Праект партала
ВКЛ «Наша літоўская бездань». Закуліссе Люблінскай уніі: да чаго прывяла «паглыбленая інтэграцыя» з Польшчай у пазіцыі слабейшага
29.06.2019 / 23:59

450 гадоў таму, у пятніцу 1 ліпеня 1569 года, у каралеўскім замку ў Любліне паны-рада ды земскія паслы Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай сваёй прысягай зацвердзілі дамову аб дзяржаўнай уніі. Вялікае Княства, абяскроўленае Інфлянцкай вайной з Масковіяй, паводле ўмоваў уніі мусіла знікнуць з палітычнай карты Еўропы як асобная дзяржава. А перад гэтым кароль Жыгімонт Аўгуст адабраў ад ВКЛ тэрыторыі Падляшша і Украіны ды далучыў іх да Польшчы. Як на ўсё гэта рэагавала эліта Вялікага Княства, піша кандыдат гістарычных навук Уладзімір Падалінскі.

Ян Матэйка. Люблінская унія. (Глядзі разбор карціны ў нумары 6 «Нашай гісторыі» за 2019 год).

Архівы захавалі шмат прыватнай карэспандэнцыі магнатаў і шляхты ВКЛ таго часу. Аўтары лістоў шчыра выказваліся пра лёсавызначальныя падзеі, што разгортваліся ў іх на вачах і ў якіх яны самі хоцькі-няхоцькі мусілі браць удзел. Дык чым была «паглыбленая інтэграцыя» ўзору XVI стагоддзя для нашых продкаў: трагедыяй ці здзяйсненнем мары? Дамо ім слова.

Клубок супярэчнасцяў

Усе 1560-я гады паміж ВКЛ і Каронай ішлі цяжкія перамовы аб умовах новай уніі. Эліта Вялікага Княства хацела толькі ваенна-палітычнага саюзу з Польшчай, каб атрымаць дапамогу ў барацьбе з Маскоўскай дзяржавай. Каронная ж шляхта выступала за інкарпарацыю ВКЛ у склад Кароны. Гэта супадала з інтарэсамі караля і вялікага князя. Жыгімонт Аўгуст, апошні з Ягелонаў, не меў нашчадкаў мужчынскага полу і хацеў захаваць саюз ВКЛ і Польшчы нават пасля згасання дынастыі.

Гравюра з выявай Любліна з атласа Георга Браўна і Франца Гогенберга «Гарады зямнога свету» (Кёльн, 1617). Фота: Wikimedia Commons.

Унійны сойм ішоў больш за паўгода, да 12 жніўня 1569 года. Ён пачаўся ў Любліне 10 студзеня. Аднак супярэчнасці паміж кароннай і велікакняжацкай дэлегацыямі прывялі да таго, што ў ноч на 1 сакавіка прадстаўнікі ВКЛ з’ехалі, нават не папярэдзіўшы пра свае намеры караля. Вынікі гэтага дэмаршу былі для ВКЛ катастрафічнымі: Жыгімонт Аўгуст сваім рашэннем далучыў да Польшчы Валынскае, Падляшскае і Брацлаўскае ваяводствы, якія раней уваходзілі ў склад ВКЛ.

Паслы Вялікага Княства вымушаныя былі вярнуцца ў Люблін, каб працягнуць перамовы.

І спадзяванні, і песімізм

Інкарпарацыя Падляшша і часткі ўкраінскіх зямель стала нечаканасцю. Палітычная эліта ВКЛ не мела плана дзеянняў для такой сітуацыі.

Хтосьці прапаноўваў склікаць паспалітае рушанне для абароны ад палякаў, іншыя схіляліся да перамоў з манархам і пошукаў кампрамісу. Былі і спадзяванні, што Жыгімонт Аўгуст перагледзіць сваё рашэнне. У красавіку дворны маршалак, падканцлер ВКЛ Астафей Валовіч пісаў да брацлаўскага ваяводы і выканаўцы абавязкаў дворнага гетмана ВКЛ Рамана Сангушкі: «Мам надзею ў Бозе, жэ ся [Вялікае Княства Літоўскае] паратуе» (што ўратуецца).

Аднак настроі велікакняжацкай магнатэрыі рабіліся ўсё больш песімістычнымі. Віленскі ваявода, канцлер Мікалай Радзівіл Руды 1 чэрвеня ў лісце да Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі адкрыта казаў, што «Княства Літоўскае гіне або ўжо загінула», а саму палітычную сітуацыю, у якой аказалася дзяржава, называў «нашай літоўскай безданню».

