Проект портала
Наши далекие Трагедии и великолепие Военного кладбища
28.04.2020 / 00:05

На Военном кладбище Минска — около восьми тысяч захоронений. Людей здесь хоронили с 1895 года и до середины 1950-х. Какие трагедии скрываются в судьбах тех, кто на них лежит? Пишет историк Антон Рудак.

Чаму «Вайсковыя»?

Могілкі пры мінскім вайсковым шпіталі на Доўгім Бродзе першапачаткова ўзніклі на іншым месцы. Яшчэ з 1840-х яны знаходзіліся ў раёне Шпітальнай і Правіянцкай вуліц (якія сёння носяць, адпаведна, імёны Фрунзэ і Захарава), прыкладна паміж іх скрыжаваннямі з Вайсковым і Бранявым завулкамі, непадалёк ад самога шпіталя, будынак якога цяпер займае Следчы камітэт. Новыя могілкі, вядомыя сёння як Вайсковыя, былі заснаваныя ў 1895 годзе на Даўгабродскай вуліцы (цяпер Казлова), а на месцы старых шпітальных могілак паўстала з часам гарадская забудова.

На Вайсковых могілках пры вуліцы Даўгабродскай да рэвалюцыі хавалі выключна праваслаўных — афіцэраў мінскага гарнізона і іх сваякоў. Да нашага часу з той пары захавалася толькі некалькі дзясяткаў надмагілляў. Пахаванні дарэвалюцыйнага перыяду збольшага сканцэнтраваныя вакол царквы Аляксандра Неўскага, збудаванай на могілках у 1898 годзе. З таго часу набажэнствы ў царкве адбываліся амаль без перапынку, за выняткам толькі 1939—1941 гадоў. Усярэдзіне на сценах храма можна пабачыць мемарыяльныя пліты з выбітымі на іх імёнамі 118 воінаў 119-га Каломенскага палка і 30-й артылерыйскай брыгады, якія загінулі на Расійска-турэцкай вайне 1877—1878 гадоў.

Фота Надзеі Бужан.

Зрэшты, пасля рэвалюцыі Вайсковыя могілкі страцілі свой ранейшы статус і тут пачалі хаваць людзей самых розных заняткаў, незалежна ад веравызнання. Варта адзначыць, што непадалёк, літаральна за пару кварталаў, месціліся яшчэ адны старыя могілкі — Залатагорскія, пры касцёле Святога Роха. Цяпер пра тыя могілкі нагадваюць толькі пару дзясяткаў надмагілляў.

Мінчукі на Вайсковых могілках, пачатак ХХ стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons.

Залатая Горка і Доўгі Брод

У міжваенныя гады ў гэтым раёне Мінска, які зваўся Залатой Горкай, жылі многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху. Колішняя жыхарка гэтага раёна, дзяячка беларускай эміграцыі Зора Кіпель (дачка літаратара Лявона Савёнка і настаўніцы Апалоніі Раткевіч), цытуе ў сваіх успамінах матчыны запісы, з якіх вынікае, што тут жылі пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас (тут жа пазней і пахаваныя), Змітрок Бядуля (іменем якога тут названыя вуліца і плошча), першая выканаўца ролі Паўлінкі Паўліна Мядзёлка, аўтар гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макар Краўцоў, упарадкавальнік беларускага правапісу Язэп Лёсік, прэм’ер БНР Іван Серада, кіраўніца беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў Палута Бадунова, адзін з важакоў заходнебеларускай Грамады Ігнат Дварчанін, мегапапулярны драматург Францішак Аляхновіч, акцёр Купалаўскага Фларыян Ждановіч.

Фота Надзеі Бужан.

