Праект партала
СССР «Я бачыла, як слабела вёска ад «вады жыцця», як пачалі піць жанчыны, а потым і дзеці»
09.02.2020 / 16:56

Піша Святлана Курс.

Танцы на вясковай вуліцы, Урыцкае Гомельскага раёна. Справа: мужыкі покрадкам нясуць бутэльку. 1967 год. Фота Юрыя Іванова

Вясковае жыццё няспешнае, глыбіннае, пры самым дне, манатоннае і паўтаральнае, як змена пораў года. Вясковы і местачковы чалавек моцна звязаны з земляробчым і прыродным цыклам, ён пастаянна стаіць перад жыццём і смерцю, яго вочы не замыленыя рухам і руцінай вялікага горада. Гарэлка асабліва смачна гоніцца і п’ецца на прыродзе. Вясковае жыццё спрыяе п’янству.

З 1972 па 2018 — доўгі перыяд назірання, блізу паўстагоддзя. Аднак працэс гэты доўгі, размыты, алкагалізм у чалавека развіваецца ад 15 да 45 год. Адны гінуць хутка, другія дацягнуць да 60-80. Да таго ж піццё ўспрымаецца як абрадавае афармленне і акраса будзённасці.

Любанская брага абяцала жыццё

Пачыналася ўсё з прарошчвання зерня, раскладзенага на старой посцілцы. Потым зерне з зеленаватымі «дзюбкамі» малолі на солад, адначасова ліхаманкава шукаючы дрожджы. За познімі саветамі дражджэй было не ўкупіць, часам даводзілася ехаць ажно ў Слуцак, за 80 км. Разжыўшыся дражджамі і соладам, у хату ўносілі 40-літровыя малочныя бітоны і ў іх «замешвалі», «ставілі», «рашчынялі» брагу. Любанская брага — густая, жывая, булькатлівая. У дзяцінстве яна мне нагадвала біямасу з фільма «Праз церні да зорак» (з тае біямасы наляпілі людзей для планеты Дэса). Так ад самое брагі праяўлялася дваістая прырода гарэлкі: яна абяцае жыццё (яе парафраз, схаванае імя — «аквавіта»), але выводзіць да смерці, калі не будзеш стойкі.

Святочнае застолле ў сялянскай сям'і. Вёска Студзянец пад Смаргонню, канец 1930-х гадоў. Фота: сямейны архіў Алега Вайды

Бітон з брагаю хуталі і ставілі даспяваць. Калі надыходзіў час, посцілкамі ды коўдрамі завешвалі вокны і дзверы, каб не казытаць насоў суседзям і ўчастковаму. І гналі.

У гарэлкавыя дні дома было цёмна, усе размаўлялі напаўголасу, у хаце лунаў востры пах хлебнай гарэлкі. Былі эксперыменты з надзёртымі на тарцы цукровымі буракамі, варанай бульбай, нават з цукрам і варэннем, але яны не прыжыліся — лепшай за хлебную гарэлку нічога не бывае. Наліваеш на далонь, расціраеш, яна расцякаецца, як алей, з водарам свежага хлеба.

Абрад

Гнала бабка, яна і здымала пяршак. У іншых сем’ях першая пачостка, як і ўсе рытуалы з гарэлкай, належалі мужчынам. Але бабка ўважала, што за яе ніхто лепей не зробіць, а кепскай гарэлкай толькі свіней абмываць. Пяршак бег тонкім цурком (не таўшчэйшым за запалку ці вошчаную нітку, інакш будзе вадзіца, а не гарэлка). Першую паўлітроўку пускалі на лячэбныя і тэхнічныя патрэбы. Пасля бабка нацэджвала вялікую эмаляваную конаўку і махала нагбом, не закусваючы, каб «не перабіваць смак». Смак, па яе словах, заўжды быў дасканалы. Бабка была з Баянічаў, а там, як спрадвеку скардзіліся ўчастковыя, «даводзіцца разганяць цэлыя заводы».

Выгнаную брагу давалі свінням. П’яныя свінні — не показка, а рэальнасць. Суседчыны кабаны аднойчы ледзьве выйшлі з пахмелу, два дні стагналі ў хляве. Нашыя ж былі як агурочкі.

Увесь абрад займае паўночы. З бітона брагі выходзіў трохлітровік гарэлкі — вады жыцця, вадкай валюты, эквіваленту калі не ўсіх, то многіх рэчаў.