Мікалай Радзівіл Руды, у 1569 годзе віленскі ваявода і канцлер ВКЛ. Фота: Wikimedia Commons.

Пры канцы мая ў Люблін сталі з’язджацца прадстаўнікі Вялікага Княства Літоўскага. Іх настроі таксама былі далёкімі ад аптымізму. Фактычны кіраўнік велікакняжацкай дэлегацыі на Люблінскім сойме ўлетку 1569 года, жамойцкі стараста і земскі маршалак Ян Хадкевіч, звяртаючыся да Мікалая Радзівіла Рудога, даволі яскрава выклаў свае адчуванні ў той момант: «Да чаго бедная і няшчасная Рэч Паспалітая (тут і далей пад Рэччу Паспалітай у перапісцы маецца на ўвазе ВКЛ. — У. П.) наша прыйшла і з часам яшчэ больш прыходзіць, таго мне Вашай Міласці, майму міласціваму пану, пісаць не патрэбна, бо пан усе гэтыя рэчы сам добра ведае. І такі незвычайны боль ахоплівае сэрца жахам, гледзячы на тое, што з намі адбываецца».

Ян Хадкевіч, у 1569 годзе жамойцкі стараста і земскі маршалак ВКЛ. Гравюра XIX стагоддзя (магчыма, са старажытнага партрэта). Фота: Wikimedia Commons.

Дарэчы, сам Мікалай Радзівіл Руды ў Люблін больш не вярнуўся. Афіцыйна ён тлумачыў манарху сваю адсутнасць на сойме хваробай. Аднак прыватныя лісты сведчаць, што віленскі ваявода байкатаваў пасяджэнні сойма.

«Я такога прымусу або няшчасця магу і дома дачакацца!» — пісаў ён 30 мая.

«Ці варта на што добрае спадзявацца па той нашай нязгодзе…»

Тагачасны стан палітычнай эліты ВКЛ не прарочыў станоўчых вынікаў. Эліта была падзеленая на групоўкі і не мела адзінага плана дзеянняў.

Гэта аслабляла яе пазіцыі ў перамовах. Накіроўваючыся ў Люблін, у канцы мая Ян Хадкевіч пісаў Мікалаю Радзівілу Рудому: «Як разумны чалавек, сам бачыш, якія планы ёсць у дачыненні да нас і ці варта на што добрае спадзявацца па той нашай нязгодзе». А ўжо ў самім Любліне жамойцкі стараста і земскі маршалак неаднойчы паўтараў: «Прыязджай, Ваша Міласць, для ратавання той беднай Рэчы Паспалітай, бо ніводнай надзеі на тых, з якімі з’ехаліся, не маем…» Зрэшты, Радзівіл адносна гэтага і сам не меў ніякіх ілюзій: «Якая сёння паміж намі згода, тое і сляпы можа бачыць».

Увесну 1569-га шляхта, якая мела маёнткі ў Падляшшы і на Валыні, павінна была прысягнуць на вернасць каралю і Кароне. За адмову ёй пагражала пазбаўленне пасад і канфіскацыя ўладанняў. І гэта былі не пустыя словы: Жыгімонт Аўгуст пазбавіў пасад падляшскага ваяводу Васіля Тышкевіча і падляшскага кашталяна Рыгора Трызну, якія заўпарціліся.

Прысяга паказала, які раскол панаваў сярод велікакняжацкага шляхецтва. Як адзначаў Ян Хадкевіч, «адныя хоць не рады, але мусяць, другія ж насустрач таму бягуць». Прычым жаданне далучыцца да Кароны адзначалася нават на тых землях, якія мелі застацца ў складзе ВКЛ. У пачатку траўня Астафей Валовіч паведамляў, што сярод шляхты Берасцейскага павета ёсць значная колькасць асобаў, гатовых далучыцца да Польшчы. На павятовым сойміку 10 траўня берасцейскія паслы атрымалі ад мясцовай шляхты адназначны наказ: «Загадала брація не вяртацца дадому без якой-небудзь уніі. З тым дадаткам, што не хоча адрывацца ад братоў сваіх, паноў валынскіх».

