Проект портала
Тайны Вампир под Лепелем. Как в 1845 году крестьяне из Акулино раскопали могилу и отрубили голову мертвого соседа
22.09.2019 / 22:59

Документы следствия разыскала доктор истории Анна Можейко.

20 лістапада 1845 года да лепельскага павятовага спраўніка паступіла прашэнне памешчыка Мікалая Грабніцкага аб расследаванні справы, звязанай з нейкім «крывасмокам»-мерцвяком, які быццам бы прыходзіў у хату селяніна Рыгора Пабойні. У той хаце, што знаходзілася ў вёсцы Акуліна ў маёнтку Павулле, які належаў Грабніцкаму, акрамя ўласна сям’і 50-гадовага Рыгора, якая складалася з яго самога, жонкі і дзяцей, жылі яшчэ тры сям’і, у тым ліку Іларыён (Ларка) Пабойня з жонкай Юстынай і дачкой Тэкляй.

Раніцай 11 ліпеня 1845 года каля дарогі, што вяла да фальварка Гарбаціца, дзе сяляне адпрацоўвалі паншчыну, Ларка Пабойня быў знойдзены непрытомным. У той жа дзень ён памёр і ўжо ўвечары быў пахаваны на мясцовых могілках прыходскім святаром Стафанам Заблоцкім.

Праз тры дні жыхароў дома Рыгора Пабойні пачалі турбаваць начныя візіты памерлага. Відавочцы сцвярджалі, што спачатку нябожчык толькі заходзіў у сенцы і грукаў у дзверы і сцены. З цягам часу ягоныя дзеянні сталі больш агрэсіўнымі: ён заходзіў у хату, кідаў камяні і дровы з печы, шчыкаў удаву Юстыну, пакідаючы сінякі на яе целе, зрываў з яе адзенне. Занепакоеныя сяляне не раз звярталіся па дапамогу да прадстаўнікоў царквы: спачатку Заблоцкі, а потым нававысвечаны прыходскі святар Іван Перабіла адслужылі абедню па нябожчыку і асвяцілі дом, але гэтыя дзеянні не мелі аніякага эфекту. Справа дайшла да таго, што сяляне з гэтай самай вёскі кожную ноч па два чалавекі разам з жыхарамі дома пільнавалі прыход нябожчыка. Мярцвяк працягваў свае шкодныя дзеянні, аб’ектам якіх сталі члены ягонай сям’і і знаёмыя.

У роспачы сяляне адправіліся на могілкі і раскапалі магілу. Адкрыўшы труну, усе ўбачылі, што Ларка «ляжыць бокам і правай рукой трымае сябе пад бараду, сціскаючы хустку, завязаную на шыі».

Было зразумела, што памерлы знаходзіцца не ў той позе, у якой быў пахаваны.

Рыгор Пабойня палез у яму з заступам, каб адсекчы нябожчыку галаву, але так і не наважыўся гэта зрабіць. Адзінае, што ён змог, — прыбраць мёртваму руку ад шыі. У паўпрытомным стане Рыгор вылез, лёг ля магілы і ледзь ачуняў. Але іншы селянін, Канстанцін Авадзень, усё ж такі адсек галаву мерцвяка. Пасля таго яму зноў закапалі і ўсе пайшлі дамоў. І хоць пасля гэтага «хаджэнні» нябожчыка не спыніліся, яны сталі больш рэдкімі і не такімі шкоднымі.

Вампіры і вупары ў беларускім фальклоры

Апісаны выпадак не быў для таго часу адзінкавым і выключным. У фальклорных матэрыялах часта сустракаюцца легенды пра «блукаючых» мерцвякоў. Фалькларыст і этнограф ХІХ стагоддзя Павел Шэйн апісаў гісторыю нейкага Дрыгеля з вёскі Ніўкі Мсціжскай воласці Барысаўскага павета, які пасля смерці нібыта часта прыходзіў у свой дом і варочаў прадметы. Каб спыніць гэтыя «хаджэнні», мясцовыя жыхары раскапалі магілу, адсеклі галаву мерцвяка і паклалі яму яе паміж ног.

Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле. Васіль Максімаў, 1875 год.

Мерцвякоў, падобных да вышэйзгаданых Ларкі і Дрыгеля, якiя наносілі шкоду людзям або свойскай жывёле, часта называлі вампірамі або вупарамі. Мабыць, таму Ларка Пабойня і атрымаў мянушку Крывасмок, хоць якія-небудзь сведчанні пра тое, што ён высмоктваў кроў у жывых істот, адсутнічаюць. У этнаграфічным нарысе «Перажыткі старажытнага светаўспрымання ў беларусаў» Адам Багдановіч называў вампіраў жахлівымі спараджэннямі першабытнага анімізму. Згодна з матэрыяламі іншага этнографа і фалькларыста, Міхала Федароўскага, вупарамі станавіліся людзі, якія прадалі душу чорту, у сувязі з чым пасля смерці яны вымушаныя рабіць тое, што ім загадвае нячысты дух.

Ва ўсходнеславянскай дэманалогіі вупар — гэта перш за ўсё памерлы вядзьмак, чараўнік або ерэтык. Тыя ж перакананні былі пашыраныя ў заходнееўрапейскай традыцыі, дзе прывід і ведзьма з’яўляліся для людзей не проста блізкімі сутнасцямі, а неад’емнымі часткамі адной сістэмы. Аднак, як відаць з апісанага вышэй выпадку, для беларускіх народных павер’яў XIX стагоддзя сувязь паміж вядзьмарствам і «хаджэннем» пасля смерці не была абавязковая.

Чаму мерцвякі «вярталіся»

Што ж, паводле ўяўленняў людзей, прымушала памерлых «хадзіць»? У справе Ларкі-Крывасмока шматлікія сведчанні, на жаль, не даюць дакладнага адказу. Зыходзячы з наяўнай інфармацыі, можна вылучыць шэраг прычын, але немагчыма вызначыць, толькі адна з іх ці ўсе ў комплексе настолькі паўплывалі на свядомасць і ўспрыманне людзей, што яны паверылі ў «вяртанне» нябожчыка.

Па-першае, згодна са славянскай традыцыяй, прымусіць «хадзіць» памерлага мог асаблівы характар смерці: напрыклад, калі яна была заўчаснай, ненатуральнай або гвалтоўнай. Канкрэтная прычына смерці Ларкі засталася невядомай. Цырульнік, які наведаў селяніна, калі той паміраў, заяўляў, што нябожчык быў хворы на сухоты і надзеі на яго выздараўленне не было. Тое, што нябожчык пры жыцці вылучаўся слабым здароўем, пацвердзілі яшчэ два чалавекі: адміністратар маёнтка і прыходскі святар. Тым не менш для родных Ларкі ягоная смерць усё адно стала нечаканасцю.

За дзень да сваёй смерці Ларка разам з двума селянінамі адправіўся адпрацоўваць паншчыну. Калі вечарам ён так і не вярнуўся, сваякі былі ўпэўненыя, што ён, «схільны да п’янства», пайшоў піць у карчму. Падобнае здаралася не раз, і факт адсутнасці яго ноччу нікога асабліва не здзівіў. Толькі на наступную раніцу занепакоеная Юстына адправілася шукаць мужа, які ляжаў каля дарогі, «цяжка дыхаў, але ўжо нічога не мог вымавіць». Хоць не было ніякай надзеі на тое, што Ларка выжыве, абставіны, якія прывялі да ягонай смерці, засталіся незразумелымі і загадкавымі. Таму сяляне маглі паверыць, што Ларка памёр «не сваёй» смерцю.

Язэп Драздовіч. Капліца ў Падгацці.

Па-другое, згодна з народнымі павер’ямі, мярцвяк мог вярнуцца, калі яго смерць адбылася з парушэннем рытуальных нормаў. Напрыклад, вупаром мог стаць «абдзелены» — гэта значыць чалавек, які памёр без споведзі. Прыходскі святар адмовіўся прыйсці да паміраючага Ларкі Пабойні, спаслаўшыся на хваробу і дадаўшы, што селянін «быў у вялікі пост на споведзі, ды ўжо і не размаўляе, споведзі слухаць не мае магчымасці».

