Проект портала
«Даже в гроб жене он положил повстанческие монеты». Кароль Прозор, герой из Дудуток и Хойников
12.09.2019 / 09:40

О генерале пишет военный историк Виталий Чирвинский.

Караль Прозар. Мастак Вячаслаў Валынец.

Цяпер гэта турыстычная Мекка для прыхільнікаў народнай культуры і самагонкі, якую прапануюць закусваць абмазаным мёдам салёным агурком. Але калі тут бегаў малы Караль, дух Дудутак, канечне, быў іншы. Пяцёра дзяцей выхоўваў бацька — чалавек «вялікай удачы, спартанскіх звычаяў, выключнага розуму і нязломнай волі». Маці Караль амаль не памятаў: яна памерла, калі яму было сем.

22 студзеня 1787 года Каралю 26, і яго прызначаюць вялікім абозным ВКЛ (сучаснай мовай — намеснікам міністра абароны па тыле). Пасада пажыццёвая. Маладзён мусіць адказваць за раскватараванне войска, выбар месца для лагера і яго ўмацаванне. Паспеўшы пабачыць сына пры пасадзе, памірае ягоны бацька Юзаф. На гадавіну яго смерці Караль замовіць сямейны партрэт.

Сям’я Прозараў. Мастак Францішак Смуглевіч (1789). Карціна напісана з натуры. У цэнтры — партрэт галавы сям’і, генерал-маёра, віцебскага ваяводы. Старэйшы сын Караль паказвае на вершаваны надпіс, прысвечаны нябожчыку. Медальён з партрэтам свайго свёкра трымае жонка Караля Людвіка Канстанцыя. На другім плане стаяць браты Караля і швагер. На пярэднім плане — дочкі Караля і Людвікі: Марыяна (малодшая) і Юзэфа (старэйшая). Гэты твор з’яўляецца прыкладам самастойнай беларускай партрэтнай традыцыі ў плыні еўрапейскага жывапісу XVIII стагоддзя. Ён захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.

«Лячэнне» і «лекары»

24-гадовы Караль выбраў за жонку… дачку сваёй мачыхі! Людвіка Канстанцыя была маладзейшай за мужа на дзесяць гадоў. Бацька Юзаф і яго другая жонка яшчэ паспелі разам пагуляць на вяселлі дзяцей.

У Сігневічах Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1785 годзе на сродкі Юзафа Прозара (бацькі Караля) перабудавалі стары драўляны касцёл. Ён добра захаваўся да нашага часу і відаць з трасы Мінск — Брэст.

Маладыя жылі ў Хойніках. Некалькі гадоў прайшло ў прыемных турботах. Нараджаліся дзеці. Сярод векавых дрэваў быў пабудаваны новы дом.

Сядзіба Прозараў у Хойніках. Драўляная, аднапавярховая, але прасторная. Малюнак Ігнація Урублеўскага. 1891 год.

Атрымаўшы моцны сямейны тыл, Караль Прозар зрабіў палітычную кар’еру, але ніколі не ставіў яе вышэй за свае прынцыпы. Падчас палітычнага крызісу ён без ваганняў стаў на бок праціўнікаў Кацярыны ІІ. А ў знак пратэсту супраць капітулянцкай палітыкі Панятоўскага адрокся ад пасады вялікага абознага.

Хойнікі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай. І адразу сталі адным з цэнтраў антырасійскага супраціву. Штабам была Прозарава сядзіба. Ва ўмовах канспірацыі, каб распачаць «лячэнне» (паўстанне), рыхтаваліся «медыкаменты» (зброя) і «лекары» (камандзіры). На патрэбы паўстання збіралі грошы. Згадваюць пра мільён злотых, дзеля якіх Прозар заклаў частку маёнтка.

Але ўзначаліць паўстанцаў Караль адмовіўся. Лічыў, што лідарам павінен быць чалавек з вайсковай адукацыяй і здольнасцямі. Існуе думка, што гэта Прозар пераканаў Касцюшку стаць на чале.