Некаторыя вуліцы раёна і да сёння захавалі свае старыя, яшчэ дарэвалюцыйныя назвы: Берасцянская, Мар’еўская, Вайсковы, Бранявы, Горны завулкі… Але сапраўдны дух старых Залатой Горкі і Доўгага Броду адчуваецца ўжо толькі на Вайсковых могілках. Астатні раён, за выняткам Залатагорскага касцёла Святога Роха, змяніўся да непазнавальнасці, забудаваны сталінкамі і хрушчоўкамі, што паўсталі на месцы драўлянай забудовы, якая згарэла ад пажараў, выкліканых нямецкімі бамбёжкамі ў чэрвені 1941-га.

Помнік, які паставіў па жонцы Якуб Колас. Фота Надзеі Бужан.

Айцы БССР і іхні лёс

Яшчэ ў міжваенныя гады Вайсковыя могілкі фактычна робяцца нацыянальным пантэонам Савецкай Беларусі — хоць афіцыйна такога статусу яны ніколі не мелі. Менавіта тут пачынаючы з 1920-х хаваюць усіх больш-менш заслужаных дзяржаўных, грамадскіх і культурных дзеячаў. Лік іх не надта вялікі — пераважная большасць даваеннай эліты БССР згінула падчас рэпрэсій 1930-х гадоў, і магілы іх невядомыя. Але і лёсы пахаваных на Вайсковых могілках часцей за ўсё абрываліся трагічна.

Пачалося з таго, што ў маі 1920 года, калі Мінск яшчэ быў у руках палякаў, дэфензіва (польская таемная паліцыя) выкрыла і расстраляла групу падпольшчыкаў-камуністаў. Іх пахавалі на Вайсковых могілках, непадалёк ад царквы, а неўзабаве, пасля таго, як у ліпені 1920-га Мінск заняла Чырвоная армія, тут паўстаў сціплы абеліск з зоркай і надпісам: «Магіла чырвоных партызан… расстрэляных белапалякамі 7-га мая 1920 г.» — і спіс з васьмі прозвішчаў.

Зусім блізка ад магілы чырвоных партызан можна пабачыць надмагілле дзеяча Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Арсеня Канчэўскага — ягоны старэйшы брат Ігнат быў вядомы пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч як філосаф і аўтар эсэ «Адвечным шляхам». Ігнат Канчэўскі памёр ад хваробы ў 27 гадоў, не нашмат яго перажыў і Арсень — у жніўні 1931 года ў веку 29 гадоў ён патануў у Чорным моры.

Пры самым уваходзе на могілкі пахавалі першага прэзідэнта Беларускай акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, які ў 1931-м быў абвешчаны «лідарам нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі» і застрэліўся, не сцярпеўшы такіх абвінавачанняў. У 40-я на магіле Ігнатоўскага складалі прысягу сябры створанага немцамі Саюза беларускай моладзі. Вось як узгадвае тыя падзеі будучы кіраўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, а тады хлапчук Вітаўт Кіпель: «25 сакавіка 1944 года на пляцы Волі была вялікая дэманстрацыя… А моладзь — чалавек 50 — пайшла на Вайсковыя могілкі, і там каля магілы Ігнатоўскага прымалі прысягу… Памятаю: быў барабан, быў гарніст, сцягі, штандары, здаецца, нават быў залп — усё выглядала тэатральна».

Антон Шукелойць, які за немцамі быў дырэктарам мінскага краязнаўчага музея, паводле сваіх абавязкаў займаўся і вывучэннем стану гарадскіх могілак: «На Вайсковых могілках пахаваны [пісьменнік] Эдуард Самуйлёнак. Ягоная магіла недалёка ад царквы. І яшчэ адна магіла была — ці не Чарвякова? На гэтых магілах не было ніякіх знакаў. У мяне ўзнікла думка паставіць крыжы на гэтыя магілы. Але ж то ўсё былі камуністы. Савёнак кажа: «Няважна, што камуністы. Па-першае, гэта хрышчоныя людзі, а па-другое — беларускія патрыёты. У тых умовах, у якіх яны жылі, яны, магчыма, не маглі інакш сябе паказаць. Так што стаў крыжы». І я паставіў крыжы».