Фота Anton Watman, Shutterstock.com

За пляшку можна было пазычыць каня, здабыць дроў ці камбікорму, вымантачыць лепшы ўчастак пад бульбу, сенакосную дзялку, гарэлкаю расплачваліся за любую помач: біццё кабана, заворванне бульбы, грабленне і стагаванне, рэзку дроў. Гарэлку налівалі на Новы год Дзеду Марозу са Снягуркай, так што да канца вёскі яны даязджалі зусім расхлістаныя, а гармонік у руках Дзеда бязладна стагнаў, звісаючы да зямлі.

Чыстая ды каляровая

Гарэлка з’явілася ў Вялікім Княстве ў XV—XVI стагоддзях як Geprant Wein — гарэлае віно, экзатычны ласунак з Нямеччыны. Гарэлае — значыць дыстыляванае, перагнанае на агні, у дыстылятары. Ёсць звесткі, што гарэлае віно выдумалі галандцы — вялікія вандроўнікі. Звычайнае віно ў падарожжы псавалася, і яны ўздумалі яго пераганяць.

Адна з першых згадак пра «гарэлае віно» ў нас — 1507 год: ваўкавыскія ўлады выдалі дазвол на перагонку. Спачатку з-за недасканалых перагонных апаратаў гарэлка была далікатэсам. На пляшку слабой, 30%, гарэлкі ішло каля 10 кг жыта.

Аднак працэс удасканальваўся, гарэлка таннела і выцясняла наліўкі, пітныя мяды і піва. З канца XVII стагоддзя нас, беларусаў, можна смела лічыць людзьмі гарэлачнай культуры, у адрозненне ад культур «піўных» і «вінных». Яно і зразумела: суровы клімат, доўгая зіма, мала сонца, траўматычная гісторыя, нялёгкая жытка.

Гарэлка і традыцыя

Традыцыя прыгатавання і спажывання алкагольных напояў — частка нашай нацыянальнай культуры, замацаваная ў беларускім фальклоры і абраднасці. Паводле легенды, першапачаткова яе нібыта гналі чэрці ў балоце дзеля ўласных патрэб і спакушэння людзей. Бог пастанавіў абясшкодзіць яе, блаславіў і зрабіў вадой жыцця. Аднак злая прырода гарэлкі да канца не сцёртая. Хто не злоўжывае — таму гэта жывая вада, а пры злым ужыванні — мёртвая. Так гаворыць пракаветная беларуская легенда.

Мярца хаваць — гарэлку гнаць, і дзеўку аддаваць — гарэлку гнаць. Хату стаўляць — гарэлку гнаць, і дамавіну* спраўляць — гарэлку гнаць. На хаўтуры і Дзяды ставілі чарку нябожчыку, адлівалі гарэлкі на абрус, лілі або стаўлялі на апошні капец. З гарэлкай хадзілі ў сваты і ладзілі запоіны**, з гарэлкай перагароджвалі рагаткаю вуліцу перад вясельным паяздам***. Гарэлкай віталі калядоўшчыкаў, валачобнікаў, старцаў-вандроўнікаў. Запівалі любую ўгоду і гешэфт, асабліва калі прадавалі жывёлу. Гарэлку пілі пры закладанні трох першых вянцоў зрубу, лілі на кутні камень****.

Чатыры столкі

Гарэлкі мелі розны мацунак — ад 30% (простая ўзгонка) да ўласна «акавіты» патройнай узгонкі (70%). Гарэлку настойвалі і пераганялі на зёлках і каранях свойскіх і прывазных, на мёдзе, пладах і ягадах, на разынках, на паленым і белым цукры.

Існавалі асабліва вымудраваныя рэцэпты — варта згадаць нямецкі рэцэпт «Чатыры столкі*****» (Vier Jahreszeiten). Усе сезонныя ягады і малыя плады па меры выспявання закладалі слаямі ў бутлю і залівалі гарэлкаю, а ўвосень, пасля адыходу апошніх ягад — брусніц ды журавін, — запячатвалі сургучом. На Каляды бутлю ўрачыста адкрывалі, і з яе вырываліся ўсе водары мінулай вясны, лета і восені. Мне давялося пакаштаваць «чатыры столкі» раз у жыцці: мама зрабіла. Потым яна гэтую забаву кінула — мы з братам употай выпівалі салодкую наліўку з бутлі, а далівалі вадой.