Такая пазіцыя толькі ўзмацняла разгубленасць палітычнай эліты ВКЛ. Земскі падскарбі, пісар Мікалай Нарушэвіч з жалем пісаў з Любліна: «Калі так і з іншых паветаў вырашылі адрывацца ад той няшчаснай сваёй Айчыны, то не ведаю, з чым ужо застанемся!»

З другога боку, пытанне прысягі на вернасць Кароне выявіла ды ўзмацніла глыбокія патрыятычныя пачуцці ў іншай часткі велікакняжацкай магнатэрыі. Радзівіл Руды заклікаў стрыечнага пляменніка Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку як мага даўжэй ухіляцца ад прысягі са сваіх валынскіх маёнткаў і падкрэсліваў: «Як Радзівіл і прыроджаны літвін, а не падляшанін або валынец, супраць сваёй Рэчы Паспалітай, у якой Ваша Міласць нарадзіўся, прысягаць не павінен». Віленскі ваявода нагадваў маладому сваяку пра ролю Радзівілаў у гісторыі Вялікага Княства: «З гэтай прысягай адступіш ад Айчыны, у якой продкі твае, мой мілы пляменнік, жывучы, яе на плячах сваіх насілі, сцераглі, абаранялі, аб ёй раіліся і так яе цэлай нам, сваім нашчадкам, пакінулі». Падобны дзяржаўны патрыятызм можна было заўважыць сярод магнатэрыі рознага этнічнага паходжання. І для «літвінаў» Радзівілаў, і для «русінаў» Хадкевічаў Вялікае Княства Літоўскае было «сваёй Рэччу Паспалітай», гэта значыць «сваёй рэспублікай».

Надзеі ўжо няма

Пасля вяртання ў Люблін велікакняжацкіх радных паноў і земскіх паслоў Жыгімонт Аўгуст нанёс удар, які «дабіў» дэлегацыю ВКЛ.

Каралеўскім прывілеем ад 5 чэрвеня да Кароны Польскай была далучана яшчэ і Кіеўшчына. Лісты, якія дасылалі з Любліна радныя паны віленскаму ваяводу, сведчылі, што надзей на паспяховае для ВКЛ правядзенне далейшых перамоў адносна ўмоваў уніі ў іх ужо няма. Ян Хадкевіч пісаў: «Усе справы нашыя па-ранейшаму ідуць да горшага. І не ведаю, каб [мы] чаму маглі ўжо перашкодзіць».

Пасля некалькіх дзён цяжкіх перамоў з палякамі, 11 чэрвеня, Мікалай Нарушэвіч ахарактарызаваў палітычную сітуацыю ў Любліне як «апошнюю мяжу першай Рэчы Паспалітай нашай», а само Вялікае Княства называў «беднай дзяржавай».

Каралеўскі замак у Любліне. Сучасны выгляд. Фота: Wikimedia Commons.

Хто вінаваты?

Віну за адарванне Падляшша і Валыні магнаты ВКЛ ускладалі на палякаў.

Жыгімонта Аўгуста на той момант непасрэдна ні ў чым не абвінавачвалі. Яшчэ ў канцы траўня крайчы ВКЛ Крыштаф Радзівіл Пярун прасіў Радзівіла Сіротку паведаміць яму, «да якога канца наш народ літоўскі з-за добразычлівасці да нас паноў братоў нашых [палякаў] там у Любліне прыйдзе». Мікалай Радзівіл Руды не верыў, што палякі жадаюць раўнапраўнай уніі паміж дзяржавамі: «…Аднак што сабе паляк утварыў да свайго дабра, а на маё зло, тое ты, літвін, прысягні, прызнай, пацвердзі яго вяршэнства над табой і сваё падданства яму».

Ян Хадкевіч абураўся, што палякі, адабраўшы ў Вялікага Княства «ўсіх людзей», не хочуць дапамагаць супраць агрэсіі Маскоўскай дзяржавы: «А тое [робяць], так разумею, для хутчэйшага нашага вынішчэння».

Паступова прыходзіла і разуменне, што падляшская ды ўкраінская шляхта была зусім не супраць пакінуць Вялікае Княства і ўвайсці ў склад Кароны. Мікалай Нарушэвіч 11 чэрвеня 1569 года пісаў Мікалаю Радзівілу Рудому: «Ужо аб падляшанах зусім не сумняюся, што самі прагнулі таго адарвання. Аднак і аб панах-валынцах таксама бачу, што ніякага вялікага гвалту на сабе не мелі, аднак самі паспяшаліся да таго».

