Проект портала
Западная Беларусь Пример для депутатов: как действовали послы-белорусы в польском парламенте 20-х
13.08.2019 / 16:02

«Яшчэ была вялікая шафа, якой адгароджваўся невялікі закуток. Там, на раскладзеным на падлозе сенніку, часта начаваў сенатар польскага парламента — гэта як дэпутат Савета Рэспублікі ў нашы часы — Аляксандр Уласаў». Піша гісторык Андрэй Вашкевіч.

Гмінны пісар нават не ўстаў з-за стала і, гледзячы проста ў вочы дэпутату Сейма Сымону Раку-Міхайлоўскаму, сказаў: «Нестэты, пане посьле, вуйт выехал до Ліды в справах службовых, бэндзе тылько ютро» («На жаль, пане дэпутаце, войт выехаў у Ліду па службовых справах, будзе толькі заўтра»). Рак-Міхайлоўскі мацюкнуўся сам сабе: заўтра яму ўжо трэба быць у Варшаве, а сяляне самі ніяк не прымусяць войта засведчыць іх заявы на адкрыццё беларускай школы ў гміне. Засмучаны, ён дастаў пачак папярос і перад тым, як пакінуць будынак гміны, закурыў. Раптам з-за прыадчыненых дзвярэй вялікай канцылярскай шафы пачуўся кашаль, і адтуль вываліўся пачырванелы войт. Пакуль ён у папяросным дыме даходзіў да сябе, пісар, смеючыся, канстатаваў: «Позна мы вас убачылі, пане пасол, не было толкам куды схавацца». Рак-Міхайлоўскі ўсміхнуўся і кінуў войту пачак школьных дэкларацый: «Рэгіструйце. І сёння ў вашай гміне мы стварылі яшчэ некалькі новых гурткоў Таварыства беларускай школы».

Народныя дэпутаты

Самая знакамітая заходнебеларуская культурна-асветная арганізацыя пачыналася з пакоя ў віленскай камяніцы. Тут былі два сталы, некалькі крэслаў і доўгая скрыня, на якой падчас пасяджэнняў сядзелі сябры ТБШ.

Яшчэ была вялікая шафа, якой адгароджваўся невялікі закуток. Там, на раскладзеным на падлозе сенніку, часта начаваў сенатар польскага парламента — гэта як дэпутат Савета Рэспублікі ў нашы часы — Аляксандр Уласаў.

Беларускія дэпутаты мусілі прысутнічаць на пасяджэннях і, прыехаўшы з Варшавы на дзень-два, не мелі нават часу пабачыцца з сем’ямі. Пераначаваўшы ў халодным пакоі на Віленскай, 12, яны ранкам кіраваліся ў правінцыю, у бок Гродна, Баранавічаў, Глыбокага, Вілейкі, каб закладаць новыя гурткі Таварыства беларускай школы і бараніць мясцовых сялян ад свавольства ўладаў.

Акруговы з'езд ТБШ у Гродне. У цэнтры з букетамі кветак Аляксандр Уласаў і Рыгор Шырма. 1928 год.

Таварыства беларускай школы паўстала ў 1921 годзе на тэрыторыі так званай Сярэдняй Літвы, якая ў хуткім часе стала Віленскім ваяводствам Польшчы. Пад дэкларацыяй аб стварэнні ТБШ стаяць прозвішчы больш чым паўсотні чалавек: Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Адам Станкевіч, Макар Краўцоў (Касцевіч), Сымон Рак-Міхайлоўскі… Што ні асоба — то легенда.

Школьны плебісцыт

Чым займаліся дзеячы ТБШ? Галоўная задача была — выратаваць беларускія школы.

Дзеля гэтага яшчэ ў сярэдзіне 1920-х у Заходняй Беларусі прайшоў школьны плебісцыт, калі свае заявы на адкрыццё беларускіх школ падалі дзясяткі тысяч бацькоў. Улады вельмі супраціўляліся гэтай ініцыятыве (хоць яна праходзіла ў поўнай адпаведнасці з законамі аб мовах, прынятымі парламентам у 1924 годзе), аднак вымушаныя былі адкрыць некалькі дзяржаўных беларускіх школ, а таксама дзясяткі польска-беларускіх. Патроху развівалася і прыватнае беларускае школьніцтва.

Трэба было старацца і захаваць тыя беларускія школы, якія ўтварыліся яшчэ «да палякаў», у 1916—1920 гадах. Гэтыя школы давалі працу для соцень настаўнікаў.

Аляксандр Уласаў з сям'ёй. Фота: Wikimedia Commons.

