Проект портала
«А валы стаяць равуць, дзеўкі самі не ідуць…» Как кастрированные быки были основой белорусской экономики
09.06.2020 / 18:12

Не каждый с ходу даст ответ на вопрос: что это за животное такое — вол? А именно он на протяжении веков был главным помощником наших предков. Пишет Андрей Вашкевич.

Фердынанд Рушчыц. Зямля. 1898 год.

Мы традыцыйна ўяўляем сабе селяніна з плугам, у які запрэжаны конь. Але дастаткова глянуць у старыя дакументы, і мы пераканаемся, што яшчэ 150 гадоў таму валоў у гаспадарках беларусаў было ў два-тры разы больш.

Валы і коні

Вол — гэта звычайны бык, але кастрыраваны. Увогуле, быкі — істоты даволі агрэсіўныя, і прымусіць іх цягаць воз ці плуг нельга. Але пасля кастрацыі бык, стаўшы валом, хутка нагульвае тлушч, становіцца спакойным, пры гэтым застаецца вельмі дужым. Ён моцна змяняецца знешне — у адрозненне ад звычайных нашых быкоў, валы маюць вельмі доўгія вострыя рогі.

У вала перад канём шмат пераваг. Каня цяжэй даглядаць, ён часцей хварэе і патрабуе больш якасную ежу, у першую чаргу авёс. Да таго ж у каня слабаватая шыя, а таму патрэбна цэлая сістэма дарагой вупражы, каб конь цягнуў плуг або воз грудзямі. А шыя вала вельмі моцная, таму на яго надзяюць простае ярмо — чатырохкутнік з дрэва. Калі вол старэе і траціць вартасць як цяглавая жывёліна, то з яго можна атрымаць і мяса, у той час як з каня — толькі скуру.

Утрыманне каня абыходзілася ў тры-чатыры разы даражэй. Зрэшты, і каштаваў конь значна даражэй. Характэрна, што ў беларускай народнай казцы «Мена» непрактычны дзед, купіўшы на сабраныя грошы каня, вядзецца на прапановы абмяняць яго на іншых свойскіх жывёл, прытым пры кожнай наступнай мене прайграе, атрымліваючы ўзамен больш танную жывёліну. Першая са зробленых менаў — акурат каня на вала.

Але разам з перавагамі ёсць у вала і вялікі мінус — ён надта марудны. Чалавек, які ідзе хуткім крокам, лёгка абгоніць воз, запрэжаны валамі, бо той сунецца з хуткасцю ўсяго 2—3 кіламетры на гадзіну. Да таго ж конь — жывёліна больш універсальная, ён надаецца для выканання большай колькасці работ.

Ад росквіту да заняпаду

У Пісцовай кнізе Гродзенскай каралеўскай эканоміі сярэдзіны XVI стагоддзя валы падаюцца як асноўная цяглавая жывёла. Заможны селянін меў у сваёй гаспадарцы зазвычай аднаго-двух коней і трох-чатырох валоў.

Прайшло трыста гадоў, і ў інвентары панскага двара Гожа на Нёмане недалёка ад Гродна мы бачым такую самую карціну. На 27 сялянскіх гаспадарак было 34 кані і аж 74 валы. Суадносіны колькасці валоў і коней захоўваліся стагоддзямі. З таго ж інвентара бачна, што валоў выкарыстоўвалі для ворыва, а коней — для больш лёгкай, але хуткай працы, напрыклад баранавання.

З другой паловы ХІХ стагоддзя вол пакрысе знікае з беларускіх палеткаў. Уводзіліся новыя метады апрацоўкі зямлі, з’яўляліся больш сучасныя сельскагаспадарчыя прыстасаванні. Да таго ж селянін пасля адмены прыгону крыху пабагацеў, а ва ўмовах хранічнага недахопу зямлі яго ўжо больш цікавіла хуткасць выканання работ, а не іх маштаб. І тут валы былі коням не канкурэнты.