Чым тлумачылася такая пазіцыя падляшскай і ўкраінскай шляхты? Прычыны былі розныя. Найперш, у Польшчы шляхта мела больш магчымасцяў, чым у ВКЛ. Для ўкраінскай і падляшскай шляхты палітычныя выгады пераважвалі вялікалітоўскі патрыятызм. На Падляшшы ж здаўна былі распаўсюджаны польскае права і польская мова, у выніку чаго да 1560-х большасць мясцовага шляхецтва апалячылася. Да таго ж у гэтым этнічна змешаным рэгіёне было шмат і этнічных палякаў, у тым ліку і сярод шляхты. Менавіта таму ідэя далучыцца да Польшчы атрымала тут шырокую падтрымку.

У сваю чаргу, шляхта і магутныя княжацкія роды Валыні спачатку занялі пазіцыю чакання. Не ўбачыўшы, аднак, нейкіх рашучых крокаў з боку палітычнай эліты ВКЛ, яны вырашылі пагадзіцца на далучэнне да Кароны і ўжо ў яе складзе забяспечыць свае інтарэсы пры захаванні сацыяльна-палітычных правоў ды вольнасцяў. Існавалі спадзяванні, што мацнейшая ў ваенным і эканамічным плане Польшча здолее больш эфектыўна абараніць украінскія землі, асабліва Кіеўшчыну, ад разбуральных набегаў крымскіх татар. Таксама верагодна, што мясцовая эліта разлічвала на павелічэнне свайго палітычнага значэння менавіта ў «дэмакратычнай» Кароне, а не ў Вялікім Княстве, уся ўлада ў якім належала фактычна двум магнацкім родам — Радзівілам і Хадкевічам. У любым разе выглядае, што для валынскай шляхты гэта быў хутчэй палітычны выбар у надзвычайнай сітуацыі, чым устойлівае ідэйнае жаданне змяніць дзяржаўную прыналежнасць.

Відаць, асабліва крыўдна было дэлегацыі ВКЛ ад усведамлення факта, што далучэнне да Польшчы Кіеўшчыны адбылося шмат у чым па ініцыятыве валынскай шляхты. «…Некаторыя валынскія паслы раілі, каб Кароль Яго Міласць, калі ўжо Валынь далучыў да Польшчы, каб і Кіеў таксама [далучыў], паколькі не да Русі, але да Валыні належыць», — паведамляў у Вільню Ян Хадкевіч. Жамойцкі стараста не стрымліваўся на соймавых пасяджэннях, характарызуючы шляхту ВКЛ, якая падтрымала інкарпарацыю ў склад Польшчы: «Тыя, хто ўжо сам да Кароны далучыўся, учынілі гэта як нейкія рабы, не ўжываючы сваіх вольнасцяў і свабод».

Гняло патрыётаў ВКЛ тое, што кароль і польскія паны вядуць да заключэння уніі без згоды Вялікага Княства, не звяртаючы ўвагі на яго прывілеі і вольнасці. Радзівіл Руды ў лісце да Рамана Сангушкі заклікаў палітычную эліту да актыўных дзеянняў, каб манарх іх «яка хлопаў, а не шляхты палякам не дараваў». А Ян Хадкевіч казаў, звяртаючыся да караля на адным з соймавых пасяджэнняў: «Аб людзях вольных і прыстойных ніхто нічога завочна вырашаць не можа». Аднак пратэсты гэтыя нікога не хвалявалі.

Бітва прайграная, але барацьба працягваецца

Тое, наколькі блізка да сэрца прымалі магнаты-патрыёты інкарпарацыю ВКЛ, ілюструе наступны выпадак.

У чэрвені троцкі кашталян Юрый Хадкевіч на сумесным абедзе з Янам Хадкевічам і сандэцкім кашталянам Ярашам Асалінскім заявіў, што з-за любові да сваёй Айчыны ён не хоча дачакацца уніі, якая «нам прыносіць такую згубу». У той жа дзень Юрый Хадкевіч памёр ад інсульту.