Па-трэцяе, важным для заспакаення душы чалавека з’яўлялася выкананне ўсіх рытуалаў падчас пахавання. Вось як апісвае Павел Шэйн пахаванне селяніна ў тым жа Лепельскім павеце: «Пасля смерці цела нябожчыка пасля бласлаўлення кладуць у дашчаную труну, якую ставяць у ганаровым куце хаты і абапал запальваюць васковыя свечкі. Сваякі, асабліва жанчыны, плачуць, галосяць над нябожчыкам, пераказваючы пры гэтым усе добрыя якасці нябожчыка, як ім было лёгка жыць на свеце, пакуль ён быў жывы, і чаго яны баяцца цяпер, чаго павінны чакаць, застаўшыся без яго. Цела памерлага, не далей як на другі дзень пасля смерці, вязуць для пахавання на найбліжэйшыя могілкі». З улікам таго, што Ларка быў пахаваны ў дзень сваёй смерці, можна з пэўнай доляй упэўненасці сцвярджаць, што ягонае пахаванне прайшло з рытуальнымі парушэннямі. Такое грэбаванне пахавальнымі традыцыямі магло справакаваць яго «вяртанне».

Нарэшце, сярод паказанняў сведкаў ёсць згадка пра праблемы бытавога характару, якія ўзнікалі паміж кіраўнікамі сем’яў, што жылі ў адным доме з нябожчыкам. Па словах Рыгора Пабойні, той канфлікт быў уладжаны пасля таго, як кіраўніцтва гаспадаркай ён узяў на сябе, і «праз гэта ніякай адзін да аднаго злосці не мелі». Але дадзеныя словы могуць, хоць і ўскосна, сведчыць, што сяляне разглядалі крыўду і помсту з боку памерлага як магчымыя прычыны яго «хаджэння».

Як вупарам давалі рады

Існавала некалькі спосабаў пазбаўлення ад «надакучлівых» мерцвякоў. Перш за ўсё, было шырока вядома, што яны вяртаюцца ў магілу, як толькі пачынаюць спяваць пеўні. Мерцвякоў маглі адпудзіць рытуалы і дзеянні рэлігійнага характару: гукі аргана і спевы рэлігійных гімнаў, асвячэнне магілы або месца, куды наведваўся мярцвяк, перахрышчванне пры яго з’яўленні. У выпадку з Ларкам-Крывасмокам падобныя спосабы не былі эфектыўнымі: ні абедні, якія адслужылі святары ў царкве, ні асвячэнне хаты не аднадзілі нябожчыка.

І тады прапаноўваўся радыкальны спосаб — прыйсці на магілу памерлага, адкапаць яго, адсекчы галаву і пакласці паміж ног, а ў цела забіць асінавы кол. Падобным чынам і зрабілі з памерлым Ларкам з вёскі Акуліна.

Ва ўяўленнях сялян вёскі Акуліна вампір у вобразе Ларкі-Крывасмока быў не міфалагічным персанажам, а цалкам рэальнай пагрозай. Усе, хто сведчыў па справе, настойвалі, што перажытыя імі начныя падзеі не маглі быць вынікам наўмысных дзеянняў кагосьці з жывых, што вампір насамрэч існаваў. Тое, з якой зацятасцю яны абаранялі сваю пазіцыю, паказвае, наколькі цвёрдымі былі іх перакананні.

Следства па справе доўжылася амаль тры гады, і толькі 4 чэрвеня 1848 года суд прысудзіў, што ўсе сяляне вёскі Акуліна, якія ўдзельнічалі ў разрыцці магілы, павінны быць пакараныя бізунамі за свае «прымхі і забабоны».

Колькасць удараў залежала ад ступені ўцягнутасці ў здзейсненае на могілках. 30 чэрвеня 1849 года прысуд быў выкананы. Але наўрад ці зямное пакаранне прымусіла сялян засумнявацца ў слушнасці ўласных дзеянняў у адносінах з містычным.

Ганна Мажэйка