Дзяржава стварае ўмовы

Часта можна пачуць, што ўсе дзяржавы, якія вялі рэй на нашай зямлі, распойвалі беларусаў. Гэта і так, і не так. Усё ж піццё — выбар асабісты, дзяржава толькі стварае ўмовы.

У Вялікім Княстве абавязковым звычаем становіцца «літкуп» — ніводзін гандаль ці гешэфт не лічыцца сапраўдным, пакуль яго не «замочаць». Пры наваселлі трэба было «выкупіць суседства» — наліць суседзям. За сялянскія прадукты, якія ішлі ў панскі двор, шляхта таксама старалася заплаціць гарэлкай. Менавіта з прапінацыі, з выкачвання такім чынам грошай з сялян пануючым класам, паходзяць закаранелыя «традыцыі», якія цяпер лічацца стыхійнымі, народнымі.
На выяве: Адрыян Броўвер. У шынку. XVII стагоддзе. Wikimedia Commons

Гэтак, бюджэт Вялікага Княства і Кароны ў розныя перыяды і па розных падліках на 25—70% складаўся з «гарэлачных грошай». У XVI стагоддзі ў Рэчы Паспалітай было ўведзена выключнае права прапінацыі (ад лац. propinare — «піць за здароўе»), якое давала кожнаму землеўладальніку права гнаць і прадаваць на сваёй зямлі любую колькасць гарэлкі, плацячы падатак дзяржаве.

Землеўладальнік быў не толькі вытворцам, але меў выключнае права прадаваць алкаголь у вёсках на сваёй зямлі. Цэны і нормы якасці ён вызначаў сам. Сойм забараніў дзяржаве ўмешвацца ў адносіны селяніна і землеўладальніка. Гэта адкрыла шырокую дарогу да злоўжыванняў і прымусу.

А сялянам дазвалялася гнаць гарэлку толькі на Вялікдзень, Каляды і вяселле. Астатняе чалавек мусіў купляць у свайго пана, святара ці карчмара. Шляхта гнала гарэлку ракою і сама прыпадала да струменя: бывалі шляхціцы, якія за год выпівалі да 700 літраў піва і да 40 літраў гарэлкі.

Расійскі ўрад стымуляваў выраб гарэлкі, бо яму было выгадна

«Гарэлачная эканоміка» асабліва ўмацавалася ў 1820-я. Тэхнічны прагрэс спрасціў апараты і дазволіў ціснуць гарэлку з бульбы, што рэзка знізіла яе сабекошт.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Расійская імперыя пакінула прапінацыю ў 16-ці нованабытых заходніх губернях. На астатняй тэрыторыі працаваў інстытут «водкупу» — падатку, які землеўладальнік мусіў заплаціць дзяржаве за права манапольнага гандлю гарэлкай на сваёй тэрыторыі. Расійскі ўрад стымуляваў выраб гарэлкі, бо яму было выгадна. У 1859 годзе амаль палова (46%) дзяржбюджэту наўпрост папаўнялася з «гарэлачных» падаткаў і акцызаў.

Складана падлічыць шкоду, якую прынесла «гарэлачная эканоміка». Кацпер Патоцкі, антраполаг з Познанскага ўніверсітэта, кажа, што ў рэгіёнах, дзе дзейнічала права прапінацыі, дагэтуль захоўваюцца нізкі грамадскі капітал і свядомасць, грамадзянская апатыя, атамізацыя, адсутнасць даверу да прадпрымальнікаў.

Цалкам прапінацыя была скасаваная ў 1894 годзе з ініцыятывы міністра фінансаў Сяргея Вітэ. Адначасна ўвялі дзяржаўную вінную манаполію. Перад Першай сусветнай агульны прыбытак ад віннай манаполіі склаў 26% бюджэту Расійскай імперыі.

З пачатку Першай сусветнай вайны ва ўсёй імперыі ўвялі сухі закон, запасы казённай гарэлкі знішчылі. Але ў выніку скокнула ўгару вытворчасць самагонкі. Гэтак, у 1918 годзе колькасць нелегальных гарэльняў дасягнула 20 тысяч.

Яшчэ адно абмежаванне на алкаголь спрабавалі ўвесці бальшавікі ў 1923—1924 гадах, аднак хутка ад яго адмовіліся: бюджэт не вытрымліваў.

Апошні сухі закон у расійскай, дакладней, ужо савецкай імперыі ўводзілі перад яе распадам, у 1985 годзе. На той час продаж гарэлкі складаў траціну прыбытку ад харчовай прамысловасці і шостую частку ўсяго савецкага таваразвароту. Спадзяваных вынікаў, аднак, гэта не дало, толькі зноў буйным цветам расквітнела самагонаварэнне.