Акрамя таго, таварыства адкрывала бібліятэкі-чытальні і ставіла тэатральныя пастаноўкі.

Паколькі польскія ўлады забаранялі ставіць «неадцэнзураваныя» п’есы, то творы беларускіх драматургаў трэба было правесці праз цэнзуру, а пасля надрукаваць. Усё гэта клалася на плечы цэнтральных органаў ТБШ.

Актывісты вучылі п’есы, рыхтавалі сцэнаграфію, касцюмы, а гледачы збіраліся з дзясяткаў вёсак. Папулярнымі былі п’есы «Змагары за ідэю» І.Тагабочнага, «Дрыгва», «Чорт і баба» Ф. Аляхновіча, «Пакой у наймы» (пераклад з польскай Міхася Чарота), «Боты», «Пашыліся ў дурні» (пераклад з украінскай). Шалёнай папулярнасцю карысталася п’еса «Збянтэжаны Саўка» Леапольда Родзевіча.

Гурток у вёсцы Заполле. 1930-я гады.

Мясцовыя ўлады часта забаранялі наогул збірацца на вольным паветры ці ў гаспадарчых пабудовах: маўляў, спаліце вёску. Таму важнай задачай стала пабудова беларускіх народных дамоў.

Сяляне неслі дзеля будаўніцтва апошнюю залатоўку, а некаторыя нават царскі залаты пяцірублёвік ці заробленыя за акіянам даляры.

Цягам 1920-х гадоў ТБШ збудавала каля сарака народных дамоў, дзе былі і бібліятэкі, і месца для рэпетыцый ды тэатральных пастановак.

«Выхад ёсць»

На піку развіцця ў 1927 годзе ТБШ мела амаль 500 гурткоў і налічвала каля дзесяці тысяч сяброў.

Найбольш гурткоў было на Наваградчыне, Косаўшчыне, Слонімшчыне, Стаўбцоўшчыне, Лідчыне. Абсалютным лідарам была Гродзенская павятовая акруга ТБШ, якая налічвала аж 63 гурткі. Кіраваў ТБШ на Гродзеншчыне сціплы хлопец са Скідзеля Пятро Сяўрук, які, будучы прыхільнікам філасофіі непраціўлення злу сілай Льва Талстога, тым не менш не баяўся ні рэпрэсій паліцыі, ні турмы. У часы Пятра Сеўрука ў гродзенскае ТБШ ішлі не толькі беларусы, але і рускія, ды нават і яўрэйская моладзь.

Кнігарня ТБШ у Гродне. На фота — мясцовыя дзеячы Піліп Кізевіч і Надзея Ламашэвіч. 1920-я гады. Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

У адным са сваіх выступленняў Сяўрук казаў: «Нашыя «гаспадары» не хочуць даць нам школы, чакаючы, пакуль не зломяцца нашыя сілы і мы змоўкнем ды дабравольна згодзімся быць прыгоннымі. Але мы павінны не дапусціць гэтага і знайсці выхад са становішча. Выхад будзе такі: калі няма дзяржаўнай школы, адчыняць прыватныя, калі не даюць прыватных, дык трэба вучыць у дому, калі немагчыма вучыць дзяцей, дык трэба вучыць дарослых; тым, ці другім, ці трэцім шляхам выхад усё ж такі ёсць. Яны чакаюць і спадзяюцца, што без іхняй ласкі мы загінем у цемры і зробімся працоўнай жывёлай, але мы павінны выявіць сваю жывучасць і свядомасць і здабыць сабе асвету без панскае ласкі».

Дапаможнік для беларускіх школ «Пішы самадзейна», 1929 год. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі.

Старонка з дапаможніка «Пішы самадзейна», 1929 год. Малюнкі Мікалая Васілеўскага. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі.

Па гэтых карцінках дзіцяці трэба было скласці аповед. Старонкі з дапаможніка «Пішы самадзейна», 1929 год. Малюнкі Мікалая Васілеўскага. Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі.

Камунізацыя і рэпрэсіі

Найбольшай пагрозай для ТБШ былі нават не рэпрэсіі польскіх уладаў, а ўнутраныя супярэчнасці. Унутры арганізацыі было шмат людзей, якія спачувалі камуністам, а некаторыя нават былі іх агентамі.