Жыў на востраве адзін

Прозар мусіў камандаваць узброенымі сіламі на Палессі, Украіне і ва ўсходняй Беларусі. Нават праз паўстагоддзя тыя мясціны памяталі генерала-паўстанца: «Назва вострава Княжа паходзіць, як сцвярджаюць сяляне, з тых часоў, калі Караль Прозар, не могучы злучыцца з лагерам Касцюшкі, доўгі час хаваўся ў лесе: ён там жыў бы князь». Так казалі пра ўрочышча Прозараў Калодзеж на востраве Княжа, і пра гэта пісаў Чэслаў Пяткевіч у сваёй працы «Рэчыцкае Палессе».

Герб «Прозар». Зацверджаны ў пачатку ХVII стагоддзя.

Сапраўды, замест узброенай барацьбы Караль Прозар быў вымушаны хавацца ад аддзелаў расійскіх войскаў. Не застаўшы Прозара ў Хойніках, расійскія афіцэры ўзялі ў закладнікі яго дзесяцімесячнага сына Уладыся, якога трымалі пад наглядам нянек і салдат. Жонка з іншымі дзецьмі здолела ўцячы і схавалася ў аўстрыйскім Львове, дзе жыла пад прозвішчам «мадам Прэво».

У гэты ж час Кацярына ІІ пісала мінскаму генерал-губернатару: «Выкарыстайце ўсе залежныя ад вас сродкі, каб Прозар, шанаваны ў ліку найпершых бунтаўнікоў, не мог схавацца ад вашых пошукаў». Але той пазбег усіх пастак і дабраўся да Вільні.

Нягледзячы на намаганні і ахвяры, паўстанцы сваю вайну прайгралі. Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты свету.

Эміграцыя, здымныя кватэры

У 1802 годзе, пасля дзесяцігоддзя эміграцыі, Караль Прозар быў амніставаны і разам з сям’ёй вярнуўся ў Хойнікі. Заняўся гаспадаркай. Лісты падпісваў «граф на Хойніках і Астраглядавічах».

Летам 1812 года жыццё Прозараў зноў змянілася. 50-гадовы Караль радасна вітаў Напалеона з надзеяй на адраджэнне Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства. Гэта ён склаў той самы зварот да імператара французаў, агучаны ў Смаленску ад імя беларускай шляхты. «Зрабіце ласку, Уладар, разгарнуць летапіс нашай Айчыны, і на кожнай старонцы ўбачыце крывавым почыркам нянавісць да нашых драпежнікаў…».

Прозар увайшоў у склад Часовага ўрада ВКЛ і ўзначаліў скарбовы камітэт. Заслужыў ордэн Ганаровага легіёна… Але надзеі хутка разбіліся. Прозар ізноў стаў эмігрантам. Яго родавыя маёнткі былі канфіскаваныя, жонка з дзецьмі пераехала ў здымную кватэру ў Мінск.

Страта

Новая амністыя — і зноў вяртанне ў Хойнікі. І зноў гаспадарка, якой займаўся ад паўстання да паўстання. У ваколіцах Караль заснаваў некалькі фальваркаў, якія назваў або антычнымі назвамі, або ў гонар знакамітых бітваў: Аркадзія, Маратон (Марафон), Тэрмапілы (Фермапілы), Пальміра, Рацлавіцы… Некаторыя з іх захаваліся да нашых дзён. Дарэчы, ад барацьбы не адмовіўся. Уступіў у нелегальнае Патрыятычнае таварыства, узначаліўшы яго аддзелы ў Валынскай, Кіеўскай і Падольскай губернях.

У 1826 годзе яго абвінавацілі па справе дзекабрыстаў. Дапытвалі ў Мінску, у Варшаве, а потым накіравалі ў Пецярбург пад ахову муроў Петрапаўлаўскай крэпасці.

Выйшаў ён праз тры гады і толькі тады даведаўся пра смерць жонкі, якая, «змучаная лёсам і параненая душой», да апошняга змагалася за мужа, ірвалася ў Варшаву, але была затрымана ў Брэсце, дзе і памерла. З могілак вёскі Вялікі Бор муж перавёз яе парэшткі ў Хойнікі ў сямейную капліцу, зрабіўшы эпітафію: «Турэмны лёс, які трымаў мяне ў цяжкай няволі за справу Айчыны, не дазволіў мне раней аддаць Табе апошнюю пашану. Страціўшы Цябе, я і мае дзеці знаходзімся ў вечнай і бязмернай жалобе».