Так ці іначай, на магіле Аляксандра Чарвякова, якога ў міжваенныя гады называлі «беларускім прэзідэнтам», сёння стаіць ужо не крыж, а грунтоўны помнік — праўда, з надпісам па-руску. Паставілі яго ўжо праз дзесяцігоддзі па вайне. Жыццё Чарвякова, які ў 1924—1937 гадах фармальна стаяў на чале БССР, таксама абарвалася трагічна: абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці, ён застрэліўся ў чэрвені 1937 года, каб не трапіць у турму, дзе, ён тое ведаў, яго чакалі зверскія катаванні і смерць. Улады падманна абвясцілі, што самагубства Чарвякоў здзейсніў «на асабістай сямейнай глебе».

А непадалёк ад Ігнатоўскага і Чарвякова — магіла чэкіста Язэпа Апанскага, намесніка прадстаўніка ОГПУ Беларусі. Апанскі загінуў у чэрвені 1927 года ў аварыі дрызіны на чыгунцы між Масюкоўшчынай і Ждановічамі. Здарэнне падалі як тэракт, і сем’і, чые зямельныя ўчасткі прылягалі да чыгункі на месцы аварыі, былі рэпрэсаваныя як датычныя да гібелі Апанскага. У Мінску арганізавалася дэманстрацыя, падчас якой натоўп ледзь не разграміў польскае консульства — вінаватымі ў гібелі высокапастаўленага чэкіста абвясцілі палякаў, хаця хадзіла пагалоска, што машыніст проста занадта разагнаўся. На помніку напісалі, што Апанскі з шафёрам загінулі «от руки контрреволюции».

Літаратары і рэпрэсаваныя

Блізка ад царквы можна бачыць яшчэ некалькі даваенных помнікаў заслужаных для БССР дзеячаў, якіх абмінула хваля рэпрэсіяў — тут пахаваныя акадэмік-геолаг Мікалай Бліядуха, які займаўся даследаваннем карысных выкапняў Беларусі і памёр у 1935 годзе, і заслужаны артыст БССР Уладзімір Крыловіч, які памёр у 1937-м. А побач — магіла пісьменніка Эдуарда Самуйлёнка, які памёр у 1939 годзе. Са смерцю Самуйлёнка звязаная вусцішная гісторыя: літаратар Юрка Віцьбіч узгадваў, што адразу ж пасля пахавання цела пісьменніка нехта выцягнуў з дамавіны і зняў з яго гарнітур. Хто аказаўся злачынцам — чытайце ў артыкуле Змітра Дразда.

Яшчэ адзін след памяці пра рэпрэсіі — непадалёк ад царквы магіла бацькі паэта Міхася Багуна, Фёдара Блошкіна. Сам Міхась Багун, арыштаваны ў лістападзе 1936-га, быў асуджаны на восем гадоў лагераў і памёр у 1938-м на перасыльным пункце. Кажуць, менавіта Міхасю Багуну належала ідэя назвы нефармальнага аб’яднання літаратараў у даваенным Мінску — Таварыства аматараў выпіць і закусіць (ТАВіЗ), у якое нібыта ўваходзіў пэўны час і Эдуард Самуйлёнак. У іншым куце могілак — згадка пра рэпрэсаванага святара: на магіле сваякоў — шыльда з іменем протаіерэя Паўла Гаховіча, рэпрэсаванага ў 1929 годзе.

Большасць літаратараў на Вайсковых пахаваныя на ўскрайку могілак, на горцы, што бліжэй да рага вуліц Казлова і Берасцянскай. Адна з першых — магіла паэта Паўлюка Труса, які памёр ад тыфу ў 1929-м у веку 25 гадоў. Былы ўдзельнік падполля ў мінскім гета Гірш Смоляр пісаў пасля вайны, што на магіле Паўлюка Труса збіраліся падпольшчыкі, каб адтуль сысці ўпотай у лес да партызан.

