова прывезці ў Менск таварыша Грыба.

Як усё скончылася

Пяць народных сакратароў — Бадунова, Заяц, Бялевіч, Серада і Смоліч, — крыху патуляўшыся на эміграцыі, вярнуліся ў савецкі Менск. Працавалі ў дзяржапараце, навуковых установах… Усе яны сталі ахвярамі рэпрэсій. Бадунову і Смоліча расстралялі, астатнія пагінулі ў турмах і лагерах.

Подпісы сяброў Народнага сакратарыята БНР пад Трэцяй Устаўной граматай БНР ад 25 сакавіка 1918 года. Фота: НАРБ.

Ураджэнец Дзвінска Канстанцін Езавітаў у 1920-я вярнуўся на радзіму і стаў грамадзянінам незалежнай Латвіі. У міжваенны час ён быў рухавіком беларускай справы ў гэтай краіне. Падчас Другой сусветнай браў удзел у фармаванні беларускіх вайсковых частак пад нямецкім кантролем, у красавіку 1945-га арыштаваны смершам, у наступным годзе памёр у турме ці быў расстраляны.

Пятро Крачэўскі і Тамаш Грыб у шчырасць бальшавікоў не паверылі і да смерці (першы — у 1928-м, другі — у 1938-м) засталіся на эміграцыі ў Празе. А старшыня ўрада, Язэп Варонка, трыццаць з лішкам апошніх гадоў свайго жыцця пражыў у ЗША.

 ***

Кароткая гісторыя першага беларускага ўрада

Ён назваўся Народным сакратарыятам і быў утвораны 20 лютага 1918 года. Немцы занялі Менск і 25 лютага выгналі кабмін з сядзібы ў Губернатарскім доме, скінуўшы з будынка бел-чырвона-белы сцяг. Праз тры дні дазволілі ўзнавіць дзейнасць, праўда, толькі як беларускага прадстаўніцтва.

Спярша ў сакратарыяце было 12, потым 15 чалавек — далучыліся прадстаўнікі земстваў, гарадоў і нацыянальных меншасцей. Урад быў інтэрнацыянальным: адзінаццаць беларусаў, два яўрэі, украінец і рускі. Палякаў ва ўрадзе не было.

Пасля абвяшчэння незалежнасці БНР урад пакінулі пяцёра нязгодных: эсэры Іван Макрэеў (украінец), Павел Злобін (рускі), Гелій Белкінд (яўрэй), Віктар Рэдзька (беларус) і сіяніст-сацыяліст Майсей Гутман (яўрэй). Засталося дзесяць міністраў, прычым усе беларусы. Праз месяц, пасля тэлеграмы германскаму кайзеру, выйшлі беларускія эсэры Яўхім Бялевіч і Тамаш Грыб, Аляксандр Карач і Палута Бадунова. Народных сакратароў засталося шасцёра. 9 ліпеня на змену старому ўраду прыйшоў больш правы кабінет на чале з буйным землеўласнікам Раманам Скірмунтам.

Калектыўны партрэт урада Язэпа Варонкі ў яго найбольш поўным, 15-асабовым складзе, зрабіць складана. На сёння нам амаль нічога невядома пра такіх народных сакратароў, як Аляксандр Карач, Віктар Рэдзька, Іван Макрэеў і Гелій Белкінд. Пра Рэдзьку мы ведаем толькі тое, што ён быў інжынерам-чыгуначнікам, пра Белкінда і Макрэева — што яны былі членамі партыі расійскіх эсэраў. Карач таксама быў эсэрам, але беларускім. Пра Майсея Гутмана і Паўла Злобіна вядома больш, але іх асаблівае становішча ва ўрадзе (да таго ж сітуацыйнае і кароткатэрміновае) таксама ўскладняе ўключэнне ў агульную схему. Таму ў гэтым артыкуле мы ў асноўным гаворым толькі пра дзевяць міністраў-беларусаў, жыццяпісы якіх на сёння дастаткова добра даследаваныя.

Першы Народны сакратарыят БНР у максімальным складзе

***

Прэм’ер, які з усімі перасварыўся

На чале першага ўрада БНР стаяў 26-гадовы Язэп Варонка, амбітны і канфліктны. Перасварыўся, бадай, з усімі. Ніхто з паплечнікаў не ўспамінаў яго добрым словам.