Але і ў першай палове ХХ стагоддзя ворыва на валах было яшчэ цалкам звычайнай справай. Пра гэта сведчыць хоць бы тое, наколькі іх вобраз шырока прысутнічае ў творах беларускіх паэтаў, асабліва ў жанры байкі. Вядомыя байкі Янкі Купалы «Мікіта і валы», «Саха і валы» (1910 год), Кандрата Крапівы «Вол і авадзень» (1923 год).

Акрамя таго, праз нашыя землі кожнае лета праганялі тысячы валоў з Украіны. Гналі іх на поўнач, у Прусію, каб там забіць на мяса і морам адправіць у прамысловыя гарады Еўропы.

За адзін сезон вол дайсці да Прусіі не паспяваў, таму ў ваколіцах Гродна змучаных, худых жывёл раздавалі па сялянскіх гаспадарках.

Сяляне пускалі валоў на пашу, выконвалі на іх усе свае работы, а наступным летам перадавалі назад украінскім пагоншчыкам, беручы сабе новую пару. З такога абмену вынікала ўзаемная карысць: вол прыходзіў да Караляўца сыты і ўкормлены, а беларускі селянін мог на ім вясною ўзараць свае палеткі.

Пара валоў на Сарочынскім кірмашы ва Украіне. Фота: Wikimedia Commons.

Калгасная механізацыя канчаткова спісала валоў як працоўную адзінку. Хоць нават да пачатку 1960-х іх яшчэ можна было пабачыць дзе-нідзе на Палессі.

Засталася адна памяць

Сёння валы ва ўсёй Еўропе — вялікая рэдкасць. Напрыклад, у Англіі засталася толькі адна пара валоў, на якіх час ад часу аруць поле на пацеху турыстам. У Польшчы ў навукова-даследчым інстытуце заатэхнікі ў мясцовасці Аджахова Падкарпацкага ваяводства таксама трымаюць некалькі жывёлін. Вол Гектар часам арэ зямлю на пацеху турыстам ды рэканструктарам Сярэднявечча. Украінскую шэрую карову — пароду, з якой выгадоўвалі ўкраінскіх валоў і якая практычна знікла ў 1920-я, — цяпер спрабуюць аднавіць ва Украіне. У Беларусі ж сёння няма, відаць, аніводнага вала.

Валы растварыліся ў гісторыі, але засталіся сімвалам цяжкай працы. Дагэтуль вядомая прыказка «працаваць як вол». Валы часта прысутнічаюць у беларускіх казках, і звычайна як станоўчыя персанажы. Адна з казак так і завецца — «Вол», і яе галоўны герой выступае як найбольш разумны, гаспадарлівы і прадбачлівы сярод іншых свойскіх жывёл і птушак: барана, гусака і пеўня. У іншай казцы, «Хітры вол», ён таксама дасціпна абдурвае цэлую воўчую зграю.

А з твораў мастацтва на гэтую тэму найбольш вядомая карціна нашага земляка Фердынанда Рушчыца пад назвай «Зямля».

Рушчыц стварыў гэты шэдэўр у 1898 годзе, назіраючы, як арэ на валах селянін з ваколіц ягонага роднага Багданава на Валожыншчыне. Амаль уся карціна — маса аблокаў, а знізу — па чорнай-чорнай зямлі, паўкруглай, як зямны шар, уздымаецца араты з парай валоў. Калісьці тыповы, а сёння зусім экзатычны вобраз старой Беларусі. 

 ***

Валы ў беларускім фальклоры

Ой, зараўлі валы ў вярбе,
А ў хлопца дзеўкі ў галаве.
Трэба бацьку пашаньку пахаць.
Няма часу любу выбіраць.
А валы стаяць равуць,
Ноччу пчолы не гудуць.
Колькі ў дудачку не дуць,
Дзеўкі самі не ідуць.
А валы стаяць равуць,
Дзеўкі самі не ідуць.
Ішлі валы дарогаю,
Ды ўсе палавыя,
А за імі чумачанькі,
Ды ўсе маладыя.
Ішлі валы дарогаю,
Ды ўсе крутарогі,
А за імі чумачанькі,
Ды ўсе чарнабровы.