У пэўныя моманты даходзіла да таго, што нават галоўную задачу ТБШ — захаванне і развіццё беларускай культуры і адукацыі — некаторыя радыкалы спрабавалі абвясціць «буржуазна-нацыяналістычнай» ідэяй. З канца 1920-х гадоў кіраўніцтва ТБШ таксама ішло за радыкальнымі лозунгамі заходнебеларускіх камуністаў. Час-почас у рэзалюцыях ТБШ тэма беларускай школы адыходзіла на другі план, аддаючы першае месца дэкларацыям аб салідарнасці з кітайскімі рабочымі або пратэстам супраць «фашыстоўскай палітыкі італьянскага ўрада».

Будынак на вуліцы Віленскай у Вільні, дзе ў 1920-я знаходзіўся офіс Таварыства беларускай школы. Фота Андрэя Вашкевіча.

Польскія ўлады, у сваю чаргу, радыя былі дашукацца ў ТБШ сувязяў з камуністамі і пачалі граміць арганізацыю. Старшыняў гурткоў, мясцовых настаўнікаў кідалі ў турму на тры-чатыры месяцы, а то і на год.

Нават калі да суда над імі не даходзіла, то хлопцы і дзяўчаты нярэдка выходзілі з-за кратаў інвалідамі.

Памёр ад сухотаў у Скідзелі Пятро Сяўрук, скончыла жыццё самагубствам настаўніца са Слонімшчыны Марыя Белавус, застрэліўся паэт з-пад Лунна Міхась Явар…

Асабліва зацята ліквідаваліся гурткі на поўначы Палескага ваяводства. Польскія ўлады рыхтаваліся да перапісу 1931 года і паставілі задачу — тамтэйшых жыхароў збольшага запісаць «тутэйшымі», каб істотна зменшыць колькасць беларусаў у польскай дзяржаве. Але для гэтага трэба было паказаць, што там няма аніякай беларускай актыўнасці. Найбольшы ўдар прыйшоўся па Косаўскім павеце, дзе колькасць гурткоў зменшылася з пяцідзесяці да дваццаці.

Ледзь-ледзь, але жывыя

Пасля пагрому аджыць таварыству было няпроста. З усіх акруговых (павятовых) упраў засталася толькі Беластоцкая. Менавіта ў Беластоку ў лістападзе 1932-га прайшоў з’езд, на якім большасць сяброў пастанавіла: ТБШ павінна надаваць менш увагі палітычным лозунгам, а больш займацца культурнай работай і дапамогай сваім сябрам.

Дэманстрацыя прыхільнасці да культурна-асветнай працы дала свой плён. Народ смялей пацягнуўся закладаць новыя гурткі ТБШ, а ў лютым 1933-га кіраўніцтва арганізацыі выйграла судовы працэс па абвінавачванні ў камуністычнай прапагандзе.

А восенню 1933-га заходнебеларускія камуністы стрэлілі па кіраўніцтве ТБШ з усіх сваіх прапагандысцкіх гармат. Лідараў таварыства Рыгора Шырму, Фелікса Стэцкевіча, Мікалая Марцінчыка і іншых абвінавачвалі ў прадажніцтве, згодніцтве, жаданні знішчыць арганізацыю. Абвінавачанні былі бязглуздыя, але вельмі моцна дэмаралізавалі беларускіх патрыётаў. Уся гэтая кампанія цалкам упісвалася ў чарговы этап пагрому беларускай інтэлігенцыі ў БССР, калі акурат у 1933 годзе НКВД былі арыштаваныя былыя дэпутаты польскага Сейма, а таксама мноства іншых заходнебеларускіх дзеячаў, якія перабраліся ў БССР з Заходняй Беларусі.

Адзіным фронтам

Сітуацыя чарговы раз змянілася летам 1935 года. Камуністы спынілі крытыку кіраўніцтва ТБШ, зразумеўшы, што гэтая арганізацыя засталася адзінай значнай беларускай структурай, на якую яны маюць хоць нейкі ўплыў. Да таго моманту амаль усе беларускія школы ў Польшчы былі зачыненыя, і ТБШ вырашыла разам з Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры (БІГіК), які знаходзіўся пад уплывам беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, арганізаваць чарговы школьны плебісцыт.

У лютым 1936-га прадстаўнікі БІГіКа і ТБШ прынялі сумесную дэкларацыю адносна пачатку новага этапа змагання за беларускую школу ў Заходняй Беларусі: «Мы, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры і Таварыства беларускай школы, злучаныя адзінай воляй і жаданнем несці святло навукі беларускім дзецям у роднай мове, будзем разам з шырокімі народнымі масамі супольна дамагацца роднай беларускай школы».