Нават пасля падпісання акта уніі частка магнатэрыі супраціўлялася ёй — прынамсі, на словах. Так, браты кіеўскі біскуп Мікалай Пац і віцебскі кашталян Павел Пац, якія ў ліпені 1569-га знаходзіліся ў Зэльве і перасылалі Радзівілу Рудому інфармацыю пра падзеі у Любліне, з відавочнай пагардай адгукаліся пра тое, «што другія там, у Любліне, зрабілі матцы нашай Рэчы Паспалітай». Надзвычай адмоўна паставіўся да падпісання ўнійнага акта і сам віленскі ваявода. З ліста Мікалая Нарушэвіча мы ведаем, што Мікалай Радзівіл Руды ацэньваў унію як «пахаванне і забойства на вечныя часы вольнай і ўдзельнай Рэчы Паспалітай, некалі Вялікага Княства Літоўскага». З вялікім жалем ён ужо ў кастрычніку 1569 года пісаў пра «Рэч Паспалітую літоўскую, калі яна яшчэ калі-небудзь будзе тым іменем называцца».

Заставалася хіба толькі надзея на нябесныя сілы. 27 ліпеня, пры канцы Люблінскага сойма, Валовіч пісаў да Радзівіла Рудога: «Калі лепш быць не магло, то … Пану Богу мусім даручыць, які ўмее зноў ствараць і выпраўляць пашкоджанае».

Тым больш, хоць разгубленая і расколатая палітычная эліта ВКЛ не здолела супрацьстаяць рашучым захадам манарха і польскай шляхты, Люблінскі сойм 1569 года не стварыў «адзінае непадзельнае і неадрознае цела», як было абвешчана ў падпісаным акце уніі. А гэта давала Вялікаму Княству Літоўскаму шанц захаваць у складзе новаўтворанай Рэчы Паспалітай элементы ўласнай дзяржаўнасці.

Акт Люблінскай уніі ад 1 ліпеня 1569 года. Фота: Wikimedia Commons.

* * *

Кароткая гісторыя польска-літоўскай інтэграцыі

Люблінская унія, заключаная паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім 1 ліпеня 1569 года, фактычна ліквідавала ВКЛ — зрэшты, як і Каралеўства Польскае, — як асобны суб’ект тагачасных міжнародных адносін. Замест гэтага была створана саюзная дзяржава пад назвай Рэч Паспалітая — фармальна раўнапраўная федэрацыя «абодвух народаў», але з яўным дамінаваннем польскага боку.

Якое было не толькі палітычным, але і культурным — паланізацыя эліты Вялікага Княства, ужо вельмі заўважная і да уніі, пасля 1569 года толькі набрала размаху. У выніку напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай многія магнаты і шляхта ВКЛ, хоць і захоўвалі адчуванне адметнасці, ужо і самі ахвотна звалі сябе палякамі, а сваю дзяржаву — Польшчай. Хай сабе і ўкладаючы ў гэтыя акрэсленні не зусім этнічны сэнс.

Да Люблінскай уніі літвіны і палякі прыйшлі не за адзін год і нават не за адно дзесяцігоддзе. Пачынаючы з канца XIV стагоддзя паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім было заключана некалькі міждзяржаўных пагадненняў, якія мелі ў сваёй назве слова «унія»: Крэўская унія 1385 года, Віленска-Радамская — 1401-га, Гарадзельская — 1413-га, Гарадзенская —1432-га, Кракаўска-Віленская — 1499-га, Мельніцкая — 1501-га.

Першыя чатыры згаданыя уніі былі пагадненнямі не так аб дзяржаўным, як аб дынастычным саюзе, хоць польская арыстакратыя заўсёды трымала ў галаве спадзяванне на поўную інкарпарацыю ВКЛ у склад Каралеўства Польскага. У акце Крэўскай уніі 14 жніўня 1385 года вялікі князь літоўскі Ягайла, якога палякі запрасілі на свой трон, апусцелы пасля смерці караля Людовіка Венгерскага, нават абавязваўся «землі свае Літвы і Русі навечна далучыць да кароны Каралеўства Польскага».

Але пасля ўсё пайшло не так гладка, як таго хацелася польскаму боку. Атабарыўшыся ў Кракаве, Ягайла неўзабаве фактычна страціў кантроль над землямі ВКЛ, які пераняў ягоны стрыечны брат Вітаўт — уладар з вялікімі палітычнымі амбіцыямі. І каб яму заўсёды спрыяла ваенная ўдача, то, магчыма, на гэтым гісторыя польска-літоўскай інтэграцыі і завяршылася б. Але ў 1399 годзе Вітаўт пацярпеў буйную паразу ад татараў на Ворскле, а таксама сутыкнуўся з унутрыпалітычнымі праблемамі.