Мсціслаў, 1980 год. Фота Юрыя Іванова

Паводле гісторыкаў і спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ужо некалькі дзесяцігоддзяў на аднаго дарослага беларуса прыпадае больш за 16 літраў чыстага спірту на год. Беларусы займаюць другое-пятае месца ў свеце па ўжыванні алкаголю. Спаборнічаюць з намі толькі суседзі: літоўцы, украінцы, расейцы і палякі. Наша частка свету — самая пітушчая на планеце.

Беларусы п’юць у некалькі разоў больш, чым носьбіты менш алкагольных культур: сярэдні паказчык у свеце — 6,2 літра.

 * * *

Гарэлка і водка

Сёння гэтыя словы ўспрымаюцца як рознамоўныя сінонімы, у той час як гістарычна гэта не зусім адно і тое ж.

Пасля ўвядзення ў Расійскай імперыі дзяржаўнай манаполіі ўлады пагналі «казёнку» — рэктыфікат, які рабіўся ў рэктыфікацыйнай калоне без змеевіка. Такая адгонка выдаляе лішнія фракцыі, утварае спірт мацункам у 92-96%. На дзяржаўных гарэльнях той спірт разводзілі і прадавалі. Гэта прадукт значна ніжэйшага класа. Яго і прынята называць рускай водкай.

Беларуская ж гарэлка рабілася шляхам дыстыляцыі — перагонкі зброджанага соладу ў простым перагонным кубе. Для найлепшай якасці перагонку рабілі па 3-4 разы. Дыстыляцыя захоўвае водар кожнага інгрэдыенту. Старыя людзі лічылі, што гарэлка п’яніць марудней, чым водка, і трымае настрой даўжэй, ахінае цяплом і радасцю, не кідае ў агрэсію, мае і смак, і душу.

Таму і амаль усе нацыянальныя брэнды — дыстыляты. Тэкіла, ракія, чача, віскі, грапа, слівовіца, ром, сакэ. У іх шэрагу і беларуская акавіта — гарэлка, калі ўжываць яе ў меру.

 * * *

Як слушна казаў французскі паэт Агюст Барб’е, пясняр п’янства, «п’янства — гэта творчасць для жабракоў». Найбольш п’юць там, дзе найменш надзеі — у найбяднейшых раёнах. Калі скласці карту найбольшай беларускай беднасці, то яна супадзе з картай алкагалізацыі. У гэтых мясцінах занепадае і культура піцця. Людзі п’юць танны расійскі кантрабандны рэктыфікат — «максімку». Гарадская бедната — аптэчныя заменнікі, тэхнічныя вадкасці. 

«Тыф з чумою на ўсіх кладах
Не паклалі столькі бедалаг, 
Ліхаманка ў самы чорны год 
Не прынесла гэтулькіх бядот» —

пісаў Барб’е ў 1830-м, апісваючы спусташэнні, якія сеяў у бедных кварталах партовых гарадоў танны джын. У вершы «Джын» апісваюцца маткі, з п’яных рук якіх падаюць немаўляты, матросы, якія забіваюць адно аднаго і сваіх жанчын у п’яных звадах, пагібель у п’яных аварыях (тады яшчэ з удзелам карэт і вазоў, а не аўто). Танны алкаголь, «якім д’ябал палошча глотку й смяецца», вечна сее смерць і нягоду. Таму «чарка мае быць маленькай, а жыццё — вялікім».

 * * *

Дзядзька Пеця і яго шчупы

Часта кажуць, што беларуская вёска пры позніх саветах не была такой пітушчай, як цяпер. Не. Алкаголікаў было шмат і тады. У «парку», дзе рамантавалі калгасную тэхніку, дзядзька Пеця каваў ахвотным «шчупы» — завостраныя дрыны, якімі мужыкі выпорвалі гарэлку, закапаную жонкамі ў жыта, у муку, у зямлю. Сам дзядзька Пеця так налаўчыўся арудаваць шчупом, што знаходзіў і сваю, і чужую. Ягоная Маня пачала хаваць запасы ў нас, толькі наказвала бабцы: «Сёння мой да вас прыйдзе астаграміцца — налі». Дзядзька Пеця думаў, што п’е нашую, нахвальваў, крактаў, касеў, бажыўся аддаць, а бабка спадцішка прыгаворвала: «Пі, пі, Пецечка, сваю гарэлачку».