 ***

Беларускія прыказкі і прымаўкі, у якіх згадваюцца валы

  • Есць за вала, робiць за камара.
  • Як з пана пан, то аддасць валы, а як з мужыка пан, то здзярэ пасталы.
  • З аднаго вала дзвюх шкур не дзяруць.
  • Ні каня, ні вала — сядзі, як паня.
  • Гора табе, воле, калі цябе карова коле.
  • Адзін з’еш хоць вала, адна хвала.
  • За морам валы дорам. (= Там добра, дзе нас няма)
  • Нагаварыў, што на валовай шкуры не спісаць.

 ***

Кастрацыю быкоў, якіх планавалі выкарыстоўваць як цяглавых жывёл, праводзілі пасля дасягнення імі ўзросту 1,5—2 гады.

Раней гэта рабіць не рэкамендавалася: каб вол быў моцны і цягавіты, перад кастрацыяй ён мусіў вырасці і дасягнуць поўнай палавой спеласці.

Правільнае кастрыраванне быкоў і самцоў іншых жывёл вымагала спецыяльных ведаў і навыкаў.

Таму былі адмысловыя людзі, якія займаліся гэтым прафесійна. У сезон яны вандравалі па вёсках і прапаноўвалі гаспадарам свае паслугі. Сезон масавай кастрацыі самцоў хатніх жывёл (не толькі быкоў) прыпадаў на вясну і восень, бо зімовыя маразы і летняя спёка ускладнялі загойванне ранаў.

Зваліся адмыслоўцы па кастрацыі жывёл канаваламі, бо буйную жывёліну перад працэдурай трэба было паваліць ды пакласці, пазбавіўшы яе магчымасці рухацца і супраціўляцца. Адгэтуль паходзяць і розныя варыянты беларускай народнай назвы працэдуры — «пакладаць», «выкладаць», «спакладаць». Шырока распаўсюджаная ў Беларусі і іншая назва дзеяння — «лягчаць» ці «ляхчаць», ад якой паходзяць іншыя найменні прафесіі — «лягчыла», «лягчай», «лягчак».

Канавалы ці лягчылы не толькі кастрыравалі жывёлу, але пры патрэбе і лячылі яе, выконвалі функцыі сучасных ветэрынараў.

Менавіта прафесійным заняткам сваіх продкаў абавязаныя сучасныя носьбіты прозвішчаў кшталту Канавал, Канавалаў, Канавальчык, Канаваленка, Канавалёнак ці Лягчак, Легчакоў, Лягчыла, Лягчылаў.

 ***

Ворыва на валах

Я гэта бачыў сам, хоць адышло:
Ў апошні, можа, раз на белым свеце
Ішлі быкі і ворыва плыло,
А зверху — хмары, чырвань, сінь і вецер…

Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх,
За імі йльсняныя ў адвалах межы…
Як старажытныя князі, быкі
Маю радзіму на кавалкі рэжуць.

З нябачнае лагчыны йдуць яны
Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў,
На ўзгорак, велічны, як шар зямны,
Бы два паўмесяцы, усплываюць рогі.

Заплюшчу вочы — і перада мной
Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй,
I рэжуць свет нарожнаю бранёй,
I капыты — бы край мой папіраюць.

Бялкі ў крыві, а капыты — ў гразі.
I ўсё здаецца мне: нарогам-зброяй
Быкі, як старажытныя князі,
Маю радзіму на кавалкі крояць.

Ў смяротны час — няхай прайшлі гады —
Ў маё апошняе сальюцца слова,
I сэрца раздзяруць на дзве паловы
Аблокаў барва, сінь, трывожны дым,
Радзімы твар, і горды, і суровы.

Уладзімір Караткевіч, 1973 год

Андрей Вашкевич