Нарадзіўся Варонка на беларуска-польскім памежжы, у Кузніцы (цяпер тут памежны пераход). Цікава: з таго ж мястэчка паходзіў і стваральнік ідэалогіі заходнерусізму Міхаіл Каяловіч.

Некаторы час Варонка правучыўся на юрфаку Пецярбургскага ўніверсітэта, але за неўнясенне платы быў выключаны. Займаўся журналістыкай, спрабаваў пісаць вершы (пад псеўданімам Юрый Вегаў). Вось якім ён запомніўся аднаму са сваіх калег: «Высокі прыгожы брунет, ён хадзіў не ў сціплай тужурцы, а ў адмыслова пашытым студэнцкім сурдуце, зашпіленым на ўсе гузікі. Падкрэслена запаволены, заўсёды чыста паголены, валасы на прабор і нязменная памада. Ужываў дарагую мужчынскую парфуму й добра знаўся з ёю. Жыў ён у памяшканні рэдакцыі, спаў на стосах непрададзеных газет (а іх тут былі горы). Заробленае прагульваў за лічаныя дні, а пасля любіў наспеўваць нешта пра кішэню з дзюркай».

Пасля выхаду ў адстаўку Варонка працаваў ва ўрадзе Антона Луцкевіча як міністр унутраных спраў, а затым быў міністрам беларускіх спраў ва ўрадзе Літоўскай Рэспублікі. У студзені 1919-га раз’юшаны Луцкевіч напіша: «Я ўрэшце пераканаўся, што Варонка — брудная і маленькая фігурка, якая працуе не для беларускай справы, а для сваёй кар’еры. Яму ўсё роўна, на каго абаперціся, абы была сіла».

У 1923-м Варонка выехаў за акіян, жыў у Чыкага. Памёр у 1952 годзе, перажыўшы ўсіх сяброў свайго ўрада.

 ***

Павел Злобін, рускі ва ўрадзе БНР

Ураджэнец Разані і патомны дваранін, ён быў членам партыі эсэраў, прайшоў турмы і ссылкі. У часы Першай сусветнай працаваў у земскіх установах. Менавіта па гэтай лініі Злобін трапіў у Менск і воляй лёсу спрычыніўся да стварэння беларускай дзяржаўнасці — быў кааптаваны ад Менскага земства ва ўрад БНР.

Ужо праз месяц Злобін выйшаў з Народнага сакратарыята, пратэстуючы супраць Трэцяй Устаўной граматы, якая абвяшчала незалежнасць Беларусі ад Расіі. Ён выехаў у Маскву і больш у Беларусь не вяртаўся. Захоўваючы вернасць эсэраўскім прынцыпам, Злобін заставаўся ў апазіцыі і да 1923 года пастаянна арыштоўваўся. Жыццё скончыў у ссылцы ва Уфе.

Быў двойчы жанаты, і абедзве жонкі былі паплечніцамі па партыі. Першая, Лідзія Даброва-Ядрынцава, брала ўдзел у замаху на маскоўскага граданачальніка, а ў сібірскай ссылцы захапілася вывучэннем малалікага паўночнага народа — кетаў. Народжаны ў гэтым шлюбе сын, Сцяпан Злобін, яшчэ да вайны стаў вядомым аўтарам гістарычных раманаў. У 1952 годзе за эпапею «Сцяпан Разін» ён нават атрымаў найпрэстыжнейшую Сталінскую прэмію. Прытым што ўсю вайну пісьменнік прабыў у нямецкім палоне! Такі факт біяграфіі быў кляймом, але Злобіна, як сведчыў Канстанцін Сіманаў, падтрымаў сам Сталін, які любіў яго творы.

 ***

Нікому з першых беларускіх міністраў лёс не судзіў доўгага жыцця

Найдаўжэй пражыў Іван Серада. Дата ягонай смерці невядомая, але 19 лістапада 1943 года, калі ён апошні раз згадваецца ў дакументах, яму было 64 гады. Язэп Варонка дажыў да 61 года, Яўхім Бялевіч — да 54, Палута Бадунова — да 53, Канстанцін Езавітаў — да 52, Пятро Крачэўскі — да 48, Аркадзь Смоліч — да 46, Леанард Заяц — да 45. А найкарацейшае жыццё лёс адвёў Тамашу Грыбу — усяго 42 гады.

Андрэй Буча