У лістападзе 1830 года ўспыхнула новае антырасійскае паўстанне. Што мог рабіць у гэты час аўдавелы, састарэлы і змучаны турэмнымі этапамі генерал? Наўрад ці змагацца са зброяй у лясах або кіраваць штабам. Але царскія ўлады перастрахаваліся. Караль Прозар зноў трапіў пад следства: «Угаворваў сваіх сялян да паўстання супраць расійскага ўрада, прыняў кіраўніцтва над змоўшчыкамі Мазырскага, Рэчыцкага і Оўруцкага паветаў». Віну даказаць не змаглі і справу закрылі.

Згас, як жыў

«Згас, як жыў, не шукаючы сабе п’едэсталаў, але адно дабра і шчасця Айчыне», — напісаў Марыян Дубецкі, першы біёграф Караля Прозара.

Вечны паўстанец памёр 20 кастрычніка 1841 года ў сваёй хойніцкай сядзібе. Ад старасці. Праз чатыры дні святар Францішак Пазняк у суправаджэнні шматлікага духавенства правёў жалобную імшу ў астраглядаўскім парафіяльным касцёле. Караль Прозар быў урачыста пахаваны на могілках мястэчка Хойнікі ў сямейным склепе побач з каханай жонкай.

Напрыканцы ХІХ стагоддзя Прозары назаўсёды пакінулі Хойнікі (праўнук Мечыслаў, які вёў разгульны лад жыцця, прадаў маёнтак расійскім купцам).

Знак з нябёсаў?

Старыя хойніцкія могілкі прыйшлі ў занядбанне. У 1965 годзе падчас земляных работ бульдозер зрэзаў нейкае ўзвышша — і адкрылася магіла. У труне з жаночымі парэшткамі знайшлі празрыстую бутлю са скруткам унутры. Аказалася, што скрутак — гэта той самы пергамент з эпітафіяй Людвіцы Канстанцыі Прозар. А шкляная бутля — узор знакамітага ўрэцкага шкла радзівілаўскай мануфактуры.

У 1960-я ў час земляных работ экскаватар натрапіў на склеп Прозараў. У труне Людвікі Канстанцыі знайшлі залаты дукат і срэбную манету наміналам у два польскія злотыя 1831 года. Гэта паўстанцкія манеты, якія Караль паклаў у труну жонкі праз тры гады пасля яе смерці. Акрамя таго, у труне ляжала бутэлька ўрэцкага шкла з эпітафіяй унутры. Яны захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску, а копія пергаменту з эпітафіяй — у Хойніцкім краязнаўчым музеі.

Акрамя гэтага, у труне аказаліся дзве манеты. Іх па народнай традыцыі паклаў жонцы Караль. Але, акрамя традыцыі, гэта быў і патрыятычны жэст. Бо манеты гэтыя мелі сімволіку Рэчы Паспалітай — Белага Арла і Пагоню. У Расіі іх называлі «мяцежнымі». Такія манеты выпускаліся толькі ў 1831 годзе ў Варшаве па ініцыятыве паўстанцкага ўрада. Жонка Прозара памерла ў 1828-м, калі такіх манет яшчэ не было. Верагодна, пасля задушэння паўстання Караль адчыніў склеп і паклаў іх у жончыну труну як сімвал сумеснага змагання за згубленую Айчыну. Значыць, жонка заўжды падзяляла патрыятычныя ідэалы мужа, з-за якіх цярпела такія цяжкасці.

 ***

У сучасных Хойніках памяць пра сям’ю Прозараў захоўваюць толькі рэшткі сядзібнага дома і парку. Але 5 верасня 2010 года Караль і Людвіка Канстанцыя з’явіліся перад жыхарамі Хойнікаў. Іх увасобілі акцёры на сцэне галоўнай плошчы горада, які святкаваў Дзень беларускай пісьменнасці. Вялікую працу па папулярызацыі імя свайго земляка зрабіў Сяргей Валянцінавіч Бельскі — настаўнік гісторыі ў СШ №3 горада Хойнікі.

Виталий Чирвинский