* * *

Дзе найсмачнейшая крыніца?

Закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту» забараняе беларусам гнаць напоі мацункам больш за 7%. Практыка ж склалася так, што міліцыя заплюшчвае вочы на тых, хто робіць хатняе віно любога мацунку, але ваюе з самагоншчыкамі. Ды і тое галоўным чынам з тымі, зто вырабляе прадукт не для ўласнага спажывання, а на продаж.

Зрэшты, з мэтай адраджэння матэрыяльнай спадчыны дзяржава надала права гнаць традыцыйную беларускую гарэлку тузіну арганізацый і суполак.

Сярод іх — Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Белавежа пастаўляе сваю гарэлку ў 75 краін. Гэта дыстылят арыгінальнай рэцэптуры на дражджах, артэзіянскай вадзе, ячмені ці жыце. Ваду вытворцы пампуюць з крыніцы глыбінёй амаль у сорак метраў. Робяць каляровыя гарэлкі і бальзамы на зёлках, пладах і ягадах. Самы вядомы брэнд — «Зуброўка», настаяная на аднайменнай траўцы.

У Супраслі, на польска-беларускім памежжы, захаваўся старадаўні будынак карчмы. Фота: Wikimedia Commons

Сваю самагонку і медавуху наліваюць у Каробчыцах пад Горадняй, традыцыйна славіцца гарэлка з Бакштаў на Івейшчыне («бакштанка»).

Адборную гарэлку рабілі беларусы-сакуны, нашчадкі дрыгавічоў. Любань, Глуск, Старыя Дарогі, Ляхавічы, Калінкавічы — месцы асядлення гэтага племені. Адрозніваліся яны саканнем на месцы зваротнай часцінкі пры дзеяслове (наеўса-напіўса — лёг спаць і накрыўса), а таксама фенаменальнай нават для беларусаў закрытасцю і зацятай любоўю да простых, добрых, грубых рэчаў.

Носьбіты белых світак, аматары закрытай дваровай пабудовы, сакуны жылі ў замкнёнай крэпасці. Двор пачынаўся з хаты, за ім анфіладаю, вузкім калідорам ішлі сенцы, гумны, стопкі, адрыны, хлявы. Гэтая крэпасць стаяла на голай чорнай зямлі без падмурку, і ў ёй, як у змеевіку, дзеяліся і файныя, і чорныя справы. Гарэлка сакуна — найперш славутая старадарожская, — гэта падвойная-патройная перагонка з густой, як смала, саладухі-брагі, створанай з рошчы (прарошчанага жыта), з дадаткам тоўчанай бульбы (камакоў). Сакуны закусвалі яе мясам, гарачай капустай, свежым чорным хлебам. Кожная хата мела свой рэцэпт гарэлкі, які перадаваўся ад бацькі да сына.

І гэтыя рэцэпты да канца яшчэ не страчаныя. Магчыма, яны некалі яшчэ пойдуць у рост, як добрая брага. І ў Беларусі зноў будуць рабіць старку, пейсахоўку з разынкамі, ратафію, крупнік, міндалёўку, анісаўку, галганоўку (на імбіры), кменаўку, кардамонаўку, бярозаўку, кантабас, сінюю з васількоў, чырвоную з глогу, блакітную з крываўніка. Пра крываўнікавую блакітную гарэлку, дарэчы, марыў Уладзімір Караткевіч.

 * * *

* Дамавіна — па-­беларуску сінонім слова «труна». Дамавінай называлі апошні «дом» нябожчыка.

** Запоіны — частка сватання і падрыхтоўкі для вяселля. Выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны і заручыны — у такім парадку дамаўляліся пра шлюб. Калі бацькі нявесты прымалі сватоў, былі зацікаўленыя выдаць дзяўчыну за гэтага хлопца, то наступным этапам збіраліся за сталом, каб «запіць» дамоўленасць, замацаваць яе разам выпітай чаркай.

А ў полі вярба
Нахілёная,
Маладая дзяўчынонька
Заручоная.
Маладая дзяўчынонька
Заручоная.
Заручоная
I запітая,
Тады яе запівалі,
Як сад зацвітаў.
(З песні «А ў полі вярба»)

*** Паязд — так называлі вясельны картэж.

**** Кутні камень — нарожны, краевугольны камень.

***** У чатыры столкі — значыць у чатыры разы, чатыры слаі.

Святлана Курс