А ў 1960-я, як узгадваў журналіст і літаратар Валянцін Тарас, «у госці да Паўлюка» любіў завітаць Міхась Стральцоў, які нават меў пры помніку хованку з усім неабходным да памінальнай чаркі: відэльцамі, нажом, адкрывачкай, сурвэткамі…

Зрэшты, помнік тады стаяў яшчэ даваенны — пазней яго замянілі масіўнай стэлай з барэльефам паэта.

Магілы Паўлюка Труса і Кузьмы Чорнага. Нашчадкі Чорнага (Мікалая Раманоўскага) прынеслі да помніка яго кнігу. Фота Надзеі Бужан.

Побач з магілай Труса — паваенныя пахаванні: Кузьмы Чорнага, які памёр у толькі-толькі вызваленым Мінску ўвосень 1944-га ў 44 гады, і паэта-камуніста з Заходняй Беларусі Валянціна Таўлая, які быў намеснікам дырэктара Купалаўскага музея і памёр у 1946-м у 33 гады. Здароўе Кузьмы Чорнага падарвалі допыты ў сталінскім НКВД, а Таўлая — гады, праведзеныя ў польскай турме.

Тут жа ляжыць і першы старшыня Саюза пісьменнікаў і аўтар тэксту гімна БССР Міхась Клімковіч, які памёр у 1954-м, і памерлая ў тым самым годзе руская пісьменніца Вера Лютава, якая пражыла ў Мінску толькі апошнія дзесяць гадоў жыцця і ўзначальвала ў Саюзе пісьменнікаў БССР секцыю рускай літаратуры. Тым не менш надпіс на ейным помніку — па-беларуску.

Ахвяры вайны

За «літаратарскай горкай» густа ідуць пахаванні перадваенных і ваенных гадоў. Хоць самая знакамітая магіла часоў вайны знаходзіцца ўсё-ткі не тут, а непадалёк ад царквы — там пахаваная Бянігна Луцэвіч з Валасевічаў, маці Янкі Купалы, якая памерла ў акупаваным Мінску 30 чэрвеня 1942 года, праз два дні пасля таго, як у Маскве трагічна загінуў ейны сын — у гэтым была свая містыка, яна ж не ведала, што здарылася па той бок лініі фронту. Бянігну Іванаўну пахавалі, з вялікай пашаны, бліжэй да цэнтра могілак і да магілы Купалавай цешчы, Эміліі Манэ-Станкевіч. На яе помніку словы Купалы: «Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці…»

Але большасць ваенных пахаванняў варта шукаць усё ж бліжэй да рага вуліц Казлова і Берасцянскай. У гэтым квадраце пахаваны і Герасім Якушка — перадваенны галоўны архітэктар Мінска, які пабудаваў, між іншага, жылы дом гарвыканкама (пр. Незалежнасці, 43), будынкі палітэхнікума (пр. Незалежнасці, 85) і школы № 4 (Чырвонаармейская, 11). У акупаваным Мінску Якушка памёр ад тыфу.

Адна з загадак Вайсковых могілак, якая наўрад ці будзе разгаданая, — магіла лідара беларускіх нацыянал-сацыялістаў Фабіяна Акінчыца, які рыхтаваў прапагандыстаў для працы ў акупаванай Беларусі. Гэты адыёзны дзеяч у Мінску бываў толькі кароткімі наездамі, але менавіта тут яго напаткала гібель ад рук партызан — Акінчыца застрэлілі ў кватэры ягонага сябра, рэдактара «Беларускай газэты» Уладзіслава Казлоўскага (ён сам будзе забіты ў лістападзе таго ж года). Смяротны прысуд выканала 5 сакавіка 1943 года група на чале з журналістам Алесем Матусевічам. Акінчыц быў фігурай настолькі зненавіднай, што на ягоную смерць ніяк не адгукнулася нават тагачасная прэса, што выходзіла ў Мінску за немцамі. Магіла Акінчыца не была ніяк пазначаная, і пасля вайны ўсякі след па ёй згубіўся.