У такіх умовах ён быў вымушаны ў 1401 годзе пайсці на заключэнне новай, Віленска-Радамскай уніі, якая хоць і захоўвала ў руках Вітаўта велікакняжацкую ўладу, але прызнавала над ім вяршэнства Ягайлы. Новая, Гарадзельская унія, заключаная 2 кастрычніка 1413 года, пэўныя рэчы ўдакладняла і нават карэктавала на карысць ВКЛ, але агульнага становішча прынцыпова не мяняла.

Пакуль быў жывы Вітаўт, то гэта ўсё не мела такога ўжо вялікага значэння, бо вярхоўная ўлада Ягайлы была пры ім больш фармальнай, чым рэальнай. Галоўная ж праблема была ў тым, што Вітаўт не меў нашчадкаў, а ўнійныя акты прадугледжвалі, што ў такім выпадку пасля ягонай смерці поўная ўлада над ВКЛ мусіла перайсці да Ягайлы ці ягоных нашчадкаў. У канцы жыцця Вітаўт спрабаваў вырашыць гэтую праблему, каранаваўшыся на караля Літвы, але зрабіць гэтага не паспеў. Пасля ягонай смерці ў 1430 годзе ў ВКЛ на два гады выбухнула грамадзянская вайна, а пасля яе заканчэння 15 кастрычніка 1432 года была заключана чарговая, Гарадзенская унія, якая збольшага паўтарала ўмовы Віленска-Радамскай уніі 1401 года. У выніку пасля забойства ў 1440 годзе вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, роднага брата Вітаўта, да ўлады ў ВКЛ прыйшоў сын Ягайлы Казімір. З 1447 года ён пасля гібелі брата Уладзіслава стаў таксама і польскім каралём. З гэтага часу аж да 1572 года і ВКЛ, і Польшчай кіравала дынастыя Ягелонаў, прытым звычайна, з нешматлікімі выключэннямі, абедзвюма дзяржавамі кіраваў адзін і той жа манарх.

Некалькі дзесяцігоддзяў такая сітуацыя ўсіх збольшага задавальняла, тым больш што да канца XV стагоддзя і замежнапалітычная, і ўнутрыпалітычная сітуацыя ў рэгіёне была адносна спакойнай. Але ў той жа час на ўсходзе ўзмацнялася Маскоўскае княства, якое ў 1480 годзе канчаткова скінула з сябе залежнасць ад Залатой Арды і пачало змаганне за рускія землі ВКЛ.

Небяспека на ўсходзе прымусіла эліты Вялікага Княства зноў шукаць падтрымкі з боку Польшчы. Тая ж, скарыстаўшы складаную сітуацыю, у якой апынуўся «брацкі народ», зноў стала сур’ёзна думаць пра інкарпарацыю ВКЛ у свой склад. Гэтай мэце мусілі служыць заключаныя адпаведна 6 мая 1499-га і 23 кастрычніка 1501-га Кракаўска-Віленская і Мельніцкая уніі. Паводле ўмоваў апошняй, у будучыні замест прынамсі фармальна асобных спадчынных манархаў мусіў абірацца супольны кароль для дзвюх дзяржаў, а таксама прадугледжвалася ўвядзенне адзінай сістэмы грашовага абарачэння і правядзенне адзінай замежнай і ўнутранай палітыкі. Мала без чаго тое самае, што пасля было ўведзена Люблінскай уніяй.

Тады элітам Вялікага Княства ўдалося адбіцца ад гэтых прапаноў — сабраны ў 1505 годзе сойм ВКЛ, які мусіў зацвердзіць акт уніі, адмовіўся гэта зрабіць. Але гэта, як аказалася, толькі на некалькі дзесяцігоддзяў адцягнула канец Вялікага Княства Літоўскага як асобнай дзяржавы, але не ўратавала яго. У 1560-я гады ВКЛ, змушанае ўступіць у распачатую маскоўскім царом Інфлянцкую вайну, апынулася ў яшчэ больш складанай, практычна безнадзейнай сітуацыі. І тут ужо палякі літвінаў даціснулі…

* * *

Уладзімір Падалінскі