Сумесная заява выклікала ў Заходняй Беларусі хвалю энтузіязму. Настолькі шырока запланаванай масавай акцыі беларускі рух не ведаў з канца 1920-х. На пачатак школьнай акцыі ўжо тады вядомы паэт Максім Танк адгукнуўся аптымістычным вершам:

Хай згуртуецца ўвесь Беларускі Народ —
і мястэчкі, і вёскі, і сёлы.
На культурны выходзьце
разгорнуты фронт,
дамагайцеся роднае школы!

Тры колы пекла

Школьная акцыя адразу сутыкнулася з зацятым супраціўленнем з боку мясцовай адміністрацыі. Паліцэйскія чыны, войты і школьныя кураторыі (аналагі нашых сённяшніх аддзелаў адукацыі) мелі загад усяляк перашкаджаць правядзенню школьнай акцыі. Бацькам, якія хацелі вучыць сваіх дзяцей на беларускай мове, у першую чаргу неабходна было атрымаць ад Школьнага сакратарыята шэраг дакументаў, пасля зарэгістраваць запоўненыя дэкларацыі ў войта і толькі тады звяртацца з імі ва ўстановы асветы. Ужо на пошце пакункі з дакументамі ад сакратарыята перахоплівала паліцыя. Іх не хацелі выдаваць адрасатам, часта мэтанакіравана знішчалі. Аднак такія спробы спыніць школьную акцыю ў самым зародку не мелі поспеху. Напрыклад, жыхары некалькіх вёсак Наваградчыны паслалі аднаго гаспадара з фурманкай у Вільню, і той, зрабіўшы за некалькі дзён дарогу ў 350 кіламетраў, прывёз са Школьнага сакратарыята бланкі заяў на адкрыццё беларускай школы.

Няпроста было атрымаць і подпісы ад войтаў. Калі дэлегацыя ад бацькоў Жыровіцкай гміны Слонімскага павета прынесла да войта на подпіс 99 дэкларацый, той паклікаў паліцэйскага, які арыштаваў бацькоў і забраў у іх дэкларацыі. Частымі былі і фізічныя здзекі: ва ўправы ТБШ і БІГіКа прыходзілі дзясяткі лістоў, дзе прыводзіліся выпадкі гвалту. У адзін з лістоў уклалі акрываўленую пасму валасоў, якую ў жыхара вёскі Акунінова выдраў мясцовы паліцэйскі. Селяніна Сокала з вёскі Зубелевічы Баранавіцкага павета ў паліцыі білі па твары, а жыхароў вёскі Вераб’евічы Слонімскага павета Ярша і Гука катавалі кітайскім спосабам: прывязаўшы да лавы, білі гумовымі дубінкамі па пятах. Некалькіх сялян са Стаўбцоўшчыны выслалі ў лагер у Бярозе-Картузскай. У Сейме ў гэты час ужо не было каму бараніць беларускіх актывістаў, бо не было і дэмакратычных выбараў.

Тым не менш вынік быў заўважны. Школьны сакратарыят разаслаў 27 тысяч бланкаў дэкларацый аб адкрыцці беларускіх школ, мноства заяў, інструкцый і адозваў — і каля 5 тысяч чалавек змаглі свае дэкларацыі падаць, пісала ў канцы чэрвеня 1936 года газета «Беларуская крыніца».

Лёсы арганізатараў

Паліцыя ўважліва адсочвала развіццё школьнай акцыі і рыхтавалася нанесці ўдар па кіраўніцтве ТБШ і БІГіКа. 28 лістапада 1936 года прайшлі ператрусы адначасова ў 17-ці месцах: на прыватных кватэрах кіраўнікоў БІГіКа і ТБШ, у штаб-кватэрах гэтых арганізацый. А ў пачатку снежня 1936-га абедзве арганізацыі былі закрытыя.

Лёсы сяброў і кіраўнікоў ТБШ былі няпростымі. Многія з іх у 1941 годзе ўключыліся ў барацьбу з фашыстамі. Самыя вялікія спаленыя акупантамі вёскі Заходняй Беларусі — Пузавічы, Байкі, Княжаводцы, Шкленск — мелі ў міжваенны час найактыўнейшыя гурткі ТБШ.

Многія лідары ТБШ прайшлі праз сталінскія лагеры. Памёр у турме Аляксандр Уласаў, восем гадоў правёў на Варкуце Мікалай Марцінчык, нават будучы Герой Сацыялістычнай Працы кампазітар Рыгор Шырма правёў у мінскіх засценках НКВД некалькі месяцаў. Тыя шараговыя актывісты ТБШ, якія перажылі ваенную завіруху, збольшага сціпла дажывалі свой век, працуючы ў мясцовых калгасах.

Андрей Вашкевич