Пра стварэнне пранямецкага Саюза беларускай моладзі было абвешчана на ўрачыстым сходзе ў Мінскім гарадскім тэатры, зладжаным з нагоды другіх угодкаў «вызвалення Мінска ад бальшавікоў» 22 чэрвеня 1943 года. Увечары ж у тэатры паказвалі спектакль паводле п’есы Францішка Аляхновіча «Пан міністр», і неўзабаве пасля пачатку адбыўся выбух, у выніку якога загінулі 13 чалавек — у асноўным сталічная моладзь, — яшчэ каля сотні чалавек былі параненыя. Вядомыя імёны некалькіх ахвяр: Андрэй Братко, Яраслаў Кушаль (сын вайскоўца Франца Кушаля і паэткі Наталлі Арсенневай), Кастусь Мокат, Тамара Насеннік, Марыя Негіна, Марыя Сабалеўская, Леанід Слаўнін. Вядома таксама, што трох ахвяр не апазналі.

Адразу ж пасля здарэння штаб партызанскага руху загадаў лічыць выбух правакацыяй немцаў, і толькі нядаўна былі адшуканыя дакументы і сведчанні, якія праліваюць святло на сапраўдную гісторыю гэтай трагедыі. Высветлілася, што выбух зладзілі ўсё ж партызаны з мэтай забіць Вільгельма Кубэ. Калі ж стала вядома, што Кубэ падчас выбуху ў тэатры не будзе, двое партызан паспрабавалі абясшкодзіць міну — але самі загінулі пры выбуху. Іх і пахавалі неапазнанымі разам з астатнімі ахвярамі тэракта 25 чэрвеня 1943 года на Вайсковых могілках. Доўгі час вядома было толькі, што магілы ахвяр выбуху былі на рагу вуліц Берасцянскай і Казлова, пры самым плоце ўздоўж апошняй. Толькі сёлета ўдалося высветліць, што на тым самым месцы, якое называлі сведкі, захавалася надмагілле прынамсі аднаго з палеглых у той дзень у тэатры — Леаніда Славіна (ці Слаўніна). А проста перад ягоным помнікам — брацкая магіла чатырох падпольшчыкаў, павешаных нацыстамі ў лістападзе 1943-га. Яшчэ адна ахвяра выбуху ў тэатры, Марыя Негіна, пахаваная разам са сваякамі ў іншай частцы могілак.

А ўжо праз пару тыдняў пасля пахавання ахвяр выбуху, у пачатку ліпеня 1943-га, на Вайсковых могілках развітваліся з настаяцелем царквы Аляксандра Неўскага, айцом Іванам Кушнерам. Ён быў актыўным прыхільнікам беларускай аўтакефаліі, ратаваў яўрэйскіх дзяцей, а загінуў ад выбуху партызанскай міны на дарозе пад Ракавам. Пахавалі яго пры царкоўнай сцяне.

Апошняе водгулле вайны

Пасля вызвалення Мінска ад нацыстаў на Вайсковых могілках пачынае стварацца мемарыял памяці савецкіх салдат і афіцэраў, якія загінулі ў баях за горад. З’яўляецца таксама ідэя стварэння на базе Вайсковых могілак нацыянальнага пантэону Беларусі — гэтай тэме быў прысвечаны, між іншага, артыкул Гірша Смоляра ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 20 траўня 1945 года. Былы падпольшчык прапаноўваў упарадкаваць магілы дзеячаў культуры, а таксама перапахаваць у Мінску памерлых на чужыне Янку Купалу, Максіма Багдановіча і Змітрака Бядулю. Як вядома, пазней перавезлі з Масквы ў Мінск толькі урну з прахам Янкі Купалы.

Здавалася, вайна з яе жахамі і нягодамі адышла. Але і вызвалены Мінск неўзабаве скаланула страшнае здарэнне, якое забрала нават больш жыццяў, чым выбух у тэатры ў 1943-м. У новай частцы могілак, пры рагу вуліц Казлова і Міхайлава, стаіць між пахаванняў савецкіх вайскоўцаў высокая стэла з чорнага граніту з выбітымі на ёй імёнамі трох дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат. Гэта толькі невялікая частка ахвяраў загадкавага пажару на навагоднім балі 3 студзеня 1946 года ў клубе НКГБ на плошчы Свабоды ў Мінску.

На стэле з чорнага граніту выбіты імёны трох дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат. Гэта толькі невялікая частка ахвяраў загадкавага пажару на навагоднім балі 3 студзеня 1946 года ў клубе НКГБ на плошчы Свабоды ў Мінску. Фота Надзеі Бужан.

Гісторыя таго балю ахінутая мноствам чутак. Казалі, нібыта запрашэнні на яго маглі атрымаць толькі выдатнікі і дзеці эліты, але насамрэч там апынуліся і даволі выпадковыя людзі. Распаўсюджваліся чуткі, што пажар здарыўся, бо ў будынку разам з клубам месціўся архіў нямецкіх спецслужбаў, і дыверсанты зладзілі падпал, каб зацерці сляды. Нехта нават сцвярджаў, нібы ўсе пажарныя машыны Мінска падчас трагедыі раз’ехаліся па лжывых выкліках у розныя канцы горада. Але гэта ўсё непраўдзіва. Зрэшты, у прэсе не было публікацый, што стала прычынай пажару і хто быў у ім вінаваты.

Што могуць дадаць да гэтай гісторыі імёны на помніку? Вядома, што Алена Дземідовіч, імя якой выгравіравана трэцім зверху, насамрэч выжыла, яе запісалі ў спіс ахвяр памылкова. А Ала і Валя Чачнёвы, імёны якіх змешчаныя ў спісе ніжэй, насамрэч загінулі. Пра іх вядома з успамінаў таго самага Вітаўта Кіпеля, да якіх мы ўжо звярталіся ў гэтым тэксце. Гэтыя дзяўчаты наўрад ці мелі нейкае дачыненне да савецкай эліты — яны ўсе тры гады нацысцкай акупацыі перажылі ў Мінску, а іх бацька, праўдападобна, быў звязаны з партызанамі. Але Ала і Валя Чачнёвы зрабіліся ахвярамі страшнай трагедыі ўжо ў вызваленым горадзе.

Сярод людзей, пахаваных на Вайсковых могілках, вылучаецца таксама імя Рут Уолер, пахаванай у жніўні 1946-га на цэнтральнай алеі. Грамадзянка ЗША, яна працавала ў місіі ААН па дастаўцы гуманітарнай дапамогі. Памерла ў 25 гадоў, захварэўшы на запаленне лёгкіх, пасля таго як выратавала хлопчыкаў, што танулі ў возеры.

Смерць маладой амерыканкі мела наступствы: пасля гэтага Штаты знялі з СССР эмбарга на ўвоз пеніцыліну і іншых антыбіётыкаў.

Мы не можам распавесці пра ўсе трагедыі, ахвяры якіх знайшлі свой апошні прытулак на Вайсковых могілках. Нават калі пералічыць толькі надмагіллі, на якіх месціцца надпіс «трагічна загінуў», — лік ідзе на дзясяткі. Кожная смерць — гэта трагедыя… Але галоўная трагедыя — лёс саміх Вайсковых могілак. Сёння стан амаль чатырох тысяч помнікаў лічыцца нездавальняючым, ім пагражае «добраўпарадкаванне», якое на мове камунальнікаў азначае знішчэнне арыгінальных помнікаў, страту інфармацыі пра пахаваных і замену надмагілляў на безаблічныя стандартныя «падгалоўнікі». Знікаюць старыя камяні, сціраецца памяць… Памяць, якая нам так патрэбная.

Антон Рудак